Францішак Юндзіл
Францішак Уладзіслававіч Юндзіл (1825, фальв. Югалін, Слонімскі павет, цяпер Івацэвіцкі раён — 13 ці 14 лютага 1865, Парыж) — адзін з кіраўнікоў паўстання 1863–1864 гадоў у Беларусі і Польшчы.
Францішак Юндзіл | |
---|---|
| |
Нараджэнне |
1825 |
Смерць |
13 лютага 1865 ці 14 лютага 1865
|
Род | Юндзілы |
Бацька | Уладзіслаў Юндзіл[d] |
Маці | Багуміла з Сухадольскіх[d] |
Званне | падпалкоўнік[d] |
Бітвы |
Біяграфія
правіцьСа старадаўняга шляхецкага роду герба «Лебедзь». Быў сынам Уладзіслава Юндзіла і яго жонкі Багумілы з Сухадольскіх герба «Яніна»[1].
Служыў у кавалерыіі царскай арміі. Уваходзіў у гурток польскіх афіцэраў у Пецярбургу[2]. У 1858 годзе выйшаў у адстаўку ў званні ротмістра, вярнуўся на радзіму.
Прымкнуў да Гродзенскай рэвалюцыйна-дэмакратычнай арганізацыі, быў у коле прыхільнікаў і аднадумцаў К. Каліноўскага. Падтрымаў Каліноўскага, які ўзяў курс на дасягненне самастойнасці і раўнапраўя ва ўзаемадачыненнях Літоўскага правінцыяльнага камітэта і Цэнтральнага нацыянальнага камітэта у Варшаве, за прадастаўленне Літве і Беларусі права на самавызначэнне. Сумесна з Каліноўскім адстойваў палітычную суверэннасць Літвы-Беларусі. Паўплываў на В. Урублеўскага, які, па ўспамінах Б. Шварцэ, «дазволіў адцягнуць сябе гродзенскаму Юндзілу і перастаў падпарадкоўвацца Варшаве…».
У маі 1863 года быў прызначаны на пасаду ваеннага начальніка Слонімскага павета, стаў на чале атрада колькасцю каля 300 чалавек. Атрад Слонімскага павета базіраваўся ў Мілавідах, якія на нейкі час сталі адным з галоўных цэнтраў паўстання. Сюды сцягваліся паўстанцкія атрады іншых паветаў, 21 мая 1863 года ў Мілавіды прыехаў К. Каліноўскі для агляду паўстанцкіх сіл. 22 мая 1863 Ф. Юндзіл удзельнічаў у бітве пад Мілавідамі. Потым некалькі месяцаў рабіў партызанскія паходы па Слонімскім і суседніх паветах, у ліпені перайшоў на Палессе. Вымушаны знізіць баявую актыўнасць, паколькі не атрымліваў папаўнення атрада з боку сялян, меў недахоп зброі і рыштунку. Быў абвінавачаны ў адмове ад барацьбы з карнікамі ўрадавых войск, але апраўданы судом. У жніўні 1863 года перадаў камандаванне слонімскім атрадам Яну Калупайлу і выехаў у Польшчу. У кастрычніку 1863 года прыбыў у Кракаў, дзе са снежня займаў пасаду каменданта горада, а са студзеня 1864 быў ваенным арганізатарам паўстанцкіх войск кракаўскай акругі. Ад кіраўніцтва паўстаннем атрымаў званне падпалкоўніка.
З-за хваробы ў сакавіку 1864 года з’ехаў у Францыю. Памёр ад сухотаў ў Парыжы.
Зноскі
Літаратура
правіць- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын; Дадатак / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2003. — 616 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0276-8. — С. 276.
- Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9. — С. 783.
- Eligiusz Kozłowski (opr.): Zapomniane wspomnienia, Warszawa, 1981 r. s.457.