Готыка

(Пасля перасылкі з Гатычны стыль)

Готыка — перыяд у развіцці сярэднявечнага мастацтва, які ахоплівае амаль усе вобласці матэрыяльнай культуры і развіваецца на тэрыторыі Заходняй, Цэнтральнай і збольшага Усходняй Еўропы з XII па XV стагоддзе. Готыка прыйшла на змену раманскаму стылю, паступова выціскаючы яго. Хоць тэрмін «гатычны стыль» часцей за ўсё прымяняецца да архітэктурных будынкаў, готыка ахоплівала таксама скульптуру, жывапіс, кніжную мініяцюру, гарнітуру, арнамент і г. д.

Інтэр'ер гатычнага сабора

Готыка ўзнікла ў сярэдзіне XII стагоддзя на поўначы Францыі, у XIII стагоддзі яна распаўсюдзілася на тэрыторыю сучасных Германіі, Аўстрыі, Чэхіі, Іспаніі, Англіі. У Італію готыка пракралася пазней, з вялікімі цяжкасцямі і моцнай трансфармацыяй, якая прывяла да з'яўлення «італьянскай готыкі». У канцы XIV стагоддзя Еўропу ахапіла так званая інтэрнацыянальная готыка. У краіны Усходняй Еўропы готыка пракралася пазней і пратрымалася там трохі даўжэй — аж да XVI стагоддзя.

Да будынкаў і твораў мастацтва, якія маюць характэрныя гатычныя элементы, але створаны ў перыяд эклектыкі (сярэдзіна XIX стагоддзя) і пазней, ужываецца тэрмін «неаготыка».

Напачатку XIX стагоддзя тэрмін «гатычны раман» стаў пазначаць літаратурны жанр эпохі рамантызму — літаратуру таямніц і жахаў (дзеянне такіх твораў часта разгортвалася ў «гатычных» замках ці манастырах). У 1980-я гады тэрмін «готыка» пачаў ужывацца для абазначэння музычнага жанру («гатычны рок»), які ўзнік у той час, а затым і субкультуры («гатычная субкультура»), якая сфарміравалася вакол яго.

Паходжанне тэрміна правіць

Слова паходзіць ад італ.: gotico — нязвыклы, варварскі (Goten — варвары; да гістарычных готаў гэты стыль дачынення не мае[1]) — і спачатку выкарыстоўвалася ў якасці зняважлівага. Упершыню паняцце ў сучасным сэнсе ўжыў Джорджа Вазары для таго, каб аддзяліць эпоху Рэнесансу ад Сярэднявечча. Готыка завяршыла развіццё еўрапейскага сярэднявечнага мастацтва, узнікшы на аснове дасягненняў раманскай культуры, а ў эпоху Адраджэння (Рэнесансу) мастацтва Сярэднявечча лічылася «варварскім». Гатычнае мастацтва было культавым па прызначэнні і рэлігійным паводле тэматыкі. Яно звярталася да вышэйшых боскіх сіл, вечнасці, хрысціянскага светапогляду. Вылучаюцца ранняя, сталая і позняя готыка.

Архітэктура правіць

 
Руанскі сабор
 
Фрагмент вітражнага акна

Гатычны стыль, галоўным чынам, выявіўся ў архітэктуры храмаў, сабораў, цэркваў, манастыроў. Развіваўся на аснове раманскай, дакладней гаворачы — бургундскай архітэктуры. У адрозненне ад раманскага стылю, з яго круглымі аркамі, масіўнымі сценамі і маленькімі вокнамі, для готыкі характэрны аркі з завостраным верхам, вузкія і высокія вежы і калоны, багата ўпрыгожаны фасад з разьбянымі дэталямі (вімпергі, тымпаны, архівольты) і шматколерныя вітражныя спічастыя вокны. Усе элементы стылю падкрэсліваюць вертыкаль.

Царква манастыра Сен-Дэні, створаная па праекце абата Сугерыя, лічыцца першым гатычным архітэктурным збудаваннем. Пры яе будаўніцтве былі прыбраны шматлікія апоры і ўнутраныя сцены, і царква набыла больш грацыёзнае аблічча ў параўнанні з раманскімі «крэпасцямі Бога». У якасці ўзору ў большасці выпадкаў прымалі капэлу Сент-Шапель у Парыжы.

З Іль-дэ-Франс (Францыя) гатычны архітэктурны стыль распаўсюдзіўся ў Заходнюю, Сярэднюю і Паўднёвую Еўропу — у Германію, Англію і г.д. У Італіі ён панаваў нядоўга і, як «варварскі стыль», хутка саступіў месца Рэнесансу; а паколькі ён прыйшоў сюды з Германіі, то дагэтуль называецца «stile tedesco» — нямецкі стыль.

У гатычнай архітэктуры вылучаюць 3 этапы развіцця: ранні, сталы (высокая готыка) і позні (палымеючая готыка, варыянтамі якой былі таксама стылі мануэлінаПартугаліі) і ісабелінаКастыліі).

З прыходам напачатку XVI стагоддзя Рэнесансу на поўнач і захад ад Альпаў, гатычны стыль страціў сваё значэнне.

Амаль уся архітэктура гатычных сабораў абумоўлена адным галоўным вынаходствам таго часу — новай каркаснай канструкцыяй, што і робіць гэтыя саборы лёгка пазнавальнымі.

Выяўленчае мастацтва правіць

 
Скульптуры ў саборы Святых Маўрыціуса і Катарыны ў Магдэбургу, Германія
 
Перспектыўны партал Кёльнскага сабора

Скульптура правіць

Скульптура адыгрывала велізарную ролю ў стварэнні вобраза гатычнага сабора. У Францыі яна афармляла галоўным чынам яго вонкавыя сцены. Дзясяткі тысяч скульптур, ад цокаля да пінакляў, упрыгожваюць сабор сталай готыкі.

Узаемаадносіны скульптуры і архітэктуры ў готыцы іншыя, чым у раманскім мастацтве. У фармальным стаўленні гатычная скульптура значна больш самастойная. Яна не падпарадкавана ў такой ступені плоскасці сцяны і тым больш апраўленню, як гэта было ў раманскі перыяд. У готыцы актыўна развіваецца круглая манументальная пластыка. Але пры гэтым гатычная скульптура — неад'емная частка ансамбля сабора, яна — частка архітэктурнай формы, паколькі разам з архітэктурнымі элементамі выражае рух будынка ўвысь, яго тэктанічны сэнс. І, ствараючы імпульсіўную святлаценявую гульню, яна ў сваю чаргу ажыўляе, адухаўляе архітэктурныя масы і спрыяе ўзаемадзеянню іх з паветраным асяроддзем.

Скульптура позняй готыкі выпрабавала вялікі ўплыў італьянскага мастацтва. Прыкладна ў 1400 г. Клаус Слютэр стварыў шэраг значных скульптурных прац для Філіпа Бургундскага, такія як Мадонна фасада царквы пахавання Філіпа і фігуры Студні Прарокаў (13951404) у Шамале каля Дыжона. У Германіі добра вядомыя працы Тыльмана Рыменшнайдэра (Tilman Riemenschneider), Віта Ствоша (Veit Stoß) і Адама Крафта (Adam Kraft).

Жывапіс правіць

Гатычны кірунак у жывапісе развіўся праз некалькі дзесяцігоддзяў пасля з'яўлення элементаў стылю ў архітэктуры і скульптуры. У Англіі і Францыі пераход ад раманскага стылю да гатычнага адбыўся каля 1200 г., у Германіі — у 1220-х гг., а ў Італіі пазней усяго — каля 1300 г.

 
Невядомы мастак. Іаан Добры (1359). Адзін з першых гатычных партрэтаў, якія дайшлі да нашых дзён

Адным з асноўных кірункаў гатычнага жывапісу стаў вітраж, які паступова выцесніў фрэскавы жывапіс. Тэхніка вітража засталася той ж, як і ў папярэднюю эпоху, але каляровая палітра стала значна багацейшай і маляўнічай, а сюжэты больш складанымі — нароўні з выявамі рэлігійных сюжэтаў з'явіліся вітражы на бытавыя тэмы. Акрамя таго ў вітражах сталі выкарыстоўваць не толькі каляровае, але і бясколернае шкло.

На перыяд готыкі прыпаў росквіт кніжнай мініяцюры. Са з'яўленнем свецкай літаратуры (рыцарскія раманы і інш.) пашырылася колькасць ілюстраваных рукапісаў, таксама ствараліся багата ілюстраваныя часасловы і псалтыры для хатняга выкарыстання. Мастакі сталі імкнуцца да больш дакладнага і дэталёвага перадачы натуры. Яскравымі прадстаўнікамі гатычнай кніжнай мініяцюры з'яўляюцца браты Лімбургі, прыдворныя мініяцюрысты герцага дэ Беры, якія стварылі знакаміты «Цудоўны часаслоў герцага Берыйскага» (каля 14111416).

Развіваецца жанр партрэта — замест умоўна-адцягненай выявы мадэлі мастак стварае вобраз, надзелены індывідуальнымі, уласцівымі пэўнаму чалавеку рысамі[2].

Завяршаецца амаль тысячагадовае панаванне візантыйскіх канонаў у выяўленчым мастацтве. Джота ў цыкле фрэсак Капэлы Скравеньі малюе людзей у профіль, змяшчае на першым плане фігуры спіной да гледача, парушаючы табу візантыйскага жывапісу на любы ракурс акрамя франтальнага. Ён прымушае сваіх герояў жэстыкуляваць, стварае прастору, у якой рухаецца чалавек. Наватарства Джота выяўляецца і ў яго звароце да чалавечых эмоцый.

З апошняй чвэрці XIV стагоддзя ў выяўленчым мастацтве Еўропы пануе стыль, названы пазней інтэрнацыянальнай готыкай. Гэты перыяд з'явіўся пераходным да жывапісу Протарэнесансу.

Неаготыка правіць

 
Брытанскі музей прыродазнаўчай гісторыі

Неаготыка (англ.: Gothic Revival — «адраджэнне готыкі») — мастацкі стыль XVIII і XIX стст., які запазычвае формы і традыцыі готыкі. Неаготыка ўзнікла ў Вялікабрытаніі, але атрымала распаўсюджанне таксама і ў кантынентальнай Еўропе, і нават у Амерыцы.

Часам элементы неаготыкі самым мудрагелістым чынам перапляталіся з найноўшымі для таго часу тэхналогіямі, напрыклад апоры Бруклінскага моста ў Нью-Ёрку мелі аркі ў форме гатычных вокнаў. Самы выдатны ўзор неаготыкі — будынак Брытанскага парламента ў Лондане. У ЗША варта адзначыць неагатычны сабор Святога Патрыка ў Нью-Ёрку.

Гл. таксама правіць

Зноскі

  1. О. Богородская, Т. Котлова. Справочник: История и теория культуры, 1998 г.
  2. ISBN 5-224-03922-3 Дзуффи С. Большой атлас живописи. Изобразительное искусство 1000 лет. — М.: ОЛМА-Пресс, 2002, с.40

Спасылкі правіць