Паўмоту, або Туамоту (саманавзва Pa’umotu, літаральна «астравіцяне») — карэнныя палінезійскія насельнікі астравоў Туамоту ў Французскай Палінезіі. Агульная колькасць — 22 тыс. чал. (2011 г.)[1]

Паўмоту
(Pa’umotu )
Хлопчык з вострава Факарава
Агульная колькасць 22 тыс. чал.
Рэгіёны пражывання  Французская Палінезія
Мова паўмоту
Рэлігія політэізм, культ продкаў, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы таіцяне, маркізцы

Гісторыя правіць

Астравы Туамоту былі населены палінезійцамі прыкладна ў VII — XI стст. н. э. выхадцамі з астравоў Таварыства. Легенды і паданні паўмоту дазваляюць таксама прасачыць іх сувязь з маркізцамі. На розных астравах складваліся асобныя малыя групы нашчадкаў перасяленцаў, якія мелі мелі асобныя саманазвы і дыялектныя адрозненні ў мове. Гэта не перашкаджала сталым кантактам паміж астравіцянамі. Захоўваліся сувязі з Таіці. З вострава Факарава паходзіў род таіцянскіх каралёў Памарэ.

У 1521 г. астравы Туамоту былі адкрыты Ф. Магеланам. У XVIII — пач. XIX стст. актыўна даследаваліся еўрапейскімі мараплаўцамі. З пач. XIX ст. сярод астравіцян дзейнічалі хрысціянскія місіянеры. Канкурэнцыя паміж брытанскімі місіянерамі-пратэстантамі і французскімі місіянерамі-каталікамі з аднаго боку абвастрала адносіны паміж паўмоту, якія далучаліся да розных канфесій, а з іншага — садзейнічала большаму еўрапейскаму ўплыву праз адкрыццё місіянерскіх школ, арганізацыю камерцыйных какосавых плантацый, пераклад на мясцовую мову Бібліі і г. д.

У XIX ст. астравы Туамоту былі падначалены таіцянскімі каралямі. У 1842 г. быў усталяваны пратэктарат Францыі, а ў 1880 г. астравы былі афіцыйна анэксаваны Францыяй. Да сяр. XX ст. уплыў каланіяльных уладаў на мясцовае жыццё быў значна меншым, чым на астравах Таварыства. Сітуацыя рэзка змянілася пасля адкрыцця радыёвяшчання і французскай ваеннай базы, на якой выпрабоўвалася ядзерная зброя. Былі заснаваны дзяржаўныя школы з адукацыяй на французскай і таіцянскай мовах. Частка паўмоту ў пошуках працы мігрыравала на востраў Таіці.

Асаблівасці традыцыйнай культуры правіць

Матэрыяльная культура паўмоту развівалася ў значнай залежнасці ад мясцовай геаграфічнай прасторы. Насельнікі малых каралавых астравоў, яны займаліся земляробствам (вырошчвалі тара, какосавую пальму, хлебнае дрэва і інш.) і ловам рыбы. Гэтыя заняткі лічыліся мужчынскімі. Тара вырошчвалі ў доўгіх траншэях, якія капалі да ўзроўню падземных вод і часткова напаўнялі кампостам. Рыбу лавілі пераважна ў лагунах.

Доўгія засушлівыя сезоны, нястача пітной вады і летнія ўраганы не дазвалялі спадзявацца на забеспячэнне прадуктамі толькі на месцы. Таму важную ролю мелі кантакты з іншымі астравамі, асабліва з Таіці. Паўмоту здабывалі ракавіны жамчужніц, з якіх выраблілі на продаж рыбалоўныя гаплікі, лёзы для ваенных булаў і г. д. Іншыя распаўсюджаныя рамёствы — разьба па дрэву, вытворчасць тапы, будаўніцтва лодак.

Шлюбы экзагамныя патрылакальныя. Часам юнак, які збіраўся ажаніцца, быў вымушаны накіравацца ў вандроўку на іншыя астравы у пошуках нявесты. Вялікія пашыраныя сем’і складалі абшчыну. На чале грамадства стаялі правадыры арыкі.

Шчыльная сувязь з астравамі Таварыства прасочваецца ў падабенстве фальклору і традыцыйных рэлігійных культаў. У нашы дні большасць вернікаў спавядае хрысціянства (каталіцтва і пратэстантызм).

Мова правіць

Мова паўмоту належыць да малайска-палінезійскай групы аўстранезійскіх моў. На ёй размаўляе каля 6700 чал на астравах Туамоту і на Таіці.

Зноскі

Спасылкі правіць