Трыбунал над Садамам Хусейнам

спіс артыкулаў у адным з праектаў Вікімедыя

Трыбунал над Садамам Хусейнам — судовае разбіральніцтва па факце здзяйснення злачынстваў супраць чалавечнасці Садамам Хусейнам і шэрагам яго паплечнікаў.

Перадмова правіць

20 сакавіка 2003 года, пад падставай звяржэння рэжыму Садама Хусейна, падазраванага ў супрацоўніцтве з тэрарыстамі і наяўнасцю забароненай зброі, ЗША ўрываюцца ў Ірак. Урад быў скінуты 17 красавіка, а да 1 мая амерыканцы і іх саюзнікі па кааліцыі ўсталявалі кантроль над усёй краінай. Каля паўгода Садаму Хусейну ўдавалася хавацца ад замежнікаў, аднак у снежні 2003 года ён быў злоўлены недалёка ад свайго роднага горада Тыкрыт. Пасля гэтага былы іракскі лідар быў вывезены з тэрыторыі Ірака і змешчаны на амерыканскай ваеннай базе ў Катары[1].

У гэты час супраць экс-прэзідэнта і шэрагу яго набліжаных былі заведзены крымінальныя справы па факце ўчынення шэрагу злачынстваў.

Судовы працэс правіць

Агульны ход правіць

Да пачатку судовага працэсу быў адменены мараторый на смяротнае пакаранне, уведзены пасля звяржэння рэжыму.

У ліпені 2004 г. С. Хусейн быў перададзены часоваму ўраду краіны, застаючыся пры гэтым пад аховай амерыканскіх вайскоўцаў. Трыбунал прыступіў да збору і аналізу доказаў яго шматлікіх злачынстваў. Так, на працягу лета 2005 г. было распаўсюджана чатыры афіцыйныя відэазапісы з допытамі абвінавачаных па справе С. Хусейна. 19 чэрвеня быў паказаны допыт стрыечнага брата экс-прэзідэнта Алі Хасана аль-Маджыда па мянушцы «Хімічны Алі», які ўдзельнічаў у 1988 г. у атручванні жыхароў курдскай вёскі атрутнымі газамі. 15 чэрвеня з’явіўся відэасправаздача аб допыце трох іншых паплечнікаў Хусейна — ягонага былога сакратара, былога віцэ-прэзідэнта і былога міністра ўнутраных спраў Ірака. Яшчэ раней апублікаваны запіс допыту самога Садама. Акрамя таго, атрымалі распаўсюджванне кадры відэаздымак без гуку допытаў двух адзінакроўных братоў былога дыктатара — Барзана Ібрагіма Хасана Тыкрыці і Уотбана Ібрагіма Хасана, якія былі прэзідэнцкімі саветінікамі і падазраваліся ў датычнасці да забойстваў курдаў[2].

Першапачаткова, асноўнымі абвінавачваннямі павінны былі быць супрацоўніцтва з тэрарыстычнымі арганізацыямі і распрацоўка зброі масавага знішчэння[3]. Так, ваеннаслужачыя Польшчы і ЗША ў 2004 годзе знайшлi у Іраку боепрыпасы з хімічнай зброяй[4][5][6]. Аднак, як высветлілася пазней, знойдзеныя снарады ўтрымлівалі толькі рэшткі рэчываў, што знішчаліся пад наглядам прадстаўнікоў ААН яшчэ ў 1990-я гады. 6 кастрычніка 2004 года арганізацыя Iraq Survey Group (яна з’яўлялася пануючай у справе пошукаў ЗМЗ) афіцыйна заявіла, што на момант ўварвання замежных сіл у 2003 годзе Ірак не меў ніякіх забароненых сродкаў[7].

Першае пасяджэнне асаблівага трыбунала адбылося ў ліпені 2004. Ужо на ім суддзя агучыў сем абвінавачванняў (папярэдніх) супраць былога іракскага лідара: наўмыснае забойства грамадзянскіх асоб пры дапамозе хімічнай зброі ў мясцовасці Халабжа на поўначы Ірака; наўмыснае забойства грамадзянскіх асоб без суда; наўмыснае вынішчэнне курдскага клана Барзані ў 1983 годзе; наўмыснае забойства святароў; наўмыснае забойства грамадзянскіх асоб падчас аперацый супраць курдаў на поўначы Ірака; наўмыснае забойства грамадзянскіх асоб на поўдні Ірака ў 1991 годзе; уварванне ў Кувейт[1].

Першы судовы працэс з удзелам Хусейна пачаўся перад спецыяльным трыбуналам Ірака 19 кастрычніка 2005 года. На гэтым працэсе Садам і сем іншых абвінавачаных былі асуджаны за злачынствы супраць чалавечнасці ў дачыненні да падзей, якія мелі месца пасля няўдалай спробы замаху на спробы ў Дуджэйле ў 1982 годзе членамі ісламскай «Давы»[3]. Другое і асобнае судовае разбіральніцтва пачалося 21 жніўня 2006 года, падчас якога былі асуджаны Садам і шэсць іншых абвінавачаных у генацыдзе падчас ваеннай кампаніі «Анфаль» супраць курдаў у Паўночным Іраку[8].

Суддзі правіць

Усяго штат трыбунала складаўся прыкладна з 400 чалавек, з якіх каля сотні з’яўляюліся суддзямі і адвакатамі. Усім ім былі прадастаўлены целаахоўнікі, а іх імёны захоўваліся ў таямніцы. Тым не менш, удзельнікі трыбунала ўжо неаднаразова атрымлівалі пагрозы[9]. Іракскія паўстанцы, з ліку прыхільнікаў хусейнаўскай партыі Баас, нават абвясцілі пра паляванне на суддзяў[1].

  • Рызгар Амін — старшыня судовай палаты да 26 студзеня 2006 года.
  • Рауф Рашыд Абдэль-Рахман — старшыня судовай палаты ад 26 студзеня 2006 года. Забіты паўстанцамі ў чэрвені 2014.
  • Раід Аль-Джухі — суддзя, вядучы следства.
  • Парвіз Мухамед Махмуд Аль-Мерані — суддзя, вядучы следства, забіты 2 сакавіка 2006 года[10].

Абарона абвінавачанага правіць

Галоўным адвакатам Садама стаў Зіяд Аль-Хасаўні. Аднак у пачатку ліпеня 2005 года ён заявіў пра тое, што пакідае каманду абаронцаў Хусэйна, бо «яе хочуць узначаліць некаторыя амерыканскія адвакаты», якія таксама ўваходзяць у групу абароны і імкнуцца «ізаляваць сваіх арабскіх калегаў». Адвакаты Садама арабскага паходжання мелі намер, па словах Аль-Хасаўні, будаваць абарону на незаконнасці ўварвання ЗША ў Ірак, а амерыканскія адвакаты хацелі змяніць гэтую лінію. Ідэю прыцягнення да абароны амерыканскіх адвакатаў падтрымлівалі некаторыя сваякі Садама. Да таго моманту каманда абаронцаў Хусейна складалася ўжо з паўтары тысячы добраахвотнікаў з розных краін (Ірака, ЗША, Францыі, Іарданіі, Лівіі і іншых), якіх узначальвалі 22 прафесійныя юрысты[1]. У гэтую групу ўваходзіла таксама Айша Кадафі, дачка лівійскага лідара Муамара Кадафі[11].

Канчатковы вердыкт правіць

5 лістапада 2006 года Садам быў прысуджаны да смяротнага пакарання праз павешанне. 26 снежня апеляцыя Садама была адхілена, а смяротны прысуд пакінуты ў сіле. Ніякіх далейшых апеляцый прынята не было, і Садам быў пакараны праз 30 дзён. Дата і месца пакарання трымаліся ў сакрэце да прывядзення прысуду ў выкананне. Садам Хусейн быў пакараны праз павешанне 30 снежня 2006 года. Пасля яго смерці ўсе іншыя абвінавачванні былі зняты[8].

Зноскі правіць