Мохападобныя

(Пасля перасылкі з Мох)

Мохападобныя (Bryophytes) — аддзел (нададдзел) вышэйшых споравых раслін.

Мохападобныя

Grimmia pulvinata
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Bryophytes

Сінонімы

Bryophyta sensu lato

Аддзелы

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  14189
NCBI  3208
FW  55134

Адрозніваюць каля 27 тыс. відаў. Падзяляюцца на класы (аддзелы): антацэротавыя імхі, пячоначныя імхі, лістасцябловыя імхі. Гэта сляпая галіна развіцця вышэйшых раслін. Вывучае мохападобныя брыялогія.

Апісанне правіць

Невялікія, пераважна шматгадовыя расліны. Іх вышыня вагаецца ад 1 мм да некалькіх сантыметраў. Вельмі рэдка можна сустрэць імхі больш за 20 см у вышыню.

У большасці відаў сапраўдных імхоў цела раздзелена на сцябло і лісты. Каранёў у імхоў няма, іх функцыі выконваюць рызоіды. Гэта тонкія аднаклетачныя або мнагаклетачныя вырасты. Яны размешчаны ў ніжняй частцы цела расліны. З дапамогай рызоідаў імхі ўмацоўваюцца ў глебе і паглынаюць ваду з растворанымі ў ёй мінеральнымі рэчывамі. Большасць імхоў здольна таксама паглынаць ваду і раствораныя ў ёй рэчывы ўсім целам.

Імхі маюць больш простую, чым астатнія вышэйшыя расліны, будову. У іх ёсць фотасінтэзуючыя, а таксама покрыўныя і механічныя тканкі. У імхоў з найбольш складанай будовай з’яўляюцца і спецыяльныя клеткі, якія выконваюць праводзячую функцыю. Але тыповыя ксілема і флаэма ў імхоў адсутнічаюць. З’яўленне ў імхоў тканак — гэта вынік іх прыстасавання да наземнага спосабу жыцця.

Пашырэнне правіць

Мохападобныя — старажытная група вышэйшых раслін. Споры іх вядомы пераважна з адкладанняў сілуру і дэвону (440—405 млн гадоў назад). Рэшткі імхоў вядомы з карбону (350 млн гадоў назад). У палеазоі акрэсліліся асноўныя групы мохападобных.

Пашыраны ўсюды. Растуць на прыродных (глеба, камяні, кара дрэў і кустоў, лісце і сцёблы раслін, слаявіна лішайнікаў, пладовыя целы грыбоў) і антрапагенных (розныя збудаванні з каменю, цэменту, дрэва, саломы, на палях і агародах) субстратах. На Беларусі каля 430 відаў.

Асаблівасці біялогіі правіць

Унутраная будова адносна простая. Часткова адасоблена асіміляцыйная, водаправодная і механічная тканкі. Палавое (гаметафіт) і бясполае (спарафіт) пакаленні існуюць сумесна на адной расліне.

У жыццёвым цыкле пераважае гаметафіт; спарафіт абмяжоўваецца спораўтварэннем, прымацаваны да гаметафіту і поўнасцю або часткова паразітуе на ім. У цыкле развіцця адзначаецца правільнае чаргаванне пакаленняў (спарафіта і гаметафіта), развіта таксама вегетатыўнае размнажэнне (часткаю цела ці спецыялізаванымі органамі). У залежнасці ад размяшчэння генератыўных органаў бываюць аднадомныя, двухдомныя і шматдомныя.

Органы палавога размнажэння — антэрыдыі і архегоніі. Утвораныя ў антэрыдыях двухжгуцікавыя сперматазоіды перамяшчаюцца да яйцаклеткі толькі ў кропельна-вадкім асяроддзі. З зіготы фарміруецца шматклетачны дыплоідны спарафіт у выглядзе спецыяльнага органа спаранашэння — спарагона, нагадваючага каробачку на ножцы са ступнёй, урослай у тканку гаметафіта. У каробачцы спарагона са спарагеннай тканкі ўтвараюцца гаплоідныя споры. На паверхні глебы са споры пры яе прарастанні ўтвараецца пласціністы талом, ці разгалінаваная мнагаклетачная ніць з пупышкамі. Прадростак развіваецца ў дарослую расліну мху пласціністай ці лістасцябловай будовы.

Значэнне ў прыродзе правіць

Мохападобныя ўваходзяць у склад першасных раслінных згуртаванняў, уплываюць на мікраклімат, рэгулююць водны рэжым, ахоўваюць глебу ад эрозіі з'яўляюцца торфа- і глебаўтваральнікамі, садзейнічаюць забалочванню сельскагаспадарчых угоддзяў, пагаршаюць якасць лугоў.

Літаратура правіць