Файлака (араб. فيلكا‎‎) — востраў у Персідскім заліве. Уваходзіць у склад дзяржавы Кувейт. Плошча — 17,5 км². Насельніцтва — 147 чал. (2011 г.).

Файлака
ар. فيلكا
Месца археалагічных даследаванняў
Месца археалагічных даследаванняў
Характарыстыкі
Плошча43 км²
Найвышэйшы пункт10 м
Насельніцтва147 чал. (2011)
Шчыльнасць насельніцтва3,42 чал./км²
Размяшчэнне
29°26′20″ пн. ш. 48°20′03,60″ у. д.HGЯO
АкваторыяПерсідскі заліў
Краіна
Файлака (Кувейт)
Файлака
Файлака
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Геаграфія

правіць

Востраў Файлака знаходзіцца за 18 км на ўсход ад горада Кувейт. Выцягнуты з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход на 14,14 км. Найбольшая шырыня — 5,05 км. Паверхня складзена пераважна асадкавымі пародамі. Людзі жывуць пераважна на паўночным захадзе, дзе існуюць асноўныя крыніцы пітной вады.

Клімат вострава субтрапічны засушлівы, аднак болей вільготны, чым мацерыковая частка Кувейта. Увесну паверхня пакрываецца травамі. На сушы гняздуюць вераб’і, ластаўкавыя, бакланы, гарбаткі і іншыя птушкі. Навакольныя воды насяляюць дэльфіны і марскія чарапахі.

Археалогія

правіць

У 19581963 гг. дацкая археалагічная экспедыцыя выявіла на востраве і даследавала шэраг курганоў 3 тысячагоддзя да н. э. Найбольш важным адкрыццём стаў надпіс на камені з імем бога фінікавых пальм Анзака, які лічыўся сярод шумераў вярхоўным бажаством краіны Дыльмун. Хутка востраў ператварыўся ў найбольш важны міжнародны археалагічны цэнтр на тэрыторыі Кувейта, дзе працуюць археолагі з розных краін свету. Дзякуючы іх намаганням на паўночным захадзе Файлакі было выяўлена старажытнае паселішча, што існавала паміж 2000—1200 гг. да н. э. У ім знаходзілася рэзідэнцыя накшталт палаца, а таксама храм, меркавана прысвечаны Анзаку. На месцы паселішча былі знойдзены надпісы шумерскім клінапісам, кераміка, блізкая да керамікі Бахрэйна, шматлікія пячаткі. Сучасныя даследчыкі атаясняюць Файлаку з краінай Агару(м), узгаданай у месапатамскіх тэкстах бронзавага веку. У сваю чаргу, Агару(м) мог быць часткай краіны Дыльмун.

У 1 тысячагоддзі да н. э. востраў уваходзіў у склад Вавілонскай імперыі, а потым дзяржавы Ахеменідаў. У IV ст. да н. э. быў адкрыты Аляксандрам Македонскім падчас яго вяртання з паходу ў Індыю. Па прапанове Аляксандра атрымаў назву Ікарыя. Сучасная назва Файлака паходзіць ад араб. بن فيلاقوس‎‎ «Вялікі» і дадзена яму ў гонар самога Аляксандра. Археолагамі былі выяўлены рэшткі крэпасці эпохі элінізму, а таксама надпісы на арамейскай мове. Згодна з апісаннямі антычных аўтараў, у той перыяд Ікарыя—Файлака была прысвечана багіні Артэмідзе. У V — IX стст. на ім жылі ўсходнія хрысціяне.

У 2013 г. месцы археалагічных раскопак на востраве Файлака былі ўнесены ў папярэдні спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Сучасная гісторыя

правіць

У 1563 г. Файлака была адкрыта партугальскімі мараплаўцамі. Хаця на востраве былі крыніцы пітной вады і дрэвы, яны не знайшлі тут насельнікаў. Відавочна, яны пакінулі востраў з-за пагрозы піратаў. Пазней на ім аселі арабы-бандары з паўднёвага ўзбярэжжа Ірана. Яны заснавалі паселішча Аль-Заўр, якое займала сярэднюю і паўночна-заходнюю часткі вострава. У 1985 г. колькасць астравіцян дасягала 5 832 чалавек.

У 19901991 гг. інфраструктура вострава моцна пацярпела падчас іракскай ваеннай акупацыі, а потым вызваленчай аперацыі. Мясцовыя насельнікі былі вымушаны эвакуявацца ў мацерыковую частку Кувейта. Большасць з іх не вярнулася на радзіму. У нашы дні ў Кувейце распрацоўваецца план пераўтварэння Файлакі ў турыстычную славутасць.

Спасылкі

правіць