Сахалін

(Пасля перасылкі з Востраў Сахалін)

Сахалі́н (руск.: Сахалин) — востраў на паўночным захадзе Ціхага акіяна каля ўсходняга ўзбярэжжа Азіі. Уваходзіць у склад Сахалінскай вобласці, буйнейшы востраў у складзе Расійскай Федэрацыі. Плошча — 76 600 км². Насельніцтва (2021 г.) — 464 120 чалавек[1].

Сахалін
руск. Сахалин
Ахоцкае ўзбярэжжа
Ахоцкае ўзбярэжжа
Характарыстыкі
Плошча76 600 км²
Найвышэйшы пункт1 609 м
Насельніцтва464 120 чал. (2021)
Шчыльнасць насельніцтва6,06 чал./км²
Размяшчэнне
050°51′ пн. ш. 143°08′ у. д.HGЯO
АкваторыяЦіхі акіян
Краіна
Суб’ект РФСахалінская вобласць
Сахалін (Расія)
Сахалін
Сахалін
Сахалін (Сахалінская вобласць)
Сахалін
Сахалін
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Геаграфія

правіць
 
Заліў Памор лагуннага тыпу на поўначы Сахаліна

Востраў Сахалін знаходзіцца ў далёкаўсходнім рэгіёне Расіі. З поўначы і ўсходу амываецца Ахоцкім морам. З паўднёвага захаду — Японскім морам. На захадзе аддзелены ад Азіяцкага мацерыка Татарскім пралівам (у самай вузкай частцы — праліў Невяльскога[2] — мае шырыню 7,3 км і замярзае зімой). На поўдні — ад японскага вострава Хакайда пралівам Лаперуза. Даўжыня з поўначы на поўдзень — 948 км. Сярэдняя шырыня — каля 100 км, але на перасмыках істотна звужаецца да 6 км каля горада Аха[3]. Найбольшая шырыня — 160 км.

Сахалін і прылеглыя акваторыі ўтвараюць паўночна-заходні сегмент Ціхаакіянскага рухомага пояса. Уздоўж усяго Сахаліна ў мерыдыянальным кірунку працягваюцца тры буйныя разломы. Тут перыядычна здараюцца землятрусы. 28 мая 1995 года землятрус магнітудай 7,6 за 17 секунд разбурыў пасёлак Нефцягорск на поўначы вострава[4]. Падмурак складзены палеазойскімі і мезазойскімі магматычнымі пародамі. Іх выхад на паверхню назіраецца ў паўднёвых і цэнтральных усходніх раёнах. З канца пратэразою Сахалін з’яўляўся мацерыковай ускраінай, аднак перыядычна затапляўся акіянам. У мелавы перыяд на паверхні назапашваліся асадкі біялагічнага паходжання. Яны складаюць аснову Заходне-Сахалінскага (вышынёй да 1330 м) і Усходне-Сахалінскага (вышынёй да 1609 м) хрыбтоў. Паміж імі пралягае дэпрэсія, запоўненая кайназойскімі пародамі. Поўнач ад паселішча Ноглікі ўяўляе сабою раўніну, сфарміраваную друзлымі кайназойскімі пяскамі. Вядомыя карысныя выкапні: каменны вугаль, нафта, прыродны газ, фасфаты, вапнякі, жалеза, нікель, золата, магнетыт[5] і інш.

Берагавая лінія зрэзана слаба. Буйнейшыя залівы: Аніва і Цярпення. У мора значна выступаюць паўастравы Шміта, Цярпення, Крыльёнскі і Таніна-Аніўскі. На поўначы і захадзе намытыя моцным прыбоем пясчаныя бар’еры ўтвараюць замкнёныя салёныя лагуны: азёры Неўскае (178 км²) і Тунайча (174 км²), залівы Байкал, Памор, Пільтун, Ныйскі, Набільскі і г. д. Для Сахаліна характэрна шчыльная рачная сетка. Наўдаўжэйшая рака — Паранай (каля 350 км)[6]. Яна бярэ пачатак у гарах. У далінах ніжняй плыні ракі мноства азёр. У зонах тэктанічных разломаў сустракаюцца гарачыя мінералізаваныя крыніцы і гразевыя вулканы[7]. Найбольш вядомыя тыя, што знаходзяцца на поўначы.

Асаблівасці клімату вызначаюцца выцягнутасцю вострава з поўначы на поўдзень. Але ўплыў геаграфічнай шыраты не з’яўляецца вырашальным. Кліматычныя адрозненні назіраюцца паміж поўначчу і поўднем, усходнім і заходнім узбярэжжамі, а таксама паміж унутранымі часткамі і берагам. У значнай ступені клімат фарміруецца пад уплывам Азіяцкага мацерыка і Ціхага акіяна, якія ствараюць летнія і зімовыя мусоны[8]. Летні мусон рухаецца з паўднёвага ўсходу. Ён робіць лета прахалодным, вільготным, з частымі дажджамі і туманамі. Зімовы мусон прыносіць з унутраных частак мацерыка на паўночным захадзе халоднае кантынентальнае паветра, якое некалькі выграваецца і ўзбагачаецца вільгаццю над незамярзальнымі ўчасткамі Ахоцкага мора і Татарскага праліва. Значнае ўздзеянне, асабліва на поўдзень Сахаліна, аказваюць цыклоны, што ўзімку выклікаюць пацяпленне і снегапады, а ў канцы лета — тайфуны. На працягу года над Сахалінам праходзіць каля 100 цыклонаў.

У раёне Южна-Сахалінска сярэдняя тэмпература жніўня трымаецца каля +17,3 °C, а студзеня — каля −12,2 °C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў — 815 мм. На поўначы ў раёне горада Аха ў ліпені слупок тэрмометра трымаецца каля +16,7 °C, у студзені — каля −17,9 °C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў — 627,4 мм.

Прырода

правіць

На Сахаліне прынята вылучаць 2 буйныя батаніка-геаграфічныя рэгіёны[9]. Першы ахоплівае паўночна-ўсходнюю частку вострава. Мясцовая расліннасць мае барэальнае аблічча, шырокія прасторы занятыя мохавай тундрай. На поўдзень ад гэтага рэгіёна тыповыя паўночныя расліны суседнічаюць з паўднёвымі субтрапічнымі. Флора Сахаліна збеднена ў параўнанні з суседнімі раёнамі мацерыка і востравам Хакайда[10]. Тым не меней, тут вылучаюць 1100 відаў раслін, у тым ліку 200 відаў дрэваў і хмызнякоў. Шырока прадстаўлены лістоўніца, піхта, елка, бяроза, таполя, вольха, вярба, клён, коркавае дрэва, розныя ліяны накшталт актынідыі, лімонніка і японскага вінаграда, высакарослыя травы, у тым ліку сахалінская грэчка, бамбук і рададэндраны.

Фаўна сушы даволі разнастайная. Нараўне з тыповымі прадстаўнікамі жывёльнага свету тайгі, востраў насяляюць цеплалюбівыя жывёлы: земнаводныя, паўзуны, птушкі, нават субтрапічныя віды жукоў і матылёў[11]. На Сахаліне шмат бурых мядзведзяў. Іх памеры дастаткова вялікія, вага цела каля 500 кг, даўжыня дасягае 2,2 м. На ўсёй тэрыторыі вострава зрэдку сустракаецца кабарга, на поўначы — дзікія паўночныя алені, на Таніна-Аніўскім паўвостраве — высакародныя алені. Распаўсюджаны чырвоныя, шэрыя і срабрыста-чорныя лісы. Іншыя наземныя сысуны: рачная выдра, заяц-бяляк, собаль, гарнастай, ласка, вавёркі, расамаха. Калісьці каля берагоў здабывалі калана. У нашы дні ён захоўваецца толькі на востраве Манерон каля паўднёва-заходняга ўзбярэжжа. Берагі Сахаліна і бліжэйшых астравоў вабяць ластаногіх. Найбуйнейшае іх лежбішча месціцца на востраве Цюленевы ў Ахоцкім моры. Гэты востраў таксама знакаміты вялікім птушыным базарам. Шмат птушак і на самім Сахаліне. Тут гняздуюць качкі, гусі, лебедзі, гарбаткі, бакланы.

Рэкі і азёры Сахаліна славяцца вялікай колькасцю ласасёвых рыб. Аднак найбуйнейшая прахадная рыба калуга[12] адносіцца да асятровых. У навакольных марскіх водах здабываюць крабаў, мідыі, марскіх вожыкаў, васьміногаў, шматлікіх прамысловых рыб. Ахоцкае і Японскае моры насяляюць 15 відаў кітоў.

Гісторыя

правіць
 
Ніўхі Сахаліна. Японскі малюнак 1810 г.

Людзі сучаснага тыпу перасяліліся на Сахалін каля 20 тысяч гадоў таму, верагодна, з ніжняй плыні Амура[13]. У каменным веку мясцовыя насельнікі мелі шчыльныя сувязі з жыхарамі Японскіх астравоў, адкуль паступалі прылады працы з абсідыяну[14]. У VIII — III стст. да н. э. на поўдні Сахаліна сфарміравалася Аніўская археалагічная культура, адгалінаванне японскай неалітычнай культуры Дзёмон[15]. У 1 тысячагоддзі н. э. востраў ператварыўся ў адзін з цэнтраў Ахоцкай археалагічнай культуры. Мяркуецца, што яе носьбіты паходзілі з Прыамур’я. Згодна з версіяй японскіх лінгвістаў, яны размаўлялі на мове, што стала продкавай у адносінах да мовы айнаў. Аднак археолагі Сахаліна звязваюць іх паходжанне з махэ. Прысутнасць тунгуса-маньчжурскіх груп болей выразна выяўляецца ў канцы 1 тысячагоддзя, калі з’яўляюцца тыповыя пяці- і шасцікутныя жытлы зямлянкавага тыпу, апрацоўка жалеза і трыманне свінняў.

У XII ст. Сахалін быў далучаны да дзяржавы чжурчжэняў. Сведчаннем гэтага з’яўляюцца рэшткі крэпасцей, якія ўтваралі ланцуг уздоўж усходняга ўзбярэжжа ад цэнтральнай часткі да поўдня[16]. У іх маглі жыць не толькі салдаты і гандляры, але таксама рамеснікі. У XIII ст., калі імперыя Цзінь пацярпела паражэнне ад манголаў, на востраў з суседняга Хакайда ўварваліся плямёны айнаў. Археолагі фіксуюць, што ў канцы XIII ст. або ў пачатку XIV ст. папярэдняя ахоцкая культура на поўдні Сахаліна нібы знікае, перасцілаецца айнскімі артэфактамі. Айны прыходзілі ў складзе ваенізаваных дружын. Згодна з іх апавяданнямі, папярэдняе насельніцтва тончы было вымушана збегчы на лодках у мора[17]. Аднак існуе імавернасць, што значная частка папярэднікаў была асімілявана заваёўнікамі. На поўначы Сахаліна захаваліся плямёны ніўхаў, у цэнтральнай і паўночнай частках — тунгусамоўныя аленегадоўцы-оракі. Такая этнічная сітуацыя праіснуе да першай паловы XIX ст.

У 1263 г. мангольскі хан Хубілай падпарадкаваў ніжнюю плынь Амура. Ужо ў 1265 г. ён атрымаў скаргу пра напад айнаў на ніўхаў. У 1284 г., 1285 г. і 1286 г. манголы арганізоўвалі ваенныя экспедыцыі на Сахалін і канчаткова падпарадкавалі яго ў 1308 г. Мясцовае насельніцтва выплочвала штогадовую даніну футрамі і скурамі[18]. Найбольшую каштоўнасць мелі скуры гарнастаяў, з якіх рабілі цырыманіяльную вопратку для мангольскіх імператараў Юань[19]. Падобна да чжурчжэняў, манголы будавалі на востраве свае крэпасці. У эпоху дынастыі Мін на Сахаліне дзейнічалі 3 кітайскія пасты, мясцовыя старэйшыны атрымоўвалі чыноўніцкія пасады і заахвочваліся за спраўную выплату даніны[20]. Тым не меней, уплыў дынастыі Мін быў вельмі абмежаваным.

У 1636 г. паўднёвую частку Сахаліна даследавала японская экспедыцыя на чале з Кода Седзаэмонам. У 1644 г. на аснове сабранай ёю звестак была складзена першая карта вострава[21]. 14 ліпеня 1643 г. Сахалін быў адкрыты экспедыцыяй Галандскай Ост-Індскай кампаніі на чале з М. дэ Фрызам[nl]. Галандскія караблі ўвайшлі ў заліў Аніва, аднак з-за туману не знайшлі праліва на поўдні, таму М. дэ Фрыз палічыў Сахалін працягам Хакайда[22]. У 1640 г. паўночна-заходні бераг Сахаліна маглі назіраць рускія казакі на чале з Іванам Масквіціным[ru], але ў сучасных навукоўцаў гэта выклікае сумненні. Хутчэй першымі рускімі, якія ўбачылі Сахалін, былі чальцы амурскай экспедыцыі Васіля Паяркава[ru] ў 1644 г.[23]. У 17091710 гг. ніжнюю плынь Амура і Сахалін даследавала маньчжурская экспедыцыя, арганізаваная па загаду імператара Кансі. У яе склад уваходзілі еўрапейскія езуіты. Дзякуючы дасланым імі звесткам у 1722 г. у Лондане і ў 1736 г. у Парыжы былі выдадзены атласы, дзе на карце Далёкага Усходу меліся абрысы вострава каля вусця Амура, названага «Saghalien-Ula-Hata, або востраў Чорнай ракі»[24]. Такім чынам, назва Сахаліна паходзіць ад назвы Амура, вядомага сярод маньчжураў менавіта як «Чорная рака» (маньчж. ᠰᠠᡥᠠᠯᡳᠶᠠᠨ). У 1787 г. берагі вострава даследавала французская экспедыцыя на чале з Ж. Ф. дэ Лаперузам. Мараплавец быў прыемна ўражаны тубыльцамі, якія падаліся яму досыць цывілізаванымі, хаця і беднымі[25].

Да сярэдзіны XVIII ст. Сахалін быў падпарадкаваны маньчжурамі. Яны прызначалі старэйшын, адказных за выплату даніны, вялі гандаль. З маньчжурамі на Сахаліне сустрэлася экспедыцыя Ж. Ф. дэ Лаперуза. Аднак з 1773 г. захады для каланізацыі вострава прадпрымала Японія. У заліве Аніва была пабудавана японская факторыя. У 17851786 гг. і 1808 г. цэнтральны ўрад Японіі арганізоўваў даследчыя экспедыцыі. З пачатку XIX ст. Сахалінам зацікавілася Расійска-амерыканская кампанія. У 1806 г. яе прадстаўнік самавольна абвясціў востраў валоданнем Расійскай імперыі. Аляксандр I не прызнаў гэтага акта, але ў 1808 г. даў кампаніі дазвол на стварэнне тут калоніі. Праўда, Расійска-амерыканская кампанія ім не скарысталася[26]. Сітуацыя істотна не мянялася, пакуль 1 жніўня 1850 г. Г. І. Невяльской пасля даследавання вусця Амура і Татарскага праліва не абвясціў Прыамур’е і Сахалін валоданнямі Расійскай імперыі. Расійскі ўрад фактычна пагадзіўся з анексіяй тэрыторый толькі ў 1853 г. На заходнім беразе і ў заліве Аніва з’явіліся расійскія ваенныя пасты[27]. 7 лютага 1855 г. Расія і Японія падпісалі Сімодскі трактат, згодна з якім Сахалін пераходзіў у сумеснае валоданне дзвюх дзяржаў[28]. У 1875 г. у Санкт-Пецярбургу было заключана пагадненне з прадстаўніком Японіі аб размежаванні[29]. Сахалін цалкам пераходзіў у склад Расіі, а Японія наўзамен атрымоўвала ўсе Курыльскія астравы.

 
Сахалінскія катаржане, 1880-я гг.

Згодна з рэформай 1884 г. Сахалін атрымаў асаблівы статус у складзе Прыамурскага генерал-губернатарства. Прызначаўся кіраўнік вострава (з 1894 г. — ваенны губернатар), які займаўся мясцовым адміністраваннем. Яго рэзідэнцыя месцілася ў Аляксандраўску-Сахалінскім. У 1869 г. Сахалін быў афіцыйна абвешчаны месцам катаргі і высылкі[30]. Для бесперапыннага забеспячэння зняволенымі з еўрапейскай часткі Расійскай імперыі была адкрыта марская лінія Адэса — Сахалін. У 1893 г. у Вялікабрытаніі быў пабудаваны спецыяльны параход «Яраслаўль» — сапраўдная плывучая турма, прыстасаваная для кругасветных марскіх пераходаў[31]. З 1880 г. высылка на Сахалін стала незваротнай. Пасля адбывання пакарання ў турме катаржане пераводзіліся ў разрад ссыльных пасяленцаў і павінны былі заставацца на востраве. Катаржане і высыльныя займаліся будаўніцтвам, здабычай вугалю, у асобных выпадках — земляробствам і іншымі формамі гаспадарання. За гады існавання катаргі на Сахаліне адбылі пакаранне звыш 30 тысяч крымінальных і палітычных злачынцаў. На каланізацыю Сахаліна прымусовым шляхам было патрачана да 30 млн рублёў, але вынікі былі прызнаны незадавальняючымі[32]. Перапіс насельніцтва 1897 г. паказаў[33], што агульнае насельніцтва вострава склала 28 113 чалавек. 74,4 % былі катаржанамі і ссыльнымі пасяленцамі. 648 чалавек прызнаваліся іншаземнымі падданымі, у тым ліку 275 — Японіі і 148 — Кітая. Нацыянальны склад расійскіх падданых быў вельмі стракатым. Большасць з’яўляліся рускімі (15 807 чалавек), але на востраве таксама жылі карэнныя насельнікі (ніўхі, айны і оракі — 7 421 чалавек), украінцы (2 368 чалавек), палякі (1 636 чалавек), беларусы (169 чалавек) і інш.

У канцы студзеня 1904 г. пачалася руска-японская вайна. На Сахаліне былі абвешчаныя мабілізацыя і фармаванне вольных дружын. Расійскія ваенныя сілы на востраве склалі 1 200 чалавек супраць 14 000 японскіх салдат, дэсантаваных на поўдні. 19 ліпеня 1905 г. галоўныя сілы расійскіх войск на востраве склалі зброю. 23 жніўня 1905 г. Расія і Японія падпісалі мірны дагавор, паводле якога частка Сахаліна на поўдзень ад 50 паралелі перадавалася Японіі[34]. Пасля паражэння ў вайне Расійская імперыя была вымушана ліквідаваць катаргу і стварыць на поўначы вострава і ў ніжнім Прыамур’і Сахалінскую вобласць з цывільнай адміністрацыяй. На поўдні ў 1907 г. была створана японская прэфектура Карафута[35]. З 1908 г. яе адміністрацыйным цэнтрам стаў горад Тоёхара. Новыя ўлады садзейнічалі пакіданню гэтай тэрыторыі расійскімі падданымі. Да канца 1906 г. іх засталося 123 чалавекі. Урад Японіі вылучыў для каланізацыі прэфектуры значныя сродкі, таму да 1912 г. яе насельніцтва павялічылася да 42 138 чалавек[36]. Большасць перасяленцаў былі японцамі, акрамя таго, адбывалася добраахвотнае перасяленне карэйцаў. Рускія тапонімы мяняліся на японскія, хаця айнскія назвы захоўваліся. Галоўнымі галінамі гаспадаркі сталі рыбалоўства, здабыча вугалю, лясная прамысловасць. Эканамічнаму развіццю Карафута садзейнічала будаўніцтва сучасных дарог, у тым ліку чыгункі.

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. адміністрацыйны цэнтр Сахалінскай вобласці быў перанесены ў Нікалаеўск-на-Амуры. Паўночны Сахалін абмінулі вострыя палітычныя баталіі і ваенныя падзеі Кастрычніцкай рэвалюцыі і Грамадзянскай вайны ў Расіі. Першы астраўны з’езд саветаў адбыўся толькі ў сакавіку 1920 г.[37] Аднак ужо 3 ліпеня 1920 г. паўночны Сахалін быў акупаваны японскімі войскамі і далучаны да Карафута. Японская акупацыя працягвалася да 15 мая 1925 г.[38] Нават пасля ўзнаўлення савецкай улады японскія прадпрымальнікі здолелі захаваць свае канцэсіі па здабычы нафты, прычым яны дзейнічалі да 1944 г.[39] У складзе Далёкаўсходняга (з 1938 г. — Хабараўскага) края РСФСР была створана асобная Сахалінская акруга. У 19291931 гг. для карэнных народаў былі створаны 2 нацыянальныя раёны. Разам з гэтым заахвочвалася перасяленне з іншых рэгіёнаў СССР. За 15 гадоў савецкай улады насельніцтва паўночнай часткі вострава павялічылася ў 10 разоў. Тым не меней, умовы жыцця перасяленцаў былі цяжкімі. Аднойчы 18 сем'яў перасяленцаў з Амурскай вобласці не змаглі ўладкавацца і прасілі адправіць іх у японскую частку Сахаліна[40]. Сацыяльныя праблемы абвастраліся раскулачваннем падчас калектывізацыі і палітычнымі рэпрэсіямі.

Падчас Ялцінскай канферэнцыі ў лютым 1945 г. СССР абавязваўся ўступіць у вайну з Японіяй пасля перамогі над Германіяй, пры гэтым разлічваў атрымаць права на валоданне ўсім Сахалінам і Курыльскімі астравамі[41]. 1125 жніўня 1945 г. была арганізавана Паўднёва-Сахалінская наступальная аперацыя, у выніку якой прэфектура Карафута была занята савецкімі войскамі, 18 320 японскіх салдат і афіцэраў здаліся ў палон[42]. У 1946 г. на месцы прэфектуры была ўтворана Паўднёва-Сахалінская вобласць. Японская іена вымалася з абарачэння, адбывалася перайменаванне тапонімаў. З красавіка 1946 г. грамадзяне Японіі перасяляліся на радзіму. Сахалін пакінулі не толькі этнічныя японцы, але таксама айны, частка ніўхаў і оракаў[43]. У 1947 г. Сахалінская акруга і Паўднёва-Сахалінская вобласць былі ўключаны ў склад Сахалінскай вобласці РСФСР з адміністрацыйным цэнтрам у Южна-Сахалінску.

Насельніцтва

правіць

У пачатку 2021 г. агульная колькасць насельніцтва адміністрацыйных утварэнняў на востраве Сахалін складала 464 120 чалавек[44], прычым большая яго частка пражывала ў гарадах.

Найбуйнейшыя гарады:

Абсалютную большасць насельніцтва Сахаліна складаюць перасяленцы або іх нашчадкі з іншых рэгіёнаў Расіі і СССР, звычайна рускія. Абарыгеннае насельніцтва прадстаўлена 2 этнічнымі групамі ніўхаў (2 450 чалавек) і оракаў (298 чалавек)[45]. Айны, абарыгенныя насельнікі поўдню Сахаліна, зніклі як асобны астраўны этнас пасля II Сусветнай вайны ў выніку дэпартацыі грамадзян Японіі на Японскія астравы.

У першай палове XX ст. склалася карэйская этнічная меншасць. Карэйцы пераязджалі ў паўднёвы Сахалін у якасці рабочых у гады існавання японскай прэфектуры Карафута. У пасляваенны перыяд на іх не распаўсюджвалася праграма дэпартацыі, таму 23 500 перасяленцаў былі вымушаны застацца. Акрамя таго, у 19461949 гг. на Сахаліне апынуліся 2 000 далёкаўсходніх карэйцаў, высланых у 1937 г. савецкімі ўладамі ў Сярэднюю Азію і Казахстан, а таксама 26 065 карэйцаў з Паўночнай Карэі[46]. Частка карэйцаў перасялілася ў Японію пасля 1956 г., а таксама ў 19521958 гг. — у КНДР. Тым не меней, у 1959 г. у Сахалінскай вобласці працягвала жыць 42 337 карэйцаў. У нашы дні карэйцы складаюць адну з колькасна найбольшых этнічных меншасцей (болей за 5%)[47]. З 1994 г. дзейнічае праграма рэпатрыяцыі ў Паўднёвую Карэю.

Інфраструктура

правіць

Востраў Сахалін тэрытарыяльна належыць да Сахалінскай вобласці Расіі, прычым складае яе большую частку. Адміністрацыйна падзелены на 14 раёнаў і 1 горад абласнога падпарадкавання — Южна-Сахалінск. На востраве развіваецца шматгаліновая эканоміка. Вызначальныя галіны: рыбная прамысловасць, а таксама здабыча нафты і газу, у меншай ступені — здабыча вугалю і нарыхтоўка лесу[48]. Сельская гаспадарка развіваецца пераважна ў паўднёвых раёнах. На востраве працуе 149 агульнаадукацыйных школ[49] і 5 ВНУ[50].

Найважнейшыя порты: Карсакаў, Холмск, Шахцёрск, Паранайск, Аляксандраўск-Сахалінскі[51]. Рэгулярная сувязь з мацерыком падтрымліваецца з дапамогай паромнай сувязі паміж портамі Ваніна і Холмск. Міжнародны южнасахалінскі аэрапорт імя Антона Чэхава здзяйсняе авіярэйсы ў гарады Расіі, Японіі і Паўднёвай Карэі, існуюць унутраныя рэгулярныя авіярэйсы ў гарады Шахцёрск, Аха, Аляксандраўск-Сахалінскі, на Курыльскія астравы. Эксплуатацыйная даўжыня чыгункі — 804,9 км, яна падзелена на 3 лініі з 34 станцыямі[52].

У культуры

правіць

За межамі Расіі і Японіі Сахалін у значнай ступені стаў вядомым дзякуючы кнізе «Востраў Сахалін» (руск.: Остров Сахалин) А. П. Чэхава, напісанай у форме падарожных нататак у 18911893 гг. У ёй знакаміты рускі пісьменнік спасылаўся на працы свайго папярэдніка, навукоўца беларускага паходжання Томаша Аўгусціновіча[53], які двойчы наведваў востраў, апісваў сахалінскую катаргу, мясцовую флору і побыт абарыгенаў.

Сахалін і яго карэнныя жыхары (айны і ніўхі) прысутнічаюць у творах лаўрэата Нобелеўскай прэміі, японскага пісьменніка-гуманіста Кэндзабура Оэ. У ранніх апавяданнях яго суайчынніка Юкіа Місіма з’яўляецца вобраз яго дзеда, губернатара Карафута. Японскі пісьменнік Харукі Муракамі ўключае эпізоды, звязаныя з Сахалінам, у раманы «Паляванне на авечак» (яп.: 羊をめぐる冒険) і «1Q84».

У беларускай літаратуры Сахалін узгадваецца ў творах В. Быкава «Доўгая дарога дадому», Б. Пятровіча «Пуціна», В. Ткачова «Мы», Г. Багданавай «Сакрамента».

Крыніцы

правіць
  1. Население Сахалинской области: численность, крупные города
  2. БелЭн 2002.
  3. Сахалин — Большая Советская Энциклопедия (БСЭ)
  4. Землетрясение в Нефтегорске 28 мая 1995 г. Справка
  5. Месторождения полезных ископаемых Сахалинская область
  6. Река Поронай — Сахалинская область
  7. Гидроминеральные ресурсы острова Сахалин 2020.
  8. Климат Сахалина — Сахалинское Метеоагентство
  9. П. В. Крестов, В. Ю. Баркалов, А. А. Таран, БОТАНИКО-ГЕОГРАФИЧЕСКОЕ РАЙОНИРОВАНИЕ ОСТРОВА САХАЛИН(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 30 студзеня 2022. Праверана 30 студзеня 2022.
  10. Растительный мир Сахалина 2014, с. 3.
  11. Растительный и животный мир Архівавана 30 студзеня 2022.
  12. Чудище амурское
  13. Василевский А. А., Периодизация верхнего палеолита Сахалина и Хоккайдо в свете исследований поселения Огоньки-5
  14. Гл.: Василевский, А. Каменный век острова Сахалин. — Южно-Сахалинск: Сахалинское книжное издательство, 2008
  15. Василевский А. А., Грищенко В. А., САХАЛИН И КУРИЛЬСКИЕ ОСТРОВА В ЭПОХУ ПАЛЕОМЕТАЛЛА (I тыс до н. э. — ПЕРВАЯ ПОЛОВИНА I тыс. н. э.)
  16. Сахалин век XII
  17. История Сахалина и Курильских островов с древнейших времен до начала XXI столетия 2008, с. 223 — 224.
  18. Кикути Тосихико, Айны на Охотском море в Средние века и Новое время
  19. Пастухов А., ИМПЕРИЯ ЮАНЬ И НАРОДЫ НИЖНЕГО АМУРА И САХАЛИНА (по данным письменных источников)
  20. История Сахалина и Курильских островов с древнейших времен до начала XXI столетия 2008, с. 255.
  21. Проблема Токуная
  22. Магидович И., Магидович В. Очерки по истории географических открытий. — М.: Просвещение, 1983. — С. 363
  23. История Сахалина и Курильских островов с древнейших времен до начала XXI столетия 2008, с. 282 — 284.
  24. Гл.: Narangoa, L. Historical Atlas of Northeast Asia, 1590—2010: Korea, Manchuria, Mongolia, Eastern Siberia — Columbia University Press, 2014
  25. Гл.: La Pérouse, J.-F. Voyage autour du monde sur l’Astrolabe et la Boussole — Paris: La Découverte, 2005
  26. А. Н. Ермолаев, Российско-американская компания и освоение острова Сахалин
  27. Амурская экспедиция — МГУ им. адм. Г. И. Невельского Архівавана 3 лютага 2022.
  28. История территориального спора России и Японии
  29. История Сахалина и Курильских островов с древнейших времен до начала XXI столетия 2008, с. 358.
  30. УЧРЕЖДЕНИЕ КАТОРГИ НА ОСТРОВЕ САХАЛИН
  31. История Сахалина и Курильских островов с древнейших времен до начала XXI столетия 2008, с. 362.
  32. УЧРЕЖДЕНИЕ КАТОРГИ НА ОСТРОВЕ САХАЛИН
  33. ПЕРВАЯ ВСЕОБЩАЯ ПЕРЕПИСЬ НАСЕЛЕНИЯ РОССИЙСКОЙ ИМПЕРИИ 1897 Г.. 77. ОСТРОВ САХАЛИН
  34. НАЧАЛАСЬ РУССКО-ЯПОНСКАЯ ВОЙНА 1904—1905 ГГ.
  35. 旧外地官庁資料の調べ方:樺太庁
  36. История Сахалина и Курильских островов с древнейших времен до начала XXI столетия 2008, с. 427 — 428.
  37. История Сахалина и Курильских островов с древнейших времен до начала XXI столетия 2008, с. 392.
  38. «Политбюро не возражает против продажи о. Сахалина»
  39. Булатов В. В., Японские концессии на Северном Сахалине как инструмент советской внешней политики
  40. История Сахалина и Курильских островов с древнейших времен до начала XXI столетия 2008, с. 414.
  41. Yalta Conference - Definition, Date & WW2 - HISTORY
  42. ЮЖНО-САХАЛИНСКАЯ ОПЕРАЦИЯ Архівавана 6 лютага 2022.
  43. Южно-Сахалинская область - Большая российская энциклопедия(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 15 чэрвеня 2022. Праверана 6 лютага 2022.
  44. Население Сахалинской области: численность, крупные города
  45. Национальный состав населения Сахалинской области
  46. Корейцы на Сахалине
  47. Национальный состав населения Сахалинской области
  48. Характеристика субъекта - Главное управление МЧС Архівавана 6 лютага 2022.
  49. Школы - Сахминобр - Правительство Сахалинской области Архівавана 6 лютага 2022.
  50. Сахминобр - Правительство Сахалинской области Архівавана 6 лютага 2022.
  51. Порты Сахалина, Курил и Камчатки Архівавана 6 лютага 2022.
  52. Дальневосточная железная дорога - Сахалинское территориальное управление Архівавана 6 лютага 2022.
  53. Валянцін Грыцкевіч, Нашы славутыя землякі(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 5 лютага 2022. Праверана 5 лютага 2022.

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць