Нацыянальная кінапрэмія Беларусі

першы беларускі кінаконкурс

Нацыяна́льная кінапрэ́мія Белару́сі — першая беларуская прэмія ў галіне кінематографа.[1] Конкурс праводзіцца ў мэтах захавання і развіцця лепшых традыцый і дасягненняў беларускага кінамастацтва, іх папулярызацыі ў Беларусі і за яе межамі; стымулявання вытворчасці фільмаў і фарміравання нацыянальнага кінарынку; выяўлення і падтрымкі таленавітых творчых работнікаў у галіне кінематаграфіі, павышэння іх прафесійнага майстэрства.

Нацыянальная кінапрэмія Беларусі
Нацыянальная кінапрэмія Беларусі
Выява лагатыпа
Заснавальнік Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь
Заснаванне 2018
Узнагарода за захаванне і развіццё лепшых традыцый і дасягненняў беларускага кінамастацтва
Краіна Сцяг Беларусі

Гісторыя правіць

Упершыню конкурс быў аб’яўлены 2 красавіка 2018 года ў Мінску Міністэрствам культуры. Узнагароджанне пераможцаў конкурсу адбываецца ў снежні ў ходзе святкавання Дня беларускага кіно. Арганізатарамі конкурсу з’яўляюцца Міністэрства культуры Беларусі, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт, Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм», грамадскае аб’яднанне «Беларускі саюз кінематаграфістаў», «Беларуская гільдыя акцёраў кіно».

Заяўкі на арганізацыю і правядзенне Нацыянальнай кінапрэміі Беларусі прымаліся Міністэрствам культуры да 17 ліпеня 2018 года. Удзельнікі конкурсу павінны мець вопыт работы па арганізацыі і правядзенні кінематаграфічных мерапрыемстваў, кваліфікаваны персанал.[2] 24 ліпеня Мінкультуры аб’явіла паўторна адкрыты конкурс на закупку паслугі «Арганізацыя і правядзенне рэспубліканскага конкурсу „Нацыянальная кінапрэмія Беларусі“» у 2018 годзе. Для пацвярджэння адпаведнасці кваліфікацыйным патрабаванням удзельнік павінен прадставіць дакументы, якія засведчваюць права ажыццяўляць адпаведны від дзейнасці па аказанні паслуг, інфармацыю, што пацвярджае наяўнасць вопыту работы і кваліфікаванага персаналу.[3][4]

Правілы правіць

Да ўдзелу дапускаюцца фільмы, прадзюсарамі якіх з’яўляюцца рэзідэнты Рэспублікі Беларусь, вытворчасці двух апошніх гадоў да 1 кастрычніка года, у якім прысуджаецца прэмія, а таксама іх аўтары, іншыя ўдзельнікі здымачных груп і выканаўцаў роляў у такіх фільмах. Заяўкі падаюцца з 1 кастрычніка па 1 лістапада 2018 года праваўладальнікамі фільмаў або іх прадстаўнікамі ў электронным выглядзе і на матэрыяльным носьбіце ў адрас Міністэрства культуры. Конкурс праводзіцца ў два этапы. На першым, адборачным этапе, з 1 па 15 лістапада па выніках разгляду заявак фарміруецца спіс удзельнікаў конкурсу, з якога журы выдзеліць намінантаў для ўдзелу ў другім этапе конкурсу. Другі этап пройдзе з 15 лістапада па 10 снежня, у гэты час падводзяцца вынікі конкурсу і вызначаюцца пераможцы. Журы складаецца з вядомых і аўтарытэтных работнікаў кінематаграфіі, выкладчыкаў ўстаноў адукацыі ў сферы культуры, кіназнаўцаў, кінакрытыкаў. Пераможцы конкурсу ў кожнай намінацыі атрымліваюць статуэтку, дыплом пераможцы і грашовую прэмію.[5] Да ўдзелу ў намінацыях «За выдатны ўклад у беларускі кінематограф» і «За выдатны ўклад беларускіх кінематаграфістаў у замежны кінематограф» дапускаюцца грамадзяне Беларусі, якія ўнеслі значны ўклад суадносна ў беларускі і ў замежны кінематограф.[6]

Намінацыі правіць

  • Найлепшы фільм у ігравой форме
  • Найлепшы тэлесерыял у ігравой форме
  • Найлепшая галоўная мужчынская роля
  • Найлепшая галоўная жаночая роля
  • Найлепшая жаночая роля другога плана
  • Найлепшая мужчынская роля другога плана
  • Найлепшы фільм у неігравой форме
  • Найлепшы фільм у анімацыйнай форме
  • Найлепшы кароткаметражны фільм
  • Найлепшая рэжысёрская работа
  • Найлепшы сцэнарый
  • Найлепшая аператарская работа
  • Найлепшая работа мастака-пастаноўшчыка
  • Найлепшая работа мастака па касцюмах
  • Найлепшая музыка да фільма
  • Найлепшы мантаж фільма
  • Найлепшы гукарэжысёр фільма
  • Найлепшы дэбют у кіно па названых намінацыях
  • За выдатны ўклад у беларускі кінематограф
  • За выдатны ўклад беларускіх кінематаграфістаў у замежны кінематограф

Цырымоніі правіць

17 снежня 2018 года ў Доме кіно адбылася першая ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання статуэткамі ў выглядзе кінастужкі, пераходзячай у папараць.[7] У шорт-лісце было некалькі дзесяткаў беларускіх стужак, іх удзельнікаў і стваральнікаў. Конкурс праводзіўся ў два туры. Старшынёй журы стала загадчыца кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі факультэта журналістыкі БДУ, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Людміла Саянкова-Мельніцкая.[8] Да 10 снежня сярод стужак журы вызначыла спіс фіналістаў. У дзень узнагароджвання з пяці намінантаў выбралі па адным лаўрэату ў 18 намінацыях (узнагароды за ўклад у айчынны і замежны кінематограф адбыліся без намінантаў). На званне «Найлепшага фільма ў ігравой форме» сярод іншых прэтэндавалі карціны «Сляды на вадзе» Аляксандра Анісімава, «Тум-пабі-дум» Вячаслава Нікіфарава і «Не гульня». Сярод намінаваных серыялаў на статуэтку прэтэндавалі «Снайпер. Афіцэр СМЕРШ», «Мухтар. Новы след», «Вокны дома твайго». Віктар Васільеў — у намінацыі «Найлепшая галоўная мужчынская роля» за ігру ў серыяле «Мухтар. Новы след». На думку журы, найвялікшы ўнёсак у беларускі кінематограф зрабіў адзін з наступных фігурантаў: класікі Валерый Рыбараў і Міхаіл Пташук, дакументалісты Галіна Адамовіч і Віктар Аслюк, акцёр і рэжысёр Уладзімір Паначэўны, рэжысёр Вячаслаў Нікіфараў, старшыня Беларускага саюза кінематаграфістаў Віктар Васільеў. Класік Віктар Тураў, гукарэжысёр Уладзімір Галаўніцкі, акцёр Уладзімір Гасцюхін, аніматары Міхаіл Тумеля і Алена Пяткевіч, Вячаслаў Нікіфараў былі у спісе магчымых атрымальнікаў кінапрэміі за ўклад у замежны кінематограф. Уладальнікі ўзнагарод за найлепшы мантаж фільма, лепшае мастацкае рашэнне па касцюмах і лепшую аператарскую працу ў каманды фільма «Сляды на вадзе». Таксама адзначана кароткаметражная навела Ігара Васільева «Фота на памяць», знятая для альманаха «Вайна. Застацца чалавекам». З 18 па 26 снежня ў Нацыянальным цэнтры сучаснага мастацтва адбудуцца паказы фільмаў-удзельнікаў і лаўрэатаў кінапрэміі, у тым ліку «Пацалунак восені» рэжысёра Андрэя Голубева, майстар-класы і творчыя сустрэчы.[9]

Крытыка правіць

На думку журналістаў, паміж арганізатарамі і намінантамі кінапрэміі назіраецца недапушчальная колькасць супадзенняў, увага замест нацыянальнага кіно сканцэнтравана на «Беларусьфільме», прысутнічае паняцце «канфлікт інтарэсаў», а спіс намінантаў можна абазначыць як прадказальныя прыярытэты.[10] Існуе меркаванне, што «Беларусьфільм», Беларускі саюз кінематаграфістаў і Беларуская гільдыя акцёраў кіно не могуць удзельнічаць у арганізацыі прэміі, калі іх прадукт і члены фігуруюць у ліку намінантаў. Спіс намінантаў не стварае поўнага вобраза сучаснага беларускага кіно з-за таго, што некаторыя незалежныя аўтары не ведалі пра новую магчымасць і прапусцілі тэрміны падачы заяўкі (прыклад — рэжысёрка фільма «Хрусталь» Дар’я Жук), некаторыя фільммэйкеры праігнаравалі новую прэмію. Тым не менш, адным з лідараў па намінацыях з’яўляецца псіхалагічны трылер «Унутры сябе» — незалежны праект рэжысёра Сяргея Талыбава.

Зноскі

  1. Аб'яўлены першы конкурс "Нацыянальная кінапрэмія Беларусі". Беларускае тэлеграфнае агенцтва (2 красавіка 2018). Праверана 16 красавіка 2018.
  2. Заяўкі на арганізацыю Нацыянальнай кінапрэміі прымаюцца да 17 ліпеня. Звязда (23 чэрвеня 2018). Праверана 25 ліпеня 2018.
  3. Приём заявок на организацию фестиваля «Анимаёвка» в Могилёве продлен до 3 августа (руск.)(недаступная спасылка). Могилевский городской исполнительный комитет (24 ліпеня 2018). Архівавана з першакрыніцы 31 ліпеня 2018. Праверана 25 ліпеня 2018.
  4. Прием заявок на организацию фестиваля «Анимаевка» продлен до 3 августа (руск.)(недаступная спасылка). МОГИЛЕВСКИЙ ОБЛАСТНОЙ ИСПОЛНИТЕЛЬНЫЙ КОМИТЕТ (24 ліпеня 2018). Архівавана з першакрыніцы 26 ліпеня 2018. Праверана 25 ліпеня 2018.
  5. Аб’яўлены першы конкурс “Нацыянальная кінапрэмія Беларусі”. Сельская праўда (10 красавіка 2018). Праверана 16 красавіка 2018.
  6. Аб'яўлены першы конкурс "Нацыянальная кінапрэмія Беларусі". Звязда (7 красавіка 2018). Праверана 16 красавіка 2018.
  7. "В Минске впервые вручат Национальную кинопремию" [руская]. Белтэлерадыёкампанія. 17 Декабря 2018. Праверана 2018-12-18. {{cite news}}: Праверце значэнне даты ў: |date= (даведка); Шаблон цытавання мае пусты невядомы параметр: |coauthors= (даведка)
  8. "У Мінску пройдуць паказы намінантаў і лаўрэатаў Нацыянальнай кінапрэміі". БелТА. 13.12.2018. Праверана 2018-12-18. {{cite news}}: Праверце значэнне даты ў: |date= (даведка); Шаблон цытавання мае пусты невядомы параметр: |coauthors= (даведка)
  9. "Национальная кинопремия впервые распределяет свои награды" [руская]. Белтэлерадыёкампанія. 17 Декабря 2018. Праверана 2018-12-18. {{cite news}}: Праверце значэнне даты ў: |date= (даведка); Шаблон цытавання мае пусты невядомы параметр: |coauthors= (даведка)
  10. Ірэна Кацяловіч (08.12.2018 00:31). "Нацыянальная кінапрэмія стане кінапрэміяй «Беларусьфільма»?". Звязда. Праверана 2018-12-18. {{cite news}}: Праверце значэнне даты ў: |date= (даведка); Шаблон цытавання мае пусты невядомы параметр: |coauthors= (даведка)

Спасылкі правіць