Піпін II (кароль Аквітаніі)
Піпін II (Піпін Малодшы; фр.: Pépin IIer; каля 823 — пасля 25 чэрвеня 864, Санліс) — кароль Аквітаніі ў 838—852 гадах; сын караля Аквітаніі Піпіна I і Рынгарды (ці Ангельбергі), дачкі графа Мадры Тэадэберта.
Піпін II | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
Pépin II | |||||||
| |||||||
|
|||||||
Папярэднік | Піпін I | ||||||
Пераемнік | Карл II Лысы | ||||||
|
|||||||
Папярэднік | Людовік III Малодшы | ||||||
Пераемнік | Карл III Малодшы | ||||||
Фармальна каралём быў Карл III Малодшы | |||||||
Нараджэнне |
каля 823
|
||||||
Смерць |
пасля 25 чэрвеня 864 Санліс |
||||||
Род | Каралінгі | ||||||
Бацька | Піпін I | ||||||
Маці | Рынгарда (ці Ангельберга) |
Біяграфія
правіцьПасля смерці ў 838 годзе караля Аквітаніі Піпіна I, аквітанская знаць прызнала каралём яго сына, Піпіна II. Але ягоны дзед, імператар Людовік I Набожны, не прызнаў каралём унука, перадаўшы Аквітанію свайму малодшаму сыну Карлу. Імператар запатрабаваў, каб Піпін прыехаў у Ахен, аднак ён адмовіўся гэта зрабіць. У выніку Піпін захаваў кантроль над Аквітаніяй.
У 841 годзе Піпін удзельнічаў у бітве пры Фантэнэ на баку імператара Лотара I. Піпін II разбіў армію Карла II, але іншы брат Карла, Людовік II Нямецкі, разбіў армію Лотара. У выніку Піпін адступіў у Аквітанію. Паводле Вердэнскага дагавора Аквітанія ўвайшла ў склад дзяржавы Карла II, але Піпін адмовіўся прызнаць Карла сваім сюзерэнам. Пры падтрымцы Бернара Септыманскага Піпін працягнуў супраціўленне Карлу.
У 844 годзе Піпін, пазбавіўшыся падтрымкі пакаранага смерцю Карлам Бернара Септыманскага, прызваў на дапамогу нармандскага ярла Оскара, правёўшы яго ад Гароны да Тулузы, якую даў разрабаваць. У 845 годзе Сегуін з Бардо, які змагаўся супраць гасконскага графа Санша II Саншэ, быў прызнаны Піпінам герцагам Васконіі.
У 847 годзе ярл Оскар атрымаў у кіраванне горад Бардо, што выклікала незадаволенасць аквітанцаў. У выніку ў 848 годзе аквітанцы не падтрымалі Піпіна II, заклікаўшы на дапамогу Карла II. 6 чэрвеня Карл каранаваўся ў Арлеане як кароль Аквітаніі. Брат Піпіна, Карл, таксама прад’явіў правы на аквітанскую карону, але ў 849 годзе быў схоплены графам Тура Вівіянам і па пастанове сабора франкскіх біскупаў пастрыжаны ў манахі.
Піпін працягваў барацьбу супраць Карла II да верасня 852 года, калі ён патрапіў у палон да Санша II Саншэ, які перадаў палоннага Карлу. За гэта Санш атрымаў ад Карла тытул герцага Гасконі, а Піпін быў зняволены ў кляштары Сен-Медар у Суасоне.
Аднак аквітанцы зноў паўсталі — гэтым разам супраць Карла Лысага, звярнуўшыся па дапамогу да ягонага брата Людовіка Нямецкага, які накіраваў у Аквітанію для кіравання каралеўствам свайго сына Людовіка Малодшага. Пазней Піпін II здолеў збегчы. У 854 годзе ён згуртаваў вакол сябе аквітанцаў і выгнаў Людовіка. У адказ у 855 годзе Карл каранаваў каралём Аквітаніі свайго малалетняга сына Карла Малодшага, апекуном над якім быў прызначаны граф Пуацье Рамнульф I, што атрымаў тытул герцага Аквітаніі.
Нарманы, якія абгрунтаваліся ў даліне Луары, скарыстаўшыся тым, што Карл Лысы быў заняты барацьбой з Піпінам, разрабавалі Пуацье, Ангулем, Перыгё, Лімож, Клермон і Бурж. Да іх далучыўся і Піпін, які ўдзельнічаў у нападзе на Тулузу. Аднак у 864 годзе Піпін быў узяты ў палон Рамнульфам I. 25 чэрвеня 864 года на асамблеі ў Пітры (Верхняя Нармандыя) ён быў асуджаны да пакарання смерцю, але затым пакаранне было зменена каралём на ўзяцце пад варту, і ён быў зняволены ў Санлісе, дзе быццам бы памёр праз некаторы час. Пасля зняволення звесткі пра яго знікаюць з тагачасных гістарычных крыніц.
Зноскі
Літаратура
правіць- Тейс Л. Наследие Каролингов. IX — X века / Перевод с французского Т. А. Чесноковой. — М.: «Скарабей», 1993. — Т. 2. — 272 с. — (Новая история средневековой Франции). — 50 000 экз. — ISBN 5-86507-043-6.
- Pierre Riché. Les Carolingiens, une famille qui fit l’Europe. — 1983
- Jean-Charles Volkmann. Bien Connaître les généalogies des rois de France. — ISBN 2-87747-208-6
- Michel Mourre. Le petit Mourre. Dictionnaire d’Histoire universelle. — ISBN 978-2-04-732194-2
Спасылкі
правіць- genealogie-mittelalter.de mit dem Artikel aus dem Lexikon des MittelaltersАрхівавана 11 жніўня 2014. (ням.)
- Сайт Foundation for Medieval: каралі АквітанііАрхівавана 3 чэрвеня 2020. (англ.)