Іосіф Львовіч Дорскі
Іосіф Львовіч Дорскі (4 (17) снежня 1911, г. Мінск — 7 снежня 1964; крыптонімы: І. Д.; І.Д-кі) — беларускі тэатральны дзеяч, драматург. Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1961).
Іосіф Львовіч Дорскі | |
---|---|
Дата нараджэння | 4 (17) снежня 1911 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 7 снежня 1964 (53 гады) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Жонка | Марыя Сяргееўна Бялінская |
Адукацыя | |
Прафесія | драматург, тэатральная прафесія |
Тэатр |
|
Член у | |
Узнагароды |
Біяграфія
правіцьНарадзіўся 4 (17) снежня 1911 года ў Мінску ў сям’і служачага. З 1920 г. па 1927 г. вучыўся ў 5-й мінскай сярэдняй школе. З дзевятнаццаці гадоў пачаў свой творчы шлях. Пісаў пра новае, што з’яўлялася тыповым для таго часу. Яго артыкулы, замалёўкі, нарысы ўсё часцей змяшчаліся ў рэспубліканскім друку. Пасля заканчэння ў 1929 годзе 1-х мінскіх агульнаадукацыйных курсаў працаваў у 1929—1930 гадах сакратаром рэдакцыі шматтыражнай газеты Мінскага дрэваапрацоўчага завода імя Молатава . З канца 1930 па 1931 г. вучыўся на курсах кінасцэнарыстаў, пасля чаго ў 1930—1932 гадах працаваў на кінафабрыцы «Савецкая Беларусь», якая размяшчалася ў той час у Ленінградзе. Неўзабаве вярнуўся ў Менск, дзе ў 1932—1934 гадах працаваў літсупрацоўнікам у газеце «Рабочий».
У 1934 годзе яго прызвалі ў Чырвоную Армію. Службу праходзіў у Віцебску, дзе быў сакратаром літаратурнага аб’яднання гарнізона. Пасля дэмабілізацыі ў 1935—1944 гадах працаваў загадчыкам літаратурнай часткі БДТ-2. Гэта быў надзвычай цяжкі, складаны і вельмі адказны ўчастак работы. Трэба было ствараць арыгінальны, сучасны для тых гадоў рэпертуар. У 1939—1941 гг. вучыўся на завочным аддзяленні Літаратурнага інстытута імя А. М. Горкага. У 1944—1948 гадах працаваў намеснікам дырэктара тэатра імя Я. Коласа. Член КПСС з 1945 года. Стаўшы ў 1948 г. дырэктарам тэатра, ён адчуў поўную адказнасць за яго рэпертуар. З вялікім поспехам на сцэне тэатра ішлі цудоўныя спектаклі, створаныя па п’есе Я. Коласа «Вайна вайне» і па аповесці «Дрыгва» («У пушчах Палесся»). Іосіф Дорскі сам шукаў аўтараў, заахвочваў, абуджаў у іх жаданне пісаць для тэатра. Яго намаганнямі да тэатра была прыцягнута шырокая плеяда пісьменнікаў і пачынаючых драматургаў: Я. Купала, К. Крапіва, І. Шамякін, А. Макаёнак, П. Глебка, А. Дзялендзік, П. Данілаў, А. Гутковіч, М. Алтухоў, чые імёны стварылі тэатру рэпутацыю як аднаго з лепшых у краіне.
Так з’явіўся новы для тэатра спектакль «Несцерка» па п’есе В. Вольскага, які і зараз ідзе на сцэне Коласаўскага тэатра, стаўшы яго своеасаблівай візітнай карткай. Рэпертуар узбагаціўся спектаклямі «Над Бярозай-ракой», «Святло з Усходу» па п’есах П. Глебкі. Іосіф Дорскі адчуваў сябе на сваім месцы, жыў жыццём тэатра. Ён удала спалучаў абавязкі дырэктара і мастацкага кіраўніка, праяўляў сябе як таленавіты арганізатар.
У другой палове 1950-х гг. тэатр пераехаў у новае памяшканне на плошчы імя У. І. Леніна. Іосіф Дорскі дабіваўся таго, каб вядучыя акцёры і работнікі сцэны атрымалі кватэры каля тэатра. Быў створаны сімфанічны аркестр, у якім працавалі таленавітыя музыканты. Пакуль тэатрам кіраваў І. Дорскі, спектаклі ішлі не пад магнітафонны запіс, а пад жывую музыку. Друкаваліся і прадаваліся праграмкі спектакляў і буклеты з прапагандай дасягненняў трупы тэатра. У гардэробе можна было ўзяць напракат тэатральны бінокль. Неабыякавы кіраўнік рабіў усё магчымае, каб тэатр станавіўся ўсё больш славутым, каб было камфортна акцёрам і ўтульна гледачам. Намаганнямі І. Дорскага арганізаваны гастролі тэатра ў Вільнюсе. Пасля 1948 г. гастрольная геаграфія трупы Коласаўскага тэатра, якая складалася з вялікай колькасці народных і заслужаных артыстаў, пашырылася амаль на ўвесь СССР. Тэатр паказваў спектаклі ў Мінску і іншых гарадах Беларусі, Рызе, Ленінградзе, Маскве, Кіеве, Адэсе.
Член СП БССР з 1956 г., дэпутат Віцебскага гарадскога савета дэпутатаў працоўных 51 выбарчай акругі (1959). У 1961—1964 гг. І. Дорскі працаваў дырэктарам кінастудыі «Беларусьфільм».
Памёр 7 снежня 1964 года. Пахаваны ў Мінску на Усходніх могілках.
Творчасць
правіцьУпершыню выступіў у друку ў 1928 г. з рэцэнзіяй у часопісе «Чырвоны сейбіт». З гэтага часу пачаў друкаваць рэцэнзіі з тэатральнай крытыкай, нарысы, напісаў «Нарыс гісторыі тэатра імя Я. Коласа» (1956). Праявіў сябе І. Дорскі і як драматург. Плённай стала сумесная работа з драматургам К. Губарэвічам. Аўтар п’ес: «Цэнтральны ход» пра партызанскую дзейнасць К. Заслонава (у сааўтарстве з К. Л. Губарэвічам, пастаўлены тэатрам імя Я. Коласа ў 1948 г.), найбольш вядомая лірычная камедыя — «Алазанская даліна» пра мірную працу калгаснікаў у першыя пасляваенныя гады (у сааўт. з К. Л. Губарэвічам, паст. тэатрам імя Я. Коласа ў 1949 г. і Палескім абласным драматычным тэатрам у 1950 г.), «Право на счастье» (паст. Дзяржаўным рускім драматычным тэатрам БССР імя М. Горкага ў 1956 г., тэатрам імя Я. Коласа — пад назвай «Шчасце»). П’еса «Алазанская даліна» карысталася папулярнасцю і на ўкраінскай сцэне: яе ставілі розныя вандроўныя драматычныя тэатры. П’еса «Права на шчасце» бала перакладзена на рускую, украінскую мовы і неаднаразова ставілася ў тэатрах Мінска, Віцебска, Адэсы пад назвай «Шчасце». П’есы драматурга перадавалі энтузіязм людзей, іх імкненне да пераўтварэнняў, адлюстроўваючы разам з тым пэўныя грамадскія ілюзіі 1950-х гг.
Узнагароды
правіцьУзнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР (1946), медалём «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне» (1946). За сваю творчую дзейнасць быў узнагароджаны двума ордэнамі «Знак Пашаны» і медалямі, атрымаў званне заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі (1961).
Сям’я
правіцьУ шлюбе з Марый Сяргееўнай Бялінскай (1906—1990), беларускай актрысай.
Спасылкі
правіць- Іосіф Львовіч Дорскі на сайце анлайн-энцыклапедыі «Беларусь у асобах і падзеях»
- ДОРСКІ ІОСІФ ЛЬВОВІЧ. ДРАМАТУРГ. 4 (17) СНЕЖНЯ 1911 Г. — 7 СНЕЖНЯ 1964 Г. Архівавана 17 ліпеня 2021.