Кішкі

шляхецкі род
(Пасля перасылкі з Род Кішкаў)

Кішкі — вялікалітоўскі магнацкі род гербу «Дамброва». Роднасныя польскай і літоўскай галіне Цеханавецкіх. Найбольшай магутнасці дасягнулі ў 16 ст., у сярэдзіне 17 ст. род згас.

Герб роду «Дамброва»

Паходзілі з падляшскай шляхты. Пратапласта роду — браты Пашка і Юшка Струмілы, якія трымалі родавы маёнтак Цеханавец на захадзе Падляшша каля мазавецкай мяжы, служылі Вітаўту і Уладзіславу Ягайлу. Большасць нашчадкаў Пашкі карысталася прозвішчам Цеханавецкія. Празванне Кішкамі пайшло толькі ад аднаго з унукаў Пашкі Струмілы — Станіслава Кішкі.[1]

Станіслаў Кішка праз два шлюбы набыў значныя ўладанні ў ВКЛ. Унукі Станіслава Кішкі, таксама праз шлюбы яшчэ больш павялічылі свае ўладанні. На Попіс 1567 года з Кішкавых маёнткаў выстаўлена 807 «коней», болей ставілі толькі Радзівілы. Аднак, пры вялізных багаццях, Кішкі ні разу не былі ні ваяводамі віленскімі, ні канцлерамі. Частка праўнукаў Станіслава Кішка — нашчадкі яго ўнука Станіслава Пятровіча, мела тытул графаў на Іўі і Лоску, баронаў на Цеханаўцы. У сярэдзіне XVII ст. род згас, маёнткі перайшлі праз сваяцтва шэрагу родаў.[1]

Кішкі здаўна католікі, у часы Рэфармацыі, разам з большасцю магнатаў сталі пратэстантамі. Іўе было цэнтрам радыкальнай пратэстанцкай плыні — арыянства. У пачатку XVII ст. Кішкі вярнуліся да каталіцтва.[1]

Вядомыя прадстаўнікі правіць

  1. Пётр Струміла (каля 1420—1485)
    1. Станіслаў (каля 1455—1513), ваявода смаленскі, вялікі гетман літоўскі.
      1. Пётр (каля 1490—1534), ваявода полацкі з 1519, кашталян троцкі з 1534.
        1. Станіслаў (каля 1510—1554), ваявода віцебскі з 1544.
          1. Ян (каля 1540—1592), староста жамойцкі з 1579 і кашталян віленскі з 1588.
          2. Станіслаў (каля 1550—1617).
            1. Мікалай (каля 1580—1644), ваявода дорпацкі з 1617, ваявода мсціслаўскі з 1626, кашталян троцкі з 1636, вялікі падскарбі літоўскі з 1640.
            2. Януш (1586—1654), ваявода полацкі з 1621, вялікі гетман літоўскі з 1646.
            3. Станіслаў (каля 1585—1626), біскуп жамойцкі.
            4. Крыштаф (каля 1590—1646), ваявода мсціслаўскі з 1636 і віцебскі з 1639.
            5. Альжбета, жонка Крыштафа Хадкевіча, ваяводы віленскага.
            6. Ганна, жонка Крыштафа Радзівіла, ваяводы віленскага і гетмана вялікага літоўскага.
        2. Пётр (каля 1512—1550), маршалак Валынскай зямлі з 1548.
        3. Мікалай (каля 1515—1587), ваявода падляшскі з 1569.
      2. Ганна (?—1532), жонка Яна Радзівіла, потым за Станіславам Кезгайлам; маці Мікалая Радзівіла Чорнага.
      3. Барбара, жонка Юрыя Радзівіла.
    2. Мікалай
    3. Ян Цеханавецкі, пачынальнік роду Цеханавецкіх

Зноскі

Літаратура правіць

  • Насевіч В. Л. Генеалагічныя табліцы старадаўніх княжацкіх і магнацкіх беларускіх родаў 12-18 ст.. — Мн.: БелЭн, 1993.