Эфатэ
Эфатэ́ (англ.: Efate) — востраў у групе Новыя Гебрыды. Уваходзіць у склад Вануату. На Эфатэ знаходзіцца Порт-Віла, сталіца дзяржавы. Плошча — 899,5 км². Насельніцтва (2009 г.) — 65 734 чал.
Эфатэ | |
---|---|
англ. Efate | |
![]() Пляж Эракор | |
Характарыстыкі | |
Плошча | 899,5 км² |
Насельніцтва | 65 734 чал. |
Шчыльнасць насельніцтва | 73,08 чал./км² |
Размяшчэнне | |
17°41′ пд. ш. 168°22′ у. д.HGЯO | |
Акваторыя | Каралавае мора |
Краіна | |
![]() |
Геаграфія і прырода
правіцьВостраў Эфатэ месціцца на паўднёвым захадзе Ціхага акіяна ў 1738 км ад бліжэйшага мацерыка Аўстралія. Даўжыня з поўначы на поўдзень — 46 км, з захаду на ўсход — 33 км. Мае вулканічнае паходжанне. Сфарміраваўся на лініі разлому тэктанічных пліт. Паверхня ўзгорыстая. Найвышэйшы пункт — гара Мак-Дональд (647 м). Частку ўзбярэжжа займаюць пясчаныя пляжы.
Клімат трапічны пасатны. Сярэднегадавая тэмпература вагаецца ад +20,8 °C да +26,4 °C. Сезон са снежня да мая суправаджаецца дажджлівым надвор’ем і трапічнымі цыклонамі. Сярэднегадавая колькасць ападкаў — 2405 мм.
На Эфатэ пераважаюць кіслотныя вулканічныя глебы. Захаваліся трапічныя лясы. Фаўна прадстаўлена рознымі відамі птушак, кажанамі, казуркамі, крабамі.
Гісторыя
правіцьУ старажытнасці (XIII ст. да н. э.) Эфатэ быў населены прадстаўнікамі культуры Лапіта, якіх звычайна атаясняюць з продкамі палінезійцаў. Аднак археалагічныя раскопкі могілак носьбітаў Лапіта паказалі, што яны нарадзіліся за межамі вострава. У другой палове 1 тысячагоддзя да н. э. Эфатэ быў заняты меланезійцамі.
Сувязі з Палінезіяй захоўваліся ў пазнейшы перыяд. У сярэднявеччы знешнія палінезійцы засялілі астравок Філа каля Эфатэ. Меланезійскае насельніцтва жыло пераважна на ўзбярэжжы, займалася земляробствам і рыбалоўствам. У XVI — XVII стст. на паўночным захадзе склаўся магутны саюз правадыроў роду Роі-Мата, які паступова распаўсюдзіў уладу на Эфатэ і суседнія астравы.
Эфатэ быў адкрыты ў 1606 г. іспанскай экспедыцыяй на чале з П. Ф. дэ Кірасам. У апошняй чвэрці XIX ст. на востраў прэтэндавалі дзве каланіяльныя дзяржавы — Вялікабрытанія і Францыя. У 1878 г. востраў стаў часткай нейтральных тэрыторый. Французскія пасяленцы з Новай Каледоніі заснавалі плантацыйныя гаспадаркі ў раёне Порт-Віла. У 1889 г. яны абвясцілі незалежнасць, што прывяло да супрацьстаяння з брытанскімі місіянерамі. У 1906 г. было канчаткова зацверджана сумеснае кіраванне Францыяй і Вялікабрытаніяй.
Эканоміка
правіцьВостраў Эфатэ — адна з найбольш эканамічна развітых тэрыторый Вануату. Галоўны гандлёвы і прамысловы цэнтр — Порт-Віла. У сельскай гаспадарцы дамінуе камерцыйнае земляробства — вырошчванне цукровага трыснягу, бананаў і какава. На ўзбярэжжы створаны рыбалоўныя кааператывы. У мястэчку Фарары некаторы час здабывалі марганец. Эфатэ прыцягвае турыстаў, якія прыбываюць для баўлення часу на мясцовых пляжах і знаёмства з культурнай спадчынай астравіцян.