Партал:Гродна/Выдатны артыкул
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/7/79/Horadnia_%28Hrodna%29%2C_Stary_zamak._%D0%93%D0%BE%D1%80%D0%B0%D0%B4%D0%BD%D1%8F%2C_%D0%A1%D1%82%D0%B0%D1%80%D1%8B_%D0%B7%D0%B0%D0%BC%D0%B0%D0%BA_%282021%29_03.jpg/220px-Horadnia_%28Hrodna%29%2C_Stary_zamak._%D0%93%D0%BE%D1%80%D0%B0%D0%B4%D0%BD%D1%8F%2C_%D0%A1%D1%82%D0%B0%D1%80%D1%8B_%D0%B7%D0%B0%D0%BC%D0%B0%D0%BA_%282021%29_03.jpg)
Стары́ за́мак у Гро́дне, за́мак Бато́рыя — адзін з найстаражытнейшых помнікаў архітэктуры ў Беларусі, комплекс абарончых збудаванняў, культавых і свецкіх будынкаў 11—19 стагоддзяў Размешчаны ў гістарычным цэнтры Гродна па адрасе: Гродна, вуліца Замкавая, 21.
Стары замак з’яўляецца адзіным (за выключэннем размешчанага на суседнім пагорку Новага замка) захаваным каралеўскім замкам на землях Беларусі. Доўгі час замак быў рэзідэнцыяй вялікіх князёў літоўскіх і каралёў польскіх, і такім чынам адыгрываў важную ролю ў жыцці чатырох сучасных народаў: беларускага, літоўскага, польскага і украінскага. У часы сярэднявечча гродзенскі стары замак стаяў у авангардзе барацьбы ўсходнееўрапейскіх народаў з крыжацкай навалай, набыўшы з цягам часу славу легендарнага. «Замак Гартэн», як яго называлі прускія храністы, атрымаў сярод еўрапейскага рыцарства славу непрыступнай цвярдыні, паход на які лічыўся справай гонару кожнага тэўтона. Усяго з канца XIII і да пачатку XV стагоддзя Гродна і яго замкі вытрымалі каля дваццаці нападаў крыжакоў.
Замак размешчаны на высокім і стромкім узгорку на правым беразе Нёмана пры ўпадзенні ў яго рэчкі Гараднічанкі. Пачаў будавацца ў часы Старажытнарускай дзяржавы. Замак неаднаразова руйнаваўся, аднаўляўся і перабудоўваўся. У яго планіроўцы і архітэктуры выяўляюцца напластаванні многіх стагоддзяў. Тапаграфія мясцовасці вызначыла абрыс плану замка, блізкага да трохвугольніка. Працягласць замкавых сцен дасягала амаль 300 метраў пры сярэдняй таўшчыні каля 3 метраў. Сцены мелі неаднолькавую вышыню і завяршаліся зубцамі. Ад горада замак падзяляўся ярам і глыбокім ровам. Паводле гістарычных дакументаў вядомы не менш як шэсць яго розных варыянтаў.
У пачатку 12 стагоддзя стаў княжацкай рэзідэнцыяй Гарадзенскага княства. Тут былі ўзведзены княжацкі церам, Ніжняя царква, Верхняя царква, іншыя жылыя і гаспадарчыя пабудовы. У гэты час у замку была пабудавана мураваная сцяна з плінфы, аналагаў якой не было сярод іншых усходнееўрапейскіх збудаванняў.
Да нашых дзён захаваліся палац, фрагменты абарончых сцен, руіны Ніжняй і Верхняй цэркваў, княжацкіх пакояў, мост і замчышча. Самымі вядомымі ўладальнікамі замка былі вялікі князь Вітаўт і кароль Рэчы Паспалітай Стэфан Баторый, а таксама славуты абаронца замка Давыд Гарадзенскі.
Цяпер у замку размяшчаецца Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей. Традыцыйна ўвесь комплекс збудаванняў на Замкавай гары захаваў назву Стары замак.