Летысійская вайна (1932—1934)
Летысійская вайна (1932—1934) — узброены канфлікт Перу і Калумбіяй за багаты сыравінай раён Летысія. Ваенныя дзеянні вяліся з пераменным поспехам, прычым Калумбію падтрымлівалі ЗША, а Перу — Вялікабрытанія. Вайна завяршылася падпісаннем пратакола (1934), паводле якога Летысія засталася пад уладай Калумбіі.
Перуана-калумбійская вайна | |||
---|---|---|---|
| |||
Дата | 1 верасня 1932 — 24 мая 1933 | ||
Месца | Калумбія | ||
Прычына | Захоп перуанцамі калумбійскага горада Летысія | ||
Вынік | Вяртанне Летысіі Калумбіі | ||
Праціўнікі | |||
|
|||
Камандуючыя | |||
|
|||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Прычыны і сілы бакоў
правіцьГалоўнай прычынай вайны была тэрытарыяльная спрэчка паміж Перу і Калумбіяй. Краіны 24 сакавіка 1922 года падпісалі пагадненне Саламон-Ласана, паводле якога за Калумбіяй было прызнана права на «трапецыю Летысіі» — частку правінцыі Амазонас з рачнымі портамі Летысія і Ларэта. Аднак у 1932 годзе перуанскі прэзідэнт падпалкоўнік Луіс Мігель Санчэс Сера вырашыў пераглядзець пагадненне і вярнуць «трапецыю Летысіі» Перу.
Да пачатку вайны ў складзе сухапутнай арміі Перу было 5 пяхотных дывізій, 1 кавалерыйская брыгада, сілы Нацыянальнай гвардыі, ВМС уключалі 2 крэйсеры, 1 мінаносец, 2 падлодкі, 5 рачных кананерскіх лодак, ВПС — 60 самалётаў. Калумбія мела 5 пяхотных дывізій, 1 кавалерыйскую брыгаду, 3 марскія і 6 рачных кананерскіх лодак і 20 самалётаў.
Ход вайны
правіць1 верасня 1932 года 250 цывільных перуанцаў на чале з інжынерам Арданесам перайшлі перуана-калумбійскую мяжу і занялі Летысію. Наступным днём у Ларэта пачалося паўстанне з патрабаваннем далучэння горада да Перу. Урад Перу адмаўляў датычнасць да гэтых падзеяў, але пры гэтым накіраваў на дапамогу паўстанцам роту салдат і кананерку са зброяй і баепрыпасамі. Толькі 30 верасня Перу адкрыта запатрабавала перагляду пагаднення пра мяжу.
Тым часам Калумбію ахапіў усплёск патрыятызму; 19 верасня газета El Tiempo паведаміла, што атрымала 10 000 лістоў з патрабаваннямі ўступіць у вайну і вярнуць Летысію, гэтым жа днём тысячы калумбійскіх студэнтаў прайшлі па вуліцах Багаты пад лозунгам «Смерць Санчэсу Сера!».
3 кастрычніка Калумбія звярнулася ў Лігу Нацый са скаргай на дзеянні Перу. Тым часам наступ перуанцаў працягваўся, і 1 лістапада яны занялі горад Тарапака, цалкам акупаваўшы спрэчную тэрыторыю.
Ваенная прысутнасць Калумбіі ў гэтым рэгіёне была мінімальнай, што палегчыла яго захоп перуанцам, але ў снежні Калумбія падрыхтавала экспедыцыю (1,5 тысячы чалавек і 25 гармат на чале з генералам Альфрэда Коба), якая 20 снежня адплыла з партоў Картахена і Баранкілья і праз нейтральную тэрыторыю Бразіліі прыбыла да Тарапаке 14 лютага 1933 года, прад’явіўшы камандуючаму перуанскім гарнізонам палкоўніку Дыясу ўльтыматум з патрабаваннем пакінуць горад. Перуанцы атакавалі калумбійскую кананерку «Кардова» на нейтральнай бразільскай тэрыторыі, што стала падставай да пачатку баявых дзеянняў; пасля 4-гадзіннага бою калумбійцы здолелі выціснуць перуанскі гарнізон з Тарапакі; у адказ 15 лютага 1933 года Перу разарвала адносіны з Калумбіяй і абвясціла ўсеагульную мабілізацыю.
17 сакавіка 1933 года калумбійскія войскі перайшлі ў наступ; 19 сакавіка яны выбілі перуанцаў з вёскі Буэнас-Айрэс і перанеслі баявыя дзеянні на перуанскую тэрыторыю, захапіўшы ўмацаваны пункт Гвепі.
Перу зрабіла спробу паўтарыць паход Коба, накіраваўшы крэйсер «Альмірантэ Граў» з дзвюма падлодкамі праз Панамскі канал і Карыбскае мора да вусця Амазонкі, пасля чаго ён павінен быў па Амазонцы прыбыць да месца баявых дзеянняў, але 24 мая ён быў спынены ў сувязі з пачаткам мірных перамоваў.
Вынік
правіцьСанчэс Сера быў забіты 30 красавіка, і новым прэзідэнтам стаў Оскар Бенавідэс. 12 мая Перу пагадзілася пачаць мірныя перамовы з Калумбіяй (да гэтага яна адмаўлялася ад пасярэдніцкіх прапаноў Бразіліі). 25 мая было заключана перамір’е, паводле якога «трапецыя Летысіі» тэрмінам на год перадавалася пад кіраванне міжнароднай камісіі Лігі Нацый. Мірны дагавор паміж дзвюма краінамі быў афіцыйна падпісаны 2 лістапада, а 24 мая ў Рыа-дэ-Жанэйра Перу і Калумбія падпісалі пагадненне пра мяжу, канчаткова ўрэгулявалі тэрытарыяльную спрэчку. «Трапецыя Летысіі» была прызнана часткай Калумбіі.
Гл. таксама
правіцьСпасылкі
правіць- Гісторыя вайны і канфлікту, які папярэднічаў ёй Архівавана 18 верасня 2008. (ісп.)
- Інфармацыя пра вайну на сайце ColombiaLink Архівавана 18 ліпеня 2011. (ісп.)