Чэва (саманазва Acheŵa), таксама ньянджа (Anyanja) — афрыканскі народ, карэнныя жыхары Малаві, Замбіі, Мазамбіка, Зімбабвэ. Жывуць таксама ў суседніх краінах. Агульная колькасць (2023 г.) — 13 642 200 чалавек[1].

Чэва
(Acheŵa')
Агульная колькасць 13642200 (2023 г.)
Рэгіёны пражывання  Малаві — 9 649 000
 Замбія — 2 081 000
 Мазамбік — 1 355 000
 Зімбабвэ — 493 000
Мова чычэва
Рэлігія монатэізм, культ продкаў, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы тонга, тумбука, яа

Паходжанне правіць

Чэва — нашчадкі груп банту, якія мігрыравалі да канца XV ст. з Цэнтральнай Афрыкі ў рэгіён возера Ньяса, дзе заснавалі дзяржаўнае ўтварэнне Мараві. У перыяд найбольшай магутнасці яно займала значныя тэрыторыі сучасных дзяржаў Замбія, Малаві і Мазамбік, аднак у сярэдзіне XIX ст. распалася з-за нашэсця нгоні. Ад назвы Мараві паходзіць найменне сучаснай дзяржавы Малаві.

Назву чэва атрымалі тыя маравійцы, што насялялі цэнтральную частку Малаві і ўсход Замбіі. Пазней яна распаўсюдзілася на групы, якія не карысталіся ёю як саманазвай, але размаўлялі на мове чычэва як роднай. Другая назва ньянджа, па адной версіі, адносілася да чальцоў патаемных таварыстваў, характэрных для культуры Мараві. Па другой версіі, так першапачаткова называліся насельнікі прыбярэжнай паласы возера Ньяса.

Культура правіць

Відавочна, продкі чэва займаліся пераважна пастаральнай жывёлагадоўляй, аднак пасля перасялення ў даліны каля возера Ньяса хутка асвоілі земляробства. Вырошчваюць кукурузу, гарбузы, арахіс, маніёк. Асноўная таварная культура — тытунь. У мінулым існавалі прафесійныя рамесніцкія групы металургаў і збройнікаў. У нашы дні гараджане працуюць у прамысловасці.

Аснову традыцыйнай народнай вопраткі складае насцегнавая повязь, што ў нас час спалучаецца з блузамі, кашулямі, сукенкамі.

Чэва ядуць двойчы на дзень: увечары — асноўную страву, раніцай — яе рэшткі. Звычайная ежа — кукурузная каша нсіма, а таксама смажаная арахісавая мука масамба з гароднінай, радзей — з мясам. У сельскай мясцовасці папулярна шарападобнае саланаватае печыва, якое ўжываюць як закуску.

Тыповы від паселішча — кампактная вёска з раскіданай планіроўкай. Традыцыйныя жытлы ўяўляюць сабою каркасныя круглявыя хаціны з плеценымі сценамі, абмазанымі глінай.

Галоўнай сацыяльнай адзінкай доўгі час быў матрылінейны род з адлікам сваяцтва па маці. Аднак у XIX — XX стст. родавыя арганізацыі страцілі свой уплыў. Выключэнне складаюць роды Фіры і Банда, прадстаўнікі якіх у перыяд існавання дзяржавы Мараві займалі пасады манархаў, выконвалі ваенныя або рытуальныя функцыі. Захавалася фармальная пасада манарха калонга, яе можа займаць толькі член Фіры.

Адлік сваяцтва і перадача спадчыны па матчынай лініі захоўваюцца і ў нашы дні. Важную ролю ў выхаванні і сталенні дзяцей адыгрываюць дзядзькі, браты маці. Без іх дазволу немагчыма заключэнне шлюбу. Разводы з’яўляюцца звычайнай справай, пры гэтым маёмасць і дзеці застаюцца ў жонкі, а муж вымушаны пакінуць паселішча. Частка мужчын мае болей за адну жонку, што дае ім магчымасць пазбегнуць збяднення ў выніку разводу з адной з іх. У вёсках дзейнічаюць патаемныя мужчынскія саюзы ньяў. У іх уступаюць у падлеткавым узросце пасля ініцыяцыі.

Чэва вядомы сваім музычным мастацтвам, спевамі і танцамі. Вылучаюць цыклы песень, прысвечаных палавому сталенню, распіванню піва, вяселлю, розным рытуалам, хвалебныя і пахавальныя песні. Часцяком складальнікамі песень і генеалагічных паданняў выступаюць жанчыны. Найбольш вядомыя танцы — групавы мужчынскі мганда і групавы жаночы чымталі, якія выконваюць на вяселлях. Падчас ініцыяцыі або пахаванняў арганізуюць асобны мужчынскі танец ньяў з маскамі. Апрананне масак таксама характэрна для маляўнічага рэлігійнага свята Гуле ва мкулу.

Мова правіць

Мова чычэва адносіцца да групы моў банту, падзяляецца на шэраг рэгіянальных дыялектаў. Мае афіцыйны статус у Малаві. Першая граматыка на аснове лацінкі была складзена ў 1880 г.

Рэлігія правіць

Большасць вернікаў спавядае хрысціянства (пратэстантызм і каталіцызм), якое распаўсюдзілася дзякуючы дзейнасці місіянераў у XIX ст. Акрамя таго, існуе невялікая, але адносна ўплывовая мусульманская меншасць. Разам з гэтым, многія чэва, незалежна ад канфесіі, прытрымліваюцца традыцыйных вераванняў. Яны шануюць бажаство Чау́та, што стварыла ўсіх жывых істот на гары Кіпілінціва, дзе захаваліся іх сляды, а таксама продкаў і культурных герояў. Важнае месца ў рытуалах займаюць танцы з маскамі. Чэва вераць, што маскі дапамаюць ім злучыць душы жывых, памерлых і жывёл разам.

Зноскі

Спасылкі правіць