Ях’я Хасенавіч Гембіцкі

Ях’я Хасенавіч (Іван Канстанцінавіч) Гембіцкі (чэрвень 1883, Ліда, Віленская губерняневядома) — грамадскі дзеяч татарскай меншасці ў Беларусі.

Ях’я Хасенавіч Гембіцкі
Дата нараджэння чэрвень 1883
Месца нараджэння
Дата смерці невядома
Род дзейнасці грамадскі дзеяч, гісторык
Альма-матар

Біяграфія правіць

Нарадзіўся ў чэрвені 1883 годзе ў горадзе Лідзе Віленскай губерні. З беларускіх татараў. Бацька прадаў дом у мястэчку Гарадзішча Мінскай губерні, маці мела надзел зямлі (7 дзесяцін) ў аколіцы Якушы Ашмянскага павета Віленскай губерні. Бацька не гаспадарыў на зямлі, а ўвесь час жыў у Троках, дзе працаваў павятовым воінскім начальнікам, а затым быў пераведзены ў Сувалкі. Сям’я, як адзначаў Ях’я, заўсёды жыла бедна, таму займалася агародніцтвам[1].

Дзякуючы службоваму становішчу бацькі Ях’я быў залічаны ў Полацкі кадэцкі корпус, дзе вучыўся бясплатна. Пасля заканчэння ў 1890 годзе кадэцкага корпуса паступіў у Міхайлаўскае артылерыйскае вучылішча, скончыў у 1902 годзе. Быў накіраваны малодшым афіцэрам у 26-ю артылерыйскую брыгаду горада Гродна, а ў 1908 годзе быў пераведзены служыць в Вільню[1].

У час вайсковай службы ён уступіў у таварыства ўзаемадапамогі татараў, выбіраўся ў склад рэвізійнай камісіі таварыства. У Вільні сустракаўся з прадстаўнікамі тутэйшых татараў, сябраваў са старшынём рэвізійнай камісіі таварыства Альгердам Крычынскім. Ад Альгерда даведаўся, што ягоны брат Лявон Крычынскі вывучае гісторыю літоўскіх татараў, бывае разам з маці, братам і сёстрамі ў сем’ях Ахматовічаў, Карыцкіх і Крычынскіх[1].

Пасля рэвалюцыі правіць

У час Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года Ях’я Гембіцкі прымаў удзел у фарміраванні батарэі горада Рэвеля. Яго батарэя першай далучылася да рэвалюцыйных маракоў. Гембіцкі быў выбраны камандзірам артылерыйскай батарэі 107-га асобнага артылерыйскага дывізіёна. У гэты ж час па просьбе татараў Рэвеля арганізаваў таварыства ўзаемадапамогі татараў, якое пераўтварыў пасля рэвалюцыі ў палітычную арганізацыю па абароне палітычных правоў татараў у Эстоніі і аб’яднаў іх з такім жа таварыствам яўрэяў[1].

Пасля таго, як артылерыйскі дывізіён быў разбіты на востраве Эзель, частка яго, што не пажадала здацца ў палон немцам, прарвалася да мора і пераплыла на суседні востраў Маон. Пасля няўдалай спробы арганізацыі абароны вострава Маона рэшткі дывізіёна былі перавезены на лодках паміж двух варагуючых флатоў на сушу. Адтуль яны дабраліся да найбліжэйшай чыгуначнай станцыі і цягніком да Рэвеля[1].

Па распараджэнні каменданта крэпасці яны былі накіраваны фарміравацца ў горад Луга пры запасным артылерыйскім дывізіёне. Гембіцкі згадваў, што склад разбітага 107-га артылерыйскага дывізіёна быў разнародным. Большасць яго была схільная па сваіх палітычных перакананнях да партыі сацыял-рэвалюцыянераў (эсэраў). Але запасны артылерыйскі дывізіён, пры якім знаходзіўся разбіты 107-ы дывізіён, быў увесь на баку партыі бальшавікоў. На агульным сходзе прадстаўнікі камітэтаў частак войск прынялі рашэнне выконваць загады партыі і, у першую чаргу, ахоўваць склады боепрыпасаў і не выдаваць іх іншым злучэнням, якія падпарадкоўваліся Часоваму ўраду. Роля дывізіёна Я. Гембіцкага заключалася ў праверцы пастоў і правільнасці нясення вайсковай службы[1]. Увесну 1918 года 107-му артылерыйскаму дывізіёну было прапанавана або перафарміравацца ў Чырвоную гвардыю, або расфарміравацца. Па рашэнні агульнага сходу артылерыйскі дывізіён быў расфарміраваны[1].

Пасля гэтага Я. Гембіцкі прыехаў у Маскву, дзе лячыўся ад кантузіі, а таксама лячыў вочы. Затым паступіў на цывільную службу ў Маскоўскае аддзяленне Дзяржкантролю. Прапанаванае яму прызначэнне на новае месца службы камандзірам супрацьсамалётнай батарэі ў Маскве не адбылося з прычыны адсутнасці матэрыяльнай часткі батарэі[1].

У студзені 1919 годзе Я. Х. Гембіцкі быў прызваны ў Чырвоную Армію і ў лютым прызначаны памочнікам камандзіра артылерыйскага дывізіёна Заходняй стралковай дывізіі. Але летам артылерыйскі дывізіён быў расфарміраваны, і яго прызначылі для даручэнняў пры камісары Штаба абароны і аховы чыгунак Рэспублікі[удакладніць: камент.] з пасяленнем у адзін з батальёнаў войск аховы чыгункі[1].

Пасля смерці маці Ях’я Гембіцкі папрасіў аб пераводзе яго на фронт і хутка быў прызначаны для даручэнняў пры 27-й брыгадзе аховы і абароны чыгунак, якая знаходзілася ў Чалябінску[1]. Прыбыўшы ў Чалябінск, Гембіцкі па распараджэнні штаба 5-й арміі і ўзгадненні з Львом Троцкім, як артылерыйскі спецыяліст, быў прызначаны памочнікам начальніка курсаў штаба 5-й арміі, якія знаходзіліся ў горадзе Міясе, а затым загадчыкам вучэбнай часткі 1-х сібірскіх артылерыйскіх курсаў, якія пры яго непасрэдным удзеле былі сфарміраваны і ўзорна пастаўлены. У 1920 годзе кавалерыйскія курсы былі пераведзены ў горад Бійск пад новай назвай — 8-я Сібірскія кавалерыйскія курсы. Ях’я Гембіцкі быў прызначаны памочнікам начальніка курсаў па вучэбна-шыхтовай частцы, старшынём культурна-асветнай камісіі і адказным распарадчыкам дзіцячага дома пры курсах[1].

У Бійску паміраюць дзве ягоныя сястры. Адчуваючы недастатковасць сваёй падрыхтоўкі для пасады кіраўніка вучэбнай і палітычнай падрыхтоўкі курсантаў, Гембіцкі вырашыў вучыцца далей. Ён прымае рашэнне вярнуцца ў Менск, бо даведваецца паводле газетных паведамленняў аб адкрыцці там універсітэта[1].

У Менску правіць

Дзякуючы садзейнічанню шэфа курсаў, Бійскага гарпавятовага выканкама ён быў прызначаны камендантам цягніка бежанцаў, які накіроўваўся ў Менск. Пры ад’едзе з горада Гембіцкі атрымаў ад шэфа курсаў за «паспяховую работу курсаў па адукацыі і выхаванні доблесных чырвоных камандзіраў» ганаровы адрас, які быў занесены ў паслужны спіс Я. Гембіцкага[1].

Упраўленне вайскова-вучэбных устаноў перавяло яго выкладчыкам артылерыі і матэматыкі 21-х Менскіх кавалерыйскіх імя ЦВК курсаў. На гэтай пасадзе ён працаваў з 1922 па 1932 гг. да перафарміравання курсаў і выхаду ў адстаўку[1].

Адначасова вясною 1923 года Я. Х. Гямбіцкі, скончыўшы паспяхова бухгалтарскія курсы, пачаў працаваць бухгалтарам Наркамзема. Увосень гэтага ж года ён паступіў на факультэт грамадскіх навук Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, на аддзяленне эканомікі. Затым пасля ліквідацыі факультэта быў пераведзены на грамадска-эканамічнае аддзяленне і ў 1927 г., скончыў сацыяльна-гістарычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта[1].

Яшчэ будучы студэнтам універсітэта, Я. Гембіцкі праяўляў вялікую цікавасць да гісторыі Беларусі. Яго навуковая праца «Гісторыя валочнай памеры ў Бабруйскім старостве ў ХVІІ ст.» была змешчана ў часопісе «Наш край». З 1926 года ён пачаў працаваць у Гістарычным класе Інстытута беларускай культуры і распрацоўваць «кітабы» — беларускія тэксты, пісаныя арабскім алфавітам, напісаў артыкул «Даследаванне аль-кітабаў»[1].

Скончыўшы ў 1927 годзе педагагічны факультэт БДУ, ён не атрымаў пасады настаўніка «з прычыны несправядлівай пастановы Камісіі, якая размяркоўвала пасады». На пасадзе пазаштатнага аспіранта пры Гістарычнай клясе Інбелкульта, якую ён займаў з 1927 года, ён не меў стыпендыі, што не давала яму ў поўнай меры весці навуковую падрыхтоўку і складаць сваю працу «Гісторыя беларускіх татар». Гембіцкі звяртаўся ў Прэзідыум Акадэміі навук аб прызначэнні яго ў штат і паведамляў, што Гістарычная кляса аднагалосна пастанавіла прасіць Прэзідыум аб прызначэнні яго на гэтую пасаду. Але Прэзідыюм Акадэміі меў намер адмовіць яму ў гэтай просьбе па той толькі фармальнай прычыне, што ўзрост яго быў большым за 35 гадоў. Гембіцкі звяртаў увагу наркама асветы на тыя бязвыхадныя ўмовы, у якія ён бязвінна пастаўлены і прасіў яго садзейнічання аб прызначэнні яго на службу ў Акадэмію, падкрэсліўшы, што ён «з’яўляецца адзіным працаўніком па вывучэнні культуры беларускіх татар, цікавая гісторыя якіх зусім злучаецца з гісторыяй Беларусі»[1]. Але пытанне гэтае не было станоўча вырашана, пра што сведчыць пазнейшы ліст Я. Х. Гембіцкага ў Гістарычную клясу Інбелкульта ад 12 снежня 1928 г[1].

Я. Х. Гямбіцкі працягваў завочна вучыцца ў асірантуры. Ён ліставаўся па праблемах гісторыі і культуры мусульманскіх народаў з акадэмікам Ігнаціем Крачкоўскім, сустракаўся з акадэмікам М. Я. Марам, спрабаваў паступіць на вучобу ў Пецярбургскі інстытут усходазнаўства[1]. У 1929 годзе ў «Запісках аддзелу гуманітарных навук» Беларускай Акадэміі навук быў змешчаны грунтоўны артыкул Ях’і Гембіцкага «Да пытання аб сацыяльна-эканамічным стане беларускіх татар у сярэднявеччы»[1].

Ях’я Гембіцкі неаднаразова звяртаўся ў Цэнтральную Нацыянальную Камісію пры ЦВК БССР і Нацыянальную Камісію пры Мінгарсавеце з просьбай арганізаваць культурна-асветніцкую работу сярод татар. У 1928 годзе ў Татарскай Слабадзе Менска, дзякуючы намаганням і настойлівым лістам Я. Гембіцкага, была ўрэшце адчынена татарская хата-чытальня. Але 8 снежня 1928 годзе Менская акруговая нацыянальная камісія, заслухаўшы справаздачу аб рабоце татарскай хаты-чытальні, адзначала «слабы тэмп разгарнення палітыка-масавай работы сярод татарскага і ваколічнага насельніцтва іншых нацыянальнасцяў, у прыватнасці была не праведзена работа ў кірунку асвятлення пытання нацыянальнай палітыкі і інтэрнацыянальнага выхавання». У канцы 1929 года татарская хата-чытальня была пераўтворана ў раённую, гэта значыць была пазбаўлена нацыянальнага статусу[1]. Не былі таксама рэалізаваны і прапановы Ях’і Гямбіцкага аб стварэнні ў Беларускім дзяржаўным музеі экспазіцыі, прысвечанай гісторыі і культуры татар Беларусі[1].

У чарговым лісце Я. Х. Гямбіцкага, І. А. Міськевіча і І. Х. Мурза-Мурзіча да Нацыянальнай камісіі адзначалася, што «ўраду Рэспублікі трэба звярнуць асаблівую ўвагу на пашырэнне ведаў сярод татар па агародніцтву і садаводству, што вельмі б зацікавіла апошніх». Аднак і гэтыя прапановы Ях’і Гембіцкага і яго сяброў не мелі водгуку[1].

У 1933 годзе працаваў старшым кансультантам па будаўніцтве ў Дзяржбанку. Пражываў у доме па Замячэтным завулку, 1[1].

Рэпрэсіі правіць

Арыштаваны 15 сакавіка 1933 года Я. Гембіцкі і І. Х. Мурза-Мурзіч абвінавачваліся ў тым, што «шляхам сістэматычнай контррэвалюцыйнай агітацыі стварылі контррэвалюцыйную нацыяналістычную татарскую групоўку з наступным размеркаваннем свайго ўплыву на татарскую калонію г. Мінска, для стварэння контррэвалюцыйнай нацыяналістычнай арганізацыі ставячы за сваю мэту звяржэнне Савецкай улады і ўсталяванне рэспубліканска-дэмакратычнага ладу»[2].

Па сфабрыкаванай справе татарскай арганізацыі асуджаны 13 мая 1933 «тройкай» за антысавецкую дзейнасць паводле арт. 72, 76 КК БССР на 3 гады высылкі ў Казахстан[1].

У абвінаваўчым заключэнні па справе № 35137 «Аб контррэвалюцыйнай татарскай арганізацыі ў Менску» адзначалася[3][4]:

  Асабовым аддзелам ППАДПУ БССР ліквідавана контррэвалюцыйная нацыяналістычная татарская групоўка, якой кіраваў былы падпалкоўнік царскай арміі Гембіцкі Іван Канстанцінавіч (Ях’я Хасеневіч). У склад групоўкі ўваходзілі Мурза-Мурзіч Ібрагім Халільевіч, былы банкаўскі работнік г. Кіева, які працаваў кантралёрам Менскай канторы дзяржбанка, Рызвановіч Хасень Іосіфавіч, былы судовы следчы, які працаваў у Галоўміліцыі БССР, Дашкевіч Іосіф Сямёнавіч, бухгалтар Сацзембанка, Даўгяла Дзмітрый Іванавіч, навуковы работнік, Мухля Ібрагім Аляксандравіч, бухгалтар аб’яднання татарскіх органаў, у мінулым — чыноўнік казённай палаты (у момант арыштаў яму ўдалося выехаць у Кіеў). Былі таксама арыштаваны па справе № 35137 «Аб контррэвалюцыйнай татарскай арганізацыі ў Менску» Біцютка Сулейман Якаўлевіч, былы палкоўнік царскай арміі, а таксама браты Якуб і Аляксандр Багдановічы, але апошнія ў ходзе следства былі апраўданы.  

Я. Х. Гембіцкі і І. С. Дашкевіч не прызнавалі сябе вінаватымі, але як сказана ў абвінаваўчым заключэнні «дастатова выкрываюцца сведчаннямі І. Х. Мурзы-Мурзіча, Х. І. Рызвановіча і сведкі С. М. Хацяновіча, якія цалкам пацвердзілі сведчанні Мурзы-Мурзіча і Рызвановіча»[5][4].

Працаваў эканамістам у абласным упраўленні калгасаў горада Уральска. 14 ліпеня 1938 г. Я. Гямбіцкі быў паўторна арыштаваны. Асуджаны па артыкуле 58 Крымінальнага кодэкса РСФСР і знаходзіўся ва Уральскай турме[1]. Далейшы яго лёс невядомы.

Рашэннем Пракуратуры БССР ад 10 кастрычніка 1989 года быў рэабілітаваны[1].

Зноскі

  1. а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у ф х ц ч ш э ю Pawet: Я. Гямбіцкі-лідар адраджэння беларускіх татараў. pawet.net. Праверана 21 студзеня 2024.
  2. Pawet: Я. Гямбіцкі-лідар адраджэння беларускіх татараў. pawet.net. Праверана 21 студзеня 2024.
  3. Архіў КДБ, спр. 31371-с, арк. 63-69.
  4. а б Pawet: Я. Гямбіцкі-лідар адраджэння беларускіх татараў. pawet.net. Праверана 21 студзеня 2024.
  5. Архіў КДБ спр. 31371, арк. 126—129.