Слуцкае Евангелле

Слуцкае Евангелле — рукапіснае Евангелле-тэтр (Чацвераевангелле), помнік славянскай пісьменнасці XVI стагоддзя.

Слуцкае Евангелле. пач. XVI ст.
Памеры 38,8 × 25,2 см
Дамавы храм у гонар Сабора беларускіх святых, Мінск
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя

правіць

Да нядаўняга часу лічылася, што рукапіс уласнаручна перапісаў у 1582 годзе князь Юры Юр'евіч Алелькавіч Слуцкі (1559—1586)[1][2]. Падставай такой думкі служыў запіс на адным з пустых аркушаў рукапісу. Аднак, лінгвістычны і палеаграфічны аналіз тэксту паказаў, што гэты стылізаваны пад старажытнасць запіс з’яўляецца фальшывым і хутчэй за ўсё зроблены ў XIX ст.[3]. Даследаванне паперы і вадзяных знакаў (філіграняў) на аркушах Слуцкага Евангелля дазваляе лічыць рукапіс помнікам пісьменнасці першай трэці XVI ст. Дакладнае месца напісання рукапісу невядомае. Магчыма, гэты быў Кіеў, Луцк ці Супрасльскі манастыр. Супраць версіі пра тое, што кодэкс стварылі ў слуцкім Свята-Траецкім манастыры сведчыць тое, што астатнія слуцкія Евангеллі пачатку XVI ст. былі напісаныя ў іншых месцах — Лаўрышаўскім манастыры і Морацкім Мікольскім манастыры, а значыць устойлівай школы кнігапісання ў тагачасным Слуцку не існавала[4].

У канцы ХІХ ст. Евангелле знаходзілася ў рызніцы слуцкага Свята-Траецкага манастыра.

У 1889 годзе Евангелле прывозілі ў Маскву на Маскоўскую археалагічную выстаўку. Далей сустракаюцца звесткі пра яго ў спісе дакументаў Расійскага гістарычнага архіва ў Санкт-Пецярбургу, як пра царкоўную каштоўнасць, якую неабходна вывезці са Слуцка з прычыны распачатай сусветнай вайны.

Да канца 1920-х гадоў Евангелле знаходзілася ў фондах Мінскага дзяржаўнага музея, з 1929 года, калі беларускай сталіцай мелі намер зрабіць Магілёў — у Магілёўскім краязнаўчым музеі[5], а затым у пакоі-сейфе будынка Магілёўскага абкама партыі. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны евангелле знікла з браніраванага пакоя-музея разам з Крыжам Ефрасінні Полацкай.

Увесь гэты час Евангелле знаходзілася на тэрыторыі Беларусі, у адной сям'і. 12 чэрвеня 2003 года экзарх Беларусі Філарэт абвясціў, што мінская прыхаджанка перадала атрыманы ў спадчыну рукапіс святару за адпяванне сваяка[6]. Жанчына нават не ўяўляла значнасці кнігі. У 2002 годзе перададзена ў Беларускі экзархат, захоўваецца ў дамавым храме ў гонар Сабора беларускіх святых[7].

Апісанне

правіць
 
Тамаш Гесэ. «Вокладка Слуцкага Евангелля». 1866

Вонкавы выгляд і пераплёт

правіць

Гісторыя

правіць

Пераплётчыкі зрабілі пераплёт з дошак, абкладзеных малінавым аксамітам. Ювеліры выканалі металічны абклад. Завершана кніга была ў 1582 годзе. Каля 1860-х абклад з Евангелля быў зняты і з тых часоў яно ўпамінаецца ў простым, агорнутым аксамітам пераплёце[8].

Апісанне

правіць

Слуцкае Евангелле — вялікая кніга на паперы фарматам in folio.

Кодэкс абцягнуты рудога колеру аксамітавай тканінай, якая выцвіла, асабліва па краях накрывак і на спінцы. Першасны колер тканіны — малінавы — праглядаецца толькі ў самым нізе спінкі, на кантах і ў цэнтральнай частцы ніжняга вечка. Пераплёт суцэльнатканы. Памер пераплёту — 305х242 мм, вышыня абрэза — 35 мм. Вечкі з мяккага кардону. Кардон сфармаваны склейваннем некалькіх аркушаў валакністай шэрай паперы. Таўшчыня вечка — 5 мм (6-8 пластоў паперы). Вечкі выступаюць за кніжны блок: уверсе і ўнізе — на 4 мм, збоку — на 6 мм. Упрыгожванне вечкаў сціплае — сляпым цісненнем выканана бардзюрная гладкая шырокая рамка і ў кутах — падвоеныя віньеткі аднаго простага малюнка. На бакавым канцы ніжняга вечка праглядаецца акуратна выразаны невялікі прастакутны фрагмент аксамітавага пакрыцця, краі тканіны падклеены. Магчыма, гэта след ад звычайнага ўмацавання завязкі першаснай аправы. Верхні каптал не праглядаецца, ніжні адсутнічае. У версе спінкі, на песцы каптала, аксамітавая тканіна абгортвае верхнюю частку спінкі, што выступае. Спінка глухая, на ёй 5 бінтоў. Умацаванне сшыткаў у кніжны блок даволі цвёрдае. Аркушы сшытыя ўздоўж спінкавага фальцу светла-шэрымі, падобна, баваўнянымі ніткамі. Спінка блока праклеена (колер клею цёмны)[9].

Унутраная структура

правіць

У кнізе 263 аркушы, з якіх 6 чыстых, 4 запоўнены тэкстам не цалкам і 8 пераплётных аркушаў. У рукапісе 32 сшыткі, колькасць аркушаў у іх аднолькавая — па 8 у кожным сшытку. Першапачатковая знешняя структура кнігі не парушаная — усе сшыткі захаваліся, аркушы ў сшытках не страчаныя і знаходзяцца ў іх на сваіх месцах, узноўленых аркушаў няма[9].

Сшыткі маюць першапачатковую (XVI ст.) пісцовую сігнатуру атрамантам, якая пазначаная літарамі кірыліцы пад цітлам. Сігнатура прастаўлена двойчы ў ніжнім полі аркуша пасярэдзіне — на пярэднім баку першага аркуша і адваротным баку апошняга аркуша кожнага сшытка. Нумарацыя сшыткаў паслядоўная, без пропускаў і паўтораў. Сігнатура захавалася толькі на некаторых сшытках, але няпоўнасцю — ці на першым, ці на апошнім аркушы. На большасці сшыткаў сігнатура пашкоджаная: абрэзана ў час рэстаўрацыі амаль цалкам (акрамя цітла) ці захавалася толькі верхняя частка[9].

Памеры аркушаў — 342х232 мм — не першапачатковыя, на іх сляды падроўнівання. Знізу рукапіс быў абрэзаны не зусім роўна. Таму знешні край аркуша болей за спінкавы на 2-3 мм. Аркуш мае традыцыйна шырокія палі: верхняе і спінкавае амаль аднолькавага памеру — 30-35 мм і 30-33 мм адпаведна; самае шырокае ніжняе поле — 48-50 мм; знешняе (ці бакавое) — 40-43 мм[9].

Аркушы разлінаваныя ў два слупкі, па 20 радкоў у кожным. Стандартнае поле разлінаванага тэксту выглядае так: вышыня слупка — 260 мм, шырыня — 70 мм, інтэрвал паміж слупкамі — 16 мм. Вышыня радка — 4 мм, інтэрвал паміж радкамі — 9 мм. Дадаткова разлінавана па адным радку на верхнім полі для калантытула і на ніжнім полі для пазначэння евангельскіх чытанняў. Шырыня радкоў роўная шырыні слупкоў[9].

Разліноўка выкананая вострым інструментам (металічным ці касцяным стрыжнем), радок вычарчаны дзвюма гарызанталямі для напісання малых літар. На аркушах 139—162 ў левым верхнім куце, амаль ля самага краю аркуша, дзірка круглай формы ад наколвання вострым інструментам. Лічыцца, што гэта след ад наколу пры разліноўцы. Верагодна, былі такія наколы і на іншых аркушах, але з прычыны абрэзкі аркушаў пры рэстаўрацыі яны зніклі. На двух аркушах (163 і 165) захаваўся толькі след ад націскання[9].

Напісаная царкоўнаславянскай мовай малодшым паўуставам карычневым чарнілам з выкарыстаннем кінавары і золата. Ёсць каляровыя застаўкі, якія, як і многія літары, былі аздоблены геаметрычным і раслінным арнаментам[1]. Пераплёт XIX стагоддзя з тоўстага кардону ў малінавым аксаміце, ёсць аклад. На першым лісце запіс княжацкага спавядальніка пратапопа Малафея пра тое, што гэту кнігу запісаў князь Юрый Алелькавіч.

Змест кнігі

правіць

Слуцкае Евангелле паводле зместу — гэта службовы тэтр, які забяспечаны разбіўкаю на чытанні (перыкопы ці зачалы) і богаслужэбнай рубрыкацыяй, якая дазваляе выкарыстоўваць тэкст для літургіі. У гэтых мэтах пачатак і канец евангельскага чытання ў рукапісе адзначаны кінавар'ю, якою таксама часта падаецца назва чытання (на які дзень тыдня ці свята), а на палях або паміж радкоў выпісваецца богаслужэбны інцыпіт. Склад тэкстаў рукапісу звычайны для службовых тэтраў XVI ст.: кожнаму з чатырох Евангелляў папярэднічаюць традыцыйныя прадмовы (магчыма, з Тлумачальнага Евангелля балгарскага архібіскупа Феафілакта) і пералік царкоўных раздзелаў з кароткімі загалоўкамі, якія адлюстроўваюць змест. Кожнае Евангелле заканчваецца традыцыйнай кароткай прыпіскай кінавар'ю, дзе падаюцца звесткі пра лік вершаў ды гістарычную эпоху, у якую было напісана Евангелле. Рукапіс завяршаюць дадатковыя тэксты, што звычайна змяшчаліся ў службовых тэтрах: меналогій (саборнік) і некалькі паказальнікаў царкоўных чытанняў (у т.л. сінксара). Верагодна, усе гэтыя паказальнікі перапісаныя паводле пратографа, а не ўпісаныя стваральнікам рукапісу самастойна[3].

Узнаўленне

правіць

У 2008 годзе па выніках праведзенага на працягу некалькіх гадоў навуковага даследавання Нацыянальная бібліятэка Беларусі выдала электроннае выданне, якое ўключала лічбавую копію і ўзноўлены тэкст рукапісу, а таксама матэрыялы гістарычнага, кодэка-палеаграфічнага і лінгвістычнага аналізу Слуцкага Евангелля[7]. У 2009 годзе Беларускі экзархат пры ўдзеле Нацыянальнай бібліятэкі выдаў названыя матэрыялы ў выглядзе факсімільнага выдання[7].

Зноскі

  1. а б Слуцкая палитра: Из фондов Слуцкого краеведческого музея: фотоальбом / сост., авт. текста Н. Г. Серик; фото В. А. Сибрикова. — Минск: Літаратура і Мастацтва, 2010. — С. 4. — 64 с.
  2. Пазднякоў В. Алелькавічы // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — С. 219. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
  3. а б Клімаў І. П. Да пытання аб атрыбуцыі і датаванні Слуцкага Евангелля XVI ст. // «Здабыткі:дакументальныя помнікі на Беларусі». — вып. 11. — Мінск, 2009. — С. 41-49.
  4. Пазднякоў В. С. «Вадзяныя знакі Слуцкага Евангелля» // Матэрыялы ІХ Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў «Статут Вялікага Княства Літоўскага ў гісторыі культуры Беларусі» Мінск, 18-19 красавіка 2013 г. — Мінск, 2013 — С. 179—185
  5. Ларыса Цімошык. Запавет слуцкага князя даносяць эвангельскія словы // Звязда : газета. — 12 лютага 2010. — № 26 (26634). — С. 8. — ISSN 1990-763x.(недаступная спасылка)
  6. Васіль Цішкевіч. Легендарнае Слуцкае Евангелле вяртаецца на гістарычную радзіму // Звязда : газета. — 20 траўня 2009. — № 89 (26447). — С. 6. — ISSN 1990-763x.(недаступная спасылка)
  7. а б в Алесь Суша. Слуцкае Евангелле. Узнаўленне святыні (04.06.2020).
  8. Ігар Ціткоўскі. Слуцкае Евангелле Архівавана 17 лютага 2023.
  9. а б в г д е Станкевіч Л. І. «Слуцкае Евангелле (XVI ст.) як помнік кніжнай культуры Беларусі» // Беларуская кніга ў кантэксце сусветнай кніжнай культуры. — ч. 1. — Мінск, 2006. — С. 43-52

Літаратура

правіць
  • Древнерусский город Слуцк и его святыни: Ист. очерк//Сост. Ф. Ф. Серно-Соловьевич. — Вильно, 1896
  • Снитко А. К. описание рукописей и старопечатных книг в Слуцком (Минской губ.) Тройчанском монастыре//Известия ОРЯС. 1911. т. 16, кн. 1
  • Katamajska-Saeed M. Portrety i zabitki ksiazat Olelkowiczow w Skucku. — Warszawa, 1996

Спасылкі

правіць