Хупа
Хупа (саманазва: Natinixwe, літаральна "з вернутых шляхоў") — атабаскі народ, карэнныя жыхары поўначы Каліфорніі. Агульная колькасць (2016 г.) - 1500 чал.[1]
Хупа (Natinixwe) | |
Шаманка, 1921 г.
| |
Агульная колькасць | 1500 (2016 г.) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Каліфорнія |
Мова | хупа |
Рэлігія | шаманізм, анімізм, хрысціянства |
Блізкія этнічныя групы | ката, атабаскі Вугровай ракі, матоле, талова, тутутні |
Паходжанне
правіцьХупа належаць да ціхаакіянскага адгалінавання групы атабаскіх народаў, што насяляюць поўнач Каліфорніі і захад Арэгону. Ціхаакіянскія атабаскі мігрыравалі на сучаснае месца існавання з поўначы, пра што сведчыць іх фальклор[2]. Частка даследчыкаў мяркуе, што міграцыя магла адбыцца каля 1000 - 800 гадоў таму разам з паўднёвымі атабаскамі — наваха і апачы. Аднак гэта супярэчыць дадзеным лінгвістаў, якія знаходзяць істотныя адрозненні ў мовах ціхаакіянскіх і паўднёвых атабаскаў[3]. Хутчэй за ўсё, дзве галіны атабаскаў перасяліліся на поўдзень у выніку дзвюх розных міграцый.
Назва хупа была дадзена іх суседзямі-юрок па найменню адной з далін на паўночным захадзе Каліфорніі. Да сярэдзіны XIX ст. вылучаліся тры блізкія групы, якія пазней склалі сучасных хупа, — непасрэдна хупа, чылула і вілкут. У выніку кантактаў з еўрапейцамі яны пацярпелі ад эпідэмічных захворванняў і зведалі значнае скарачэнне насельніцтва. У 1864 г. урад ЗША падпісаў з імі дамову, паводле якой прызнаваў іх правы на зямлю і самакіраванне. Была створана адзіная для трох груп рэзервацыя, суіснаванне ў якой садзейнічала далейшай інтэграцыі.
Культура
правіцьГалоўнымі традыцыйнымі заняткамі хупа з'яўляюцца рыбалоўства, збіральніцтва, у меншай ступені — паляванне. Аснову іх існавання складалі сезонны лоў ласасёвых і збор жалудоў. Ужывалі арэхі, ягады, ядомае карэнне. З дапамогай лука і стрэл палявалі на ласёў, аленяў, зайцоў, птушак і інш.
Жылі ў сталых вёсках уздоўж ракі. Хаціны будавалі з хваёвых дошак, якія ставілі на каменны фундамент. Падлогу таксама высцілалі каменнем. Вопратку шылі са скур аленяў або кары. Скураныя макасіны апраналі толькі падчас вандровак. Мужчыны і жанчыны ўпрыгожваліся татуіроўкамі, насілі завушніцы.
Асноўнай сацыяльнай адзінкай была вясковая абшчына. Ёй належалі навакольныя землі і права лову на рацэ. Абшчыны складаліся з нуклеарных сем'яў. На чале абшчыны стаяў стараста, звычайна самы заможны чалавек вёскі. Яго ўлада магла перадавацца па спадчыне. Хупа актыўна гандлявалі з суседнімі плямёнамі, карысталіся ракавінамі-грашыма, вельмі цанілі багацце. Звычайна яно ацэньвалася накопленымі ракавінамі, скальпамі дзятлаў, аленевымі скурамі і абсідыянам. Важную ролю ў грамадстве адыгрывалі шаманы. Часцей за ўсё яны выступалі ў якасці лекараў.
Фальклор хупа адметны казкамі, легендамі, гістарычнымі паданнямі. Сярод святаў вылучаліся Новы год, што пачынаўся ўвесну з ходам ласасёвых, і восеньскае свята збору жалудоў. Яны суправаджаліся танцамі, цырыманіяльным чытаннем вершаў, дэманстрацыяй багаццяў. Традыцыйныя музычныя інструменты — трашчоткі, бразготкі, свістулькі,
Рэлігія
правіцьТраыцыйная рэлігія абапіралася на веру ў шматлікіх духаў, якія ўздзейнічалі на жыццё чалавека. Хупа верылі, што ў свеце існуюць пэўныя жорсткія правілы паводзінаў, закладзеныя з пачаткам свету, парушэнне якіх можа выклікаць непрыемнасці. Таму яны практыкавалі шматлікія забароны і табу. Лічылася, што пасля смерці душа накіроўваецца ў золкі замагільны свет, і толькі шаманы, што ведаюць цырымоніі, могуць разлічваць на існаванне на небе. Большасць шаманааў была жанчынамі. Найчасцей яны выступалі ў якасці лекараў, "высмоктвалі хваробу". За працу загаддзя бралі абавязковую плату, але вярталі яе пры няўдачы. Разам з гэтым, шаманы былі павінны арганізоўваць рытуалы, у тым ліку патаемныя.
У нашы дні многія вернікі спавядаюць хрысціянства.