Пётр Дзмітрыевіч Клюеў

Пё́тр Дзмі́трыевіч Клю́еў (нар. 28 мая 1989, Гродна, БССР, СССР) — беларускі спявак, музыкант, аўтар, выканаўца[1] і кампазітар. З восені 2017 года з’яўляецца ўдзельнікам гурта ЛСП[2][3].

Пётр Клюеў
Дата нараджэння 28 мая 1989(1989-05-28) (34 гады)
Месца нараджэння Гродна, СССР
Краіна Беларусь
Музычная дзейнасць
Прафесіі спявак, музыкант, аўтар, выканаўца, кампазітар
Гады актыўнасці 2005 — ц. ч.

Дзяцінства, вучоба і ранняя творчасць правіць

Пётр Клюеў нарадзіўся ў Гродне, аднак большую частку свайго дзяцінства да 1994 года пражываў у Польшчы[4] са сваёй маці з прычыны яе навучання ў медыцынскім універсітэце. Польская мова для Пятра была першай роднай мовай нароўні з беларускай. У дзяцінстве Пётр прафесійна займаўся шахматамі і вялікім тэнісам, мае разрады ў абодвух відах спорту. У 1995 годзе паступіў у польскую школу ў Гродне і скончыў яе ў 2006 годзе. У 10 класе пачаў займацца ігрой на піяніна, займаючыся за ім па 7-8 гадзін у дзень. Выкладчыкамі былі вядомыя музыкі, у іх ліку Дзядовіч Яўгенія Вікенцьеўна і Райт Уладзімір Канстанцінавіч, які з’яўляецца вучнем Якава Мільштэйна.

Пасля заканчэння школы Пётр Клюеў пераехаў у Аўстрыю і паступіў ва ўніверсітэт, дзе вывучаў філасофію. Тут ён стварыў свой першы музычны гурт. На вакацыях, калі прыязджаў у Беларусь, граў канцэрты з гродзенскай джазавай камандай пад назвай «Stop Time». У 2007 годзе Пётр з’язджае вучыцца ў Рым на факультэт сацыяльных навук і вучыцца там да 2010 года. Паралельна з універсітэцкім жыццём Пётр займаецца музыкай, гастралюе з гуртом «Stop Time» па Рыме і Неапалі і падзарабляе піяністам у італьянскіх клубах. За час знаходжання ў Італіі Пётр выпусціў два альбома — дэбютны англамоўны альбом, які атрымаў назву «For All»[5], у 2008 годзе і беларускі альбом ў 2010 годзе.

Кар’ера правіць

Актыўная кар’ера Пятра Клюева пачынаецца з 2011 года, калі ён канчаткова вяртаецца ў Беларусь[6]. Ужо ў 2005 годзе ў Пятра адбыўся першы ў жыцці канцэрт як у класічнага піяніста праз год заняткаў на раялі ў абласной філармоніі горада Гродна. Там ён граў творы Шапэна, Бетховена і Моцарта. Затым Пётр пачаў пісаць першыя песні на ангельскай, польскай і беларускай мовах і даваць невялікія канцэрты ў Гродне на вакацыях. Пётр натхняўся класічнай музыкай і шматлікімі заходнімі выканаўцамі, такімі як Джордж Майкл, Філ Колінз, Пітэр Гэбрыел, Стынг, Сціві Уандэр, «Tower of Power[en]» ды шмат іншымі[7].

З 2012 па 2016 год актыўна ўдзельнічаў у Інфармацыйна-асветніцкай установе «Арт Сядзіба» і з’яўляўся яе сузаснавальнікам.

Праз некаторы час Пётр ужо выступае ў Мінску, затым у 2013 пачаў гастраляваць у Італіі, Літве, Латвіі, Украіне і Эстоніі. 21 снежня 2011 года адбыўся канцэрт у Палацы Рэспублікі ў Мінску. Таксама Пётр прымаў удзел у шматлікіх фестывалях у Беларусі і за яе межамі, у тым ліку выступаў у фінале нацыянальнага адбору «Новая Хваля» ў Юрмале, і супрацоўнічаў са спеваком Аляксандрам Патлісам з гурта «Новы Іерусалім», з якім даваў сумесны канцэрт у 2010 годзе. У 2011 годзе Пётр Клюеў выпускае сінгл на польскай мове, у 2015 — на італьянскай. У гэтым жа годзе выйшаў максі-сынгл «Асцярожна Лістапад»[8] на беларускай мове, які прынёс Пятру першую шырокую вядомасць у Беларусі. Пасля гэтага Пётр Клюеў становіцца запатрабаваным музыкам у начных клубах Мінска.

 
Алег ЛСП і Пётр Клюеў, канцэрт гурта ЛСП

У 2015 годзе Пётр Клюеў прыняў удзел у шоў «X-Фактар» ва Украіне[9][10] і прайшоў у чвэрць-фінал. У гэтым жа годзе Пётр праходзіў стажыроўку ў вядомага польскага рэжысёра Кшыштафа Занусі. У 2015 і 2016 гадах удзельнічаў у нацыянальных адборах на Еўрабачанне[11] ад Беларусі. У гэты ж прамежак часу Пётр Клюеў з’яўляўся фронтмэнам гурта «Амплітуда Смеласці», якая ўяўляла з сябе збор музыкаў з розных гуртоў у тым ліку з гурту «Ляпіс Трубяцкі», і выкладаў польскую мову, сацыялогію і музыку ў падпольным каледжы імя Якуба Коласа ў Мінску.

У 2016 годзе Пётр здымаецца ў камедыі Андрэя Курэйчыка «PARTY-ZAN фільм», у якім таксама выкарыстоўвалася яго музыка. У 2017 годзе на адзін з выступаў Пятра Клюева прыходзіць Алег ЛСП у суправаджэнні рэпера Вожыка, пасля чаго Пётр прымае ўдзел у стварэнні акустычнай версіі песні ЛСП — «Манетка»[12]. З верасня 2017 года Пётр пачынае актыўную дзейнасць у гурце ЛСП, выступаючы на канцэртах у ролі бэк-вакаліста і клавішніка. Таксама Пётр на канцэртах ЛСП выконвае некаторыя куплеты ў такіх песнях, як «Bullet»[13], «Порназорка»[14] (замест PHARAOH) і «Халасцяк»[15] (замест Ягора Крыда). У канцы 2017 гады ў ЛСП выходзіць сінгл «Маленькі прынц»[16], аўтарам музыкі якога з’яўляецца Пётр Клюеў.

Вясной 2018 года Пётр Клюеў сумесна са спявачкай-блогеркай Лерай Яскевіч выпускае кавер на беларускай мове на песню Дэвіда Боўі — «Space Oddity»[17][18][19] (аўтар перакладу — Андрэй Хадановіч). Паралельна з працай у ЛСП, у Пятра пачынаецца актыўная рускамоўная сольная дзейнасць. Напярэдадні свайго сольнага альбому Пётр Клюеў выпускае кліп на песню «Мона Ліза»[20].

Асабістае жыццё правіць

Пётр Клюеў ажаніўся ў 2011 годзе, у 2012 годзе стаў бацькам — нарадзілася дачка Клюева Вераніка-Ганна Пятроўна. У 2015 годзе шлюб распаўся з прычыны актыўнай музычнай дзейнасці Пятра, аднак гэта не перашкодзіла яму захаваць добрыя адносіны з жонкай і прымаць актыўны ўдзел у выхаванні дачкі[21].

Заўвагі правіць

  1. Пётр Клюеў — музыкант, аўтар і выканаўца ўласных песень
  2. The Flow: У складзе ЛСП — два новых ўдзельніка
  3. Выпуск шоў «Вписка» з ЛСП, прысвечаны Пятру Клюеву
  4. Вялікае інтэрв’ю для The Flow
  5. Пётра Клюеў: «Музыка — магутнейшая за палітыку» Архівавана 9 лістапада 2018.
  6. «Мог паехаць у Оксфард, а вярнуўся ў Беларусь» Архівавана 9 лістапада 2018.
  7. Плэйлісты музыкаў: Пётр Клюеў
  8. «Асцярожна, лістапад» — галоўная песня ў кар’еры на дадзены момант
  9. Пётр Клюеў: Проста пішу і не думаю, змагар я ці не
  10. Удзельнік шоў «Х-Фактар» будзе прасоўваць беларускамоўны рэпертуар ва Украіне і Расіі(недаступная спасылка)
  11. Пётр Клюеў, музыкант, лідар гурта «Амплітуда смеласці»
  12. Відэа: ЛСП — Манетка (акустычная версія)
  13. Пётр Клюеў выконвае куплет у песні «Bullet»
  14. Пётр Клюеў выконвае куплет у песні «Порназорка»
  15. Пётр Клюеў выконвае куплет у песні «Халасцяк»
  16. Кліп: ЛСП — Маленькі Прынц
  17. «Мова», Боуи, «ЛСП»
  18. Кліп: Лера Яскевіч і Пётр Клюеў — Space Oddity
  19. У цэнтры Мінска знялі кліп на беларускую версію песні Дэвіда Боўі Архівавана 9 лістапада 2018.
  20. Пётр Клюеў выпусціў кліп «Мона Ліза»
  21. «Для мяне сапраўднае шчасце — гэта дачка і музыка»

Спасылкі правіць