Чарнагорская мова

Чарнагорская мова (саманазва: crnogorski jezik, црногорски језик) — паўднёваславянская мова заходняе падгрупы, у вузейшым сэнсе — літаратурны варыянт сербскахарвацкай мовы, на якім размаўляюць чарнагорцы і які выкарыстоўваецца ў якасці афіцыйнай мовы Чарнагорыі.

Чарнагорская мова
Саманазва crnogorski, црногорски
Краіны Чарнагорыя
Афіцыйны статус

 Чарнагорыя
Рэгіянальная ці лакальная афіцыйная мова:
 Сербія

Міжнародныя арганізацыі:

ЦЕАСГ
Агульная колькасць носьбітаў 229 тысяч (у Чарнагорыі, перапіс 2011 г.)[1]
Статус уразлівая
Класіфікацыя
Катэгорыя Мовы Еўразіі

Індаеўрапейская сям'я

Славянская галіна
Паўднёваславянская група
Заходняя падгрупа
Пісьменнасць лацінка (гаевіца)
кірыліца (вукавіца)
Моўныя коды
ISO 639-1
ISO 639-2 cnr
ISO 639-3 cnr
Ethnologue cnr
LINGUIST List 1ew
IETF cnr
Glottolog mont1282
Вікіпедыя на гэтай мове

Мова асноўваецца на іекаўска-штакаўскім дыялекце сербскахарвацкай моўнай сістэмы, які пашыраны ў Чарнагорыі і з’яўляецца з погляду параўнальнай лінгвістыкі адным з яе стандартызаваных узаемазразумелых варыянтаў разам з сербскай, харвацкай і баснійскай мовамі. Дыялект, які лёг у аснову літаратурнай чарнагорскай мовы, з’яўляецца таксама асновай для харвацкай, сербскай і баснійскай моў[2].

Як адзначаюць некаторыя даследчыкі, чарнагорская мова гістарычна мела назву сербскай[3]. Ідэя незалежнай, асобнай ад сербскай, чарнагорскай мовы ўзнікла ў перыяд 1990-х гадоў сярод прыхільнікаў незалежнасці Чарнагорыі. У выніку, чарнагорская мова была абвешчана афіцыйнай мовай краіны пасля ратыфікацыі новай Канстытуцыі краіны 22 кастрычніка 2007 года.

Літаратурны стандарт чарнагорскай мовы ўсё яшчэ развіваецца. Так, яе арфаграфія была зацверджана 10 ліпеня 2009 года, паводле якой у мове ўстанаўліваліся два варыянты алфавіта. Граматыка і навучальныя праграмы, аднак, пакуль застаюцца незацверджанымі[4].

Моўная стандартызацыя правіць

У студзені 2008 года Урадам Чарнагорыі быў сфарміраваны савет па кадыфікацыі мовы, дзейнасць якога накіравана на стандартызацыю мовы ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі. Дакументы, створаныя ў выніку працы савета, сталі пазней часткай мясцовых адукацыйных праграм.

Першая арфаграфія чарнагорскай мовы была афіцыйна прадстаўлена ў ліпені 2009 года. У гэтай сістэме была выказана прапанова замяніць сербскахарвацкія дыграфы sj, zj на асобныя літары, ś і ź[4]. Міністэрства адукацыі, аднак, не аддало перавагі ні аднаму з праектаў і вырашыла прыняць уласны варыянт арфаграфіі. Савет раскрытыкаваў гэты варыянт, адзначыўшы, што на думку членаў савета, ён мае вялікую колькасць «метадалагічных, канцэптуальных і лінгвістычных памылак»[5].

21 чэрвеня 2010 года савет па агульнай адукацыі Чарнагорыі прыняў першую чарнагорскую граматыку.

Статус правіць

 
Блакітны колер — тэрыторыя, дзе большасць насельніцтва адзначыла ў якасці сваёй роднай мовы чарнагорскую падчас перапісу насельніцтва ў 2003 г.

На думку шэрагу даследчыкаў, моўная сітуацыя з’яўляецца адным з вострых пытанняў у Чарнагорыі[6].

Паводле вынікаў перапісу насельніцтва ў 1991 годзе, большасць жыхароў Чарнагорыі — 510 320 чал., а іменна 82,97 % ад насельніцтва, пазначыла сябе як носьбітаў тагачаснай афіцыйнай мовы — сербскахарвацкай; падобныя звесткі былі атрыманыя таксама і па перапісе 1981 года. Між тым, паводле вынікаў перапісу 1909 большасць насельніцтва (95 %) тагачаснага Княства Чарнагорыя ўказала ў якасці сваёй роднай мовы сербскую. Паводле Канстытуцыі Чарнагорыі 1992 года, афіцыйнай мовай рэспублікі, якая на той момант уваходзіла ў склад Дзяржаўнага саюза Сербіі і Чарнагорыі, устанаўлівала сербскую мову іекаўскай формы.

Апошні перапіс насельніцтва ў Чарнагорыі, праведзены ў 2011 годзе, паказаў, што 36,97 % працэнтаў ад насельніцтва краіны лічыць сваёй роднай мовай чарнагорскую, тады як 42,88 % у якасці роднай мовы ўказала сербскую[7]. Яшчэ да абвяшчэння вынікаў некаторыя палітыкі, напрыклад, лідар апазіцыйнай партыі SNP Срджан Міліч, выказалі меркаванне, што вельмі невялікая частка жыхароў Чарнагорыі назвала сваёй роднай мовай чарнагорскую, а сам праект праваліцца[8]. Між тым, гэты перапіс засведчыў павышэнне працэнтнай долі асоб, якія лічаць роднай мовай чарнагорскую, на 5 %.

Асобы, якія ўказваюць у якасці сваёй роднай мовы чарнагорскую, пражываюць у асноўным у старой гістарычнай вобласці з цэнтрам у Падгорыцы. На поўначы краіны, які быў далучаны ў 1912 годзе, большая частка ад насельніцтва ў якасці сваёй роднай мовы ўказвае сербскую.

Чарнагорскі адвакат Міят Шукавіч пры складанні свайго чарнавога варыянта Канстытуцыі краіны прапанаваў палажэнне аб чарнагорскай мове як афіцыйнай мове краіны. Венецыянская камісія, кансультатыўны орган пры Савеце Еўропы, у цэлым станоўча паставілася да праекта Канстытуцыі, не закрануўшы пры гэтым пытанні мовы і царквы, палічыўшы іх сімвалічнымі. Сваё адмоўнае стаўленне да моўнага становішча выказалі Сацыялістычная народная партыя Чарнагорыі, Народная партыя, Дэмакратычная сербская партыя, Баснійская партыя, Рух за змены, а таксама кааліцыя «Сербскі спіс» на чале з Сербскай народнай партыяй. Новая Канстытуцыя, якая рэгулявала б становішча чарнагорскай мовы, была прынятая дзвюма трацінамі парламента, у тым ліку Кааліцыя за еўрапейскую Чарнагорыю, Рух за змены, Баснійская партыя і Ліберальная партыя Чарнагорыя (пра-сербскія партыі выказаліся супраць, партыі албанскай меншасці ўстрымаліся). Канстытуцыя краіны, прынятая 22 кастрычніка 2007 года, прызнае чарнагорскую мову афіцыйнаю моваю Чарнагорыі[9], а таксама прызнае разам з ёй албанскую, баснійскую, харвацкую і сербскую.

Цяперашні прэм’ер-міністр Чарнагорыі Міла Джуканавіч выказваў сваю падтрымку стандартызацыі чарнагорскай мовы, заявіўшы пра сябе як носьбіта чарнагорскай мовы ў інтэрв’ю сербскаму штодзённіку Politika у кастрычніку 2004 года. Афіцыйны сайт Урада Чарнагорыі змяшчае дзве версіі — па-чарнагорску і па-англійску[10], на афіцыйнай web-старонцы Прэзідэнта краіны заяўляецца пра напісанне сайту на чарнагорска-сербскай версіі (Crnogorsko-srpska verzija).

У 2004 годзе Урад Чарнагорыі зацвердзіў змены, згодна з якімі назва школьнага прадмета «Сербская мова» змянялася на «Родная мова (сербская, чарнагорская, баснійская, харвацкая)», што было зроблена з мэтай падтрымкі моўнай разнастайнасці краіны і грамадзян, якія лічаць сябе носьбітамі іншых моў апрача сербскай[11]. Гэта, аднак, прывяло да забастовак настаўнікаў і адмоў бацькоў пасылаць сваіх дзяцей у школы[12] ў местах Нікшыч, Падгорыца, Беранэ, Плеўля і Херцэг-Нові.

Дыскусія правіць

Чарнагорыя, на думку некаторых даследчыкаў, з’яўляецца адным з прыкладаў драбнення нацыянальнай ідэнтычнасці ва Усходняй Еўропе на мяжы ХХ-ХХІ стст. Самавызначэнне для легітымацыі незалежнасці грунтуецца на двух прынцыпах:

  • абгрунтаванне ўласнага гістарычнага шляху, не такога як у суседніх краін
  • дэкларацыя існавання ўласнай мовы

Гэтыя прынцыпы актыўна абмяркоўваюцца ў навуцы з мэтай падмацаваць палітычныя заявы фактамі лінгвістычных і гістарычных даследаванняў. Напрыклад, прыхільнікі існавання асобнай чарнагорскай мовы выступалі і за палітычную незалежнасць Чарнагорыі. Члены чарнагорскага ПЭН-цэнтра пратэставалі супраць Канстытуцыі 1992 года, паводле якой у якасці дзяржаўнай мовы ўстанаўлівалася сербская, аргументуючы сваю адмоўную пазіцыю правам кожнай нацыі на ўласную мову, прыводзячы на ўзор харвацкую, баснійскую, македонскую і малдаўскую мовы. Яны не адмаўлялі ўваходжання чарнагорскай мовы ў склад сербскахарвацкай моўнай сістэмы, але патрабавалі каб мова афіцыйна называлася чарнагорскаю[13], падобныя прапановы былі падтрыманыя і арганізацыяй Matica crnogorska.

Лінгвістычныя рысы правіць

Чарнагорцы размаўляюць у асноўным на штакаўскіх гаворках, якія аб’ядноўваюць іх з носьбітамі іншых суседніх славянскіх краін, а іменна на ўсходнегерцагавінскім (распаўсюджаны на захадзе і паўночным захадзе Чарнагорыі) і зэцка-паўднёвасанджацкім (астатняя частка краіны) дыялектах.

З погляду марфалогіі чарнагорская мова адрозніваецца дзякуючы захаванню ўжывання ў гутарковым маўленні імперфекта разам з формамі аорыста, перфекта, плюсквамперфекта, тады як у іншых рэгіянальных сербскахарвацкіх варыянтах гэтая дзеяслоўная форма носіць кніжны, а цяпер нават архаічны характар.

Прыхільнікі асобнасці чарнагорскай мовы карыстаюцца лацінскім алфавітам і прапаноўваюць дапоўніць алфавіт літарамі С́ [ç], З́ [ʝ] і Ѕ [ʣ][14]. Гэты праект рэфармавання, у прыватнасці, падтрымлівае прафесар кафедры мовы і літаратуры ў Чарнагорскім універсітэце і кіраўнік Інстытута чарнагорскай мовы Ваіслаў Нікчэвіч[15]. Аднак на думку апанентаў гэтага праекта гукі, для якіх прапаноўваюцца новыя літары, не ўтвараюць моўнай сістэмы, з гэтай прычыны яны не могуць быць прызнаныя фанемамі і з’яўляюцца толькі алафонамі[16]. Разам з тым, гэтыя гукі ўжываюцца не ва ўсіх чарнагорскіх рэгіёнах, пры гэтым могуць ужывацца ў некаторых нечарнагорскіх (Герцагавіна, Баснійская Краіна).

Цяперашні чарнагорскі алфавіт. Ніжэй пададзеныя кірылічныя адпаведнікі лацінскіх літар.

Лацініца A B C Č Ć D Dž Đ E F G H I J K L Lj M N Nj O P R S Š Ś T U V Z Ž Ź
Кірыліца А Б Ц Ч Ћ Д Џ Ђ Е Ф Г Х И Ј К Л Љ М Н Њ О П Р С Ш С́ Т У В З Ж З́

Графіка і фанетыка правіць

Як і ў сербскай мове, запазычаныя ўласныя імёны запісваюцца фанетычна. Чарнагорская мова характарызуецца іекавізмам — ije вымаўляецца як два склады, тады як у іншых рэгіёнах сербскахарвацкай моўнай сістэмы з’яўляецца дыфтонгам. Гістарычна ije з’яўляецца вынікам змянення асаблівага праславянскага гука, пазначанага як «ѣ».

Чарнагорская Сербская, харвацкая, баснійская Беларуская
нијесам нисам «я не ёсць…»
тијех тих родны склон ти, те, та «тых»
тијема тима давальны склон ти, те, та
овијех ових родны склон ови, ове, ова «гэтых»
овијема овима давальны склон ови, ове, ова

Памякчэнне [д], [т], [с], [з] перад [e] у чарнагорскай мае свае асаблівасці:

Чарнагорская Сербская Харвацкая, баснійская Беларуская
ђе где gdje дзе
ђевојка девојка djevojka дзяўчына
ђеца деца djeca дзеці
лећети летети летјети ляцець
ћерати терати тјерати гнаць, разганяць
с́еди седи сједи сядзь
с́екира секира сјекира сякера
из́елица изелица изјелица ядок

Лексіка правіць

Чарнагорская лексіка не мае істотных адрозненняў ад сербскахарвацкай, аднак ёсць некаторыя асаблівасці. Ніжэй прыведзеныя словы агульнай паходжання, якія пры гэтым утварылі розныя формы[17]:

Чарнагорская Сербская (Сербія) Баснійская, харвацкая, сербская Босніі Беларуская
цкло стакло стакло шкло
ђетић дечак дјечак хлопчык
коштањ кестен кестен каштан
мртац мрвтац мрвтац мярцвяк
омразити мрзети / мрзити мрзити ненавідзець
с́утра сутра сутра заўтра
знавен познат познат вядомы

Прыклады слоў, што маюць аднолькавае значэнне ў чарнагорскай, сербскай і харвацкай:

Чарнагорская Сербская Баснійская, харвацкая Беларуская
извањац странац странац іншаземец
глиб блато блато гразь
цукар шећер шећер цукар
ориз пиринач рижа рыс
разурити срушити срушити разбурыць

Формы інтэрнацыяналізмаў у чарнагорскай таксама маюць свае асаблівасці:

Чарнагорская Сербская Баснійская, харвацкая Беларуская
суфікс -тада (напр. квалитада) -тет (квалитет) -тета (квалитета) якасць
суфікс -ан (напр. Аустријан) -анац (Аустријанац) -анац (Аустријанац) аўстрыец
суфікс -дур(ица) (напр. штимадур(ица)) проценитељ(ица) процјенитељ(ица) ацэншчык (-шчыца)

У літаратуры правіць

Многія чарнагорскія аўтары абапіраліся ў сваёй творчасці на народную аснову. Літаратура Сярэднявечча ў асноўным пісалася на стараславянскай мове і яе ізводах, але ў ХІХ ст. дыялекты Чарнагорыі сталі пераважаць у мясцовай літаратуры. Яна ўключае ў сябе народны фальклор, сабраны Вукам Стэфановічам Караджычам і інш., асобныя кнігі чарнагорскіх пісьменнікаў («Горны вянок» Петара Петравіча Негаша, «Прыклады чалавецтва і адвагі» Марка Міланава) і г.д. Уад другой паловы ХІХ ст. у літаратуры больш выкарыстоўваўся ўсходнегерцагавінскі дыялект, які з’яўляецца асновай сербскахарвацкай мовы, замест мясцовага зэцка-санджацкага дыялекту.

Напрыклад, большую частку форм вінавальнага склону, ўласцівых для зэцка-санджацкага дыялекту, Негаш  (руск.) замяніў на формы мясцовага, характэрныя для сербскай мовы. Так, напрыклад, страфа з рукапісу U dobro je lako dobar biti, / na muku se poznaju junaci у друкаванай версіі была заменена на радок U dobru je lako dobar biti, / na muci se poznaju junaci. У іншых творах чарнагорскіх пісьменнікаў таксама адсочваецца тэндэнцыя прытрымлівацца норм усходнегерцагавінскага дыялекту. Тым не менш, у літаратуры таксама трапляліся і рысы, уласцівыя для зэцка-санджацкага дыялекту: напрыклад, вершы Ніколы І Петравіча  (руск.) Onamo namo, za brda ona, Onamo namo, da viđu і г.д.

Зноскі

  1. Вынікі перапісу насельніцтва Чарнагорыі 2011 года, з. 10
  2. Serbian, Croatian, Bosnian, Or Montenegrin? Or Just 'Our Language'?
  3. гл. Роланд Сасекс, Пол Каберлі, The Slavic Languages, Cambridge University Press, Cambridge 2006; esp. v. ст. 73: «Serbia had used Serbian as an official language since 1814, and Montenegro even earlier.»
  4. а б 2 more letters in Montenegrin language Архівавана 25 сакавіка 2016.
  5. http://www.mondo.rs/v2/tekst.php?vest=142385 Архівавана 4 жніўня 2012.
  6. Montenegro embroiled in language row. BBC. Праверана 28 кастрычніка 2013.
  7. Census of Population, Households and Dwellings in Montenegro 2011. Monstat. Праверана 28 кастрычніка 2013.
  8. Kako je propao crnogorski jezik Архівавана 10 сакавіка 2014.
  9. Артыкул 13 Канстытуцыі Чарнагорыі.
  10. Official site of Government of Montenegro Архівавана 15 лютага 2009.
  11. Slobodan Backović potpisao odluku o preimenovanju srpskog u maternji jezik, Voice of America
  12. «Počelo otpuštanje profesora srpskog», Glas Javnosti
  13. Declaration of Montenegrin P.E.N. Centre
  14. Proposed Montenegrin alphabet, Montenet.org
  15. Pravopis crnogorskog jezika, Vojislav Nikčević. Crnogorski PEN Centar, 1997
  16. Politika: Црногорци дописали Вука
  17. Sreten Zekovic. Архіўная копія(недаступная спасылка). MONTENEGRINA - digitalna biblioteka crnogorske kulture i nasljedja. Архівавана з першакрыніцы 29 кастрычніка 2010. Праверана 30 кастрычніка 2013.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць