Буньёра, састарэлае Уньёра (на мове ньёра Bunyoro) — манархічная дзяржава ў Цэнтральнай Афрыцы.

Гістарычная дзяржава
Буньёра
Bunyoro
Герб Сцяг
Герб Сцяг

Сталіца Хаіма
Рэлігія мясцовыя культы, хрысціянства
Грашовая адзінка Угандыйскі шылінг
Плошча 18578
Насельніцтва 1400000
Форма кіравання Манархія
Дынастыя Бабіта
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Згодна гістарычнай міфалогіі манархаў Буньёра, яна бярэ пачатак з імперыі Кітара, заснаванай у XI ст. У 1899 г. была падпарадкавана Вялікабрытаніяй і уключана ў склад Уганды. Аднак на працягу XX ст. адраджалася як вельмі абмежаваная аўтаномія. У 1995 г. існаванне манархіі Буньёра-Кітара было фактычна прызнана Канстытуцыяй Уганды.

Гісторыя правіць

Паколькі ньёра, народ краіны Буньёра, да XIX ст. не былі знаёмы з пісьмовасцю, гісторыя іх дзяржавы доўгі час захоўвалася толькі ў форме вусных паданняў. Манархі Буньёра звычайна звязваюць пачатак сваёй дзяржавы з існаваннем імперыі Кітара, дзе з XI ст да XIV ст. змяніліся 2 дынастыі Батэмбузі і Бачвезі. Заснаванне Буньёра адбылося дзякуючы Мпуга Рукіды, пачынальніку дынастыі Бабіта. Згодна афіцыйнай генеалогіі, ён быў прадстаўніком адгалінавання Бачвезі і атрымаў трон згодна жаданню апошняга валадара гэтай дынастыі. У міфах ньёра Бабіта рушылі ў Кітару з поўначы і перапраўляліся праз Ніл, што дало нагоду еўрапейскім інтэрпрэтатарам лічыць прыход Бабіта адной з міграцый нілотаў накшталт луа з Паўднёвага Судана.

Нашчадкі Мпуга Рукіды ўсталявалі сваю ўладу ў рэгіёне Бугерэрэ, які пазней стаў вядомы як Буньёра, дзе вялася здабыча солі і апрацоўка жалеза. Аднак яны не здолелі падпарадкаваць усе землі Кітары. Ужо пры жыцці Мпуга Рукіды яго родны брат Ката Кімера адасобіў тэрыторыі каля возера Вікторыя. На поўдні ўзнікла дзяржава Анколе, чые манархі таксама лічылі сябе нашчадкамі Бачвезі. Хаця на працягу некалькіх стагоддзяў Буньёра дамінавала ў раёне Вялікіх азёр, унутраная сітуацыя не была стабільнай з-за спрэчак паміж самімі Бабіта. З пачатку XIX ст. галоўным супернікам Буньёра стала дзяржава Буганда.

У 1852 г. пасля чарговай грамадзянскай вайны валадаром Буньёра стаў Камурасі IV, які здолеў задушыць паўстанні ў правінцыях і распачаў прамы гандаль з арабамі і суахілі. У 1862 г. і 1864 г. Буньёра наведалі брытанскія экспедыцыі, аднак адносіны іх удзельнікаў з Камурасі былі напружанымі. У 1872 г. яго пераемнік Чва II Кабалега спыніў ваенную спробу брытанцаў уварвацца з боку Паўднёвага Судана. У 1888 г. ён нанёс паражэнне манарху Буганды. Аднак на баку бугандыйцаў выступілі брытанцы. Чва II Кабалега адступіў на поўнач і толькі ў 1899 г. быў захоплены ў палон пасля ранення. Ён быў высланы на Сейшэльскія Астравы і вярнуўся на радзіму только ў 1923 г. напярэдадні сваёй смерці. Значная частка Буньёра была далучана да Буганды, астатняя падпарадкавана непасрэдна брытанскай каланіяльнай адміністрацыі Уганды.

Унутраны лад правіць

Буньёра з'яўлялася тэакратычнай дзяржавай, дзе ўлада манарха амукама абагаўлялася, яму прыпісваліся некаторыя звышнатуральныя ўласцівасці, ён арганізоўваў агульнадзяржаўныя рытуалы. Адным з найбольш важных лічыўся рытуал «абнаўлення», які ладзіўся раз у 2 гады для забеспячэння ўрадлівасці і ўзнаўлення насельніцтва. Амукама быў уладальнікам усёй зямлі ў дзяржаве. У Буньёра была створана сістэма зямельнага размеркавання кібанджа, што ўключала перадачу зямель у карыстанне як буйным родавым арганізацыям энганда, так і асобным правадырам і прыдворным.

Усё насельніцтва падзялялася на 4 буйныя пласты. Вышэйшым лічыліся прадстаўнікі Бабіта. Яны падзяляліся на 4 родавыя арганізацыі на чале асобныха правадыроў мугамба і маці амукама. Бабіта звычайна складалі большасць прыдворных, атрымоўвалі асобныя часткі дзяржавы ў кіраванне, што прыводзіла да ўнутраных канфліктаў. Ніжэй за іх стаялі бахума. Гэты пласт насельніцтва сфарміраваўся яшчэ ў Кітары, таму некаторыя бахума разглядалі сябе нават больш высакароднымі, чым Бабіта. Іх асноўным заняткам была адгонная жывёлагадоўля. Трэці асноўны пласт насельніцтва зваўся баіру. Яго прадстаўнікі былі земляробамі, трымалі дробную свойскую жывёлу, займаліся здабычай карысных выкапняў і рамяством. На ніжэйшай прыступцы сацыяльнай лесвіцы стаялі нешматлікія рабы бахука. Падзел на 4 сацыяльныя пласты змякчаўся магчымасцю сацыяльнага росту нават для бахука, не забараняліся ўзаемныя шлюбы.

Бахума і баіру падзяляліся на 156 патрылінейных буйных родавых арганізацый на чале выбарных правадыроў абакуру б'енганда. Правадыры складалі асобную раду пры амукама, а таксама займалі розныя дзяржаўныя пасады. Вышэйшымі чыноўнікамі былі прыдворныя дарадцы абакуру бэбітэбэ, кіраўнікі правінцый абакама бабуханга і ваенныя прадстаўнікі манарха абаджвара конда.

Эканоміка Буньёра засноўвалася на сельскай гаспадарцы, здабычы і перапрацоўцы карысных выкапняў. Ньёра трымалі кароў, коз, курэй, вырошчвалі проса, бананы, клубневыя. Значныя прыбыткі давала здабыча солі, а таксама металургія. Металургі складалі асобную групу насельніцтва, што жыла асобна ад астатніх ньёра. Яны падзяляліся на плавільшчыкаў і кавалёў, працавалі ў аб'яднаннях па 10 — 20 чалавек. З Буньёра ў суседнія краіны вывозілі матыкі, навершы дзід і іншыя жалезныя прадметы. Таксама здабывалі і апрацоўвалі медзь. Да XIX ст. практыкавалася складаная сістэма натуральнага абмену таварамі, якая здзяйснялася на спецыяльных гандлёвых пляцоўках. У канцуы XIX ст. іх налічвалася каля 60. Суахілі выкарыстоўвалі ў гандлі з Буньёра марскія ракавіны.

Лёс манархіі ў XX стагоддзі правіць

У перыяд брытанскага пратэктарата нашчадкі Чва II Кабалегі здолелі фармальна захаваць тытул манархаў нават пасля паўстання ньёра ў 1907 г. У 1934 г. яны падпісалі пагадненне з уладамі, якое давала больш правоў на самакіраванне. Пасля абвяшчэння незалежнасці Уганды Буньёра як асобнае фарміраванне было ліквідавана ў 1907 г.

У 19931995 гг. манархія Буньёра была ўзноўлена. Манархічыныя інстытуты Буньёра дзейнічаюць паралельна з рэспубліканскімі ўгандыйскімі.

Спасылкі правіць