Poecilotheria metallica — від дрэвавых павукоў з сямейства павукоў-птушкаедаў (Theraphosidae). Адзін з самых ярка афарбаваных павукоў гэтага сямейства.

Poecilotheria metallica
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Poecilotheria metallica Pocock, 1899

Ахоўны статус

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  865619
NCBI  1956341
EOL  1182255

Паходжанне правіць

Эндэмік індыйскага штата Андхра-Прадэш. Сустракаецца ў лясным запаведніку паміж гарадамі Гідалур (акруга Пракасам) і Нандыял (акруга Карнул), недалёка ад узбярэжжа паўднёвага ўсходу краіны. Плошча арэалу — 100 км². Арэал моцна фрагментаваны з-за знішчэння асяроддзя пражывання ў выніку гаспадарчай дзейнасці[1].

Апісанне правіць

Від быў адкрыты і апісаны брытанскім арахнолагам Рэджыналдам Інэсам Поўкакам у 1899 годзе[2].. Выяўлены зноў у 2001 годзе канадскім навукоўцам-арахнолагам Рыкам Уэстам праз 102 гады пасля адкрыцця[3]. Паводле будовы цела гэты від паўтарае асноўныя тыповыя рысы прадстаўнікоў роду Poecilotheria. Памеры палаваспелых асобін па целе дасягаюць 6-7 см, у размаху лап — 16-17 см (у максімуме да 21 см). Палаваспелыя самкі масіўнейшыя за самцоў. Растуць самкі марудней за самцоў: палавая сталасць у іх надыходзіць у 2-2,5 года, у самцоў ж у 1,5 года. Жывуць самкі ў няволі 10-15 гадоў, працягласць жыцця самцоў да 2 гадоў. Афарбоўка дарослай асобіны металічнага-сіняга колеру са складанымі светла-шэрымі ўзорамі на верхнім баку абдамена і карапасе[3], на верхнім баку ног прысутнічаюць вузкія палосы няправільнай формы цытрынава-жоўтага колеру на берцы (tibia), каля вобласці стыку берца і надкаленніка (Patella), з ніжняга боку нагі — больш выяўленыя буйныя жоўтыя плямы на берцы. На ніжнім баку апікальнага (Telatarsus) і базальнага (Basitarsus) псеўдасегментаў лапак (так званых «падушачках») назіраецца бліскучая серабрыста-шэрая з сінім адлівам афарбоўка. У ювенільных (няспелых) асобін афарбоўка светла-бэзавая, якая паступова, з узростам, змяняецца сінім колерам. Найбольш інтэнсіўная сіняя афарбоўка назіраецца ў самцоў перадпалаваспелага ўзросту, хоць палавы дымарфізм выяўлены не так моцна, як у іншых відаў роду. Дзякуючы вельмі яркай афарбоўцы Poecilotheria metallica моцна кантрастуе з іншымі прадстаўнікамі роду: як у ювенільным, так і ў палаваспелым узросце яе цяжка зблытаць з іншымі птушкаедамі роду Poecilotheria.

 
Poecilotheria metallica-непалаваспелы самец

Спосаб жыцця правіць

Poecilotheria metallica — птушкаед дрэвавы, аддае перавагу жыццю на старых дрэвах, жыве групамі. Дарослыя асобіны ўладкоўваюць свае гнёзды ў дуплах і кронах на вяршыні дрэў, маладыя павучкі абжываюць падножжа і нават часам норы пад дрэвамі. Харчуюцца пераважна насякомымі. Палююць па начах. Зрэдку можа назірацца канібалізм, асабліва пры занадта цесным сужыцці. Гэта трэба ўлічваць пры ўтрыманні ў няволі.

Пры небяспецы — вельмі схільны да праявы агрэсіі, хоць часцей аддае перавагу хавацца ўцёкамі пры ўварванні на яго тэрыторыю. У перыядзе, папярэднім ліньцы, павук асабліва агрэсіўны і, як правіла, узрастае рызыка ўкусу. Яд P. metallica лічыцца адным з найбольш таксічных сярод прадстаўнікоў сямейства павукоў-птушкаедаў[4]. Яго ўкус можа выклікаць моцны боль, цягліцавыя спазмы; сімптомы працягваюцца на працягу двух-трох тыдняў, хоць могуць раптам паўтарацца яшчэ на працягу, па меншай меры, некалькіх месяцаў. Часта ўкус можа не суправаджацца увядзеннем яду, гэта так званы «сухі ўкус».

Утрыманне ў няволі правіць

Від з’яўляецца дрэвавым, павукоў трымаюць у высокіх вертыкальных тэрарыумах, для дарослых асобін дастаткова памеру 45×30×30 см. У якасці субстрату выкарыстоўваць какосавую габлюшку, вышыня субстрата каля 3 см. Неабходна на дно тэрарыума паверх грунту пакласці кавалак праваранай ў солевым растворы і высушанай карчакі (ці кары), з дапамогай якой павук спляце сабе прытулак. Аптымальная тэмпература ў тэрарыуме ў межах 24-28 ºС, вільготнасць на ўзроўні 75-85 % : для іх кантролю зручна выкарыстоўваць гігрометр і тэрмометр. Для маладых асобін пажадана, каб тэмпература не апускалася ніжэй 26 ºС. У харчаванні непатрабавальны і з задавальненнем з’ядае падыходных памераў мармуровых, туркменскіх, мадагаскарскіх прусакоў, цвыркуноў, а таксама лічынак Zophobas morio. Галодныя асобіны, незалежна ад узросту, могуць справіцца са здабычай памерам, які перавышае іх уласны. Маладых асобін можна карміць 2-3 разы на тыдзень, дарослых асобін 1-2 разы на месяц.

Развядзенне правіць

Размнажэнне Poecilotheria metallica у няволі не выклікае асаблівых праблем. Падобна іншым прадстаўнікам роду, пры развядзенні не абавязкова ўлічваць сезонную рытміку. Для гадоўлі самца падсаджваюць да палаваспелай самкі. Самец можа заставацца ў тэрарыуме з самкай некалькі дзён ці нават тыдняў, спарванне можа адбыцца не адразу. У выпадку паспяховага спарвання, праз прыкладна 2 месяцы самка пляце кокан, і праз яшчэ 2 месяцы з кокана з’явяцца маленькія павучкі: звычайна іх колькасць у кокане складае ад 70 да 160 штук.

Зноскі

  1. Poecilotheria metallica. IUCN Red List of Threatened Species. Version 2013.1. International Union for Conservation of Nature. Retrieved 7 April 2013. Архівавана з першакрыніцы 23 сакавіка 2017. Праверана 22 сакавіка 2017.
  2. Poecilotheria metallica Pocock, 1899. World Spider Catalog. Natural History Museum Bern. Retrieved 29 February 2016. Архівавана з першакрыніцы 5 ліпеня 2017. Праверана 31 сакавіка 2017.
  3. а б Poecilotheria (руск.). Theraphosids (tarantulas) of the World. Keeping and breeding in captivity (5 лістапада 2006). Архівавана з першакрыніцы 24 лютага 2022. Праверана 24 лютага 2022.
  4. Осипов Д. В. [и др.] / под ред. В. В. Спицина [и др.]. — М.: ООО «КолорВитрум», 2017. — С. 188–190. — 2 с. — ISBN ISBN 978-5-6040188-0-4. Архівавана 17 лютага 2022 года.

Спасылкі правіць