Сэрвач (заказнік)

заказнік у Беларусі

Сэ́рвач  — гідралагічны заказнік рэспубліканскага значэння ў Докшыцкім і Глыбоцкім раёнах Віцебскай вобласці Беларусі.

Сэрвач
Размяшчэнне БеларусьДокшыцкі раён і Глыбоцкі раён, Віцебская вобласць
Плошча 9150,35
Дата заснавання 1997
physical
Сэрвач
Сэрвач

Апісанне

правіць

Тэрыторыя заказніка ўключае возера Сэрвач і частку поймы ракі Сэрвач. Плошча возера — 450 гектараў, сярэдняя глыбіня — 2,8 метра. Возера моцна зарасло трыснягом, шырыня паласы прыбярэжнай надводнай расліннасці вар’іруе ад 15 да 120 метраў. Берагі на захадзе і поўначы сплавінныя, пераходзяць у нізіннае балота.

Паўднёва-заходняя частка возера вельмі забалочана, з яе выцякае рака Сэрвач. Шырыня яе рэчышча ў межах заказніка вар’іруе ад 2-5 да 15—25 метраў. Шырыня поймы 1—2,5 кіламетры. Поймы возера і ракі ўяўляюць сабой нізіннае асаковае балота, на якім сустракаюцца як адкрытыя, так і моцна зарослыя хмызнякамі ўчасткі. У некаторых месцах нізіннае балота змяняецца пераходным. 3 паўночнага захаду да балотнага масіву прылягаюць хваёва-шыракалістыя і змешаныя лясы.

Тэрыторыя заказніка знаходзіцца непадалёку ад водападзелу паміж басейнамі рэк Нёман, Заходняя Дзвіна і Днепр. Рака Сэрвач упадае ў Вілейскае вадасховішча і з’яўляецца адной з важнейшых крыніц, якія фарміруюць баланс Вілейска-Мінскай воднай сістэмы.

На тэрыторыі заказніка ажыццяўляюцца наступныя віды гаспадарчай дзейнасці: торфаздабыча (тут сканцэнтраваны вялікія запасы гідролізнай сыравіны), лесакарыстанне, выпас жывёлы, сенакашэнне, вырошчванне прапашных культур.

Фаўна і флора заказніка вывучаны недастаткова. Толькі ў 2001 годзе ў выніку экспедыцыйных работ было выяўлена пражыванне ў заказніку двух відаў птушак, якія знаходзяцца пад пагрозай глабальнага знікнення: вяртлявай чаротаўкі і дубальта. Гэта крайняя паўночная кропка распаўсюджання вяртлявай чаротаўкі ў Беларусі. Сустракаюцца тут і іншыя рэдкія віды: чапля-бугай, шэры журавель.

3 рэдкіх раслін на тэрыторыі заказніка адзначана бяроза нізкая, больш вядомая, як ернік або ёрнік. Гэта расліна заўсёды прыцягвае аленяў, паколькі служыць для іх асабліва жаданым ласункам. Таксама ў флоры заказніка Сэрвач значацца сосны, шэрыя і чорныя вольхі, елі, павіслыя і пухнатыя бярозы.

Аднымі з апошніх адкрыццяў у фаўне заказніка сталі арніталагічныя віды, вельмі важныя для сусветнай прыроды: вяртлявая чарацянка, дупель, шэрыя жураўлі, вялікі бугай і іншыя.

У Сэрвачы можна назіраць частую змену рэльефу на прыродаахоўнай тэрыторыі: нізінныя комплексы, для якіх найбольш характэрныя марэнныя і камавыя пагоркі, якія змяняюцца лагчынамі, а тыя — западзінамі. Уся тэрыторыя заказніка пакрыта густой і пярэстай расліннасцю, яе асноўнымі відамі з’яўляюцца імхі і балотныя асакі, ледзь радзей сустракаюцца лекавыя і дэкаратыўныя расліны.

Літаратура

правіць
  • Лабанок П. І. Сэ́рвач // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 329. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
  • Скрабатун, У. Ласкавае возера Сэрвач / У. Скрабатун // Вольнае Глыбокае. — 2010. — 19 жн. — С. 6.
  • Славутыя мясціны Дзеркаўшчынскага краю / падрыхт.: В. Бука, Т. Вышадка // Веснік Глыбоччыны. — 2016. — 5 лістап. — С. 10.
  • Сэрвач // Скарбы прыроды Беларусі: тэрыторыі, якія маюць міжнароднае значэнне для захавання біялагічнай разнастайнасці = Treasures of Belarusian nature: ares of International Significance for Conservation of Biological Diversity / аўт. тэксту і фота А. В. Казулін [і інш.]. — 2-ое выд, перапрац., дап. — Мінск : Беларусь, 2005. — С. 120—123.
  • Федотов, В. Гидрологический заказник «Сервечь» / В. Федотов // Родная прырода. — 2007. — № 10. — С. 17.

Спасылкі

правіць