Рокаш (гурт)

беларускі фолк-рок гурт
(Пасля перасылкі з Рокаш, гурт)

«Рокаш» (Rokash) — мінскі музычны гурт. Стылі хард-энд-фолк (hard’n’folk), фолк-рок, фолк-метал.

Рокаш
Асноўная інфармацыя
Жанр хард-энд-фолк
Гады 2004-па сённяшні дзень
Краіна  Беларусь
Горад Мінск
Мова песень беларуская
Склад Паліна Дулінец
Лявон Казакоў
Ася Очкіна
Болт
Вікторыя Бузько
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя правіць

Ідэя стварэння гурта «Рокаш» з’явілася яшчэ пад канец 2003 году, калі чацвёрка сяброў, аб’яднаных агульнымі поглядамі на гісторыю, музыку, мову і лад жыцця вырашыла паспрабаваць свае сілы ў музычнай сферы. Гурт пачыналі Стась Багданаў, Мікола Ліпневіч, Мікола Маркоўнік і Лявон Казакоў. Першапачатковай канцэпцыяй патэнцыяльнага гурта быў стыль beerfolk, ці піўны фолк. На працягу 2003 года Лявонам былі напісаныя некалькі песень у гэтай стылістыцы. Але існавала праблема са складам — гэтыя песні фактычна не было каму граць, у гурце ад пачатку было два ўдарнікі і два вакалісты.[1]

Дзякуючы Алене (Decadence) і Наташы (Venomous Butterfly) у студзені 2004 года ўдзельнікі гурта пазнаёміліся з гітарыстам Алесем Акульчыкам, што і стала сапраўдным стартам для гурта. Дзякуючы яму пачалі стварацца першыя мелодыі. Акрамя гэтага быў здзейснены канцэптуальны паварот у ідэйнай афарбоўцы песень. Поруч са старымі бірфолкавымі тэмамі пачынаюць з’яўляцца новыя кампазыцыі, якія мелі патрыятычную, сярэднявечную і, у некаторых выпадках, нават філасофскую афарбоўку. Самай яскравай песняй гэтага перыяду можна назваць «Баляду пра ліцьвіна», якая на доўгі час стала візітоўкай «Рокаша». Разам з тым моцна адчуваецца недахоп інструментаў. Пачынаюцца пошукі чалавека, які мог бы граць на якім-небудзь духавым інструменце. Нарэшце, летам 2005 года адзін з сяброў, Паша Грабчыкаў, знаёміць гурт з флейтысткай Вольгай Драпезай. Дзякуючы яе прыходу ужо пачынае фармавацца індывідуальны саўнд «Рокаша». У гэты ж час астатнія ўдзельнікі гурта пакрысе пачынаюць асвойваць новыя інструменты. Усіх здзіўляе Мікола Ліпневіч, які за кароткі час здолеў навучыцца граць на блок-флейтах. У той жа час Лявон пачынае аздабляць песні гукамі варгану. Старыя кампазіцыі атрымоўваюць новую афарбоўку.[1]

Менавіта ў верасні 2004 году на сярэднявечным фэсце «Беларусь сярэднявечная», які праводзіўся Рыцарскім родам снежнага барсу ў Мінску, адбываецца дэбютнае выступленне гурта «Рокаш». Некаторыя ўдзельнікі гурта не любяць згадваць гэты канцэрт, гурт апынуўся не падрыхтаваным да выступлення. «Рокаш» адыграў дваццаціпяціхвілінную праграму, у якую ўваходзілі наступныя песні: «Наша піва», «Карчма», «Хмяльны бранль», «Баляда пра ліцьвіна» і сярэднявечная кампазіцыя «In taberna». Гэты канцэрт акрэсліў асноўныя недахопы гурта. Працягваліся інтэнсіўныя рэпетыцыі.

Нарэшце, узімку 2005 году адбылася падзея, якая аказалася каласальным штуршком у развіцці гурта. Дзякуючы Вользе ў гурце з’явілася Паліна Дулінец, з чыім яркім і запамінальным голасам найдалей і пачаў асацыявацца гурт «Рокаш». Апроч цудоўнага вакалу, Паліна мела нешэраговыя кампазітарскія здольнасці. З’яўляецца шэраг новых кампазіцый на вершы Лявона і музыку Паліны. З новай праграмай гурт выступае на шэрагу імпрэзаў таварыства «Этна», на вечарыне-ўшанаванні памяці славутага польскага музыканта Чэслава Немана і інш.

У сакавіку 2005 года «Рокаш» прымае ўдзел у конкурсе маладых выканаўцаў сярэднявечнай музыкі «У гонар каралевы Боны». На гэтым фэсце гурт атрымоўвае спэцыяльны прыз ад радыёканала «Культура» — некалькі гадзінаў запісу на студыі, а таксама спецыяльным дыпломам за лепшы вакал была адзначаная Паліна Дулінец. Вясною-летам 2005 года гурт прымае ўдзел у шэрагу фэстаў і імпрэзаў, найбольш значнымі з якіх можна назваць фэст «Замак Гедыміна» ў Лідзе, Лошыцкі фэст у Мінску, гурт грае ў мінскім клубе «Рэактар» на разагрэве ў «Стары Ольса», прадстаўляе на выставе «СМІ ў Беларусі» радыёканал «Культура». З’яўляюцца новыя песні. Найбольш значнымі з іх сталі «Стары замак» і «Запалі агонь». Пад канец лета на студыі канала «Культура» робіцца запіс некалькіх песень. Восенню з найбольш значных імпрэзаў можна адзначыць удзел у фэсце сярэднявечнай культуры «Legenda Autuna», на дні беларускага пісьменства ў Камянцы, на рыцарскім фэсце «Беларусь сярэднявечная-2», дзе «Рокаш» цалкам рэабілітаваўся за мінулагодні не вельмі ўдалы выступ, на канцэрце «Сярэднявечныя каляды». Зімою 2006 года з гурта, па асабістых прычынах, сыходзіць адзін са стваральнікаў гурта і вакалістаў Мікола Маркоўнік.[1]

Ствараюцца новыя кампазыцыі. Гурт прымае ўдзел у шэрагу супольных канцэртаў. У чэрвені 2006 года важнай падзеяй у развіцці гурта стаў удзел у фэсце «Spotkania Folkowe „Z wiejskiego podwórza“», які адбыўся ў польскім горадзе Чэрэмшув. Там «Рокаш» граў на адной сцэне з такімі знакавымі калектывамі ўсходнееўрапейскай фолкавай музыкі, як «Ilgi» (Латвія), «Paniks» (Сербія-Венгрыя), «Teksoj Banda» (Украіна), «Sarakina» (Польшча) і інш. На зваротным шляху разам з беларускім гуртом «Ліцьвінскі хмель» «Рокаш» даў канцэрт у польскім горадзе Гайнаўка. Восенню 2006 года «Рокаш» прымае ўдзел у шэрагу супольных канцэртаў з рознастылёвымі гуртамі беларускай андэграўнднай сцэны. Сярод найбольш важных з такіх імпрэзаў можна адзначыць dark-art fest «Memento Mori III», «Vox Femina: tribute to Flёur», «Folk Haloween party» і інш. Менавіта ў гэты час канчаткова фармуецца адыход ад medieval-folk у бок такіх стыляў, як neofolk, acoustіс folk-rock. Паступова творчасць гурта пачынае выходзіць за межы Беларусі. Восенню 2006 года адбылося выступленне ў Вільнюсе, а ў студзені 2007 года гурт «Рокаш» з поспехам даў канцэрт у культавым маскоўскім клубе «Археология». У гэты ж час у гурт прыходзіць ударнік і перкусіяніст Міхаіл Кінчын (Маўс).[1]

У ліпені 2011 года гурт выдаў свой дэбютны дыск «Запалі агонь».[2]

Пад канец 2014 года «Рокаш» выпусціў EP, які складаўся з чатырох новых песень. Гэты рэліз музыкі прымеркавалі да 10-годдзя гурта.[3]

Дыскаграфія правіць

  • «Запалі Агонь» (альбом, 2011)
  • «Пад знакам крумкача» (EP, 2014)[3]

Удзел у зборніках правіць

Склад правіць

  • Паліна Дулінец — спеў, аўтар музыкі
  • Лявон Казакоў — спеў, бас-гітара, варган, аўтар тэкстаў
  • Аляксандр Маераў — клавішы
  • Наталля Ісаева — флейта
  • Жора Баркоўскі — гітара
  • Дэн Птушка — ударныя

Былыя удзельнікі правіць

  • Станіслаў Багданаў — перкусія
  • Міхаіл Кінчын — ударныя, перкусія
  • Вольга Драпеза — флейта
  • Аляксей Яфрэменка — ударныя
  • Аляксандр Акульчык — гітара
  • Мікалай Ліпневіч — блок-флейта, перкусія
  • Наталля Ісаева — флейта
  • Мікіта Васількаван — ударныя
  • Артур Мартынаў — ударныя
  • Bolt DM — гітара
  • Ася Очкіна — клавішы
  • Вікторыя Бузько — флейта

Зноскі

Спасылкі правіць