Перапончатакрылыя

(Пасля перасылкі з Hymenoptera)

Перапончатакрылыя (Hymenoptera) — атрад насякомых.

Перапончатакрылыя

Аса Polistes chinensis
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Hymenoptera Linnaeus, 1758


Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  152741
NCBI  7399
EOL  648
FW  70707

Класіфікацыя

правіць

Падзяляюцца на 2 падатрады: сядзячабрухія і сцяблістабрухія. Сцяблістабрухіх падзяляюць на паразітычных і джалячых. Адрозніваецца больш за 300 тыс. відаў.

Апісанне

правіць

Даўжыня 0,2—60 мм. На галаве пара фасетачных вачэй і тры простыя вочкі. Вусікі простыя, перыстыя, булава- або грэбенепадобныя. Пярэдняспінка злучана нерухома з сярэднегрудзямі, а пярэднягрудзі — рухома з пярэдняспінкай. Маюць дзве пары празрыстых перапончатых крылаў (адсюль назва), зрэдку другасна бяскрылыя (мурашкі, немкі). Ротавыя органы грызучыя ці грызуча-лізальныя або сысучыя. У самак на канцы брушка яйцаклад або джала. Ногі хадзільныя, бегальныя.

Распаўсюджанне

правіць

Вядомы з трыясу (каля 220 млн. г. назад). Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках і субтропіках. На Беларусі каля 3 тысяч відаў, найбольш пашыраны арэхатворкі (Cynipoidea), восы, мурашкі (Formicidae), наезнікі (Parasitica), немкі (Mutillidae), пільшчыкі сапраўдныя (Tenthredinidae), пчолы, рагахвосты (Siricidae), трыхаграмы (Trichogramma), хальцыды (Chalcidoidea), іхнеўманіды (Ichneumonidae) і інш.

Асаблівасці біялогіі

правіць

Перапончатакрылыя вызначаюцца складанымі паводзінамі (адзіночныя і грамадскія насякомыя), у многіх развіты інстынкт будовы гнязда і клопату пра патомства.

Дарослыя насякомыя пераважна расліннаедныя, некаторыя — драпежнікі, паразіты. Лічынкі кормяцца рознымі часткамі раслін. Самцы развіваюцца з неаплодненых (гаплоідных) яец, самкі — з дыплоідных (з двайным наборам храмасом), звычайна аплодненых, толькі ў некаторых відаў — з неаплодненых яец (гл. партэнагенез). Развіццё з поўным ператварэннем. Лічынкі бязногія або вусенепадобныя.

Значэнне для чалавека

правіць

Многія перапончатакрылыя — апыляльнікі раслін. Наезнікаў выкарыстоўваюць у біялагічнай барацьбе са шкоднікамі сельскагаспадарчых раслін. Меданосныя пчолы даюць мёд, воск, пропаліс. Ёсць шкоднікі сельгаскультур і лясных парод.

Літаратура

правіць