Рэнэ Дэкарт
Рэнэ́ Дэка́рт (фр.: René Descartes; лац.: Renatus Cartesius; 31 сакавіка 1596, Лаэ, Францыя — 11 лютага 1650, Стакгольм, Швецыя) — французскі філосаф, матэматык і фізік, славуты найперш дзякуючы стварэнню сістэмы каардынат. Прыхільнік аналітычнага метаду ў матэматыцы, метаду радыкальнага сумнення ў філасофіі, механіцызму ў фізіцы.
Рэнэ Дэкарт | |
---|---|
René Descartes | |
Дата нараджэння | 31 сакавіка 1596[1][2][…] |
Месца нараджэння |
|
Дата смерці | 11 лютага 1650[1][2][…] (53 гады) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Бацька | Жаакім Дэкарт[d] |
Маці | Camilo Davies Leimdorfer[d][6] |
Дзеці | Франсін Дэкарт[d] |
Род дзейнасці | філосаф, матэматык, музыказнавец, фізік, астраном, тэарэтык музыкі, аўтар перапіскі, стваральнік аўтаматаў, ваенны, пісьменнік |
Навуковая сфера | філасофія[7], метафізіка, эпістэмалогія[7], матэматыка[7], механіка, Cartesianism[d][7], рацыяналізм[7], фізіка[7], оптыка[7], тэорыя музыкі[d][7] і гук[7] |
Альма-матар | |
Навуковы кіраўнік | Isaac Beeckman[d][8] і Jacobus Golius[d][8] |
Вядомыя вучні | Бенедыкт Спіноза, Джон Лок, Нікаля Мальбранш, Готфрыд Лейбніц, Імануіл Кант |
Вядомы як | стваральнік дэкартавай сістэмы каардынат, картазіанскага дуалізму, новаеўрапейскай філасофіі |
Член у | |
Подпіс | |
Цытаты ў Вікіцытатніку | |
Творы ў Вікікрыніцах | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Біяграфія
правіцьДэкарт паходзіў са старажытнага, але збяднелага шляхетнага роду і быў трэцім, малодшым сынам у сям'і. Ён нарадзіўся 31 сакавіка 1596 году ў горадзе Лаэ, які зараз носіць прозвішча навукоўца, у Францыі. Яго маці памерла, калі яму быў толькі год. Бацька Дэкарта быў суддзёй у горадзе Рэн і ў Лаэ паяўляўся вельмі рэдка, таму выхаваннем хлопчыка займалася бабуля па маці. У дзяцінстве Рэнэ адрозніваўся кволым здароўем і неверагоднай дапытлівасцю. Пачатковую адукацыю Дэкарт атрымаў у езуіцкім калегіуме Ла Флеш, дзе пазнаёміўся з Марэнам Мерсенам, які пазней стаў святаром, будучым каардынатарам навуковага жыцця Францыі. Рэлігійная адукацыя, як ні дзіўна, толькі ўмацавала ў маладым Дэкарце скептычнае стаўленне да тагачасных філасофскіх аўтарытэтаў. Пазней ён сфармуляваў свой метад пазнання: дэдуктыўныя (матэматычныя) развагі над вынікамі атрыманых вопытаў.
У 1612 годзе Дэкарт закончыў калегіум, некаторы час вывучаў права ў Пуацье, затым выехаў у Парыж, дзе некалькі гадоў чаргаваў рассеянае жыццё з матэматычнымі даследаваннямі. Затым ён паступіў на вайсковую службу ў 1617 годзе — спачатку ў рэвалюцыйную Галандыю, якая ў тыя гады была саюзнікам Францыі, а затым у Нямеччыну, дзе ўдзельнічаў у нядоўгай бітве за Прагу падчас Трыццацігадовай вайны. Некалькі гадоў Дэкарт правёў у Парыжы, аддаючыся навуковай працы. Акрамя іншага, ён адкрыў прынцып віртуальных хуткасцей, які ў той час ніхто яшчэ не быў гатовы ацаніць па вартасці. Затым яшчэ некалькі гадоў удзельнічаў у вайне. Па вяртанні ў Францыю аказалася, што яго вольнадумства стала вядома езуітам, і тыя абвінавацілі яго ў ерасі. Таму Дэкарт у 1628 годзе выехаў Нідэрланды, дзе правёў 20 гадоў. Ён вёў шырокую перапіску з лепшымі навукоўцамі Еўропы, дзякуючы сябру Мерсену, а таксама вывучаў самыя розныя навукі ад медыцыны да метэаралогіі. Нарэшце, у 1634 годзе ён завяршыў сваю першую кнігу пад назвай «Свет» (Le Monde), якая складалася з дзвюх частак: «Трактат пра святло» і «Трактат пра чалавека». Але момант для выдання быў няўдалым, бо годам раней інквізіцыя ледзь не замучыла Галілеа Галілея. Таму Дэкарт вырашыў пры жыцці не друкаваць гэтую працу.
Неўзабаве, аднак, адна за адной, з'яўляюцца іншыя кнігі Дэкарта:
Кардынал Рышэльё добразычліва паставіўся да прац Дэкарта і дазволіў іх выданне ў Францыі, а вось пратэстанцкія тэолагі Нідэрландаў наклалі на іх праклён у 1642 годзе, і без падтрымкі прынца Аранскага навукоўцу прыйшлося б нялёгка. У 1635 годзе ў Дэкарта нарадзілася незаконная дачка Франсіна ад служанкі. Пражыла яна ўсяго 5 гадоў (памерла ад шкарлятыны), і смерць дачкі Дэкарт расцаніў як найвялікшае гора ў сваім жыцці.
У 1649 годзе Дэкарт, змучаны шматгадовым цкаваннем за вальнадумства, паддаўся ўгаворам шведскай каралевы Крысціны, з якой шмат гадоў актыўна перапісваўся, і пераехаў у Стакгольм. Амаль адразу пасля пераезду ён сур'ёзна прастудзіўся і неўзабаве памёр. Меркаванай прычынай смерці была пнеўманія. Існуе таксама гіпотэза аб яго атручанні, бо сімптомы хваробы Дэкарта падобныя з сімптомамі пры вострым атручэнні мыш'яком. Гэтую гіпотэзу выказаў Айкі Піз, нямецкі навуковец[9], а затым падтрымаў Тэадор Эбэрт[10][11]. Падставай для атручвання, па гэтай версіі, паслужыла занепакоенасць каталіцкіх агентаў, што вальнадумства Дэкарта можа перашкодзіць іх намаганням па схіленні каралевы Крысціны ў каталіцтва, які сапраўды адбыўся пазней у 1654 годзе. У канцы жыцця Дэкарта стаўленне царквы да яго вучэння стала рэзка варожым. Неўзабаве пасля яго смерці асноўныя працы Дэкарта былі ўнесены ў вядомы «Індэкс забароненых кніг», а Людовік XIV спецыяльнай пастановай забараніў выкладанне філасофіі Дэкарта («картэзіянства») ва ўсіх навучальных установах Францыі. Праз 17 гадоў пасля смерці навукоўца яго астанкі былі перавезены ў Парыж, дзе пазней ён быў пахаваны ў Пантэоне. У 1819 годзе шматпакутны прах Дэкарта быў ізноў патурбаваны, і цяпер спачывае ў царкве Сен-Жэрмен дэ Прэ. У гонар навукоўца названы кратар на Месяцы.
Навуковая дзейнасць
правіцьМатэматыка
правіцьУ 1637 годзе выйшла ў свет галоўная матэматычная праца Дэкарта «Разважанне пра метад». У гэтай кнізе выкладалася аналітычная геаметрыя, а ў прыкладаннях — шматлікія вынікі ў алгебры, геаметрыі, оптыцы (у тым ліку — слушная фармулёўка закона праламлення святла) і многае іншае. Асобна варта адзначыць перапрацаваную ім матэматычную сімволіку Віета, якая стала блізкай да сучаснай. Каэфіцыенты ён абазначаў лацінскімі літарамі a, b, c ..., а невядомыя літарамі x, y, z. Натуральны паказчык ступені прыняў сучасны выгляд (дробныя і адмоўныя зацвердзіліся дзякуючы Ньютану). З'явілася рыса над падкарэнным выразам. Раўнанні прыводзіліся да кананічнай формы, дзе ў правай частцы стаіць нуль. Сімвалічную алгебру Дэкарт называў «Усеагульнай матэматыкай», і пісаў, што яна павінна растлумачыць «усё, што адносіцца да парадку і меры».
Стварэнне аналітычнай геаметрыі дазволіла перавесці даследаванне геаметрычных уласцівасцей крывых і цел на алгебраічную мову, гэта значыць аналізаваць раўнанне крывой у некаторай сістэме каардынат. Гэты пераклад меў толькі адзіны недахоп, што цяпер трэба было акуратна вызначаць сапраўдныя геаметрычныя ўласцівасці, якія не будуць залежыць ад сістэмы каардынат (інварыянтаў). Аднак вартасці новага метаду былі выключна вялікімі, і Дэкарт прадэманстраваў іх у той жа кнізе, адкрыўшы мноства палажэнняў, невядомых старажытным і сучасным яму матэматыкам.
У дадатку «Геаметрыя» былі дадзены метады рашэння алгебраічных раўнанняў (у тым ліку геаметрычных і механічных), класіфікацыя алгебраічных крывых. Новы спосаб задання крывой — з дапамогай раўнанняў — быў вырашальным крокам да паняцця функцыі. Дэкарт сфармуляваў дакладнае «правіла знакаў» для вызначэння колькасці дадатных каранёў раўнання, хоць і не даказаў яго. Дэкарт, акрамя таго, даследаваў алгебраічныя функцыі (мнагасклады), а таксама рад «механічных» фунцый, як то спіралі, цыклоіды. Для трансцэндэнтных функцый, на думку Дэкарта, агульнага метаду даследавання не існуе.
Камплексныя лікі яшчэ не разглядаліся Дэкартам на роўных правах з рэчаіснымі, аднак ён сфармуляваў (хоць і не даказаў) асноўную тэарэму алгебры: агульная колькасць рэчаісных і камплексных каранёў раўнання роўная яго ступені. Адмоўныя карані Дэкарт па традыцыі назваў несапраўднымі, аднак аб'яднаў іх з дадатнымі сапраўднымі лікамі, аддзяляючы ад уяўных (камплексных). Гэты тэрмін увайшоў у матэматыку. Зрэшты, Дэкарт праявіў некаторую непаслядоўнасць: каэфіцыенты a, b, c ... у яго лічыліся дадатнымі, а выпадак невядомага знака спецыяльна адзначаўся шматкроп'ем злева.
Усе неадмоўныя рэчаісныя лікі, не выключаючы ірацыянальныя, разглядаліся Дэкартам як раўнапраўныя; яны вызначаюцца як адносіны даўжыні некаторага адрэзка да эталона даўжыні. Пазней аналагічнае вызначэнне ліку прынялі Ньютан і Ойлер. Дэкарт пакуль яшчэ не аддзяляў алгебру ад геаметрыі, аднак і змяніў іх прыярытэты; рашэнне раўнання ён разумеў як пабудову адрэзка з даўжынёй, роўнай кораню раўнання. Гэты анахранізм быў неўзабаве адкінуты яго паслядоўнікамі, перш за ўсё — англійскімі, для якіх геаметрычныя пабудовы былі толькі дапаможным прыёмам.
Кніга «Метад» адразу зрабіла Дэкарта прызнаным аўтарытэтам у матэматыцы і оптыцы. Характэрна, што выдадзена яна была на французскай, а не на лацінскай мове. Дадатак «Геаметрыя» быў, аднак, тут жа перакладзены на лацінскую мову і неаднаразова выдаваўся асобна, разрастаючыся каментарыямі, і стаўшы, у рэшце рэшт, настольнай кнігай еўрапейскіх навукоўцаў. Працы матэматыкаў другой палавіны XVII стагоддзя адлюстроўваюць наймацнейшы ўплыў Дэкарта.
Фізіка і касмалогія
правіцьФізічныя даследаванні Дэкарта адносяцца галоўным чынам да механікі, оптыкі і агульнай будове Сусвету. Фізіка Дэкарта, у адрозненне ад яго метафізікі, была матэрыялістычнай: Сусвет цалкам запоўнены матэрыяй, якая рухаецца і самадастатковая ў сваіх праявах. Непадзельных атамаў і пустаты Дэкарт не прызнаваў і ў сваіх працах рэзка крытыкаваў атамістаў, як антычных, так і сучасных яму. Акрамя звычайнай матэрыі, Дэкарт вылучыў шырокі клас нябачных тонкіх матэрыяў, з дапамогай якіх спрабаваў растлумачыць дзеянне цеплыні, прыцягнення, электрычнасці і магнетызму.
Асноўнымі відамі руху Дэкарт лічыў рух па інерцыі, які сфармуляваў у 1644 годзе, што пазней таксама зрабіў Ньютан, і матэрыяльныя віхры, якія ўзнікаюць пры ўзаемадзеянні адной матэрыі з іншай[12]. Узаемадзеянне ён разглядаў як механічную праяву, як сутыкненне. Дэкарт ўвёў паняцце колькасці руху, сфармуляваў у 1664 годзе у нястрогай фармулёўцы закон захавання руху (колькасці руху), аднак тлумачыў яго недакладна, не ўлічваючы, што колькасць руху з'яўляецца вектарнай велічынёй.
У 1637 годзе выйшла ў свет «Дыёптрыка», дзе ўтрымліваліся законы распаўсюджвання святла, адбіцця і прыламлення, ідэя эфіру як пераносчыка святла, тлумачэнне вясёлкі. Дэкарт першы матэматычна вывеў закон прыламлення святла на мяжы двух розных асяроддзяў. Дакладная фармулёўка гэтага закона дазволіла ўдасканаліць аптычныя прыборы, якія тады сталі адыгрываць велізарную ролю ў астраноміі і навігацыі, а праз нейкі час і ў мікраскапіі. Акрамя таго, Дэкарт даследаваў законы ўдару. Выказаў здагадку, што атмасферны ціск з павелічэннем вышыні памяншаецца. Цеплыню і цеплаперадачу Дэкарт зусім правільна разглядаў як эфект, які адбываецца з-за руху дробных часціц рэчыва.
У касмалогіі выказаў ідэю натуральнага развіцця Сонечнай сістэмы і ўтварэння нябесных цел у выніку віхрападобнага руху часціц матэрыі вакол цэнтра — Сонца (віхры Дэкарта).
Фізіялогія
правіцьРаскрыў сутнасць адвольных і міжвольных рухаў і даў навуковае апісанне рэфлектарнага акта (дуга Дэкарта). Найбуйнейшым вынаходствам Дэкарта, якое стала фундаментальным для псіхалогіі, можна лічыць паняцце аб рэфлексе і прынцыпе рэфлекторнай дзейнасці. Схема рэфлексу зводзілася да наступнага. Дэкарт прадставіў мадэль арганізма як працуючы механізм. Пры такім разуменні жывое цела не патрабуе ўмяшання душы, бо функцыі «машыны цела», да якіх адносяцца «ўспрыманне, захаванне ідэй, утрыманне ідэй у памяці, унутраныя імкненні і іншыя здзяйсняюцца ў гэтай машыне як рухі гадзінніка».
Нараўне з вучэннямі пра механізмы цела Дэкартам распрацоўвалася праблема афектаў як цялесных станаў, якія з'яўляюцца рэгулятарамі псіхічнага жыцця. Тэрмін «страсць», альбо «афект», у сучаснай псіхалогіі абазначае на пэўныя эмацыйныя станы.
Філасофія
правіцьУ гнасеалогіі Р. Дэкарт — пачынальнік рацыяналізму. Галоўную ролю ў працэсе пазнання ён надаваў дэдукцыі, якая абапіраецца на цалкам відавочныя, інтуітыўна спасціжымыя аксіёмы.
Філасофія Дэкарта была дуалістычнай. Ён прызнаваў наяўнасць у свеце двух аб'ектыўных сутнасцей: працяглай (лац.: res extensa) і думаючай (лац.: res cogitans), пры гэтым праблема іх узаемадзеяння развязвалася ўвядзеннем агульнай крыніцы (Бога), які, выступаючы стваральнікам, стварае абедзве субстанцыі па адных і тых жа законах. Галоўным укладам Дэкарта ў філасофію стала класічная пабудова філасофіі рацыяналізму як універсальнага метаду пазнання. Розум, па меркаваннях Дэкарта, крытычна ацэньвае вопытныя дадзеныя і выводзіць з іх схаваныя ў прыродзе праўдзівыя законы, якія фармуліруюцца на матэматычнай мове. Пры ўмелым прымяненні няма граніц магутнасці розуму.
Іншай найважнейшай рысай падыходу Дэкарта быў механіцызм. Матэрыя, уключаючы тонкую, складаецца з элементарных часцінак, лакальнае механічнае ўзаемадзеянне якіх і спараджае ўсе прыродныя з'явы. Для філасофскага светапогляду Дэкарта характэрны таксама скептыцызм, крытыка папярэдняй схаластычнай філасофскай традыцыі. Самадакладнасць свядомасці (лац.: cogito), роўна як і тэорыя прыроджаных ідэй, з'яўляецца зыходным пунктам картэзіянскай гнасеалогіі. Картэзіянская фізіка, у процілегласць ньютанаўскай, лічыла ўсё працяглае цялесным, адмаўляючы пустую прастору, і апісвала рух з дапамогай паняцця «віхр». Фізіка картэзіянства пасля знайшла сваё адлюстраванне ў тэорыі блізкадзеяння.
Метад радыкальнага сумнення
правіцьСкептыцызм быў заўсёды выдатнай рысай французскага розуму, роўна як і імкненне да матэматычнай дакладнасці ведаў. У эпоху Адраджэння французы Мантэнь і Шарон таленавіта далучылі да французскай літаратуры скептыцызм грэчаскай школы Пірона. Матэматычныя навукі квітнелі ў Францыі ў XVII стагоддзі. Скептыцызм і пошукі ідэальнай матэматычнай дакладнасці ёсць два розныя выражэнні адной і той жа рысы чалавечага розуму: напружанага імкнення дасягнуць абсалютна дакладнай і лагічна непахіснай ісціны. Ім зусім процілеглыя эмпірызм, які задавольваецца ісцінай прыблізнай і адноснай, і містыцызм, які знаходзіць асаблівае зачараванне ў непасрэдным звышпачуццёвым, надрацыянальным веданні.
Нічога агульнага ні з эмпірызмам, ні з містыцызмам Дэкарт не меў. Калі ён шукаў найвышэйшы абсалютны прынцып ведаў у непасрэднай самасвядомасці чалавека, то гаворка ішла не аб якім-небудзь містычным аб'яўленні невядомай асновы рэчаў, а пра яснае, аналітычнае раскрыццё самай агульнай, лагічна неабвержнай ісціны. Яе адкрыццё з'яўлялася для Дэкарта умовай пераадолення сумненняў, з якімі змагаўся яго розум.
Перш за ўсё, разбіраючы сэнс палажэння «cogito, ergo sum», Дэкарт устанаўлівае крытэрый дакладнасці. Ніякага іншага крытэрыя, акрамя псіхалагічнага, унутранага крытэрыя яснасці і падзельнасці, не вядома. У быцці думаючай істоты, такой як чалавек, яго пераконвае не вопыт, а толькі выразнае раскладанне непасрэднага факта самасвядомасці на два аднолькавыя непазбежныя і ясныя прадстаўленні ці ідэі, — мыслення і быцця. Супраць сілагізму як крыніцы новых ведаў Дэкарт узбройваецца амаль гэтак жа энергічна, як раней гэта рабіў Бэкан, лічачы яго не прыладай набыцця новых фактаў, а толькі сродкам выкладання ісцін ужо вядомых, здабытых іншымі шляхамі. Злучэнне згаданых ідэй у свядомасці ёсць, такім чынам, не вывад, а сінтэз, ёсць акт творчасці, гэтак жа як меркаванне велічыні сумы вуглоў трохвугольніка ў геаметрыі. Дэкарт першы намякнуў на значэнне пытання, якое адыгрывала затым галоўную ролю ў філасофіі Канта, — іменна пытання пра значэнне апрыёрных сінтэтычных меркаванняў.
Доказ існавання Бога
правіцьЗнайшоўшы крытэрый дакладнасці ў выразных, ясных ідэях (лац.: ideae clarae et distinctae), Дэкарт бярэцца затым даказаць існаванне Бога і высветліць асноўную прыроду рэчаіснага свету. Паколькі перакананне ў існаванні цялеснага свету грунтуецца на дадзеных нашага пачуццёвага ўспрымання, то трэба перш за ўсё знайсці гарантыю хоць бы адноснай пэўнасці пачуццёвых успрыманняў. Такой гарантыяй можа быць толькі тое, што стварыла чалавека, з яго пачуццямі, дасканалая істота, ідэя пра якую была бы несумяшчальнай з ідэяй падману. Яснай і выразнай ідэяй такой істоты з'яўляецца Бог. Чалавек сам усведамляе сябе недасканалым толькі таму, што вымярае сваю існасць ідэяй звышдасканалай істоты. Гэта азначае, што такая істота не прыдумка, і не вывад з вопыту. Яна магла быць унушана чалавеку, укладзена ў яго толькі самой звышдасканалай істотай. З другога боку, гэтая ідэя настолькі рэальная, што яе можна раздзяліць на лагічна ясныя элементы: поўная дасканаласць магчыма толькі пад умовай валодання ўсімі ўласцівасцямі ў найвышэйшай ступені, а такім чынам і поўнай рэальнасцю, бесканечна пераўзыходзячай уласна чалавечую рэальнасць.
Такім чынам, з яснай ідэі звышдасканалай істоты дваякім шляхам выводзіцца рэальнасць быцця Бога. Па-першае, як крыніцы самой ідэі пра яго — доказ псіхалагічны, па-другое, як аб'екта, ва ўласцівасці якога неабходна ўваходзіць рэальнасць, гэты доказ анталагічны, якое пераходзіць ад ідэі быцця да сцвярджэння самога быцця істоты. Усё ж разам Дэкартавы доказ Божага існавання павінны быць прызнаны, па выразе Віндэльбанда, «злучэннем антрапалагічнага (псіхалагічнага) і анталагічнага пунктаў погляду».
Усталяваўшы быццё звышдасканалага Творцы, Дэкарт прыходзіць да прызнання адноснай дакладнасці чалавечых адчуванняў цялеснага свету, прычым будуе ідэю матэрыі як субстанцыі ці сутнасці, процілеглай духу. Чалавечыя адчуванні матэрыяльных з'яў далёка не ва ўсім сваім складзе прыдатныя для вызначэння прыроды рэчываў. Адчуванні ад кветак, гукаў і іншых прадметаў з'яўляюцца суб'ектыўнымі, але праўдзівы, аб'ектыўны атрыбут цялесных субстанцый заключаецца толькі ў іх працягласці, бо толькі свядомасць працягласці цел суправаджае ўсе разнастайныя пачуццёвыя чалавечыя ўспрыманні і толькі гэтая адна ўласцівасць можа быць прадметам яснай, выразнай думкі.
Такім чынам, у Дэкартавым разуменні ўласцівасцей матэрыяльнасці адбіваецца ўсё той жа матэматычны альбо геаметрычны лад уяўленняў: цела ёсць працяглая велічыня. Геаметрычная аднабаковасць Дэкартавага вызначэння матэрыі сама сабой кідаецца ў вочы і досыць высветлена навейшай крытыкай, але нельга адмаўляць, што Дэкарт дакладна паказаў на самую істотную і асноўную прыкмету ідэі «матэрыяльнасці». Высвятляючы супрацлеглыя ўласцівасці той рэальнасці, якую можна знайсці ў чалавечай самасвядомасці, у свядомасці думаючага суб'екта, Дэкарт, як можна бачыць, прызнае мысленне галоўным атрыбутам духоўнай субстанцыі.
Экзістэнцыяльная парадыгма
правіцьДэкарт вылучаў два модусы існавання, у яго тэрміналогіі — прамы і крывалінейны. Апошні вызначаецца адсутнасцю якой-небудзь базавай арыентацыі, бо вектар яго распаўсюджання змяняецца ў залежнасці ад сутыкненняў ідэнтычнасцей, з соцыумам, які яго парадзіў. Прамы модус быцця ўтылізуе механізм валявога акта ва ўмовах сусветнай абыякавасці духу, што дае чалавеку магчымасць дзейнічаць у кантэксце свабоднай неабходнасці. Нягледзячы на ўяўны парадокс, гэта найбольш экалагічная форма жыццядзейнасці, бо праз неабходнасць яна вызначае аптымальны аўтэнтычны стан тут-і-цяпер. Роўна як Бог у працэсе тварэння не меў над сабой ніякіх законаў, тлумачыць Дэкарт, так і чалавек трансцэндыруе тое, што не можа ў гэты момант і на гэтым кроку быць іншым.
Пераход ад аднаго стану да іншага адбываецца праз знаходжанне ў фіксаваных кропках лішкавасці — змяшчэнне ў сваё жыццё паняццяў, такіх як дабрачыннасць, любоў і іншыя, якія не маюць прычын для свайго існавання акрамя той, якая ідзе з чалавечай душы. Непазбежнасць існавання ў соцыуме мяркуе наяўнасць «маскі», якая прадухіляе нівеліраванне медытатыўнага вопыту ў працэсе працяглай сацыялізацыі. Акрамя апісання мадэлі чалавечага быцця, Дэкарт таксама дае магчымасць яго інтэрыярызацыі, адказваючы на пытанне «ці мог Бог стварыць свет, недаступны чалавечаму разуменню» у кантэксце апастэрыёрнага вопыту — зараз, калі чалавек усведамляе сябе думаючай істотай, не.
Зноскі
правіць- ↑ а б в W. W.; X. Descartes, René // Encyclopædia Britannica: a dictionary of arts, sciences, literature and general information / H. Chisholm — 11 — New York, Cambridge, England: University Press, 1911. — Vol. 8. — P. 79–90.
- ↑ а б MacTutor History of Mathematics archive — 1994. Праверана 22 жніўня 2017.
- ↑ а б в г Renatus Cartesius — 1917.
- ↑ Декарт Рене // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
- ↑ https://www.lexpress.fr/culture/art/mais-ou-etait-passee-la-tete-de-descartes_1726031.html
- ↑ Pas L. v. Genealogics — 2003.
- ↑ а б в г д е ё ж з Czech National Authority Database Праверана 7 лістапада 2022.
- ↑ а б Матэматычная генеалогія — 1997. Праверана 27 жніўня 2018.
- ↑ Шаров А. Покушение на мысль? Наука и жизнь, № 4, 1994.
- ↑ Рене Декарта отравили причастной облаткой. Lenta.ru
- ↑ Церкви мешали координаты Декарта. Gazeta.ru
- ↑ Кузнецов Б. Г. Эволюция картины мира. Указ. соч., стр. 146, 151-152.
Беларускія пераклады
правіць- Развагі аб метадзе як правільна накіроўваць свой розум і шукаць праўду ў навуках / Рэнэ Дэкарт; пер. з фр. Зм. Коласа. — Мінск : Зміцер Колас, 2007. — 91 с. — (Галерэя чалавечай думкі) ISBN 978-985-6783-32-9
Зноскі
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Рэнэ Дэкарт
- Артыкул «Декарт, Рене» ў энцыклапедыі «Кругасвет».
- «Разважанні пра метад» Архівавана 11 кастрычніка 2004. на англійскай мове. «Праект Гутэнберг».
- Selections from the Principles of Philosophy Архівавана 3 лістапада 2004. (англ.) у Праекце Гутэнберг