Раўль
Ра́ўль (англ.: Raoul) — самы вялікі востраў архіпелага Кермадэк. Належыць Новай Зеландыі. Агульная плошча — 29,38 км². Сталага насельніцтва няма.
Раўль | |
---|---|
англ. Raoul | |
Характарыстыкі | |
Плошча | 29,38 км² |
Насельніцтва | 0 чал. |
Размяшчэнне | |
29°15′00″ пд. ш. 177°55′00″ з. д.HGЯO | |
Акваторыя | Ціхі акіян |
Краіна | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя
правіцьЛічыцца, што да прыбыцця еўрапейцаў палінезійцы двойчы прадпрымалі спробы каланізацыі вострава Раўль — каля X — XI стст. і ў XIV ст. Але па невыяўленым прычынам яны пакідалі свае паселішчы.
30 чэрвеня 1788 г. востраў быў адкрыты брытанскімі мараплаўцамі. Ён быў даследаваны і нанесены на карту французскай экспедыцыяй 1793 г., якая шукала Жана-Франсуа дэ Лаперуза. Менавіта французы надалі востраву сучасную назву. Канчаткова яна прыжылася толькі ў 1939 г. Дагэтуль выкарыстоўвалася яшчэ адна назва — востраў Нядзелі (Sunday Island).
З 1810 г. востраў наведвалі кітабоі, аднак паселішчаў тут не стваралі. Ж. С. Дзюмон-Дзюрвіль засведчыў у 1827 г., што ён не заселены.
У 1837—1854 гг. на захадзе вострава Раўль існавала невялікая еўрапейска-палінезійская калонія, жыхары якой гандлявалі з кітабоямі і займаліся сельскай гаспадаркай. Але землетрасенні і небяспека вывяржэння вулкана прымусіла пасяленцаў пакінуць гэтае месца. У 1870—1872 гг. прадпрымалася яшчэ адна спроба каланізацыі, але і яна пацярпела няўдачу з-за вулканічнай дзейнасці. У канцы 1872 г. пасля чарговага вывяржэння на востраве пасялілася сям’я брытанца Томаса Бела, якая займалася садоўніцтвам і разводзіла авечак.
У 1886 г. Вялікабрытанія абвясціла аб анексіі астравоў Кермадэк. У 1887 г. яны былі перададзены пад кіраванне ўрада Новай Зеландыі. 16 жніўня 1887 г. сюды прыбыла першая новазеландская экспедыцыя, у склад якой уваходзілі чыноўнікі і вучоныя. У 1889 г. быў зацверджаны план засялення вострава Раўль, які прадугледжваў бязвыплатную перадачу 250 га зямлі для апрацоўкі. У тым жа годзе былі дастаўленыя 20 пасяленцаў. Але ў наступным годзе ўсе яны вярнуліся ў Новую Зеландыю.
У 1911 г. пасля страшэннага тайфуна сям’я Белаў пакінула Раўль. Пад час I Сусветнай вайны іх садам і жывёламі карысталіся нямецкія маракі з ваеннага карабля «Вульф», якія стварылі часовую патаемную базу на востраве.
У 1920-ыя гг. на Раўле яшчэ двойчы арганізоўваліся пасяленні. У 1938 г. урад Новай Зеландыі пабудаваў радыё і метэаралагічную станцыі, і ў 1939 г. перадаў кантроль над тэрыторыяй службе грамадзянскай авіяцыі. 21 лістапада 1964 г. чарговае вывяржэнне вымусіла эвакуіраваць насельніцтва.
У 1990 г. востраў Раўль і іншыя астравы Кермадэк былі абвешчаны запаведнікам.
Геаграфія
правіцьВостраў знаходзіцца ў 1100 км на поўнач ад Новай Зеландыі.
Сфарміраваны ў выніку вулканічнай дзейнасці, якая пачалася як мінімум 2100 гадоў таму і працягваецца ў нашы дні. Налічваецца 2 актыўныя кальдэры. Каля заходняга ўзбярэжжа знаходзіцца вялікая падводная кальдэра. Апошнія моцныя вывяржэнні адбыліся ў 1964—1965 гг. Найвышэйшы пункт, пік Маўмаўкаі, дасягае 516 м
Глебы камяністыя. На востраве некалькі ручаёў і 2 кратарных возера з прэснай вадой.
Клімат субтрапічны вільготны. Сярэдняя тэмпература ліпеня 13,7° — 19,1° C. Сярэдняя тэмпература студзеня 19,7° — 25° C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў — 1558 мм. Сухі сезон цягнецца з кастрычніка да лютага.
Прырода
правіцьВостраў пакрыты трапічным лесам. Вылучаюцца эндэмічныя расліны Metrosideros kermadecensis і Rhopalostylis cheesemanii .
Фаўна прадстаўлена марскімі птушкамі і папугаямі. Палінезійцы прывезлі на востраў пацукоў, а еўрапейскія пасяленцы — свінняў, авечак, катоў. У 2001—2002 гг. адбылося ачышчэнне вострава ад інтрадуцыраваных відаў.
Спасылкі
правіць- The Kermadecs Архівавана 10 лютага 2015.
- Kermadec Islands
- Kermadec Expedition Overview Архівавана 1 лютага 2013.
- Kermadec Islands Geology
- Kermadec Islands — geography and geology