Страла́-змяя́ (Psammophis lineolatus) — ядавітая змяя з роду Пясчаныя змеі (Psammophis) сямейства Вужовыя (Colubridae).
Пашырана ў Цэнтральнай і Заходняй Азіі. Жыве ў пустынях і паўпустынях, трапляецца ў гарах на вышыні да 1500 м. У паўднёвых частках арэалу ўпадае ў летнюю спячку. У момант небяспекі можа здзяйсняць скачкі да 30—40 см у вышыню.
Цела тонкае. Даўжыня да 90 см. На спінным баку 4 падоўжныя цёмныя палосы на аліўкава-шэрым фоне, абмежаваныя чорным. Палосы пачынаюцца на шчытках галавы. Брушны бок белы, аднакаляровы, часам з шараватымі, карычняватымі або аліўкава-шэрымі плямамі, якія ў некаторых выпадках зліваюцца ў суцэльную палоску. Луска гладкая. Ядавітыя зубы знаходзяцца на задняй частцы верхняй сківіцы. Рухаецца змяя імкліва. Харчуецца галоўным чынам яшчаркамі, буйнымі насякомымі. Адкладвае 2—6 яек у чэрвені—ліпені. Дзіцяняты з’яўляюцца ў канцы ліпеня — жніўні.
Укус стралы-змяі для чалавека бяспечны, бо яна не можа выкарыстоўваць глыбока размешчаныя ў пашчы атрутныя зубы.
- Самусенка Э. Р. Страла́-змяя́ // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 195—196. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
-
- Стрела-змея // Большая советская энциклопедия : ([в 30 т.]) / гл. ред. А. М. Прохоров. — 3-е изд.. — М. : Советская энциклопедия, 1969—1978. (руск.)
- Venchi, Alberto and Roberto Sindaco 2006. Annotated checklist of the reptiles of the Mediterranean countries, with keys to species identification. Part 2 -Snakes (Reptilia, Serpentes). Annali del Museo Civico di Storia Naturale «G. Doria», Genova, XCVIII: 259—364.
- Baig, KJ, Masroor, R., and Arshad, M. 2008. Biodiversity and ecology of the herpetofauna of Cholistan Desert, Pakistan. Russian Journal of Herpetology 15 (3): 193—205.