Норн — вымерлая мова заходняй падгрупы паўночнагерманскай групы германскай галіны індаеўрапейскай сям’і моў, гістарычна распаўсюджаная на астравах на поўнач ад Шатландыі (Аркнейскія, Шэтландскія астравы), а таксама на паўночна-ўсходняй ускраіне рэгіёна (графства Кейтнэс). Пасля перадачы Аркнейскіх і Шэтландскіх астравоў у 14681469 гадах Нарвегіяй Шатландыі мова пачала занепадаць і выцясняцца шатландскай германскай мовай.

Норн
Краіны сучасная Вялікабрытанія
Рэгіёны Аркнейскія, Шэтландскія астравы, Кейтнэс
Афіцыйны статус
Арганізацыя, якая рэгулюе
Агульная колькасць носьбітаў
  • 0 чал. (1850)
Класіфікацыя
Катэгорыя Мовы Еўразіі

Індаеўрапейская сям'я

Пісьменнасць лацінскае пісьмо і Younger Futhark[d]
Моўныя коды
ISO 639-1
ISO 639-2
ISO 639-3 nrn
Linguasphere 52-AAA-ac
LINGUIST List nrn
IETF nrn
Glottolog oldn1246
Мовы Шатландыі ў XV ст. Арэал мовы норн — аранжавым

Гісторыя правіць

Асваенне Шэтландскіх і Аркнейскіх астравоў вікінгамі пачалося, імаверна, у ІХ ст.[1] Гэтыя перасяленцы, на думку некаторых даследчыкаў, прыбылі ў параўнальна вялікай колькасці з абласцей сучаснай заходняй Нарвегіі[2]. Напрыклад, тапаніміка Шэтландскага архіпелага мае некаторыя паралелі з паўночна-заходняй Нарвегіяй, у той час як лексіка мовы норн мае большыя сувязі з поўднем краіны[3]. У 14681469 гадах Аркнейскі і Шэтландскі архіпелагі трапілі ў заклад шатландскаму каралю Якаву ІІІ, з чым звязваецца асноўны этап пачатку заняпаду норна і пераходу яго носьбітаў на шатландскую германскую мову. Аднак, заняпад гаворак норна на Аркнейскіх астравах імаверна пачаўся ў 1379 годзе, калі графства перайшло ў рукі шатландскага клана Сінклэраў, і шатландская германская мова пачала набіраць моўны прэстыж, выцясняючы норн, у пачатку XV ст.[4] На астравах Шэтландскага архіпелага моўны зрух пачаўся пазней, аднак прыкладна к канцу XV ст. абодва архіпелагі былі двухмоўнымі[5]. Нягледзячы на гэта, працэс заняпаду мовы не быў быстрым, і большасць карэннага насельніцтва Аркнейскіх і Шэтландскіх астравоў, мабыць, гаварыла на норне як на роднай мове да канца XVI ст. і пачатку-сярэдзіны XVII ст. адпаведна[6][7].

Дакладнай даты канчатковага вымірання норна няма. Крыніцы XVIIIХІХ стагоддзяў упамінаюць мову норн (радзей — пад назвамі старажытнаскандынаўская, нарвежская або дацкая) як мову ў стане заняпаду, адзначаючы, што становішча мовы на Шэтландскім архіпелагу мацнейшае чым на Аркнейскіх астравах. Хроніка 1670 года ўпамінае, што мова распаўсюджана толькі ў трох або чатырох прыходах, у асноўным, у хатніх умовах[8], у сваю чаргу, крыніцы 1701 года адзначалі пэўную колькасць аднамоўных носьбітаў норна і большую колькасць носьбітаў на Шэтландскіх, чым на Аркнейскіх астравах[8]. Звесткі 1703 года сцвярджаюць, што насельніцтва Шэтландскіх астравоў гаварыла пераважна па-англійску, але захоўвала старажытную дацкую мову. Між іншым, у 1750 годзе ўраджэнец Аркнейскіх астравоў Джэймз Макензі пісаў, што мова захоўвалася ў асяроддзі людзей пажылога ўзросту, якія карысталіся моваю між сабою[9]. Урэшце, апошнія паведамленні пра носьбітаў мовы норн прыпадаюць на ХІХ ст., аднак больш верагодныя звесткі датуюць смерць мовы канцом XVIII ст.[10] Варта зазначыць, што на 1893 год прыходзяцца паведамленні пра наяўнасць на ізаляваных астравах Шэтландскага архіпелага, Анст і Фула, людзей, якія помнілі некаторыя сказы і ўрыўкі з песень і вершаў на мове норн[10]. Уолтэр Сазэрлэнд, жыхар паселішча Ско (востраў Фула), які памёр у 1850 годзе, лічыцца апошнім носьбітам норна. Аднак нягледзячы на смерць мовы, яе сляды захоўваюцца ў якасці тапонімаў і дыялектызмаў у назвах раслін, жывёл, надвор’я, у рыбалоўнай лексіцы.

У сваю чаргу, смерць мовы норн у Кейтнэсе датуецца значна ранейшым часам, прыкладна XV ст.[6], што дазваляе некаторым даследчыкам вылучаць кейтнэскія гаворкі норна. Пра гэтыя гаворкі сведчанняў засталося значна менш у адрозненне ад гаворак Шэтландскага і Аркнейскага архіпелагаў.

Норн аказаў значны ўплыў на мясцовыя дыялекты шатландскай германскай мовы, асабліва на аркнейскі. У сваю чаргу, на лексіку норна істотна паўплывала шатландская германская мова, калі яе словы пранікалі нават у асноўны лексікон, пра што можна меркаваць, кіруючыся прыкладамі малітвы «Ойча наш», Хільдынавай балады і загадак.

Пісьменнасць правіць

Пісьмовых помнікаў норна амаль не захавалася. Усе тэксты, што дайшлі да нашых дзён, уключаюць у сябе пераклад малітвы «Ойча наш» і ўзор народнае творчасці ў выглядзе балады.

Даследаванне правіць

Норн не была пісьмоваю моваю, але захавалася ў параўнальна позніх запісах антыквараў. Так, у 1693 годзе святар Джэймс Уолес уключыў аркнейскі варыянт малітвы «Ойча наш» у сваё апісанне Аркнейскага архіпелага, у 1774 годзе Джордж Лоў запісаў рад тэкстаў на шэтландскім дыялекце на востраве Фула, уключаючы шэтландскі варыянт «Ойча наш» і самы доўгі тэкст на мове — баладу Hildinakvadet. Запісы Лоў даволі ненадзейныя, бо ён не быў носьбітам мовы і карыстаўся англійскай арфаграфіяй, аднак ён разумеў адрозненне мовы арыгінала ад англійскай і выкарыстоўваў літару j для пазначэння гука ёт на ўзор скандынаўскіх моў. У 1900 годзе Марыус Хэгстад выдаў каменціраваны варыянт балады ў Осла. Скандынаўскі фолк-выканавец Харальд Фос выканаў «Hildinakvadet» (баладу Хільдына) у музычным суправаджэнні.

Лінгвістычныя даследаванні норна таксама праводзілі фарэрац Якаб Якабсэн і шатландзец Х’ю Марвік.

Класіфікацыя правіць

Мова норн належыць да паўночнагерманскае групы германскае галіны індаеўрапейскае моўнае сям’і, утвараючы разам з фарэрскай, ісландскай і нарвежскай мовамі заходнюю падгрупу ў складзе паўночнагерманскае групы. Заходняя падгрупа, у сваю чаргу, супрацьпастаўлена ўсходняй падгрупе, якую ўтвараюць шведская, дацкая і гутнійская мовы. Гэтая класіфікацыя засноўваецца на адрозненнях між мовамі паўночнагерманскае групы на момант іх разыходжання. Але па сучасным стане ўзаемазразумеласці паўночнагерманскія мовы падзяляюцца іначай: на астраўную і мацерыковую падгрупы. У рамках гэтае гіпотэзы норн адносіцца да астраўной падгрупы разам з ісландскай і фарэрскай. Норн гістарычна падзяляў з фарэрскай мовай вялікую колькасць агульных фаналагічных і граматычных рыс, і, магчыма, быў узаемазразумелы з гэтай мовай.

Мову норн не трэба блытаць з шэтландскім дыялектам шатландскай германскай мовы.

Лінгвістычная характарыстыка правіць

Фанетыка, фаналогія правіць

Фаналогію мовы норн нельга дакладна вызначыць з-за адсутнасці зыходных звестак, але карціна гукавога ладу мовы можа быць прыкладна адноўлена дзякуючы пісьмовым звесткам. З дыялектамі паўднёва-заходняй Нарвегіі мова падзяляла многія асаблівасці, сярод якіх азванчэнне зычных /p, t, k/ у [b, d, ɡ] перад або між галоснымі і пераход /θ/, /ð/ у [t] і [d] адпаведна. Першая ўласцівасць, аднак, поўнасцю прасочвалася толькі ў шэтландскім дыялекце, будучы толькі частковай на Аркнейскім архіпелагу.

Граматыка правіць

Граматычна норн быў блізкім да іншых паўночнагерманскіх моў. Існавала два лікі, тры роды і чатыры склоны: назоўны, родны, давальны і вінавальны. Дзеяслоў меў два асноўныя спражэнні ў прошлым і цяперашнім часах. Як і ў іншых паўночнагерманскіх мовах, для абазначэння пэўнасці назоўніка выкарыстоўваўся суфікс замест прэпазіцыйнага артыкля: man(n), але mannen[заўв 1]. Граматычныя сведчанні норна даволі бедныя, аднак яны дазваляюць меркаваць, што будова сказа набліжалася да моў заходняй падгрупы паўночнагерманскай групы.

Сучаснае выкарыстанне правіць

Большая частка выпадкаў выкарыстання норна або іншых форм старажытнаскандынаўскага маўлення адносіцца да сімвалічных мэт (напрыклад, дэвіз Шэтландскіх астравоў — Með lögum skal land byggja). Іншыя прыклады выкарыстання норна або старажытнаскандынаўскай мовы можна знайсці ў назвах мясцовых паромаў[11]. Іншым цікавым фактам з’яўляецца захванне слоў норна ў назвах парод і колераў мясцовых авечак.

Некаторыя групы энтузіястаў, засноўваючыся на лінгвістычным аналізе захаваных пісьмовых помнікаў і старажытнаскандынаўскай лінгвістыкі наогул, займаюцца распрацоўкай і папулярызацыяй сучаснай формы норна, вядомай як нюнорн (літаральна «новы норн»)[12].

Заўвагі правіць

  1. «Чалавек». Больш дакладны пераклад абедзвюх форм гэтага слова на беларускую мову немагчымы з-за адсутнасці ў беларускай граматыцы паняцця артыкля. Бо пэўнасць/няпэўнасць у беларускай мове, як правіла, вызначаюцца з кантэксту.

Зноскі правіць

  1. Stenroos, Merja-Riitta et al. Language Contact and Development around the North Sea. — John Benjamins Publishing Company, 2012. — С. 218. — ISBN 978-90-272-4839-8.
  2. Trudgill, Peter. Language in the British Isles. — Cambridge University Press, 1984. — С. 358. — ISBN 978-0-521-28409-7.
  3. Trudgill, Peter. Language in the British Isles. — Cambridge University Press, 1984. — С. 361.
  4. Trudgill, Peter. Language in the British Isles. — Cambridge University Press, 1984. — С. 352. — ISBN 978-0-521-28409-7.
  5. Jones, Charles. The Edinburgh History of the Scots Language. — Edinburgh University Press, 1997. — С. 62. — ISBN 978-0-7486-0754-9.
  6. а б Jones, Charles. The Edinburgh History of the Scots Language. — Edinburgh University Press, 1997. — С. 394. — ISBN 978-0-7486-0754-9.
  7. Trudgill, Peter. Language in the British Isles. — Cambridge University Press, 1984. — С. 354. — ISBN 978-0-521-28409-7.
  8. а б Millar, Robert McColl. Northern and Insular Scots. — Edinburgh University Press, 2007. — С. 126. — ISBN 978-0-7486-2317-4.
  9. Hoops, Johannes. Reallexikon Der Germanischen Altertumskunde: Band 21. — Walter De Gruyter Inc, 2003. — С. 385.
  10. а б Glanville Price. The Languages of Britain. — London: Edward Arnold, 1984. — С. 203-204. — ISBN 978-0-7131-6452-7.
  11. Архіўная копія (англ.)(недаступная спасылка). Афіцыйная старонка Рады Шэтландскіх астравоў. Рада Шэтландскіх астравоў. Архівавана з першакрыніцы 6 жніўня 2007. Праверана 19 мая 2015.
  12. Norn, the ancient language of Orkney and Shetland (англ.)

Літаратура правіць

  • Barnes, Michael P. «Orkney and Shetland Norn». In Language in the British Isles, ed. Peter Trudgill, 352-66. Cambridge: Cambridge University Press, 1984.
  • Jakobsen, Jakob. An Etymological Dictionary of the Norn Language in Shetland. 2 vols. London/Copenhagen: David Nutt/Vilhelm Prior, 1928-32.
  • Hægstad, Marius, 1900. Hildinakvadet, med utgreiding um det norske maal paa Shetland i eldre Tid. Videnskabsselskabets skrifter, II. Historisk-filosofiske Klasse, 2. Christiania: Jacob Dybwad, 1902
  • Low, George. A Tour through the Islands of Orkney and Schetland. Kirkwall: William Peace, 1879.
  • Marwick, Hugh. The Orkney Norn. London: Oxford University Press, 1929.
  • Rendboe, Laurits. «The Lord’s Prayer in Orkney and Shetland Norn 1-2». North-Western European Language Evolution 14 (1989): 77-112 and 15 (1990): 49-111.
  • Wallace, James. An Account of the Islands of Orkney. London: Jacob Tonson, 1700.

Спасылкі правіць

 
Wikimedia Incubator