Шантарскія астравы
Шанта́рскія астравы (руск.: Шантарские острова) — архіпелаг з 15 вялікіх і мноства малых астравоў і скал у Ахоцкім моры. Уваходзіць у склад Хабараўскага края Расіі. Агульная плошча — каля 2500 км².
Шантарскія астравы | |
---|---|
руск. Шантарские острова | |
Характарыстыкі | |
Колькасць астравоў | 15 |
Найбуйнейшы востраў | Востраў Вялікі Шантар |
Агульная плошча | 2 500 км² |
Найвышэйшы пункт | 701 м |
Размяшчэнне | |
55°00′ пн. ш. 137°30′ у. д.HGЯO | |
Акваторыя | Ахоцкае мора |
Краіна | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Геаграфія
правіцьШантарскія астравы размешчаны на паўднёвым захадзе Ахоцкага мора прыкладна за 265 км ад паўночнай часткі вострава Сахалін, 287 км ад вусця ракі Амур, 707 км ад горада Хабараўск, 5712 км ад Масквы і 6306 км ад Мінска. Бліжэйшы да архіпелага населены пункт Чумікан знаходзіцца за 100 км на захад.
Вылучаюць 15 астравоў і мноства дробных астраўкоў і скал. Самы буйны востраў Вялікі Шантар займае плошчу каля 1766 км². Некаторыя малыя астравы сфарміраваны базальтамі 56 — 37 млн гадоў таму. Аднак большая частка сушы складаецца са значна маладзейшых геалагічных пластоў, у якіх пераважаюць вапнякі і крамянёвыя пароды. Мяркуюць, што ў апошнюю ледавіковую эпоху паверхня Шантарскіх астравоў не была пад ільдом.
Рэльеф узгорысты, шмат скал. Частку ўзбярэжжа атачаюць пясчаныя і галечныя пляжы. Найвышэйшая кропка — гара Вясёлая (701 м, па іншых дадзеных 720 м) на Вялікім Шантары. На астравах ёсць маляўнічыя рэкі, вадаспады і азёры.
Клімат субарктычны прахалодны, больш характэрны для паўночнай часткі Ахоцкага мора. Лёд растае каля ўзбярэжжа толькі ў пачатку ліпеня, а ў жніўні пачынаецца восеньскае пахаладанне.
Прырода
правіцьПаверхня астравоў пакрыта лісцевымі і хваёвымі лясамі. Фаўна прадстаўлена 200 відамі птушак. Найбуйнейшы насельнік сушы — буры мядзведзь. Узбярэжжа астравоў і навакольныя воды наведваюць шматлікія ластаногія і кіты. У рэках нерастуюць ласосепадобныя.
Гісторыя
правіцьРасійскія казакі маглі бачыць Шантарскія астравы з заходняга ўзбярэжжа Ахоцкага мора яшчэ ў канцы XVII ст. Аднак іх адкрыццё звычайна прыпісваецца казацкай экспедыцыі 1713 г.
У 1728 г. з’явіўся імператарскі ўказ Пятра II займацца на Шантарах паляваннем на пушных звяроў.
У 1828 г. было заснавана паселішча Руска-Амерыканскай кампаніі. Аднак яно не мела сталага характару. У XIX ст. на Шантарскіх астравах таксама будаваліся часовыя базы амерыканскіх кітабояў. З сярэдзіны XIX ст. на астравах вяліся навуковыя даследаванні.
У 1926 г. на Шантарскія астравы была арганізавана экспедыцыя прадпрыемства «Дальрыба», пасля якой на востраве Вялікі Шантар быў пабудаваны пасёлак і арганізаваны саўгас. Але пазней яны былі ліквідаваны з-за стратнасці.
У 1999 г. на Шантарскіх астравах быў арганізаваны дзяржаўны прыродны заказнік. Вядзецца абмеркаванне стварэння нацыянальнага парка.
У наш час на востраве Вялікі Шантар працуе метэаралагічная станцыя. Сезонна астравы наведваюць турысты, паляўнічыя, рыбакі і вучоныя. Сталага насельніцтва няма.