Рабочы кантроль
Рабочы кантроль — пераходная мера па авалоданні каманднымі вышынямі ў народнай гаспадарцы і пабудове новых эканамічных адносін, якія б грунтаваліся на грамадскай уласнасці на сродкі вытворчасці; адно з галоўных патрабаванняў РСДРП(б) у перыяд падрыхтоўкі і правядзення сацыялістычнай рэвалюцыі.
У. І. Ленін лічыў, што ўстановы і арганізацыі, якія пры капіталізме выконвалі ўлікова-арганізацыйныя функцыі (банкі, сіндыкаты, пошта, спажывецкія таварыствы і інш.), арганізаваны ў Саветы пралетарыят зможа падпарадкаваць сабе, перавёўшы іх персанал «на становішча дзяржаўных служачых»; непазбежнае супраціўленне капіталістаў і вышэйшых служачых можна будзе зламаць у працэсе ажыццяўлення сацыялістыялістычнага прынцыпу «хто не працуе — той не есць». Бальшавікі разглядалі рабочы кантроль як пераходную меру да сацыялістычнага абагульнення прамысловасці і транспарту, паступовага ўвядзення поўнай роўнасці ў аплаце працы работнікаў той ці іншай галіны вытворчасці; дапускаліся меры па канфіскацыі прадпрыемстваў ва ўладальнікаў, якія выступалі супраць увядзення рабочага кантролю.
РСФСР і Беларусь
правіцьРух за рабочы кантроль узнік пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. на буйных прадпрыемствах Масквы, Петраграда, Урала, іншых прамысловых цэнтраў. Пад кіраўніцтвам фабрычна-заводскіх камітэтаў (фабзаўкомаў) пралетарыят браў у свае рукі кантроль за наймам і звальненнем прадпрымальнікамі рабочых і служачых, выкарыстаннем сыравіны і паліва, паступленнем заказаў, выпускам і размеркаваннем прадукцыі. Гэта быў сродак барацьбы з сабатажам і дэзарганізацыяй вытворчасці з боку буржуазіі. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. рабочы кантроль уведзены як абавязковая мера на прадпрыемствах з наёмнымі рабочымі. 14(27) лістапада УЦВК і СНК РСФСР прынялі «Палажэнне аб рабочым кантролі», які распаўсюджваўся на вытворчасць, куплю, продаж, захоўванне прадуктаў і матэрыялаў, на фінансавую сферу дзейнасці прамысловых, гандлёвых, банкаўскіх, сельскагаспадарчых, транспартных і іншых прадпрыемстваў. На ўсіх прадпрыемствах іх уладальнікі і выбраныя для ажыццяўлення рабочага кантролю прадстаўнікі рабочых і служачых аб'яўляліся адказнымі перад дзяржавай за парадак, дысцыпліну і ахову маёмасці. Вінаватыя ў нядбайнасці, утойванні запасаў, справаздач і іншым, караліся канфіскацыяй маёмасці і турэмным зняволеннем на 5 гадоў. Рабочы кантроль ажыццяўлялі ўсе рабочыя прадпрыемстваў праз фабзаўкомы і іншыя выбарныя арганізацыі.
Да сярэдзіны 1918 г. органы рабочага кантролю ўзніклі амаль на 3/4 прадпрыемстваў з колькасцю рабочых больш за 200 чал. У лістападзе—снежні 1917 г. як органы Саветаў рабочых, саддацкіх і сялянскіх дэпутатаў былі створаны мясцовыя саветы рабочага кантрою ў Мінску, Віцебску, Магілёве, Бабруйску, Оршы, Жлобіне і іншых гарадах. Да лютага 1918 г. рабочы кантроль над вытворчасцю быў устаноўлены на 67 найбуйнейшых буйных прадпрыемствах Беларусі. Але цяжкасці пры яго ўвядзенні былі звязаны з наяўнасцю на тэрыторыі Беларусі вялікай колькасці дробных і сярэдніх прадпрыемстваў. Іх уладальнікі супраціўляліся ўвядзенню рабочага кантролю. У адказ на ўвядзенне рабочага кантролю прадпрымальнікі ўчынялі лакаўты, закрывалі прадпрыемствы, звальнялі актывістаў. Устанаўленне рабочага кантролю на прадпрыемствах бальшавікі разглядалі як важны крок да іх нацыяналізацыі. Летам—восенню 1918 г. у працэсе шырокай нацыяналізацыі прадпрыемстваў рабочы кантроль вычарпаў свае задачы. На ьэрыторыі Беларусі да пачатку наступлення нямецкіх войск нацыяналізавана было толькі 11 прадпрыемстваў. Рабочы кантроль на прадпрыемствах Беларусі ўстанаўліваўся пасля яе вызвалення ад нямецкай і польскай акупацыі. Ва ўмовах грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі 1918—1920 гг. савецкая ўлада пачала пераходзіць ад рабочага кантролю да «вертыкальнага» (цэнтралізаванага па галінах вытворчасці) кіравання прамысловасцю.
Сусвет
правіцьУ 2004 г. выпушчаны дакументальны фільм «Захоп» канадскіх журналістаў Наомі Кляйн і Аві Льюіс, які распавядае пра рабочыя Буэнас-Айрэса (Аргенціна), якія аднавілі завод Forja, дзе яны калісьці працавалі, і запусцілі яго пад рабочым кантролем.
Літаратура
правіць- Гвардзееў, І. Рабочы кантроль / Іван Гвардзееў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. ISBN 985-11-0214-8. — С. 28.