Падгорная (археалагічныя помнікі)

археалагічны аб'ект у Беларусі

Падгорная — археалагічныя помнікі: паселішчы неаліту і бронзавага веку каля в. Падгорная (Баранавіцкі раён, Брэсцкая вобласць).

Паселішча—1 правіць

Знаходзіцца за 1,5 км на поўдні ад вёскі на невялікім пясчаным узвышшы паміж правым берагам р. Шчара і левым берагам р. Лахазва, ва ўрочышчы Крамполе. Выявіў В. Р. Супрун. Даследаваў 192 м² І. І. Падгарадзецкі. Культурны пласт 0,4—0,6 м. Знойдзены фрагменты посуду кола культуры шнуравой керамікі з наразным арнаментам і фрагменты дуршлага (сітападобнага посуду) тшцінецкага культурнага кола.

Паселішча—2 правіць

Знаходзіцца за 0,9—1,1 км на паўнёвы захад ад вёскі, за 1 км на паўночным усходзе ад паселішча Добры Бор 1 на дзюне правабярэжнага поплава р. Шчара. Выявіў у 1996 годзе В. Л. Лакіза. Цэнтральная частка пашкоджана меліярацыйным каналам шырынёй да 8 м. Разворваецца. Культурны пласт да 0,3—0,4 м. Знойдзены шматлікія крамянёвыя вырабы першаснай апрацоўкі, керамічныя матэрыялы нёманскай неалітычнай культуры і кола культуры шнуравой керамікі.

Паселішча—3 правіць

Знаходзіцца за 1,2—1,4 км на паўднёвы захад ад вёскі, за 0,8 км на ўсход ад паселішча Добры Бор 1, за 0,3 км на поўдні ад паселішча-2 на дзюне правабярэжнага поплава р. Шчара. Выявіў у 1996 годзе В. Л. Лакіза. Часткова пашкоджана меліярацыйным каналам. Культурны пласт да 0,4 м. Разворваецца. Выяўлены матэрыялы нёманскай неалітычнай культуры і кола культуры шнуравой керамікі. Сярод іх крамянёвыя нуклеус, скрабок, цясланадобная прылада са слядамі прышліфоўкі, шліфаваная сякера з лінзападобным сячэннем.

Паселішча—3А правіць

Знаходзіцца за 1,3—1,5 км на паўднёвым захадзе ад вёскі, за 0,15 км на паўднёвым захадзе ад паселішча-3, на моцна знівеліраванай дзюне правабярэжнага поплава р. Шчара, паміж меліярацыйнымі каналамі. Выявіў у 1996 годзе В. Л. Лакіза. Культурны пласт да 0,4 м. Разворваецца. Знойдзены крамянёвыя вырабы і кераміка нёманскай неалітычнай культуры і кола культуры шнуравой керамікі.

Паселішча—4 правіць

Знаходзіцца за 2,6—3 км на паўднёвым захадзе ад вёскі («Рыбгас»), за 1,1 км на паўднёвы ўсход ад паселішча Добры Бор 1, на дзюне правабярэжнага поплава р. Шчара. Плошча каля 3600 м², вышыня да 2,5—3 м над узроўнем поплава. Часткова пашкоджана дамбай. Выявіў і даследаваў у 1996 і 2000 гадах В. Л. Лакіза (149 м²). Культурны пласт да 0,3—0,7 м. Зафіксаваны і даследаваны 13 аб’ектаў: агнішчы, попельныя плямы і западзіны, ямы. Звыш 9 тыс. знаходак (крамянёвых і каменных, кераміка, косткі). Калекцыя керамікі складаецца з 4554 фрагментаў ляпнога посуду прыпяцка-нёманскай, нёманскай культур (у т.л. вастрадонны посуд лысагорскага і дабраборскага тыпаў), культуры шарапалобных амфар, кола культуры шнуравой керамікі, тшцінецкага культурнага кола. Крамянёвыя вырабы прадстаўлены 4386 экзэмплярамі ад ранняга неаліту (прыпяцка-нёманская культура) да ранняга перыяду бронзавага веку (тшцінецкае культурнае кола). Большасць з іх — прадукты першаснай апрацоўкі крэменю: дробныя лускавінкі, сколы, абломкі, пласціны і адшчэпы. Выяўлены аднапляцовачныя нуклеусы і іх фрагменты; вастрыі і пласціны са скошаным рэтушшу краем, трапецыі, разцы, праколкі, скоблі, наканечнікі дзіды і стрэл, рубячыя прылады, скрабковыя і ножападобныя прылады. Выяўлены 9 каменных знаходак (адбойнікі, шліфавальныя пліткі, нарыхтоўка сякеры, абломак свідраванай сякеры).

Зноскі

Літаратура правіць

  • Археологическая карта Белоруссии / Белорусское добровольное общество охраны памятников истории и культуры, Сектор археологии Ин-та истории АН БССР. Вып. 3: Памятники бронзового века / В. Ф. Исаенко; под ред. Ф. В. Борисевича. — Мн.: Полымя, 1976. — 149, [2] с. — С. 46.
  • Лакіза, В. Л. Падгорная / В. Л. Лакіза // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя: у 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. Т. 2: Л — Я. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2009. — 492, [1] c. — С. 156—157. — ISBN 978-985-11-0354-2.
  • Лакіза, В. Падгорная-4 — новы шматкультурны помнік неаліту і бронзавага веку на р. Шчары / Вадзім Лакіза // Гістарычна-археалагічны зборнік. — 2003. — № 18. — С. 52 — 68.
  • Лакіза, В. Л. Старажытнасці позняга неаліту і ранняга перыяду бронзавага веку Беларускага Панямоння / В. Л. Лакіза; НАН Беларусі, Ін-т гісторыі. — Мн.: Беларуская навука, 2008. — 343, [1] с.
  • Подгородецкий, И. И. Исследования на берегах Щары / И. И. Подгородецкий // Археологические открытия 1986 года / АН СССР, Институт археологии; [отв. ред. В. П. Шилов]. — М.: Наука, 1988. — 541, [1] с.: ил. — С. 375—376.