Пралетарый (кінатэатр, Мінск)
«Пралета́рый» (арыг. «Пролета́рый») — колішні кінатэатр у Мінску. Размяшчаўся па вуліцы Савецкай, 87 насупраць Цэнтральнага сквера на месцы сучаснай Кастрычніцкай плошчы, паблізу скрыжавання вуліцы Энгельса і праспекта Незалежнасці (тагачаснай Савецкай вуліцы). Будынак кінатэатра ў стылі канструктывізм пабудаваны паводле праекта архітэктара Герасіма Якушкі.
кінатэатр | |
Пралетарый | |
---|---|
Пролетарый | |
53°54′07″ пн. ш. 27°33′41″ у. д.HGЯO | |
Краіна | |
Месцазнаходжанне | |
Архітэктурны стыль | канструктывізм[d] |
Архітэктар | Герасім Васілевіч Якушка |
Дата заснавання | 1934 |
Дата пабудовы | 1934 год |
Асноўныя даты | |
жнівень 1934 — адкрыты |
|
Дата скасавання | 1941 |
Статус | знішчаны |
Гісторыя
правіцьЗ 1907 года на першым паверсе правай часткі чатырохпавярховага дома Поляка па вуліцы Захар’еўскай працаваў вельмі папулярны кінатэатр «Ілюзіён». У чэрвені 1924 года ў памяшканні «Ілюзіёна» адкрыўся новы кінатэатр «Пралетарый» на 300 месцаў пра што паведамляла газета «Звязда». Імаверна, пазней кінатэатр быў перайменаваны, бо ў шэрагу публікацый адзначалася, што 15 ліпеня 1924 года ў тым самым памяшканні па вуліцы Савецкай, 87 прыняў першых гледачоў новы кінатэатр «Чырвоны факел». У кастрычніку 1928 года тут арганізавалі прагляд фільмаў для дзяцей, і кінатэатр атрымаў назву «Юны піянер». Пад гэтай назвай ён працаваў пэўны час, пакуль яму не вярнулі ранейшую назву — «Пралетарый»[1].
На пасяджэнні Сакратарыята Менскага гарадскога камітэта КП(б)Б 1 красавіка 1932 года было прынята рашэнне: «На працягу будаўнічага сэзону г.г. пераабсталяваць кіно „Пролетарый“, зрабіўшы яго на 600—700 мейсц, шляхам дабудовы глядзельнай залі». Праект рэканструкцыі быў зроблены Герасімам Якушкам у вельмі кароткі тэрмін і прадугледжваў не павелічэнне ўмяшчальнасці старой глядзельнай залы, а ўзвядзенне новага будынка[1].
Новы кінатэатр «Пралетарый» адкрыты ў жніўні 1934 года. Па ўмяшчальнасці ён быў другім паводле велічыні пасля кінатэатра «Чырвоная зорка». У «Пралетарыі» дэманстраваліся як савецкія, у тым ліку і беларускія, так і замежныя фільмы. Напрыклад, 13 верасня 1938 года адбыўся паказ знакамітага фільма Чарлі Чапліна «Агні вялікага горада»[1].
У 1938 годзе кінатэатр закрылі на рэканструкцыю паводле праекта архітэктара Герасіма Якушкі, у выніку ўмяшчальнасць залы павялічылася да 1000 месцаў. Пасля рэканструкцыі кінатэатр атрымаў новую назву — «Радзіма»[1].
21 чэрвеня 1941 года ў кінатэатры «Радзіма» прайшло апошняе ў горадзе даваеннае грамадскае мерапрыемства, вячэрняя дэманстрацыя фільма «Франтавыя сяброўкі», апаўночнае вясёлае выступленне «Тэа-джаза» і а 0:20, ужо 22 чэрвеня 1941, — дадатковы сеанс фільма. 24 чэрвеня 1941 года а 9:40 нямецкая авіяцыя пачала асабліва масіраваную эшаланаваную бамбардзіроўку Мінска. Кінатэатр і прылеглыя да яго будынкі цалкам выгарэлі і стаялі скрынямі-руінамі. Пасля вайны гэты квартал горада не аднавілі[1].
Архітэктура
правіцьФасад будынка быў заглыблены адносна фронту фасадаў суседніх будынкаў і рэзка кантраставаў з імі канструктывісцкім характарам свайго кампазіцыйнага рашэння. Паводле вобразнага рашэння і функцыянальнай структуры ён стэрэатыпна ўспрымаецца як фасад жылога дома з крамнымі вітрынамі на першым паверсе, што абумоўлена абмежаваннямі, у якіх ажыццяўлялася распрацоўка функцыянальна-планіровачнага рашэння — прыстасаванне вузкай прасторы, 15 м па шырыні, паміж будынкамі пад размяшчэнне аб’ёму глядзельнай залы значнай умяшчальнасці з забеспячэннем нарматыўных выхадаў з яго, а таксама фае з касавым вестыбюлем і шэрагам дапаможных памяшканняў. Пры гэтым вырашалася задача рацыянальнага выкарыстання параўнальна невялікай прасторы над аб’ёмам кінатэатра, якая была адведзена пад жылыя памяшканні. Пра прыналежнасць будынка інфармаваў толькі аб’ёмны надпіс на атыку — «КIНО» і ўнізе над сцяной-вітражом, зашклёнай вертыкальнымі палотнамі ў выглядзе «гармоніка» — «ПРОЛЕТАРЫЙ»[1].
Уваход у новы кінатэатр прадугледжваўся праз ўваходную зону будынка, які прылягаў да яго злева — былога кінатэатра «Ілюзіён». Таксама на першым паверсе гэтага будынка размяшчаліся касавы вестыбюль, туалеты з курыльняй і невялікая більярдная[1].
Фае і кіназала планіровачна размяшчаліся паслядоўна ў глыбіню дваровай тэрыторыі. У фае з вышынёй столі 5,5 м быў запраектаваны балкон-антрэсоль, арыентаваны ў бок вітража вонкавай сцяны. Уваход у фае і на балкон размяшчаўся з боку вестыбюльнай зоны, у глядзельную залу — праз два праёмы ў тарцовай сцяне фае пад балконам. Кіназала з найбольшай вышынёй столі каля 8 м, шырынёй прыкладна 15 м і даўжынёй звыш 33 м у месцы размяшчэння месцаў для гледачоў мела нахіленую падлогу і невялікі балкон над кінаапаратнай. Праектная ўмяшчальнасць залы складала 600 месцаў. Выхад гледачоў пасля сеансу забяспечваўся праз 7 дзвярных праёмаў і праз тамбур на тэрыторыю ўнутранага двара[1].
Уваход на жылыя паверхі спраектаванага будынка ажыццяўляўся праз калідор і лесвічныя маршы ў аб’ёме жылога дому, які прылягаў справа да будынка кінатэатра[1].
Унутрывуглавыя балконы на жылых паверхах будынка кінатэатра ўспрымаліся як завяршэнні гарызантальных чляненняў фасадаў суседніх будынкаў, што забяспечыла іх кампазіцыйна-ансамблевую ўзаемасувязь. Памер і форма аконных праёмаў жылых паверхаў вырашаны ў канструктывісцкай манеры — амаль стужачнае шкленне з праёмамі на ўсю шырыню пакояў, з вузкімі міжаконнямі і трохстворкавымі рамамі. Паводле праекта ўсе паверхі мелі аднолькавае вырашэнне вокнаў, пазней форма і колькасць аконных праёмаў верхняга паверху былі зменены на шэраг вузкіх вертыкальных, што ў пэўнай ступені ажывіла агульную кампазіцыю фасада. Быў уведзены глухі франтон па вышыні да ўзроўню карнізаў суседніх будынкаў і казыркі над вуглавымі балконамі верхняга паверху, што ў яшчэ большай ступені забяспечыла кампазіцыйную сувязь з суседнімі фасадамі[1].
Зноскі
- ↑ а б в г д е ё ж з і Жутяев Ю. Кинотеатр «Пролетарий» Архівавана 31 кастрычніка 2016. [об архитектурном проекте: Минск] // Архитектура и строительство № 2, 2015. — С. 60-62.
Спасылкі
правіць- Жутяев Ю. Кинотеатр «Пролетарий» Архівавана 31 кастрычніка 2016. [об архитектурном проекте: Минск] // Архитектура и строительство № 2, 2015. — С. 60-62.