Краснапёрка, чырванапёрка (Scardinius erythrophthalmus) — від прэснаводных рыб сямейства карпавыя. Народныя назвы: краснавочка, чарноха, чэрмнуха, чарналюга і інш.[1][2]
Цела (даўжыня да 20—35 см, маса да 300—1000 г) даволі высокае, галава невялікая, рот касы, павернуты ўверх. Афарбоўка цела звычайна даволі яркая: спінка цёмна-карычневая або цёмна-зялёная, бакі жаўтавата-залацістыя з інтэнсіўна афарбаванай аблямоўкай па краях лускі. Вочы аранжавыя, з ярка-чырвонай плямай у верхняй частцы. Брушка за брушнымі плаўнікамі пляскатае, мае выразны кіль, укрыты луской. Спінны і грудныя плаўнікі ля асновы цёмныя, астатнія — ярка-чырвоныя (адсюль назва). Дарослыя рыбы афарбаваныя ярчэй за маладых.
Шырока распаўсюджаны ў вадаёмах Еўропы і Сярэдняй Азіі. Жыве ў рэках, азёрах, вадасховішчах. Трымаецца ў прыбярэжнай зоне азёр, залівах рэк і іншых месцах багатай воднай расліннасцю з павольным цячэннем. У большай колькасці сустракаецца ў паўднёвых рэгіёнах, у вадасховішчах, у вадаёмах-ахаладжальніках электрастанцый. Ва ўсіх вадаёмах краснапёрка пазбягае адкрытых месцаў і хуткага цячэння[2]. Зімуе ў ямах.
Вядзе аселы спосаб жыцця. Актыўная толькі ўдзень. Корміцца воднымі раслінамі і беспазваночнымі жывёламі, ікрою малюскаў, лічынкамі насякомых, моладзь — зоапланктонам. Пастаянна трымаецца ў густых зарасніках травы, багавіння, пазбягае адкрытай вады і цячэння. У цёплыя сонечныя дні падымаецца да паверхні або выходзіць у ціхія завадзі, затоны. Да канца восені збіраюцца ў чароды і залягаюць на глыбіні на ўсю зіму.
Расце павольна. Полавая спеласць настае на 3—4-м годзе пры даўжыні каля 10 см. Нераст парцыённы (красавік—чэрвень) пры тэмпературы вады 15—18°С, найчасцей на застойных і заглееных мясцінах. Плоднасць больш як 200 тыс. ікрынак.
Прамысловае значэнне невялікае.
Зноскі
- ↑ Краснапёрка, таксама народныя назвы ў адпаведнасці з БЭ ў 18 тамах., Т.8. Мн., 1999, С.458
- ↑ а б Рыбы: Попул. энцикл. справочник / Белорус. Сов. Энцикл., Ин-т зоологии АН БССР; Под ред. П. И. Жукова. — М.: БелСЭ, 1989. — С. 109—112. — 311 с. — 100 000 экз. — ISBN 5-85700-016-5.
- Гладкі Г. В. Краснапёрка // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 3. Катэнарыя — Недайка / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1984. — С. 67. — 588 с., іл. — 10 000 экз.
- Краснапёрка // Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: У 5-ці т / АН БССР, Інстытут мовазнаўства імя Я. Коласа. — Мн.: Галоўная рэдакцыя Беларус. Сав. Энцыклапедыі, 1978. — Т. 2: Г — К / [рэдактар А. Я. Баханькоў]. — С. 725. — 765 с.
- Краснапёрка // Жывёльны свет: Тэматычны слоўнік / Склад. В. Дз. Астрэйка і інш.; Рэд. Л. П. Кунцэвіч, А. А. Крывіцкі. — Мн.: Беларуская навука, 1999. — С. 71, 75. — 239 с. — 700 экз. — ISBN 985-08-0185-9.
- Рыбы: Попул. энцикл. справочник / Белорус. Сов. Энцикл., Ин-т зоологии АН БССР; Под ред. П. И. Жукова. — М.: БелСЭ, 1989. — С. 109—112. — 311 с. — 100 000 экз. — ISBN 5-85700-016-5.
- Краснопёрка // Т. 13. Конда — Кун. — М. : Советская энциклопедия, 1973. — С. 340. — (Большая советская энциклопедия : [в 30 т.] / гл. ред. А. М. Прохоров; 1969—1978). (руск.)