Слуцкі камедыхаўз

Слуцкі камедыхаўз — першы прафесійны тэатр у Слуцку, заснаваны па ініцыятыве князя Гераніма Фларыяна Радзівіла ў 1751 годзе. Існаваў да 1760 года.

Сцэнічныя пляцоўкі

правіць

Гісторыя тэатральнага мастацтва ў Слуцку пачынаецца з арганізацыі школьных тэатраў.

У 1686 годзе быў арганізаваны тэатр у кальвінскай гімназіі.

З 1715 па 1756 год дзейнічаў школьны тэатр пры Слуцкім езуіцкім калегіуме. Для пастановак па загадзе князя ў 1751 годзе прыстасавалі манеж. Крыху пазней пачалі выкарыстоўваць памяшканне збройнай палаты, што знаходзілася ў замку.

У 1752 годзе пад тэатр перабудавалі «судны дом», які стаяў у Старым горадзе за бернардзінскім касцёлам. Спектаклі тут ішлі да 1756 года.

У 17581759 гады замест гэтага будынка, які разабралі, на тым жа месцы быў ўзведзены новы «дом для оперы і камедыі» — камедыхаўз. Пабудавалі яго з чэсаных брусоў, накрылі гонтавым дахам.

Аб’ём тэатра складаўся з двух частак: неглыбокай сцэны, з месцам для аркестра перад ёй і ступенчатага партэра, вакол якога другім ярусам ішоў балкон. Там жа было і месца для хора. Сцены вышэй за балкон праразаліся 36-цю вокнамі з каляровым шклом. З балкона быў зроблены выхад на галерэю, што звонку апаясвала ўвесь будынак па перыметры і мела прыступкі на падворак. За сцэнай меліся два пакоі з печкамі для артыстаў. Звонку камедыхаўз меў характар камерны, яго дэкарыроўка была даволі сціплай. Балюстрада галерэі галоўнага фасада была размалявана.

Больш увагі надавалася аздабленню інтэр’ера: столь была абабіта палатном і расфарбавана, роспіс упрыгожваў дзверы і рамы. На сценах глядзельнай залы віселі люстэркі. Сама зала асвятлялася дзевяццю шклянымі люстрамі. Для простых гледачоў меліся абабітыя каляровым сукном лаўкі, а для знатных — адмысловыя ложы, упрыгожаныя галунамі, бахрамой і тасьмой. Па баках тэатральнага будынка сіметрычна размяшчаліся два аднолькавыя дамы для акцёраў — «афіцыны». Камедыхаўз і афіцыны разам складалі адзіны архітэктурны ансамбль. Увесь комплекс фронтам быў павернуты да вуліцы.

Будынкі тэатра і флігеляў не захаваліся.

Пры тэатры з 1753 года дзейнічала балетная школа, дзе вучыліся будучыя артысты з ліку дзяцей слуцкіх мяшчан. Па ўспамінах сучаснікаў, самыя лепшыя выступленні слуцкага балета адбыліся ў снежні 1759 года.

З 1753 па 1758 год дзейнічаў тэатр марыянетак. Паказы суправаджаў прыдворны аркестр (капэла), у склад якога ўваходзілі пераважна замежныя музыканты. Для капэлы таксама рыхтаваліся музыканты з ліку гарадскіх і вясковых жыхароў у спецыяльна створанай музычнай школе. Афармленнем сцэны і дэкарацыямі займаліся замежны мастак Іаган Фрыдрых Дзіц і прыгонны радзівілаўскі мастак Стэфан Цыбульскі.

У драматычных спектаклях прымалі ўдзел таксама кадэты (такі спектакль адбыўся 2 красавіка 1752 года), музыканты, педагогі кадэцкага корпуса. Вядома, што ў 1752 годзе капельмайстар Ф. Вітман выступіў у ролі «багацея», а 13 чэрвеня 1753 года «шпрахмістар» Вебер — у ролі Візіра. Сярод прафесіянальных акцёраў, што ігралі ролі герояў, упамінаюцца Мараўскі і Ажэльскі.

У масавых сцэнах удзельнічалі салдаты гарнізона: у параднай форме, са зброяй яны служылі і «ўпрыгожаннем» залы (іх ставілі навыцяжку каля ложаў у час спектакляў).

Рэпертуар

правіць

Дакументы захавалі спіс рэпертуару слуцкага тэатра.

Ставіліся опера на італьянскай і нямецкай мовах, а таксама балеты.

Пастаноўкі «нямецкіх» камедый былі рэгулярнай з’явай.

З-за таго, што Геранім Фларыян быў вялікім педантам і паклоннікам прускай муштры, то і ў тэатральным жыцці, і на сцэне вітаў дух прускай казармы.

Спецыяльна на нямецкай мове былі напісаны для тэатра драмы, разлічаныя на тэатральныя карціны з выхадам на сцэну групы салдат: узяцце штурмам крэпасцей, фехтаванне, баталіі, сцэны пакарання смерцю і інш.

Наладжваліся паказы тэатра ценяў і марыянетак, якія спалучаліся з паказамі камедый дэль артэ і «турэцкіх камедый».

Закрыццё

правіць

Пасля смерці Гераніма Фларыяна Радзівіла ў 1760 годзе новы ўладальнік горада князь Мікалай Караль Радзівіл Слуцкі тэатр закрыў. У маі таго ж года акцёры, музыканты, дэкарацыі і іншыя тэатральныя атрыбуты былі адпраўлены ў Нясвіж. З часам не стала і тэатральнага будынка — камедыхаўза.

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць