Танічнае вершаскладанне
Тані́чнае вершасклада́нне — сістэма вершаскладання, у аснове якой — аднолькавая (прыблізна аднолькавая) колькасць моцных, або апорных, націскаў у вершаваных радках. Колькасць жа ненаціскных складоў паміж імі розная — ад ніводнага да васьмі.
Гісторыя з'яўлення
правіцьЛітаратурны танічны верш склаўся ў XIX — пачатку XX ст. на аснове народнага вершаскладання, танічнага па сваёй прыродзе. Прычым адразу вызначылася некалькі відаў танічнага вершаскладання: акцэнтна-складовы, дольнік, тактавік, акцэнтны. У кожным з іх ёсць тое асноўнае, што вызначае танічнае вершаскладанне ўвогуле — чаргаванне пэўнай колькасці моцных націскаў у вершаваных радках. Разам з тым кожны адрозніваецца сваёй мерай свабоды ў дачыненні да колькасці складоў у радках, колькасці ненаціскных складоў паміж моцнымі націскамі, ужывання рыфмы і г. д.
Першыя ўзоры літаратурнага танічнага верша — гэта пераважна стылізацыя «пад народнае» (творы А. Кальцова, «Сказка о рыбаке и рыбке» А. Пушкіна, «Песня про купца Калашникова» М. Лермантава і інш.). Т. Шаўчэнка на аснове ўкраінскага народнага верша стварыў свой тып верша — г. зв. каламыйкавы верш з аднолькавай колькасцю складоў у радках (8+6). Шаўчэнкаўскі каламыйкавы верш аказаў моцны ўплыў на асобных украінскіх, расійскіх і беларускіх паэтаў (П. Тычына, А. Малышка, М. Святлоў, Э. Багрыцкі, Я. Купала).
Вялікую ролю ў развіцці танічнага вершаскладання адыграла наватарская паэзія У. Маякоўскага, уплыў якой адбіўся на ўсёй еўрапейскай вершатворчасці, у тым ліку беларускай.
Танічны верш у беларускай паэзіі
правіцьТанічным вершам пісалі Я. Купала («Тарасова доля», «Бандароўна»), М. Чарот («Босыя на вогнішчы»). Танічнае вершаскладанне сустракаецца ў творчасці П. Панчанкі, М. Танка, К. Кірэенкі, Р. Барадуліна і некаторых іншых беларускіх паэтаў. Унікальны прыклад ужывання розных відаў танічнага вершаскладання ў адным творы — «Страцім-лебедзь» М. Багдановіча.
Танічны літаратурны і народны вершы
правіцьТанічны літаратурны і народны верш пры іх вялікім падабенстве (і там і тут — роўная колькасць моцных націскаў у радках), пры тым, што першы ўзнік пад уплывам другога, усё ж значна адрозніваюцца. Галоўнае адрозненне — у функцыі моцных, або апорных, націскаў. Калі ў народным вершаскладанні націск выконваў толькі рытмічную ролю, мог падаць на малазначныя словы, нават службовыя, то ў літаратурным танічным вершы ён мае сэнсавае значэнне і абавязкова прыходзіцца на найбольш значнае па сэнсе слова. У народным вершаскладанні націск выраўноўваў усе словы (гэтаму дапамагала і мелодыя, музычнае суправаджэнне слоўнага тэксту), а ў танічным ён, наадварот, падкрэслівае, рытмічна выдзяляе асобныя словы і словазлучэнні. Націску ў танічным вершы дапамагаюць шматлікія паўзы, якія адыгрываюць рытмаарганізуючую ролю. Яны аддзяляюць адзін ад другога інтанацыйна самастойныя рытмічныя адрэзкі, у цэнтры якіх і знаходзяцца націскі.
Літаратура
правіць- Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. — 3-е выд., дапрац. і дапоўн.. — Мінск: Беларуская навука, 2004. — 576 с. — 2 000 экз. — ISBN 985-08-0598-6.
- Рагойша В. П. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 2001. — 384 с. — 1 000 экз. — ISBN 985-11-0197-4.
- Рагойша В. П. Тані́чнае вершасклада́нне // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 422. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- Тони́ческое стихосложе́ние / Гаспаров М. Л. // Т. 26. Тихоходки — Ульяново. — М. : Советская энциклопедия, 1977. — С. 73. — (Большая советская энциклопедия : [в 30 т.] / гл. ред. А. М. Прохоров; 1969—1978). (руск.)
- Гаспаров М. Л. Тони́ческое стихосложе́ние // Литературная энциклопедия терминов и понятий / редкол. : А. Н. Николюкин (гл. ред.) [и др.] ; РАН, Ин-т науч. информ. по обществ. наукам. — Москва : Интелвак, 2001. — Стб. 1075—1076. — 1596 стб. — Имен. указ.: с. 1277—1483. — Предм. указ.: стб. 1484—1595. — ISBN 5-93264-026-Х. (руск.)