Фёдар Іванавіч Кардаш
Фёдар Іванавіч Кардаш (5 студзеня 1932, в. Харашкі Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці — 21 верасня 2008) — журналіст, іншадумца, палітычны вязень у БССР.
Фёдар Іванавіч Кардаш | |
---|---|
Род дзейнасці | журналіст |
Дата нараджэння | 5 студзеня 1932 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 21 верасня 2008 (76 гадоў) |
Месца смерці | |
Грамадзянства |
Біяграфія
правіцьБацька Фёдара Кардаша быў партызанскім сувязным, загінуў у красавіку 1944 г. падчас няўдалай спробы дыверсіі на чыгунцы (група трапіла ў засаду).
У пасляваенныя гады Ф. Кардаш вучыўся ў Маўчадскай сярэдняй школе (тады Гарадзішчанскі, цяпер Баранавіцкі раён), размешчанай у суседнім мястэчку, якую скончыў у 1950 годзе.
У той жа год паступіў на аддзяленне журналістыкі БДУ, якое ў 1955 годзе скончыў, пасля чаго працаваў у Чырвонаслабодскай раённай газеце «Чырвоная зара».
Пасля смерці Сталіна ў многіх, у тым ліку і ў Ф. Кардаша, абудзілася надзея, што ў новых умовах можна будзе больш свабодна абмяркоўваць праблемы і недахопы. Ф. Кардаш напісаў і ў лістападзе 1955 г. даслаў у ЦК КПСС ананімны ліст з прыкладамі непарадкаў у раёне і з прапановамі дэмакратызаваць дзяржаўны лад і паслабіць цэнзуру, каб прэса магла крытыкаваць недахопы на месцах дзеля іх далейшага выпраўлення.
КДБ вызначыла аўтара ліста па почырку і фактах, выкладзеных у ім. Рашэннем Мінскага абкаму камсамолу быў выключаны з арганізацыі, потым рашэнне было зацверджана ЦК ЛКСМБ. Быў арыштаваны 16 жніўня 1956 года ў студэнцкім інтэрнаце БДУ па вуліцы Бабруйская, 8.
18 кастрычніка 1956 года асуджаны Мінскім абласным судом па частцы «а» артыкула 72 КК БССР («антысавецкая агітацыя і прапаганда») да двух гадоў зняволення ў папраўча-працоўным лагеры. Тэрмін адбываў у Дубраўлагу (Мардовія).
Падчас зняволення бачыўся і размаўляў з Цімохам Вострыкавым, якога як прадстаўніка Рады БНР дэсантавалі ў БССР у 1952 годзе амерыканцы.
У лагеры трапіў на вытворчасць, дзе дзень працы залічваўся за два дні зняволення, таму выйшаў на свабоду датэрмінова 23 жніўня (паводле іншых звестак — 23 кастрычніка) 1957 года.
Пасля вызвалення на працу па спецыяльнасці не бралі, здолеў уладкавацца толькі настаўнікам вячэрняй школы сельскай моладзі. Праз тры гады з дапамогай Яраслава Пархуты ўладкаваўся ў ружанскую раённую газету, яшчэ праз год з дапамогай аднакурсніка перайшоў на працу ў лідскую раённую газету. Пазней стаў уласным карэспандэнтам «Гродзенскай праўды» ў Лідзе.
Рэабілітаваны судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР 31 студзеня 1989 года [1].
У пачатку 1990-х гадоў публікаваўся ў незалежнай прэсе, быў адным са стваральнікаў і рэдактарам лідскіх незалежных газет «Народная трыбуна» (1992) і «Голас з Ліды» (1993—1995).
Пасля выхаду на пенсію пераехаў у Мінск. Выступіў адным з рэдактараў зборніка ўспамінаў «Боль сквозь годы: Свидетельства жертв политических репрессий в 1930―1950 г.г.» (2004). Часопіс «Лідскі летапісец» апублікаваў успаміны Ф. Кардаша «У цянётах акупацыі».
Асабовая справа Кардаша № 21033-с з фотаздымкам захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Творы
правіць- У цянётах акупацыі // Лідскі летапісец. Краязнаўчы, гістарычна-літаратурны часопіс. 2005, № 1-2(29-30)(недаступная спасылка). С. 53-78.
- Забытая правда жизни // Деды: дайджест публикаций о белорусской истории. Минск, 2011. Вып. 6. С. 278―298.
Заўвагі
правіцьЛітаратура
правіць- Маракоў, Леанід. Кардаш Фёдар // Маракоў, Леанід. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. 1794—1991. Том I. Мінск, 2003. С. 420—421.
- Маракоў, Леанід. Кардаш Фёдар Іванавіч // Маракоў, Леанід. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. 1794—1991. Том III. Кніга II. Мінск, 2005. C. 594.
- Тарас, Валянцін. На высьпе ўспамінаў. Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2007. С. 324-325.
- Чарняўскі, Міхась. Кардаш Фёдар // Дэмакратычная апазыцыя Беларусі: 1956—1991. Пэрсанажы і кантэкст. Менск, 1999.
- Чарняўскі, Міхась. Кардаш Фёдар // Нонканфармізм у Беларусі: 1953—1985. Даведнік. Том 1 / Укладальнік Алег Дзярновіч. Мінск, 2004. С. 94-95.