Уладзімір Васілевіч Бачкоў
Уладзімір Васілевіч Бачкоў (16 студзеня 1944, Люботын, Харкаўская вобласць — 9 жніўня 2021[1]) — беларускі архітэктар.
Уладзімір Васілевіч Бачкоў | |
---|---|
Дата нараджэння | 16 студзеня 1944 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 9 жніўня 2021 (77 гадоў) |
Альма-матар | |
Месца працы | |
Член у |
Біяграфія Правіць
Скончыў у 1968 годзе Харкаўскі інжынерна-будаўнічы інстытут. Працаваў у Палтаўскім інжынерна-будаўнічым інстытуце, Белкамунпраекце, у Беларускім філіяле УНДІТЭ, з 1974 года — кіраўнік групы архітэктараў у Мінскпраекце, з 1983 года — начальнік архітэктурна-рэстаўрацыйнага аддзела, намеснік начальніка праектнага бюро ВА «Белрэстаўрацыя».
Член Саюза архітэктараў СССР з 1979 года. Пражываў у Мінску.
Творчасць Правіць
Асноўныя працы (у аўтарскім калектыве): галаўное вадасховішча і іншыя збудаванні Сляпянскай воднай сістэмы (1985), лодачная станцыя на паўднёвым беразе Заслаўскага вадасховішча (1979, у сааўтарстве з Завалінскім), пуцеправод на скрыжаванні праспакта Машэрава і вул. Варашылава (1980) у Мінску.
Рэканструкцыя Старога замка ў Гродне Правіць
У канцы 1980-х — пачатку 1990-х гадоў былі праведзены грунтоўныя даследаванні Старога замка ў Гродне з удзелам археолагаў і архітэктараў, вынікам якіх стала выдадзеная ў 1993 г. калектыўная манаграфія «Стары Замак у Гродне», а таксама макет абноўленага замка, зроблены архітэктарам Бачковым[2]. Уладзімір Бачкоў з’яўляецца навуковым кіраўніком праекта рэстаўрацыі «Гроднаграмадзянпраект» з 1985 г. і распрацаваў наступную схему рэканструкцыі: ХII стагоддзе — гатычная эпоха Вітаўта і ХVІ стагоддзе — Рэнесанс Стэфана Баторыя. Аднак ад гатычнай ідэі адмовіліся, і засталася толькі рэнесансная[3]. У канцы 1994 г. эскізны праект рэстаўрацыі быў гатовы, але затым у 1996 годзе фінансаванне прац па падрыхтоўцы будаўнічай дакументацыі было спынена. Нарэшце ў сярэдзіне 2007 г. праект У. Бачкова перадалі для выканання інстытуту «Гроднаграмадзянпраект»[4]. А 6 студзеня 2012 г. Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь зацвердзіў Дзяржаўную праграму «Замкі Беларусі» на 2012—2018 гады[5], згодна з якой на фінансаванне работ па рэстаўрацыі Старога замка выдзяляць 37,2 млрд рублёў[6]. Аднак на момант напісання артыкула распрацоўка дакументацыі яшчэ не пачалася.
Згодна з праектам У. Бачкова аднаўляць замак мяркуецца наступным чынам: палову — разам з дзвюма вежамі і асноўным будынкам у выглядзе палаца Стэфана Баторыя, другую палову — у выглядзе кансервацыйнага павільёна для захавання і экспазіцыі падмурка Ніжняй царквы. Падчас рэканструкцыі будуць знесены некалькі аднапавярховых будынкаў, пабудаваных у першай палове ХХ ст., якія паводле меркавання дырэктара музея Ю. Кітуркі, гістарычнай каштоўнасці не ўяўляюць. У палацы Баторыя будзе дабудаваны трэці паверх, з’явіцца вежа (барбакан), крытая галерэя, брама, мерная хата, камяніца, фрагмент драўлянага моста XVI ст. і адзін пралёт каменнага моста XVII—XIX стст. У рэстаўраваным і капітальна адрамантаваным палацавым комплексе мяркуецца адчыніць экспазіцыі: «Галерэя барбакана», «Вартаўнічая камора», «Капліца», «Малыя сенцы», «Каралеўская лазня» і іншыя. Прадугледжаны таксама памяшканні пад гасцінічныя нумары для гасцей — удзельнікаў навуковых форумаў і канферэнцый. Некаторыя інтэр’еры палаца таксама рэканструююць згодна гістарычным апісанням. Праект прадугледжвае істотную пераробку моста-віядука XVIII ст., самага старога ў Беларусі[4].
Праект рэстаўрацыі выклікаў занепакоенасць сярод грамадскасці, клопат выклікаюць недахоп прафесійных майстроў-рэстаўратараў у краіне і адсутнасць зацверджанага праекта, а таксама недастатковае гістарычнае абгрунтаванне мяркуемага праекта[7][8].
Нясвіжскі замак Правіць
У 2006−2012 гадах ён займаўся рэстаўрацыяй замка ў Нясвіжы. Некаторыя элементы таго праекта, у прыватнасці купал на вежы, таксама выклікалі крытыку.
Узнагароды Правіць
1-я прэмія на Усесаюзным конкурсе (1968) за праект «Цаліна і маладосць».
Зноскі
- ↑ Памёр архітэктар Уладзімір Бачкоў. Ён распрацоўваў праект рэканструкцыі Старога замка ў Гродне. // Hrodna.life. 9 жніўня 2021
- ↑ Ці памаладзее калі-небудзь Стары Замак? Архівавана 17 мая 2011.
- ↑ У Гродне паднялі руку на Стары замак
- ↑ а б К вопросу о реконструкции Старого замка в Гродно Архівавана 29 красавіка 2009.
- ↑ Совет Министров Республики Беларусь утвердил Государственную программу «Замки Беларуси» на 2012—2018 годы Архівавана 5 сакавіка 2016.
- ↑ Какие замки Беларуси получили право на новую жизнь? Архівавана 28 лютага 2020.
- ↑ У Гародні паднялі руку на Стары замак Архівавана 14 красавіка 2016.
- ↑ Старый замок в Гродно — реставрация или евроремонт? Архівавана 28 лютага 2020.
Літаратура Правіць
- Бачков Владимир Васильевич // Архитекторы Советской Белоруссии: Биогр. справочник / Союз архитекторов БССР; Сост. В. И. Аникин и др.. — Мн.: Беларусь, 1991. — 262 с. — ISBN 5-338-00611-1. (руск.)