Пан міністар
«Пан міністар» — п’еса Францішка Аляхновіча. Упершыню надрукавана ў 1924 годзе ў Вільні газетай «Голас беларуса».
«Пан міністар» | |
---|---|
| |
Жанр | п’еса |
Аўтар | Францішак Аляхновіч |
Мова арыгінала | беларуская |
Дата напісання | 1922 |
Дата першай публікацыі |
1924 (у Вільні) 1942 (першая пастаноўка ў Мінску) |
Тэкст твора ў Вікікрыніцах |
Ідэя п’есы
правіцьФранцішак Аляхновіч ― аўтар драматычных п’ес «Жахі жыцця», «Цені», «Няскончаная драма», гарадской камедыі «Шчаслівы муж», п’ес-казак для дзяцей. Ён напісаў першую манаграфію аб нацыянальным тэатральным мастацтве — «Беларускі тэатр».
Сатырычная камедыя «Пан міністар» — бліскучая палітычная сатыра на псеўдабеларускіх дзеячаў. Яна напісана ў 1922 годзе, амаль адначасова з купалаўскімі «Тутэйшымі», яны нават па-свойму пераклікаюцца. Уласна, ідэя п’есы ― барацьба «тутэйшых» з «нацыянальна свядомымі». Аляхновіч прымеркаваў выхад п’есы да выбараў у Заходняй Беларусі ў польскі сойм. Герой п’есы жадае ўсялякімі спосабамі атрымаць пасаду міністра ва ўрадзе. Гэта чалавек недалёкі, які не мае ніякіх прынцыпаў. Пасада міністра ― яго мара, ён ніякім чынам не сумняваецца, што варты заняць яе.
П’еса і высмейвае людзей, якія далучыліся да замагання за стварэнне беларускай дзяржавы толькі з-за жадання атрымаць высокія пасады. Філімон Пупкін — карыкатура на Тодара (Хведара) Вернікоўскага[1] (1861—1938). У снежні 1917 — красавіку 1918 гадоў стаў скарбнікам Менскага беларускага прадстаўніцтва, у красавіку 1918 года ўведзены ў Раду БНР. Ва ўрадзе Р. Скірмунта (з чэрвеня 1918 года) — дзяржаўны скарбнік, ва ўрадзе Я. Серады — народны пісар гандлю і прамысловасці. Са снежня 1918 года жыў у Вільні, пазней у Гродне. Пасля 1921 года — у Вільні. У 1928—1929 гадах рэдактар газеты «Грамадзянін». Адзін з арганізатараў таварыства «Прасвета».
Другая пастанова
правіцьП’еса амаль не мае сцэнічнай гісторыі. У 1925—1926 гадах яна некалькі разоў паказвалася ў вандроўным тэатры Аляхновіча. На «вялікай сцене» давалася толькі Менскім беларускім тэатрам у 1943 годзе пры нямецкай акупацыі. На адным з прадстаўленняў быў здзейснены няўдалы замах на гаўляйтара Беларусі Вільгельма Кубэ[2].
У другі раз спектакль на беларускай мове пастаўлены ў сакавіку 2012 года ў Беларускім рэспубліканскім тэатрэ юнага гледача.
Рэжысёр спектакля ― Уладзімір Савіцкі, вядомы пастаноўкамі «Ветрагонаў» Уладзіслава Галубка ў Віцебскім Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры, «Дзікага палявання караля Стаха» і «Сноў пра Беларусь» па «Калысцы чатырох чараўніц» Уладзіміра Караткевіча, «Балады пра каханне» па «Альпійскай баладзе» Васіля Быкава ў Купалаўскім тэатры, «Раскіданага гнязда» Янкі Купалы ў Брэсцкім тэатры драмы[3].
Мастак-пастаноўшчык спектакля ― Віктар Цімафееў. Пластычнае рашэнне — Міхаіл Камінскі. Музычнае афармленне ― Павел Захаранка. Песні Лявона Вольскага.
Гэта спектакль камедыйны, часам у развіцці сюжэту камедыя пераходзіць у фарс. Кантрасныя чорна-бела-чырвоныя фарбы ― асноўныя і ў агульных дэкарацыях, і ў касцюмах персанажаў. Па ўсім задніку намалявана туша свінні, разробленая на часткі, як на продаж. Гандаль свінінай і ёсць асноўны занятак Пупкіна. Уверсе падвешаны мяхі, набітыя багаццем. У апошніх сцэнах мяхі апускаюцца на сцэну і з іх падаюць залацістыя слоікі з тушонкай, запаўняючы ўсю прастору. Гэтыя залацістыя бляшанкі ўяўляюць сабой сімвал шчаслівага жыцця пупкіных.
У галоўнай ролі выдатны акцёр ТЮГа Аляксандр Палазкоў, які надзяляе свайго героя нават некаторай абаяльнасцю. Ён перамог у намінацыі «Найлепшая мужчынская роля» на Другой Нацыянальнай тэатральнай прэміі (2012).
Палазкоў кажа аб сваім персанажу:
Гэта чалавек, які нарадзіўся тут. Магчыма жыццё яго пакрыўдзіла крыху больш, чым іншых. Можа, яго ў школе дражнілі, таму ў яго склаліся комплексы. Але ён павінен адкрываць сябе свету і думае, што прынясе гэтым карысць. Аднак яго дзеянні аказваюцца прасякнутымі той ранейшай рэакцыяй свету на яго — злосцю і нянавісцю. Ён думае, што робіць дабро, але ў аснове яго імкненняў зло. Таму нічога ў свеце бяскарна не праходзіць. Калі ты пакрыўдзіш такога маленькага Пупкіна аднойчы, то ён можа вырасці і нарабіць шмат бяды[4].
Тэмпераментна працягваюць інтрыгу фарсу акцёры Л. Улашчанка (Кукіш), М. Лявончык (Скакун), В. Казлоў (М. Светляк), М. Гарбаценка (Марта), Ю. Смірнова (Люба).
Зноскі
- ↑ Філімон Пупкін — карыкатура на Тодара (Хведара) Вернікоўскага(недаступная спасылка)
- ↑ Селеменев В. Д., Шимолин В. И. Охота на гауляйтера. — Мн.: НАРБ, 2006. — 246 с. — ISBN 985-11-0214-8.
- ↑ Літаратура i мастацтва, 27 красавіка 2012. с. 20
- ↑ «Пан міністр»: гісторыя сапраўднага вар’яцтва(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 19 сакавіка 2011. Праверана 18 мая 2012.
Спасылкі
правіць- Фатахроніка прэм’еры Архівавана 6 сакавіка 2016.
- Акцёры Тэатра юнага гледача Архівавана 8 лістапада 2016.