Škoda Felicia
Вытворца: | Škoda Auto |
Выпуск: | 1994—2001 |
Зборка: | ![]() ![]() ![]() ![]() |
Тып(ы) кузавы: | 5‑дзв. хэтчбэк (5‑месн.) 5‑дзв. універсал (5‑месн.) |
Папярэднік |
Škoda Felicia (бел.: Шкода Феліцыя) — легкавы аўтамабіль чэшскай кампаніі Škoda Auto. Выпускаўся з 1994 па 2001 год. Першая мадэль Škoda, якую яна выпусціла пасля ўваходжання ў склад канцэрна Volkswagen Group.
Усяго выраблена 1 401 489 аўтамабіляў усіх мадыфікацый[1]. Машыны выпускаліся на заводах у Млада Болеславе, Врхлабі і Квасінах, таксама збіраліся ў Сараеве (Боснія) і Познані (Польшча).
ГісторыяПравіць
5 верасня 1994 года выйшла першая Škoda Felicia[2]. Афіцыйная прэм'ера адбылася праз месяц, у Празе. Вытворчасць пачалася 17 кастрычніка 1994 года на заводзе Škoda ў Млада Болеславе[3].
Канструктыўна ўяўляла сабой глыбокую мадэрнізацыю мадэлі Favorit: у канструкцыю было ўнесена некалькі сотняў змяненняў, прыкметна палепшылася якасць. Ранейшымі засталіся толькі асноўныя агрэгаты (сілавая канструкцыя кузава, базавы рухавік, трансмісія), а ўсе астатнія дэталі (вонкавыя панэлі кузава, інтэр'ер, дэталі падвескі і шмат іншае) былі новымі. Новыя заднія ліхтары дазволілі пашырыць праём багажных дзвярэй і апусціць яго да бампера, панізіўшы пагрузачную вышыню.
У чэрвені 1995 года на аўтасалоне ў Брно быў прадстаўлены ўніверсал Felicia Combi (пераемнік мадэлі Forman).
У 1995 годзе з'яўляецца мадыфікацыя рухавіка 1,3 з размеркаваным упырскам MPI, а з 1996 года ў шэраг дадаліся рухавікі Volkswagen: бензінавы 1,6 л і дызельны 1,9 л.
1994[4] | 1995[5] | 1996[6] | |
---|---|---|---|
Felicia | 10 602 | 189 358 | 238 958 |
Pickup | 15 116[заўв. 1] | 20 744 | |
|
У 1998 годзе быў праведзены рэстайлінг. Пярэдняя частка была зроблена ў агульным стылі з мадэллю Octavia. Бамперы сталі больш масіўнымі і пафарбаванымі ў колер кузава. Акрамя таго, новыя бамперы зрабілі аўтамабіль крыху даўжэй (хэтчбек — на 28 мм і на 32 універсал). У салоне абнавілася цэнтральная кансоль, з'явіўся новы руль, палепшылася шумаізаляцыя. Гідраўзмацняльнік руля стаў уваходзіць у стандартнае абсталяванне для аўтамабіляў з рухавікамі 1,6 MPI і 1,9 D.
Апошні хэтчбек быў выраблены 20 чэрвеня 2001 года[1]. Было выраблена 915 853 хэтчбекі і 351 895 універсалаў[1].
1997[7] | 1998[7] | 1999[7] | 2000[7] | 2001[8] | |
---|---|---|---|---|---|
Felicia | 182 179 | 179 553 | 151 895 | 71 954 | 19 647 |
Felicia Combi | 77 797 | 68 889 | 45 527 | 26 081 | 5 467 |
Pickup | 32 132 | 27 847 | 17 182 | 17 743 | 3 981 |
Felicia Fun | 468 | 2 338 | 586 | 600 | — |
Felicia Vanplus | 850 | 2 405 | 1 306 | 440 | — |
МадыфікацыіПравіць
Felicia прапаноўвалася з двума базавымі тыпамі кузава: пяцідзверны хэтчбек і ўніверсал. Універсал меў арыгінальнае рашэнне: ад хэтчбека ён адрозніваўся падоўжанай задняй навіссю 350 мм; сама ж задняя частка, багажныя дзверы і ліхтары пры гэтым былі такія ж самыя як і ў хэтчбека.
хэтчбек Felicia | універсал Felicia Combi | |
---|---|---|
Даўжыня, мм | 3855 | 4215 |
Шырыня, мм | 1635 | |
Вышыня, мм | 1415 | |
Колавая база, мм | 2450 | |
Дарожны прасвет, мм | 120 | |
Аб'ём багажніка, л | 272-967 | 447-1366 |
Аб'ём паліўнага бака, л | 42/47 |
Аўтамабіль прапаноўваўся ў двух варыянтах камплектацыі: стандартнай LX і палепшанай GLX, якая адрознівалася наяўнасцю тахометра на прыборнай панэлі (у базавай камплектацыі на яго месцы быў гадзіннік), процітуманнымі фарамі, велюравай абіўкай сядзенняў, кнопкай дыстанцыйнага адчынення багажных дзвярэй і падзельнымі заднімі сядзеннямі. Акрамя гэтага, Felicia магла быць абсталявана электрычным рэгуляваннем люстэркаў, цэнтральным блакаваннем замкоў, электрападаграваннем сядзенняў, кандыцыянерам, ABS, падушкамі бяспекі[9].
У 1995—1996 прапаноўвалі раскошную версію «Laurin & Klement». Прапанавалася ў абедзвюх версіях кузава: хэтчбек абсталёўваўся 1,3-літровым рухавіком магутнасцю 50 кВт, а ўніверсал атрымаў 1,6-літровы рухавік 55 кВт[10]. Заснаваная на камплектацыі GLX, яна мела ABS, падушкі бяспекі вадзіцеля і пасажыра, цэнтральны замок з сігналізацыяй, 14-цалевыя лёгкасплаўныя дыскі, люк на даху, абітыя скурай сядзенні і дзвярныя панэлі, абаграванне пярэдніх сядзенняў, люстэркі задняга віду з электрычным прывадам, радыё з картай бяспекі і бартавым кампутарам. З іншага боку, не было электрапрываду вокнаў — механізмы адкрывання заставаліся ручнымі[11]. Бамперы і люстэркі задняга віду былі афарбаваныя ў колер аўтамабіля. Combi пастаўляўся з багажнікам на даху.
Felicia VanPlusПравіць
На базе ўніверсала быў пабудаваны фургон Felicia VanPlus. Заднія бакавыя дзверы не мелі шкла, а зверху для павелічэння аб'ёму быў усталяваны пластыкавы дах-калпак. Аб'ём грузавога адсеку складаў 2,2 куб. м., а грузападымальнасць — 450 кг[12].
Было выраблена 5160 фургонаў Felicia VanPlus[1].
PickupПравіць
У жніўні 1995 года быў прадстаўлены двухмесны Pickup (пазыцыянаваўся як асобная мадэль, без імя Felicia ў назве).
Грузападымальнасць — 500 кг. Мадэль прапаноўвалася з адкрытым кузавам альбо пластыкавай надбудовай, у апошнім выпадку — з заднімі двухстворкавымі дзвярамі. Аб'ём грузавога адсека з пластыкавай надбудовай даходзіў да 2,41 куб. м[13].
Выраблена 124 589 пікапаў[1].
Volkswagen Caddy (Typ 9U)Правіць
На некаторых рынках Volkswagen прапаноўваў шкодаўскі пікап пад маркай Volkswagen Caddy. Знешне адрозніваўся рашоткай радыятара, эмблемай «Volkswagen» і дыскамі колаў ад мадэлі Volkswagen Polo III (6N). Абсталёўвалася толькі рухавікамі Фальксвагена: бензінавым 1.6 MPI і дызельным 1.9 D.
Было выраблена 18 592 аўтамабіляў пад гэтай маркай[1].
Felicia FunПравіць
На Франкфурцкім аўтасалоне 1993 года Škoda паказала яркі пляжны пікап на базе мадэлі Favorit. Аналагічная версія на базе мадэлі Felicia была паказана на Жэнеўскім аўтасалоне 1996 года, а ў канцы 1997 года першыя машыны «Феліцыя Фан» паступілі ў продаж. Гэтая мадыфікацыя найперш прызначалася для экспарта ў краіны Паўднёвай Еўропы, але разам з тым, каля чвэрці вырабленых аўтамабіляў было прададзена ў Вялікабрытаніі.
Перагародка паміж кабінай і грузавой пляцоўкай раскладалася, утвараючы другі шэраг сядзенняў. Выбар колеру быў абмежаваны трыма адценнямі жоўтага — ад ярка-цытрынавага да гарчычнага, прычым аздабленне салона, руль, колавыя дыскі і цыферблаты прыбораў былі аднаго колеру з кузавам[14]. Фірмовы знак гэтай мадэлі — жаба, выява якой была намалявана на стойках кузава і сядзеннях.
Да 2000 года было выраблена 3992 машын версіі Fun[1].
MTX CabrioПравіць
Чэшская кампанія MTX вырабляла кабрыялет на базе Škoda Felicia. За пярэднімі сядзеннямі для павышэння жорсткасці кузава ўсталёўвалася дуга бяспекі.
Выпускаўся ў 1997—2000 гадах, усяго зроблена каля 30 машын[15].
РухавікіПравіць
Felicia маглі абсталёўвацца як рухавікамі ўласнай распрацоўкі Škoda (1,3 л), так і рухавікамі Volkswagen (1,6; 1,9 л).
Рухавікі Škoda: з алюміневымі блокам і галоўкай цыліндраў, з ніжнім размяшчэннем размеркавальнага вала са штангавым прывадам клапанаў, ланцужным прывадам ГРМ. Акрамя карбюратара (ліцэнзійны карбюратар Pierburg) маглі абсталёўвацца ўпырскам паліва: аднакропкавым Bosch Monomotronic або сістэмай размеркаванага ўпырску Siemens Simos P2.
Рухавікі Volkswagen вядомыя па мадэлях Golf III і Polo III: бензінавы 1,6-літровы рухавік магутнасцю 75 к.с. і 1,9-літровы атмасферны дызель магутнасцю 64 к.с.
Рухавік | Тып | Сілкаванне | Дыяметр цыліндра х Ход поршня | Ст. сціску | Магутнасць | Макс. круцільны момант | 0-100 км/г | Макс. хуткасць |
---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Бензінавыя:[16] | ||||||||
Š 781.135 | Р4 1,3 л (1289 см³) | карбюратар | 75,5 мм × 72 мм | 8,8:1 | 58 к.с. (43 кВт) пры 5000 аб/хв | 94 Н•м пры 3000 аб/хв | 15 с | 145 км/г |
Š 781.135 B | Р4 1,3 л (1289 см³) | аднакропкавы ўпырск | 75 мм × 72 мм | 9,5:1 | 54 к.с. (40 кВт) пры 4500 аб/хв | 99 Н•м пры 2500 аб/хв | 18 с | 151 км/г |
Š 781.136 B | Р4 1,3 л (1289 см³) | аднакропкавы ўпырск | 75 мм × 72 мм | 9,5:1 | 68 к.с. (50 кВт) пры 5000 аб/хв | 100 Н•м пры 3250 аб/хв | 16 с | 155 км/г |
Š 781.135 M | Р4 1,3 л (1289 см³) | размеркаваны ўпырск | 75 мм × 72 мм | 9,0:1 | 54 к.с. (40 кВт) пры 4500 аб/хв | 99 Н•м пры 3000 аб/хв | 15,5 с | 155 км/г |
Š 781.136 M | Р4 1,3 л (1289 см³) | размеркаваны ўпырск | 75 мм × 72 мм | 9,7:1 | 68 к.с. (50 кВт) пры 5000 аб/хв | 106 Н•м пры 2600 аб/хв | 13,5 с | 162 км/г |
AEE 1.6 MPI | Р4 1,6 л (1598 см³) | размеркаваны ўпырск | 76 мм × 86,9 мм | 9,8:1 | 75 к.с. (55 кВт) пры 4500 аб/хв | 135 Н•м пры 3500 аб/хв | 12 с | 170 км/г |
Дызельны: | ||||||||
AEF 1.9 D | Р4 1,9 л (1896 см³) | упырск | 79 мм x 95,5 мм | 22,5:1 | 64 к.с. (47 кВт) пры 4300 аб/хв | 124 Н•м пры 2500 аб/хв | 16,5 с | 156 км/г |
Трансмісія і хадавая часткаПравіць
Незалежна ад версіі рухавіка аўтамабілі абсталёўваліся 5-ступеньчатай механічнай каробкай перадач. Перадаткавыя лікі: I – 3,31; II – 1,92; III – 1,27; IV – 0,93; V – 0,72; задні ход – 2,92; галоўная перадача – 4,16. Прывад на пярэднія колы.
Падвеска: спераду — незалежная, тыпу МсPherson; ззаду — паўзалежная, з пругкай папярочнай бэлькай, падоўжнымі рычагамі, спружынамі і стабілізатарам папярочнай устойлівасці.
Тармазы: з узмацняльнікам, спераду — дыскавыя, ззаду — барабанныя.
У БеларусіПравіць
Большая частка продажаў прыйшлася на машыны з чэшскім 1,3 літровым карбюратарным рухавіком[17].
У 1996 годзе разглядалася магчымасць вытворчасці аўтамабіляў Škoda Felicia і Škoda Felicia Combi на Дзяржынскім заводзе «Аграмаш»[18][19].
Зноскі
- ↑ 1,0 1,1 1,2 1,3 1,4 1,5 1,6 Poslední Škoda Felicia byla vyrobena před 15 lety (чэшск.) . auto.cz (20 чэрвеня 2016). Праверана 3 верасня 2017.
- ↑ Dwie dekady koncernowej Skody Felicia (польск.) . motofakty.pl (17 верасня 2014). Праверана 2 верасня 2017.
- ↑ Před 25 lety se začala vyrábět Škoda Felicia. První výsledek spolupráce s VW (чэшск.) . auto.cz (17 кастрычніка 2019). Праверана 17 кастрычніка 2019.
- ↑ VOLKSWAGEN AG 1994 Annual Report (англ.) . Volkswagen AG. Праверана 15 лютага 2021.
- ↑ VOLKSWAGEN AG 1995 Annual Report (англ.) . Volkswagen AG. Праверана 15 лютага 2021.
- ↑ VOLKSWAGEN AG 1996 Annual Report (англ.) . Volkswagen AG. Праверана 15 лютага 2021.
- ↑ 7,0 7,1 7,2 7,3 ŠkodaAuto Annual Report 2000 (англ.) . Škoda Auto. Праверана 15 лютага 2021.
- ↑ ŠkodaAuto Annual Report 2001 (англ.) . Škoda Auto. Праверана 15 лютага 2021.
- ↑ Felicia — новый чешский фаворит // Авторевю : часопіс. — 1995. — № 9 (101). — С. 10. (руск.)
- ↑ Škoda Felicia Combi 1.6 Laurin&Klement (чэшск.) . auta5p.eu. Праверана 2 верасня 2018.
- ↑ ŠKODA FELICIA JE PRVNÍ MODEL AUTOMOBILKY, KTERÝ DOSTAL LUXUSNÍ VERZI LAURIN & KLEMENT (чэшск.) . griptv.cz (24 ліпеня 2017). Праверана 2 верасня 2018.
- ↑ Felicia для мелких торговцев // Авторевю : часопіс. — 1996. — № 4 (120). — С. 5. (руск.)
- ↑ Skoda PickUp: Млада-Болеславский коммерсант (руск.) . autocentre.ua (31 снежня 2009). Праверана 2 верасня 2017.
- ↑ ШКОДА-ФЕЛИЦИЯ ФАН // За рулём : часопіс. — 1998. — № 11. — С. 64. (руск.)
- ↑ MTX Cabrio (чэшск.) . auta5p.eu. Праверана 30 сакавіка 2018.
- ↑ Škoda Felicia - Dane techniczne. auto-data.net/pl. Праверана 2 верасня 2017.
- ↑ Чья простота лучше? (руск.) . abw.by (26 лістапада 2006). Праверана 31 жніўня 2017.
- ↑ Белорусская Skoda? // Авторевю : часопіс. — 1996. — № 15 (130). — С. 2. (руск.)
- ↑ Белорусский народный автомобиль. Реальные проекты и иллюзорные прожекты нашего автопрома (руск.) . tut.by (28 лютага 2016). Праверана 31 жніўня 2017.
ЛітаратураПравіць
- Favorit сошел. Делайте ставки на Skoda Fеliсiа! // Авторевю : часопіс. — 1994. — № 21 (89). — С. 7. (руск.)
- Felicia — новый чешский фаворит // Авторевю : часопіс. — 1995. — № 9 (101). — С. 10-11. (руск.)
- "Фелиция" — дитя приватизации // За рулём : часопіс. — 1995. — № 6. — С. 16-17. (руск.)
- «Народный вагон» по-чешски // Авторевю : часопіс. — 1996. — № 15 (130). — С. 20-21. (руск.)
- В фавориты выходит "Фелиция" // За рулём : часопіс. — 1996. — № 7. — С. 65-67. (руск.)
- Octavia и Felicia в новых одеждах // Авторевю : часопіс. — 1998. — № 7 (170). — С. 13-14. (руск.)
- Окно в Европу // Клаксон : газета. — 2000. — № 23 (223). — С. 55-57. (руск.)
- Поквакал — и в кузов // За рулём : часопіс. — 2019. — № 11. — С. 90-93. (руск.)
СпасылкіПравіць
- Ford Fiesta, Nissan Micra, Skoda Felicia и VW Polo: Подарок для любимой (руск.) . autocentre.ua (19 лютага 2007). Праверана 2 верасня 2017.
- Skoda PickUp: Млада-Болеславский коммерсант (руск.) . autocentre.ua (31 снежня 2009). Праверана 2 верасня 2017.
- Dwie dekady koncernowej Skody Felicia (польск.) . motofakty.pl (17 верасня 2014). Праверана 2 верасня 2017.
Гл. таксамаПравіць
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Škoda Felicia