Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат

прадпрыемства ў Беларусі

ААТ «Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат» — прадпрыемства поўнага цыкла перапрацоўкі драўнянай сыравіны ў кардон гафрыраваны і скрыні з яго, якое складаецца з цэлюлознага завода і двух фабрык: кардонна-папяровай і фабрыкі кардонна-папяровай тары.

Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат
Тып Адкрытае акцыянернае таварыства
Лістынг на біржы NYSE
Заснаванне 1968
Ранейшыя назвы Светлагорскі цэлюлозна-папяровы завод імя 60-годдзя КПБ
Размяшчэнне Сцяг Беларусі Беларусь, Светлагорск
Ключавыя постаці генеральны дырэктар
Юрый Андрэевіч Крук
Чысты прыбытак -982,9 млрд Br
Матчына кампанія Беларускі вытворча-гандлёвы канцэрн лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці
Даччыныя кампаніі Папяровая фабрыка «Чырвоная зорка»
Сайт sckk.by

Гісторыя правіць

Прадпрыемства ўступіла ў строй 30 чэрвеня 1968 г. Першапачаткова ў эксплуатацыю была здадзена 1-я чарга цэха гафрыраванай тары, у 1970 г. — кардонна-папяровы цэх, а ў 1973 г. — аб’екты комплексу вытворчасці кардону скрыначнага магутнасцю 70 тыс. тон у год. У 1975 г. была наладжана вытворчасць кардону склеенага ў 25 тыс. тон у год.

Загадам Міністэрства цэлюлозна-папяровай прамысловасці СССР № 139 ад 31 мая 1976 г. прадпрыемства было перайменавана ў «Светлагорскі цэлюлозна-папяровы завод», якому ў 1978 г. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР прысвоена імя 60-годдзя КПБ. У канцы снежня 1979 г. на прадпрыемстве ўступіў у дзеянне цэх фільтравальных кардонаў, а праз год, 30 снежня 1980 г., распачалася вытворчасць і папяровых мяшкоў. У 1987 г. адбылося чарговае пашырэнне вытворчасці гафракардону і скрынь з гэтага матэрыялу — уведзены ў строй трэці гафраагрэгат. У 1988 г. вытворчасць уласнай цэлюлозы была даведзена на прадпрыемстве да 70 тыс. тон.

У пачатку 1990-х гадоў завод увайшоў у падпарадкаванне канцэрна Беллеспрам, які загадам па канцэрну (№ 11 ад 2 кастрычніка 1991 г.) быў перайменаваны ў Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат. Неўзабаве, у 1992 г., на прадпрыемстве быў уведзены ў эксплуатацыю ўчастак па вырабу сілікатнага клею магутнасцю 37,5 тон у год, ажыццёўлена тэхнічнае пераўзбраенне кардонаробчай машыны К-07, што дазволіла камбінату за год давесці магутнасці па вырабу кардону да 90 тыс. тон. У канцы 1993 года змянілася арганізацыйная форма прадпрыемства — было ўтворана акцыянернае таварыства адкрытага тыпу. У красавіку 1999 года быў запушчаны 4-ы гафраагрэгат, што падвоіла магутнасць прадпрыемства[1].

Прадпрыемства ўвайшло ў склад холдынгу «Белорусские обои».

У 2012 г. камбінат і «Кітайская карпарацыя інжынірынгу САМСЕ» прыступілі да рэалізацыі сумеснага праекта па ўзвядзенні завода сульфатнай беленай цэлюлозы агульным коштам больш за 850 млн долараў (з іх 550 млн долараў крэдыт, выдзелены кітайскім банкам)[2]. У лістападзе 2017 г. завод пачаў працаваць у тэставым рэжыме, пасля чаго шматлікія гараджане і жыхары в. Якімава Слабада пачалі скардзіцца на непрыемны спецыфічны пах[3][4].

Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 755 ад 23 снежня 2020 года прадпрыемству спісалася запазычанасць перад «Белаграпрамбанкам» па аплаце пратэрмінаваных працэнтаў на агульную суму 7 936 476,51 беларускіх рубля па 15 крэдытных дагаворах. Замест грошай «Белаграпрамбанк» атрымаў 793 647 651 акцыю дадатковага выпуску намінальным коштам 0,01 рубля кожная на агульную суму 7 936 476,51 беларускага рубля[5].

Фінансавыя паказчыкі правіць

На працягу 3 гадоў камбінат не проста атрымліваў страты, але і нарошчваў іх: 174,7 млрд Br у 2013 г., 225,1 млрд Br у 2014 г. і ў 2015 г. — 982,9 млрд Br[6].

Аварыі і надзвычайныя становішчы правіць

7 чэрвеня 2023 года на ўчастку выпаркі шкіпінару адбыўся выбух. Загінула 3 чалавекі, яшчэ 4 атрымалі траўмы. Былі пашкоджаны будаўнічыя канструкцыі ўчастка і бліжэйшых будынкаў[7].

Кіраўнікі правіць

  • Аляксандр Чыж (1968—2001)[1]
  • Юрый Айвазаў (2001—2005)
  • Юрый Андрэевіч Крук (з 2010 года)

Узнагароды правіць

Прадпрыемства было адзначана несапраўднай міжнароднай узнагародай «Факел Бірмінгема»  (руск.).

У 1995 г. камбінат атрымаў Міжнародную Залатую Зорку.

Зноскі

  1. а б А.М. Хоміч. Адкрытае акцыянернае таварыства «Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат» // Памяць: Светлагорск. Светлагорскі раён (у 2 кнігах) / уклад. Пётр Рабянок, маст. Эдуард Жакевіч, гал.рэд. Уладзімір Бурачонак. — Мінск: Беларусь, 2003. — Т. 2. — С. 560-562. — 750 с. — 3 000 экз. — ISBN 985-01-0255-1.(недаступная спасылка)
  2. Сидорчик, В. Пробный пуск завода по производству беленой целлюлозы в Светлогорске намечен на октябрь // TUT.by Архівавана 1 жніўня 2015.
  3. Пад Сьветлагорскам людзі выйшлі на стыхійны пратэст супраць кітайскага заводу. ВІДЭА
  4. Обновленный Светлогорский ЦКК уже работает. Что нужно знать жителям региона // TUT.by Архівавана 26 снежня 2017.
  5. Власти РБ списали двум предприятиям просроченные проценты по кредитам на 13,7 млн. рублей (руск.). AFN (24 снежня 2020). Праверана 24 снежня 2020.
  6. Лойко, О. Как мертвому припарки? Как работают предприятия, спасаемые триллионными бюджетными вливаниями // TUT.by Архівавана 8 ліпеня 2017.
  7. Мінімум тры чалавекі загінулі пры выбуху на цэлюлёзна-кардонным камбінаце ў Сьветлагорску, bar24.by, 7-06-2023 (бел. (тар.))

Літаратура правіць

  • Хоміч, А. М. Адкрытае акцыянернае таварыства «Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат» / А. М. Хоміч // Памяць: Светлагорск. Светлагорскі раен: Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раенаў Беларусі: У 2 кн. Кн. 2 / Уклад. П. П. Рабянок; Маст. Э. Э. Жакевіч; Рэдкал.: У. Дз. Бурачонак і інш. — Мн.: Беларусь, 2003. — 749,[1] с.: іл. — С. 560—562. — ISBN 985-01-0255-1.
  • Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 14. — С. 254. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14).
  • Светлаго́рскі цэлюлозна-папяровы завод // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 651. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.