Рыгор Юрый Друцкі-Горскі

(пам. 1659) ваявода мсціслаўскі

Рыгор Юрый Фёдаравіч Друцкі-Горскі (1595—1598 — 1659) — вялікалітоўскі ваенны і дзяржаўны дзеяч. Дваранін каралеўскі (згадв. 1631), староста цэльскі (1631-), староста аршанскі (1635—1650), ваявода мсціслаўскі (1651—1659).

Рыгор Юрый Друцкі-Горскі
Герб «Друцк»
Герб «Друцк»
17-ы Ваявода мсціслаўскі
1650 — 1659
Папярэднік Фрыдэрык Сапега
Пераемнік Мікалай Цеханавецкі
Нараджэнне не раней за 1595 і не пазней за 1598
Смерць 1659(1659)
Род Друцкія-Горскія
Бацька Фёдар Рыгоравіч Друцкі-Горскі[1]
Маці Марына з Вішнявецкіх[d][1]
Жонка Ганна з Копцяў[d][2]
Дзеці Тэадор Караль Друцкі-Горскі[d][3], Міхал Юрый Друцкі-Горскі[d][3], Стэфан Друцкі-Горскі[d][3], Мікалай Друцкі-Горскі[d][3], Філон Друцкі-Горскі[d][3], Марына Бянігна з Друцкіх-Горскіх[d][3] і Кацярына з Друцкіх-Горскіх[d][3]
Веравызнанне кальвінізм[4] і Каталіцкая Царква[4]
Бітвы

Біяграфія правіць

Сын старосты цэльскага кн. Фёдара Друцкага-Горскага і кн. Марыны Вішнявецкай. Упершыню кн. Рыгор Друцкі-Горскі згадваецца ў 1616 годзе ўжо як паўналетні, калі разам з маці судзіўся са святаром Юзафам Кунцэвічам. Пра адукацыю нічога не вядома.[6] У 1619 годзе працягнуў судовы працэс, пачаты яшчэ бацькам, супраць Мікалая Янавіча Глябовіча за частку Заслаўскіх маёнткаў, спадчыны бацькавай маці, і ў 1620 годзе разам са стрыечным братам кн. Самуэлем Пятровічам Друцкім-Горскім атрымаў адпаведны дэкрэт менскага земскага суда. У 1626 годзе разам з маці судзіўся з Дуброўскімі па маёнтках Багушэвічы і Ганута ў Менскім і Вострава ў Аршанскім павеце.[7]

Да 1625 года[8] ажаніўся з Ганнай Капацёўнай, дачкой лідскага маршалка Філона Копця і Алены Адамаўны Храптовіч. Тады ж, а можа і раней, перайшоў з кальвінізма ў каталіцтва, атрымаў пры гэтым другое імя — Юрый.  Такія роднасныя сувязі і змена веравызнання, напэўна, добра паўплывалі на яго кар’еру.[7]

Палітычную кар’еру пачаў як пасол Менскага ваяводства на сойм 1626 года (Варшава, 27.01-10.3.1626). На сойме абраны ў камісію па адшуканні нявыплачаных падаткаў, так званы Віленскі Трыбунал. Трыбунал мусіў пачаць працу 22 ліпеня 1626 года ў Вільні і засядаць 4 тыдні, разглядзець справы ўсіх неплацельшчыкаў, напэўна, кн. Рыгор-Юрый браў удзел у яго працы.[7]

Вялікі розгалас мела судовая справа кн. Рыгора-Юрыя і яго маці з Менскім магістратам. Горад аспрэчваў іх валоданне памежнымі землямі з добрымі сенажаці, млынамі і рыбнымі ловамі на Свіслачы, а таксама пэўнымі пляцамі ў Менску. Першы дэкрэт па справе быў выдадзены яшчэ ў 1620 годзе, урэшце дайшло да разгляду ў каралеўскім судзе. У 1629 годзе гаспадар выдаў дэкрэт, прысудзіўшы усе спрэчныя землі і маёмасць гораду.[9]

Кароль Жыгімонт Ваза даў 13.6.1631 года свайму двараніну князю Рыгору-Юрыю Друцкаму-Горскаму з жонкай Ганнай Капацёўнай прывілей на Цэльскае староства ў Менскім ваяводстве, якое складалася толькі з вёскі Цэль, раней (1589—1615) яго трымаў бацька Рыгора. Новы кароль Уладзіслаў Ваза 29.1.1635 года прызначыў кн. Рыгора-Юрыя на ўрад старосты аршанскага.[9]

Аршанскае староства было не толькі даходнейшым месцам, але і вельмі адказным, бо знаходзілася паблізу усходняй мяжы. Новы староста адразу пачаў наводзіць парадак. У тым жа 1635 годзе ён паклікаў у суд Казіміра Льва Сапегу па невыплаце з маёнтка Стараселле пабораў, ухваленых для абароны Аршанскага павета.[9]

Асноўнае ўладанне кн. Рыгора — Лошыца ў Менскім ваяводстве, межавала з маёнткам вендэнскага ваяводзіча Рафала Слушкі. Перад 1638 годам лошыцкія падданыя нанеслі сялянам Слушкі розныя крыўды і шкоды. Князь здолеў вырашыць спрэчку палюбоўна і 11.6.1638 года выдаў Рафалу Слушку квітацыйны ліст пра сатысфакцыю шкодаў і завяршэнне разлікаў. Напэўна, для разлікаў спатрэбіліся наяўныя грошы, таму князь аддаў у арэнду менскаму яўрэю Зельману Ізакавічу свой фальварак Гранічы (з маёнтка Дзяксняны) у Менскім павеце на 3 гады за 1800 польскіх злотых (запіс выданы ў Менску 17.4.1638).[10]

Каля 1640 года аршанскі староста абвінаваціў менскіх яўрэяў у забойстве нейкага дзіця, па справе было тры следствы, якія не далі вынікаў. Падазраваныя прынеслі прысягу ў сваёй невінаватасці, а 23.2.1641 года справу на сакрэтнай радзе разглядаў кароль. Вялікі канцлер літоўскі Альбрэхт Станіслаў Радзівіл запісаў у дыярыушы, што абвінавачванні былі не абгрутаванымі, хоць ён і сам у іх верыў.[10]

У 1642 годзе пахаваў нованароджанага сына Філона і жонку. Два старэйшыя сыны — Міхал і Стэфан, студэнты Віленскай езуіцкай акадэміі, склалі панегірык на памяць маці «Głosy Synow Żałosne przy pogrzebie Wielmożney Iey Mośći Paniey P. AnnyKopćiowny Druckiey Horskiey Starosciney Orszanskiey…».[10]

У 1643 годзе, пасля смерці стрыечнага брата Юрыя Друцкага-Горскага, кн. Рыгор-Юрый захапіў яго частку маёнткаў Арава і Палессе, якая тады ўжо належала псіхічна хвораму роднаму брату Юрыя — Стэфана, пад апекай іх роднай сястры Альжбеты Друцкай-Горскай і яе мужа Ю. Ломскага.(ЭВКЛ)

У 1644 годзе кн. Рыгор-Юрый выканаў даручэнне сваёй маці кн. Марыны, 11.3.1644 года запісаў вёскі Горкі і Заполле пабудаванаму ёю касцёлу ў Багушэвічах Менскага павета, а таксама заснаваў пры ім плябанію.[10]

Урад старосты аршанскага вымагаў значнага часу. Між іншага кн. Рыгор-Юры бываў і  дырэктарам рэляцыйных соймікаў шляхты і абывацеляў павета. Так на адным з іх (6.7.1647, Ворша) чарговы раз было пастаноўлена сабраць грошы на пабудову ў горадзе мураванага будынка архіва для судовых гродскіх і земскіх кніг, подпіс аршанскага старосты, як дырэктара, без княскага тытула стаіць першым на гэтым ляўдуме.[10]

У 1648 годзе пачалася казацкая вайна і летам таго ж года баявыя дзеянні закранулі ўжо паўднёвыя землі Княства. Рэгулярных войскаў у Княства практычна не было, казацкім загонам супрацьстаялі почты паноў і павятовыя паспалітыя рушэнні. Вядома, аршанскія харугвы, узначаленыя старостам кн. Рыгорам-Юрыем і яго сынам Міхалам, абаранялі свой павет. Уражанні ад пачатку вайны былі, напэўна, такімі моцнымі, што храналогія яе пачатковага перыяду аднаўляецца цяжка, у асноўным па памяці асобных удзельнікаў.[11]

У канцы чэрвеня 1648 года (пэўна да 27.7.1648) казакі захапілі Гомель(455) і пачалі рассылаць адтуль загоны. Да 4(14).8.1648 года казакі захапілі ўжо Старадуб, Почап, Ноўгарад-Северскі і Чачэрск. Праз хваробу вялікага гетмана Януша Кішкі, барацьбу з казакамі узначаліў польны гетман Януш Радзівіл, які разаслаў адпаведныя паведамленні панам і паветам. Быхаў і Шклоў бараніла дывізія нанятая за ўласныя грошы падканцлерам Казімірам Львом Сапегам. Харугвы аршанскага паспалітага рушання на чале кн. Рыгора-Юрыя 2.8.1648 года прыйшлі ў лагер Сапегі пад Магілёвам.[12]

У сярэдзіне жніўня 1648 года Друцкі-Горскі перамясціўся пад Новы Быхаў, дзе злучыўся з дзвюмя харугвамі пад камандаваннем Яна Самуэля Паца, харужыча вялікага літоўскага. Аб’яднаныя сілы размясціліся абозам пад Рагачовам, адкуль здзяйснялі частыя выправы супраць казакаў. Паводле Э. Катлубая, 29.8.1648 года атрад пад камандаваннем сына кн. Рыгора — Міхала, разбіў казацкі загон, які кіраваўся з Гомеля да Быхава, а неўзабаве харугва Міладоўскага разбіла казакаў пад Стрэшынам. Лагер пад Рагачовым аднак размяшчаўся нязручна, аточаны багнамі і лясамі, што ўскладняла лагістыку. Таму ў сярэдзіне верасня 1648 года Друцкі-Горскі і Пац размясцілі абоз паміж Старым і Новым Быхавам. Пэўны час групоўка начале Друцкага-Горскага знаходзіўся пад Быхавам, баронячы лінію Дняпра, здзяйсняючы рэйды ўніз і ўверх па рацэ, але казакі сутычак пазбягалі. Польны гетман Януш Радзівіл 24.9.1648 года стаяў абозам пад Пухавічамі. Тым часам 22-23.9.1648 года адбылася бітва пад Піляўцамі, дзе войска Рэчы Паспалітай практычна збегла з поля бою.[12]

Неўзабаве казакі на чале з Крывашапкам нечакана пераправіліся цераз Сож і 1(10).10.1648 года захапілі Чэрыкаў. Было забіта шмат яўрэяў і шляхты, казакі скарысталі неразбярыху кірмашовага дня на праваслаўныя Пакровы. Даведаўшыся пра напад кн. Друцкі-Горскі папрасіў дапамогі ў падканцлера Сапегі, які прыслаў яму частку быхаўскага гарнізона начале Гілярыя Чыжа (500 кавалерыі, 300 пяхоты і 2 гарматы), таксама далучыліся почты навагрудскага кашталяна Багдана Статкевіча, князя Яна Сангушкі, рэгіментара Віцебскага ваяводства Аляксандра Агінскага, 300 пяхоты з шклоўскага гарнізона ад Сяняўскіх, магілёўскія харугвы начале Мацея Паўпенты. Начале аб’яднаных сілаў Друцкі-Горскі пайшоў на Чэрыкаў і вызваліў горад, дата невядома, пэўна ў другой палове — канцы кастрычніка 1648 года. Забіта больш за 1500 казакаў, шмат іх загінула ў адступленні на пераправе цераз раку. Друцкі-Горскі хацеў працягваць наступленне, але даведаўся ад палонных, што казакі збіраюцца вялікімі сіламі атакаваць Быхаў. Таму князь адпусціў жаўнераў з Быхава і Шклова, а з астатнімі сіламі стаў абозам пад Бялынічамі, адкуль працягваў рэйды на казакаў і меў з імі сутыкненні пад Пагостам і Максімовічамі.[13]

Ужо 17.11.1648 года разам з сынам Міхалам быў на элекцыйным сойме (Варшава, 6.10-19.11.1648), дзе каралём выбралі Яна Казіміра Вазу, менавіта гэтым днём кн. Рыгор-Юры Друцкі-Горскі падпісаў элекцыю як пасол Аршанскага павета, а таксама яго сын, як староста цэльскі, і яшчэ адзін удзельнік чэрыкаўскага паходу Багдан Статкевіч.[14]

Пасля сойма Друцкі-Горскі вярнуўся да сваіх харугваў, напэўна, у абоз пад Бялынічамі. Адразу па яго вяртанні стала вядома пра аблогу Быхава казакамі начале Гаркушы і Падабайлы. Лічыцца, што казакі абклалі Быхаўскі замак у кастрычніку-лістападзе 1648 года, напэўна, менавіта калі аршанскі староста паехаў на элекцыю. Выслаўшы на дапамогу абложаным авангард з харугваў Яна Самуэля Паца і князь рушыў за ім. Тым часам казакі вельмі няўдала штурмавалі Быхаўскі замак, а абаронцы рабілі вылазкі. Страціўшы шмат людзей, казакі запрасілі на дапамогу палкоўніка Грыцька Бутага і 24.12.1648 года аднавілі аблогу Быхава. Але даведаўшыся пра падыход харугваў Друцкага-Горскага адыйшлі і скіраваліся на Чачэрск, плануючы знянацку захапіць яго.[14] Аднак адыходзячы казакі нечакана сутыкнуліся пад Жлобінам з харугвамі Паца, заселі ў мястэчку і ўпарта бараніліся. Неўзабаве падыйшоў Друцкі-Горскі з асноўнымі сіламі, пяхотай і невялікімі гарматамі. Жлобін быў узяты, казакі адступілі.[15]

Пасля гэтага групоўка Друцкага-Горскага (агулам да 8000 жаўнераў) накіравалася да Паповай Гары, дзе казакі спрабавалі стварыць сталы ўмацаваны лагер. Лагер жаўнеры ўзялі штурмам, пасеклі шмат казакаў, а астатнія начале Крывашапкі адыйшлі да Бабовічаў. Друцкі-Горскі рушыў на Бабовічы, але казакі не чакаючы адступілі далей — у Старадуб і Ноўгарад-Северскі. У пагоню за імі з Бабовічаў выпраўлены тры харугвы начале Міхала Друцкага-Горскага, Крыштофа Міладоўскага і Здановіча. Мэтай выправы таксама было вызваленне Старадуба. Гэтыя харугвы разбілі невялікі атрад казакаў пад Топалем і вызвалілі Старадуб. Тым часам надыходзіў тэрмін выплаты жалавання жаўнерам. Не маючы магчымасці пакінуць у замку гарнізон, Міхал Друцкі-Горскі адступіў з Старадуба ў Чачэрск.[15] Сам кн. Рыгор-Юрый з гэтай нагоды наракаў на малалікасць у сваёй групоўцы пяхоты. Магчыма, хтосьці з двух Друцкіх-Горскіх, або абодва, быў паранены ў гэтай кампаніі.[16].

Утрыманне харугваў у вайну звычайна рабілася яе камандзірам з уласных сродкаў, пазней грошы вярталіся са скарбу Рэчы Паспалітай са згоды сойма. Напэўна, гэтымі выдаткамі тлумачыцца пазыка кн. Рыгора-Юрыя ў заможнага магілёўскага мяшчаніна Савелія Сафронавіча памерам у 4000 польскіх злотых пад заклад маёнтка Каралішчавічы.[17]

Пра дзейнасць князя ў 1649 годзе вядома праз яго ліставанне з польным гетманам Янушам Радзівілам, захавалася прынамсі два іх лісты ад 7.7 і 14.7.1649 года, Друцкі-Горскі знаходзіўся ў Оршы, займаўся справамі павета — зборам дадатковага падатку на жаўнераў, добраахвотнікаў далучыцца да войска, попісам павятовага паспалітага рушэння, вышукам казацкіх прыхільнікаў і інфарматараў, вядома, і звычайнымі цывільнымі справамі. Так 9.10.1649 года староста аршанскі засведчыў правамоцнасць набыцця маёмасці гараднічым і намеснікам Аршанскага замку Якубам Казімірам Вайдзевічам і яго жонкай Марынай Закрэўскай для атрымання імі гаспадарскага дазволу на будаўніцтва.[18]

У 1650 годзе кн. Рыгор-Юры атрымаў (15.1.1650) згоду караля Яна Казіміра Вазы на перадачу Аршанскага староства сыну Міхалу. Неўзабаве ж, на пачатку мая 1650 года, памёр мсціслаўскі ваявода Фрыдэрык Сапега і 27.5.1650 года гаспадар надаў урад мсціслаўскага ваяводы кн. Друцкаму-Горскаму. Напэўна, гаспадаром былі ацэнены заслугі князя ў барацьбе з казацкімі загонамі, магчыма, не абышлося без пратэкцыі віленскага ваяводы Крыштафа Хадкевіча, мужа родная сястры Друцкага-Горскага — Соф’і, а таксама польнага гетмана Януша Радзівіла, які добра ведаў князя па баявых дзеяннях казацкай вайны. У снежні 1650 года мсціслаўскі ваяводам абраны Варшаўскім соймам паслоў для перамоваў з Запарожскім войскам, аднак, пра вынікі гэтай місіі нічога не вядома.[17]

У маі 1654 года казацкая вайна перарасла ў вайну Расіі з Рэччу Паспалітай (1654—1667). Мсціслаўскае ваяводства аказалася на шляху групоўкі князя Трубяцкога, 18.7.1654 года Трубяцкі аблажыў Мсціслаў і пасля чатырох штурмаў 22.7.1654 года замак быў ім узяты, загінула больш за 15000 чалавек, што вядома як Труцябкая разня. Ваяводы тым часам не было ў Мсціслаўлі.[17]

Да канца 1655 года практычна ўсё Княства, разам са сталічнай Вільняй, было акупавана расійскімі войскамі, не захопленым заставалася Берасце. Адначасова ў ліпені 1655 года вайну супраць Рэчы Паспалітай распачала і Швецыя, практычна за паўгады акупаваўшы ўсю Карону, у тым ліку Варшаву і Кракаў, а таксама Жамойць. Неўзабаве сітуацыя змянілася, зімой 1656 года ў Польшчы пачалося агульнае паўстанне супраць шведаў, а Расія рыхтаваліся да вайны са Швецыяй за Лівонію, што дазволіла Рэчы Паспалітай 3.11.1656 года заключыць з Расіяй Віленскае перамір’е — абодва бакі абавязаліся не ваяваць паміж сабою, але разам выступіць супраць Швецыі і Брандэнбурга. Што ўвесь гэты час рабіў мсціслаўскі ваявода Друцкі-Горскі не вядома. Напэўна, ён быў сярод тых, хто захаваў вернасць Рэчы Паспалітай і, магчыма, знаходзіўся ў войску начале віцебскага ваяводам і вялікага гетмана (з сакавіка 1656) Паўла Яна Сапегі, якое ў канцы 1655 года стаяла лагерам паблізу Берасця. Прынамсі ў войсках Сапегі, напэўна, быў сын кн. Рыгора-Юрыя — Стэфан, які ў іх складзе браў удзел у пазнейшых баявых дзеяннях супраць шведаў.[19]

У 1657 годзе мсціслаўскі ваявода Друцкі-Горскі быў на канвакацыйным сойме 17.3.1657 года ў Берасці, сярод іншых ён падпісаў яго ляўдум. Берасце было добра ўмацавана і мела дастатковы гарнізон, але 7.5.1657 года кашталян Мальхер Савіцкі здаў горад без бою на міласць шведскага караля Карла X, які пакінуў там свой гарнізон і хутка пайшоў у Памор’е, дзе супраць шведаў выступіла Данія і пачала баявыя дзеянні. Тым часам, 12.7.1657 года кн. Друцкі-Горскі быў у Адэльску ў пробашча гродзенскага і біскупа вендэнскага Аляксандра Крыштафа Хадкевіча, наведваючы сястру Соф’ю, ужо ўдаву па ваяводзе віленскім Крыштафе Хадкевічы, якая перажывала вайну ў радні мужа, праз некалькі дзён яна памерла. Неўзабаве, 12.11.1657 года мсціслаўскі ваявода браў удзел у вайсковай нарадзе ў Камянцы, дзе між іншым разглядалася незразумелая здача Берасця шведам, а пасля нарады адбылася канвакацыя (з’езд) сенатараў і шляхты Княства на якой паслом да караля Яна Казіміра выбралі віцебскага ваяводу Уладзіслава Валовіча, складзеную 18.11.1657 года пасольскую інструкцыю сярод іншых падпісаў і «Юрый Друцкі Горскі».[20]

Звестак за 1658 год пра князя Рыгора-Юрыя Друцкага-Горскага пакуль не выяўлена.[8]

Памёр кн. Рыгор-Юрый у 1659 годзе. Паводле звестак, адшуканых А. Рахубам, наступны мсціслаўскі ваявода Цеханавецкі яшчэ ў чэрвені 1659 года не тытулаваўся так і назвываны ваяводам толькі ў кастрычніку 1659 года. З гэтага вынікае прыблізная дата смерці Грыгорыя Юрыя Горскага — лета 1659 г. (паводле А. Рахубы — да 20.7.1659). Пэўных звестак пра месца і абставіны смерці пакуль не выяўлена. Напэўна, князь не быў у войску, мяркуючы з яго ўзросту.[8]

Месца пахавання таксама пэўна не вядома. На думку С. Рыбчонка, верагодна, што сам кн. Рыгор-Юрый пахаваў сваю жонку пры касцёле менскіх дамініканаў. Пэўна вядома, што там быў пахаваны і яго старэйшы сын Міхал. На гэтым месцы іншы сын князя Тэадор Караль пабудаваў капліцу Св. Троіцы, прынамсі ў склепе пад гэтай капліцай прасіў пахаваць сябе ўнук Рыгора, апошні князь Друцкі-Горскі — Міхал Антоні, памерлы у 1734 годзе. На думку С. Рыбчонка, пасля вызвалення Менска ў ліпені 1660 года, труну Рыгора-Юрыя перазахавалі ў гэтым жа месцы.[21]

Сям’я правіць

Князь Горскі з Ганнай Капацёўнай (1605—1642) мелі 5 сыноў і 2 дачок, народжаных паміж 1626—1641 гадамі. У свой час Ю. Вольф згадваў і сына Гераніма, якога лічыў старэйшы, але Геранім, ён жа Яраш, на праўдзе быў сынам Самуэля Горскага, войта менскага.[21]

  • Міхал Юрый (не пазней за 1626 — вясна/май 1651), паплечнік бацькі ў 1648 годзе, староста цэльскі, староста аршанскі (з 1650), памёр раптоўна, панегірык на яго смерць напісаў ксёндз менскіх дамініканаў І. Жукоўскі ў 1652 годзе.
  • Стэфан (- вясна-лета 1656), загінуў у бітве са шведамі пры вызваленні Варшавы.
  • Марына Бянігна, у панегірыку 1642 года названа манашкай францысканскага ордэна.
  • Мікалай, згаданы толькі ў панегірыку 1642 года.
  • Кацярына, згадана толькі ў панегірыках 1642 і 1652 года як дзявіца
  • Філон (1642—1642), памёр праз некалькі дзён пасля нараджэння і пахаваны разам з маці
  • Тэадор Караль (- да 1715), падкаморы менскі, меў сыноў Казіміра і Міхала Антонія на якіх роз згас.

Зноскі

  1. а б Князі Друцкія-Горскія ў Вялікім Княстве Літоўскім у XV—XVIII стст. / пад рэд. В. У. Галубовіч, С. А. Рыбчонак, А. І. Шаланда — 2016. — С. 120. — 400 с. — ISBN 978-985-90380-3-7
  2. Князі Друцкія-Горскія ў Вялікім Княстве Літоўскім у XV—XVIII стст. / пад рэд. В. У. Галубовіч, С. А. Рыбчонак, А. І. Шаланда — 2016. — С. 135. — 400 с. — ISBN 978-985-90380-3-7
  3. а б в г д е ё Князі Друцкія-Горскія ў Вялікім Княстве Літоўскім у XV—XVIII стст. / пад рэд. В. У. Галубовіч, С. А. Рыбчонак, А. І. Шаланда — 2016. — С. 138. — 400 с. — ISBN 978-985-90380-3-7
  4. а б Князі Друцкія-Горскія ў Вялікім Княстве Літоўскім у XV—XVIII стст. / пад рэд. В. У. Галубовіч, С. А. Рыбчонак, А. І. Шаланда — 2016. — С. 135–136. — 400 с. — ISBN 978-985-90380-3-7
  5. Князі Друцкія-Горскія ў Вялікім Княстве Літоўскім у XV—XVIII стст. / пад рэд. В. У. Галубовіч, С. А. Рыбчонак, А. І. Шаланда — 2016. — С. 125–131. — 400 с. — ISBN 978-985-90380-3-7
  6. Рыбчонак 2017, с. 451.
  7. а б в Рыбчонак 2017, с. 452.
  8. а б в Рыбчонак 2017, с. 463.
  9. а б в Рыбчонак 2017, с. 453.
  10. а б в г д Рыбчонак 2017, с. 454.
  11. Рыбчонак 2017, с. 455.
  12. а б Рыбчонак 2017, с. 456.
  13. Рыбчонак 2017, с. 457-458.
  14. а б Рыбчонак 2017, с. 458.
  15. а б Рыбчонак 2017, с. 459.
  16. Рыбчонак 2017, с. 460.
  17. а б в Рыбчонак 2017, с. 461.
  18. Рыбчонак 2017, с. 460-461.
  19. Рыбчонак 2017, с. 461-462.
  20. Рыбчонак 2017, с. 462.
  21. а б Рыбчонак 2017, с. 464.

Літаратура правіць