Нервовая сістэма
Нервовая сістэма — цэласная марфалагічная і функцыянальная сукупнасць розных узаемазвязаных нервовых структур, якая разам з гумаральнай сістэмай забяспечвае ўзаемазвязаную рэгуляцыю дзейнасці ўсіх сістэм арганізма і рэакцыю на змяненне ўмоў унутранага і знешняга асяроддзя. Нервовая сістэма дзейнічае як інтэгратыўная сістэма, якая звязвае ў адно адчувальнасць, рухальную актыўнасць і працу іншых рэгулятарных сістэм (эндакрыннай і імуннай).
Нервовая сістэма ажыццяўляе ўспрыняцце дзеяння на арганізм раздражняльнікаў, правядзенне і апрацоўку ўзбуджэння, якое ўзнікла пры гэтым, фарміраванне прыстасавальных рэакцый у адказ. Яна рэгулюе і каардынуе ўсе функцыі арганізма ў яго ўзаемадзеянні з асяроддзем.
Будова
правіцьУ ходзе эвалюцыі жывёл паступовае ўскладненне нервовай сістэмы адбывалася з адначасовым ускладненнем іх паводзін. У прасцейшых жывёл нервовая сістэма адсутнічае. Сеткападобная, або дыфузная, нервовая сістэма з’явілася ў кішачнаполасцевых. Яна хутка праводзіць узбуджэнне з месца раздражнення па ўсіх напрамках, але не дыферэнцыруе рэакцыі. Далейшае ўскладненне нервовай сістэмы ішло паралельна з развіццём органаў руху і выяўлялася ў адасабленні нейронаў і паглыбленні іх у цела. Напрыклад, у кішачнаполасцевых, якія жывуць свабодна (медузы), нейроны аб’яднаны ў гангліі і ўтвараюць дыфузна-вузлавую нервовую сістэму. З’явіліся спецыялізаваныя рэцэптары, двухполюсныя нейроны (маюць аксоны і дэндрыты), тыпічныя сінапсы, нейраглія. Цэнтралізацыя нервовай сістэмы прывяла да вузлавога тылу арганізацыі (ігласкурыя, малюскі, сучасныя кольчатыя чэрві, членістаногія). У актыўных форм пярэдні канец цела пры перамяшчэнні першым сустракаецца з рознымі раздражняльнікамі, таму на ім развіліся дыстантныя рэцэптары, якія ўспрымаюць святло, гук, пах (з’яўленне пачуццяў органаў). Адпаведныя гангліі ў галаўной частцы тулава развіліся больш, падпарадкавалі сабе астатнія і ўтварылі галаўны мозг. Дыферэнцыяцыя крывяноснай, палавой, стрававальнай і іншых сістэм суправаджалася ўскладненнем узаемадзеяння паміж імі і нервовай сістэмай. Найбольшага развіцця яна дасягнула ў млекакормячых, асабліва ў чалавека, пераважна за кошт ускладнення будовы паўшар’яў і кары галаўнога мозга. Развіццё і дыферэнцыяцыя структур нервовай сістэмы ў высокаарганізаваных жывёл абумовілі яе падзел на цэнтральную нервовую сістэму і перыферычную нервовую сістэму.
Цэнтральная нервовая сістэма (ЦНС) прадстаўлена галаўным мозгам і спінным мозгам, якія знаходзяцца адпаведна ў поласці чэрапа і ў пазваночным канале. Перыферычная нервовая сістэма прадстаўлена нервамі, нервовымі канцамі і нервовымі вузламі.
Асноўным структурным і функцыянальным элементам нервовай сістэмы з’яўляецца нейрон. Нейроны, аб’яднаныя паміж сабой сінапсамі, здольны перадаваць узбуджэнне ад адной клеткі да другой. Нейрон можа знаходзіцца ў двух станах: спакою і актыўнасці. Гэтыя станы нейрона вызначаюць магчымасць перадачы інфармацыі ад адной нервовай клеткі да другой.
Найбольш простым функцыянальным аб’яднаннем нейронаў з’яўляецца рэфлекторная дуга. Яна служыць асновай усіх рэакцый арганізма ў адказ на знешнія ўздзеянні або змяненні яго ўнутранага стану. Кантроль за работай сэрца, унутраных органаў і стрававальных залоз ажыццяўляецца сімпатычным і парасімпатычным аддзеламі аўтаномнай нервовай сістэмы.
Галаўны мозг, уключаючы кару вялікіх паўшар’яў, ажыццяўляе ацэнку атрыманай інфармацыі. Ён фарміруе каманды, якія кіруюць дзейнасцю арганізма і накіраваны на рашэнне біялагічных і сацыяльных задач (пастаянства ўнутранага асяроддзя і паводзіны адпаведна). Такім чынам, вышэйшым рэгулятарным аддзелам нервовай сістэмы з’яўляецца галаўны мозг. Менавіта пад яго кантролем ажыццяўляецца работа ўнутраных органаў і паводзіны індывіда.
Гл. таксама
правіцьЛітаратура
правіць- Леанцюк А. Нервовая сістэма // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 11. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0188-5 (т. 11).
- Машчанка М. Біялогія: вучэб. дапам. для 9-га кл. устаноў агульн. сярэдн. адукацыі з бел. мовай навучання / М. В. Машчанка, А. Л. Барысаў; пер. з рус. мовы В. У. Клімко. — 3-е выд. — Мн.: Нар. асвета, 2011. — ISBN 978-985-03-1531-1
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Нервовая сістэма