Ньёра, баньёра (саманазва Banyoro) — афрыканскі народ, жыхары захаду Уганды. Агульная колькасць (2021 г.) — 1 235 000 чалавек[1].

Ньёра
(Banyoro)
Агульная колькасць 1235000 (2020 г.)
Рэгіёны пражывання Уганда
Мова ньёра
Рэлігія культ продкаў, політэізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы нколе, баганда, кіга

Паходжанне правіць

Ньёра сфарміраваліся як этнічная супольнасць, што размаўляе на адзінай мове і мае супольныя сімвалы, у дзяржаве Буньёра. Нягледзячы на тое, што мова ньёра ўваходзіць у групу моў банту, многія даследчыкі мяркуюць, што продкамі сацыяльных груп бахума і бабіта былі нілоты, выхадцы з Паўднёвага Судана.

Асаблівасці культуры правіць

Традыцыйнымі заняткамі ньёра з'яўляюцца сельская гаспадарка, здабыча і апрацоўка карысных выкапняў. Сярод ньёра існавалі сацыяльныя групы бахума і баіру. Бахума здаўна трымалі кароў і займаліся адгоннай жывёлагадоўляй. Яны мелі прывілігіраванае становішча ў дачыненні да баіру. Галоўнымі заняткамі апошніх былі земляробства і рамяство, хаця яны таксама маглі трымаць дробную жывёлу. Жывёлагадоўля і рамяство лічыліся выключна мужчынскімі заняткамі, у земляробстве назіралася супольная праца. Ньёра здабывалі соль, жалеза, медзь, графіт. Вылучалася прафесійная група металургаў, знутры якой практыкавалася спецыялізацыя на плавільшчыкаў і кавалёў. Звычайна яе прадстаўнікі жылі асобна ад астатніх ньёра. У нашы дні гаспадарчая спецыялізацыя розных груп амаль адсутнічае. Большасць ньёра — сяляне, што вядуць комплексную гаспадарку. Развіта адыходніцтва ў гарады.

Доўгі час асноўным відам паселішча з'яўляліся б'яра, групы з некалькіх хацін канічнай формы, у якіх жылі сваякі. Толькі каля возера Эдвард будавалі адносна вялікія вёскі. Зямля знаходзілася ў карыстанні родавых арганізацый і асобных правадыроў. Свабодныя абшчыннікі сяліліся ў тэрытарыяльных межах родавых арганізацый. У каланіяльны час размеркаваннем зямлі займаліся мясцовыя ўлады. У наш час практыкуецца як супольная, так і прыватная маёмасць на зямлю.

У дзяржаве Буньёра ўсё насельніцтва падзялялася на сацыяльныя супольнасці бабіта, бахума, баіру і бахука. Бабіта былі сваякамі манарха амукама і займалі найбольш важныя пасады. Бахума разглядаліся як высакародныя, мелі значныя прывілегіі ў адносінах да баіру. Баіру складалі большасць насельніцтва. Бахука з'яўляліся рабамі. Іх колькасць была невялікай, і да XX ст. яны практычна зніклі. У адрозненні ад суседніх дзяржаў накшталт Анколе або Руанды ў Буньёра была магчымасць сацыяльная мабільнасць, узвышэнне асобных чальцоў з нізкім сацыяльным рангам. Падзел на бабіта, бахума і баіру захоўваецца і ў нашы дні, аднак уяўляе сабою хутчэй культурную адметнасць.

Бабіта, бахума, баіру падзяляюцца на 156 буйных родавых арганізацый энганда на чале выбраных правадыроў. Адлік сваяцтва і перадача спадчыны адбываюцца па мужчынскай лініі. Шлюбы знутры рода забаронены. Пры стварэнні сям'і паміж выхадцамі з розных сацыяльных супольнасцей дзеці належаць да сацыяльнай супольнасці бацькі. Існуюць як вялікія пашыраныя, так і малыя нуклеарныя сем'і. Сярод ньёра развіта ўзаемадапамога. У мінулым акрамя кроўных існавалі шчыльныя саюзныя адносіны амукага паміж дарослымі мужчынамі.

У 1993 г. была ўзноўлена манархія Буньёра. Яна з'яўляецца важным культурным і сімвалічным элементам, які аб'ядноўвае ўсіх ньёра. Амукама арганізуюць рытуалы і агульныя народныя святы, з імі звязана эпічная паэзія, яны падтрымліваюць адукацыю і мастацтва.

Рэлігія правіць

Рэлігійныя вераванні ньёра звязаны з міфамі пра бога-творцу Рухангу і яго брата Нк'я Ба. Руханга стварыў усё добрае, а Нк'я Ба — злое. Ньёра абагаяўляюць продкаў, якія адначасова з'яўляюцца культурнымі героямі. Большасць сучасных вернікаў адносяцца да розных плыняў хрысціянства, аднак працягваюць шанаваць многія старыя рэлігійныя традыцыі. Вярхоўным жрацом традыцыйных культаў з'яўляецца манарх амукама.

Зноскі

Спасылкі правіць