Пры свечках

беларускі рок-гурт

«Пры све́чках» (руск.: При свечах) — беларускі рок-гурт з Гомеля.[1]

Пры свечках
Жанры арт-рок
Краіны
Адкуль Гомель
Мовы песень руская

Гісторыя правіць

Утварыўся ў 1972 годзе ў Гомельскім філіяле Беларускага політэхнічнага інстытута. Ідэя належала студэнту Анатолю Мазо. Ён быў добры клавішнік і хацеў выконваць нешта накшталт «Emerson, Lake & Palmer[en]» і «Procol Harum[en]». Адпаведна і імя, дадзенае гурту адной з фанатак, «При свечах» мусіла асацыятыўна адсылаць слухача да акадэмічнай класікі (перапачатковы варыянт назвы калектыву — «Гайдукі»). Першай кампазіцыяй новастворанага ансамбля стала рок-апрацоўка бахаўскай «Парціты[de]».

У ансамблі склаліся два лагеры: акадэмічны — музыкі з адукацыяй, знаўцы класікі, і рокавы — самавукі, спакушаныя «Deep Purple» і «Black Sabbath». Падборам матэрыялу і аранжыроўкамі музыкі займаліся калектыўна. Яны атрымалі ад інстытута асобны пакой, рэпетыцыі ладзіліся штодзень, выступы ў сярэднім адбываліся 4 разы на месяц. Падчас канцэртаў пасля асноўнай сімфа-рокавай праграмы «Пры свечках» выконвалі песенны кавер-блок, для якога адмыслова падбіралі вакалістаў.

У снежні 1972 года музыкаў запрасілі выступіць на арэне новазбудаванага цырку ў межах лекцыі «Битлзы: легенды и правда о нём». Мазо з музыкантамі мусілі выканаць «Satisfaction[en]» «The Rolling Stones». Публіка вітала «Пры свечках» авацыямі, заля стаяла на вушах. Рэзананс ад таго выступу доўга разыходзіўся па горадзе. Да свята Кастрычніцкай рэвалюцыі гурт падрыхтаваў альбом «Sabbath Bloody Sabbath[en]». Сельмашаўскі ДК, дзе адбываўся канцэрт, абараняла міліцыя, моладзь брала залю штурмам. Мясцовы парторг спрабаваў спыніць музыку актыўнай жэстыкуляцыяй, але на яго ніхто не звяртаў увагі. У абкоме партыі музыкантам аднойчы сказалі: «Што гэта ў вас за назоў такі царкоўны? Змяніце — тады мы пусцім вас на вялікую сцэну».

Акрамя Баха, музыкі зрабілі арт-рокавыя адаптацыі Бетховена, Моцарта, Паганіні, Рымскага-Корсакава, Ігара Шамо[uk] і іншых кампазітараў. Прыкладна ў 1974 годзе гурт стварыў опус «Дасон», што прысвячаўся палітычным падзеям у Чылі[es]. Засталася незафіксіраванай беларускамоўная песня «Цягнікі» і 20-хвілінныя «Сямейныя партрэты» — пераапрацоўка кампазыцыі «Рrocol Harum» «Magdalene» з тэкстамі Эдуардаса Межэлайціса[lt]. Быў пакінуты недаробленым балет «Маленькі прынц» паводле Экзюпэры, дзе планавалася спалучыць уласную музыку, адмысловую вакальную групу, светлавыя эфекты і пластыку.

Ансамбль паспеў паказаць сябе на розных пляцоўках Гомеля, Брэста, Віцебска, Мінска. Гітарыст Анатоль Герашчанка перазнаёміўся з ключавымі фігурамі сталічнага андэграўнда — Кандрусевічам, Канавалавым, Чаркасавым, Казлоўскім, Ткачэнка, Аліпавай. Анатоль прыяжджаў на рок-вечарыны ў кансерваторыю. Гурт даваў канцэрты і на Ўкраіне — у Кіеве ды Чарнігаве, далей гурт не адпускалі.

Увосень 1975 года ансамбль запрасіла на здымкі музычная рэдакцыя БТ. Загадзя трэба было запісаць фанаграмы, для чаго гурту прапанавалі студыю Беларускага радыё. На працу далі 3 дня, запісваліся нават ноччу. «Пры свечках» — практычна адзіны прадстаўнік гомельскага андэграўнда таго часу, чые запісы захаваліся да нашых дзён.

Ансамбль знік у 1979 годзе. Выбрыкі цэнзараў, абвінавачванні і кантроль, прызыў у войска, цякучы склад групы, з’яўленне сем’яў, неабходнасць зарабляць грошы, халтуры ў рэстарацыях, эміграцыя — усё гэта сыграла сваю ролю ў расфарміраванні.

Склад правіць

Зноскі

  1. Сямашка, Віктар. !OUT: «Пры сьвечках» — героі гомельскага арт-падпольля 70-х (фота, аўдыё). Тузін Гітоў (18 снежня 2013). Праверана 15 чэрвеня 2021.

Спасылкі правіць