Курыльскія астравы
Курыльскія астравы — ланцуг астравоў паміж паўвостравам Камчатка і востравам Хакайда, крыху выпуклай дугой аддзяляе Ахоцкае мора ад Ціхага акіяна.
Курыльскія астравы | |
---|---|
![]() Касмічны здымак Курыльскіх астравоў | |
Характарыстыкі | |
Колькасць астравоў | 56 |
Найбуйнейшы востраў | Ітуруп |
Агульная плошча | 10 500 км² |
Найвышэйшы пункт | 2 339 м |
Насельніцтва | 18 735 чал. (2010) |
Шчыльнасць насельніцтва | 1,78 чал./км² |
Размяшчэнне | |
46°30′ пн. ш. 151°30′ у. д.HGЯO | |
Акваторыя | Ціхі акіян |
Краіна | |
![]() |
У сапраўдны момант на Курылах пражывае ўсяго 20 тыс. Расейцаў, і іх адзінай сувяззю са знешнім светам застаецца парай на востраў Сахалін, які адбывае раз на тыдзень, - авіярэйсы застаюцца занадта дарагімі. Пры гэтым у рэгіёне вельмі дрэнная сітуацыя з доступам да інтэрнэту і сотавай сувязі і маецца ўсяго 13 км асфальтаваных дарог. Урад РФ планавала развіваць на выспах турызм, аднак гэтаму перашкаджае адсутнасць інфраструктуры ў выглядзе дарог, гасцініц і сувязі.
Геаграфічнае становішча Правіць
Працягласць - каля 1200 км. Агульная плошча - 10,5 тыс. км². Уключаюць 30 вялікіх і шмат дробных астраўкоў і скал. Складаюцца з Вялікай (даўж. 1200 км) і Малой (даўж. 120 км) Курыльскіх град. Астравы падзелены Курыльскімі пралівамі. Глыбокія пралівы Крузенштэрна і Бусоль падзяляюць Вялікую граду на 3 групы астравоў: паўночную (востраў Шумшу, востраў Парамушыр, востраў Анекатан, востраў Шыяшкотан і інш.), сярэднюю (востраў Сімушыр, востраў Кетой, востраў Расшуа, востраў Райкоке і інш.), паўднёвую (Кунашыр, Ітуруп, Уруп і інш.). На ўсход ад в-ва Кунашыр за Паўднёва-Курыльскім пралівам Малая Курыльская града (в-аў Шыкотан і інш.).
Курыльскія астравы ўваходзяць у Сахалінскую вобласць Расіі. Паўднёвыя астравы архіпелага - Ітуруп, Кунашыр, Шыкотан і так званыя Хабамаі аспрэчваюцца Японіяй, якая ўключае іх у склад прэфектуры Хакайда.
Спіс астравоў плошчай болей за 1 км² у напрамку з поўначы на поўдзень:
Назва | Плошча, км² |
Максімальная вышыня, м |
Шырата | Даўгата | |
---|---|---|---|---|---|
Вялікая Курыльская града | |||||
Паўночная група | |||||
Атласава | 150 | 2339 | 50°52' | 155°34' | |
Шумшу | 388 | 189 | 50°45' | 156°21' | |
Парамушыр | 2053 | 1816 | 50°23' | 155°41' | |
Анцыферава | 7 | 747 | 50°12' | 154°59' | |
Маканрушы | 49 | 1169 | 49°46' | 154°26' | |
Анекатан | 425 | 1324 | 49°27' | 154°46' | |
Харымкатан | 68 | 1157 | 49°07' | 154°32' | |
Чырынкатан | 6 | 724 | 48°59' | 153°29' | |
Экарма | 30 | 1170 | 48°57' | 153°57' | |
Шыяшкотан | 122 | 934 | 48°49' | 154°06' | |
Сярэдняя група | |||||
Райкоке | 4,6 | 551 | 48°17' | 153°15' | |
Матуа | 52 | 1446 | 48°05' | 153°13' | |
Расшуа | 67 | 948 | 47°45' | 153°01' | |
а-вы Ушышыр | 5 | 388 | — | — | |
Рыпанкіча | 1,3 | 121 | 47°32' | 152°50' | |
Янкіча | 3,7 | 388 | 47°31' | 152°49' | |
Кетой | 73 | 1166 | 47°20' | 152°31' | |
Сімушыр | 353 | 1539 | 46°58' | 152°00' | |
Броўтана | 7 | 800 | 46°43' | 150°44' | |
а-вы Чорныя Браты | 37 | 749 | — | — | |
Чырпой | 21 | 691 | 46°30' | 150°55' | |
Брат-Чырпоеў | 16 | 749 | 46°28' | 150°50' | |
Паўднёвая группа | |||||
Уруп | 1450 | 1426 | 45°54' | 149°59' | |
Ітуруп | 3318,8 | 1634 | 45°00' | 147°53' | |
Кунашыр | 1495,24 | 1819 | 44°05' | 145°59' | |
Малая Курыльская града | |||||
Шыкотан | 264,13 | 412 | 43°48' | 146°45' | |
Палонскага | 11,57 | 16 | 43°38' | 146°19' | |
Зялёны | 58,72 | 24 | 43°30' | 146°08' | |
Танфільева | 12,92 | 15 | 43°26' | 145°55' | |
Юрый | 10,32 | 44 | 43°25' | 146°04' | |
Анучына | 2,35 | 33 | 43°22' | 146°00' |
Будова і рэльеф Правіць
Кожны востраў — вулкан, частка вулкана або ланцуг вулканаў (больш за 160 вулканаў, з іх каля 40 дзеючых), якія зліліся падножжамі або злучаны нізіннымі перашыйкамі. Астравы складзены пераважна з вулканагенных і вулканагенна-асадкавых парод. 3 карысных выкапняў ёсць сера і тэрмальныя воды. Бываюць землетрасенні і цунамі. Рэльеф гарысты, пераважаюць вышыні 500—1000 м, максімальная — 2339 м (вулкан Алаід на востраве Атласава)[1].
Клімат Правіць
Клімат на астравах марскі, даволі суровы, з халоднай і працяглай зімой, прахалодным летам, высокай вільготнасцю паветра. На паўднёвай частцы Курыльскіх астравоў маразы ўзімку могуць дасягаць -25 °C, сярэдняя тэмпература лютага - -8 °C. На паўночнай жа частцы зіма мякчэйшая, з маразамі да -16 °C і -7 °C у лютым.
Узімку на астравы ўплывае Алеуцкі барычны мінімум, дзеянне якога слабее да чэрвеня.
Сярэдняя тэмпература жніўня на паўднёвай часткі Курыльскіх астравоў — 17 °C, на паўночнай — 10 °C.
Гідраграфія Правіць
На значных астравах густая сетка рэк і ручаёў. Шмат азёр, у т.л. кратэрных.
Глебы, расліннасць і жывёльны свет Правіць
Глебы пераважна дзярновыя, лугавыя і алювіяльныя, пад лесам — слабападзолістыя са значнымі дамешкамі вулканічнага матэрыялу. На паўночных астравах альхова-рабінавае крывалессе, кедравы сланік, нізкія кусцікі шыкшы (варанікі). На поўдні трапляецца крывалессе з каменнай бярозы, курыльскі бамбук, ялова-піхтавыя і шыракалістыя лясы з ліянамі і бамбукам, месцамі рэдкалессе з курыльскай лістоўніцы. Для наземнай фауны характэрны мядзведзь, гарнастай, чорна-буры і чырвоны лісы, бурундук. Шмат птушак, асабліва марскіх, на скалах птушыныя базары. Мора багатае рыбай, асабліва ласасевымі, крабамі, марскім зверам (нерпа, сівуч, марскі коцік, калан).
Гісторыя Правіць
Да сяр. ХХ ст. астравы насялялі айны. Першым з еўрапейцаў астравы наведаў галандскі мараплавец М. Г. дэ Фрыз у 1644 г.. На карце 1644 г. астравы пазначаны як тэрыторыя японскага клана Мацумаэ. У Расіі першыя звесткі пра Курыльскія астравы атрыманы ад землепраходца У. Атласава ў 1697 г.. У 1711 г. іх даследаваў, падрабязна апісаў і склаў іх чарцёж расійскі служылы беларускага паходжання І. Казырэўскі. У 1721 г. І. Яўрэінаў (таксама паходзіў з Беларусі) разам з Ф. Лужыным па заданні Пятра правёў геадэзічнае вывучэнне Курыльскіх астравоў і ўпершыню пазначыў іх на карце Расіі. У 1745 г. большая частка астравоў нанесена на «Генеральную карту Расійскай імперыі» ў Акадэмічным атласе. 3 канца XVIII ст. пачалася расійская і японская каланізацыя. Паводле расійска-японскага дагавора 1855 г. востраў Ітуруп і іншыя астравы на поўдзень ад яго адыходзілі да Японіі, астатнія Курыльскія астравы прызнаваліся ўладаннем Расіі. У 1875 г. у абмен на прызнанне Японіяй расійскага суверэнітэту над востравам Сахалін Расія перадала ёй сваю частку Курыльскіх астравоў, якія да 1945 г. знаходзіліся пад японскім кіраваннем. У час ІІ сусветнай вайны ў адпаведнасці з рашэннем Крымскай канферэнцыі 1945 г. (апублікавана ў лютым 1946 г.) Курыльскія астравы перададзены СССР і заняты савецкімі войскамі ў час Курыльскай дэсантнай аперацыі 1945 г.; японскае насельніцтва з іх было эвакуіравана і заменена савецкімі перасяленцамі. 3 1947 г. астравы ў складзе Сахалінскай вобласці Расіі. Японія не пагадзілася з перадачай Савецкаму Саюзу паўднёвых Курыльскіх астравоў (Ітуруп, Кунашыр, Шыкатан, града Хабамаі) і выказвае свае правы на іх, што стала прычынай нязгоды Японіі падпісаць Дагавор аб міры з СССР, а з 1991 г. - з Расіяй як яго правапераемніцай.
Насельніцтва і гаспадарка Правіць
Вядзецца рыбалоўства, на поўдні лясная гаспадарка. Развіта рыбаперапрацоўчая і кансервавая прамысловасць. Гарады Курыльск (на в-ве Ітуруп), Севера-Курыльск (на в-ве Парамушыр).
Літаратура Правіць
- Афнагель І., Нікіцін М. Курыльскія астравы // БЭ ў 18 т. Т. 9. Мн., 1999.
Спасылкі Правіць
Курыльскія астравы на Вікісховішчы |
- Геаграфія Курыльскіх астравоў
- Навіны Курыльскіх астравоў
- Кіраванне па пытаннях Паўночных тэрыторый агульнага дэпартамента губернатарства Хакайда
- Чышыма: межы Сан-Францыска Архівавана 16 лютага 2011.
- Курыльскія астравы
- Гісторыя курыльскіх астравоў
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 1: А — Аршын / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 1. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0036-6 (т. 1). — С. 226.