Абарона Смаргоні
Абарона Смаргоні — 810-дзённая бітва пад мястэчкам Смаргонь на Усходнім фронце Першай сусветнай вайны. Менавіта тут упершыню за перыяд Вялікага адступлення 1915 года расійскія войскі здолелі спыніць прасоўванне праціўніка. Акрамя таго, Смаргоншчына была адным з месцаў масавага прымянення хімічнай зброі на Усходнім фронце[1].
Абарона Смаргоні | |||
---|---|---|---|
Асноўны канфлікт: Усходні фронт Першай сусветнай вайны | |||
![]() Разбураны Касцёл Святога Міхаіла ў Смаргоні, 1917 год. У той перыяд дзейнічаў як праваслаўны храм. | |||
Дата | 15 верасня 1915 — 4 снежня 1917 | ||
Месца | тэрыторыя сучаснага Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці Беларусі | ||
Вынік | перамір’е; фактычная перамога расійскага боку: Смаргонь утрымана | ||
Праціўнікі | |||
|
|||
![]() |
Населены пункт быў цалкам разбураны і ўвайшоў у гісторыю як «мёртвы горад»[2] , «Рускі Вердэн»[3][4][5], «Беларускі Вердэн»[6].
Штурм горада
правіць9 верасня 1915 года, здзейсніўшы прарыў фронта на поўнач ад Вільні і захапіўшы 12 верасня Свянцяны, 6-ы германскі кавалерыйскі корпус пачаў рэйд па тылах расійскай арміі. 13 верасня германская кавалерыя падышла да азёраў Нарач і Свір. Адсюль 1-я і 4-я кавалерыйскія дывізіі немцаў рушылі на Смаргонь, да чыгункі Вільня — Маладзечна і перапраў праз раку Вілію.
15 верасня, зраніцы германскі кавалерыйскі полк з артылерыяй і кулямётамі атакаваў населены пункт. Расійскія маршавыя роты восем гадзін трымалі абарону. Потым яны ў спешцы адышлі да Крэва, насустрач рэзервовым сілам.
На захадзе, поўдні і ўсходзе ад Смаргоні з праціўнікам вялі баі часці 36-га, 27-га, 4-га Сібірскага і 1-га кавалерыйскага корпусаў. 20 верасня, каля 15-й гадзіны сумеснай атакай 9-га і 10-га Сібірскіх стралковых, 68-й і 25-й пяхотнымі дывізій горад быў адбіты. Германскія часці адышлі на поўнач, за Вілію.
Увечары 24 верасня да мястэчка з захаду, адыходзячы з баямі ад Вільні, падышлі сілы Гвардзейскага корпуса. Ужо на наступны дзень пачаліся гарачыя сутычкі на пераправе праз Вілію, ля млына і чыгуначнай станцыі. У бой за населены пункт уступіла ўся 3-я Гвардзейская пяхотная дывізія, лейб-гвардыі Кексгольмскі, Петраградскі, Валынскі і Літоўскі палкі.
У адказ кайзераўская армія кінула ў бой падмацаванне. Да расійскага боку з рэзерва корпуса падышоў лейб-гвардыі Прэабражэнскі полк і два батальёны лейб-гвардыі Грэнадзёрскага палка. Гвардзейцы паспяхова адбілі атакі, утрымаўшы пазіцыі. Уночы Смаргонь ахапілі пажары.
Раніцай над германскімі акопамі павяваўся белы сцяг. Немцы прасілі аб перамір’і на чатырохкіламетровым участку фронта ля ракі Віліі для збору параненых і забітых. Расіяне прынялі прапанову. За час перамір’я было пахавана 3800 загінулых расійскіх салдат і афіцэраў, немцам было перададзена 5500 загінулых. Сярод ахвяр было і 150 мясцовых жыхароў.
Пазіцыйная вайна
правіцьДа канца 1915 года праціўнікі высіліліся і ўзмоцнена зарываліся ў зямлю. Немцы залівалі бетонам агнявыя кропкі і бліндажы (некаторыя з гэтых умацаванняў захаваліся да сучаснасці).
Лабірынты акопаў і траншэй з кожным днём усё павялічваліся, дзясяткі кіламетраў чыгункі — звычайнай і вузкакалейнай на паравознай і коннай цязе — былі пабудаваны ля Смаргоні па абодвух баках фронта, у тым ліку 19-кіламетровая чыгуначная ветка ад станцыі Пруды да паста «648-я вярста» чыгункі Маладзечна — Ліда. Таксама былі наведзены шматлікія масты і паромныя пераправы праз Вілію, пакладзены дзясяткі кіламетраў грэбляў у балотах на поўнач ад Смаргоні да возера Вішнеўскае. Пачалася «пазіцыйная вайна». Мясцовасць паміж нямецкімі і рускімі акопамі параўнальна роўная і адкрытая, спадзістая з захаду на ўсход, што стварала выгадныя ўмовы для выкарыстання баявых хімікатаў.
12 кастрычніка 1915 года, упершыню на расійскім фронце, немцы ўжылі газ на смаргонскім участку супраць 3-й Гвардзейскай пяхотнай дывізіі. З красавіка 1916 года газавыя атакі пачасціліся. Значную шкоду нанесла хіматака 2 ліпеня, калі за паўтары гадзіны атрута пранікла больш чым на 20 кіламетраў у бок Маладзечна. Было атручана 40 афіцэраў і 2076 салдат 64-й і 84-й пяхотных дывізій. Яшчэ большыя ахвяры былі 2 жніўня. Ноччу немцы восем разоў з паўгадзіннымі прамежкамі выпускалі газ на пазіцыі Каўказскай грэнадзёрскай дывізіі ля чыгункі ў Смаргоні. 286 чалавек загінулі, 3846 пацярпелі[7].
18—29 сакавіка 1916 года, у 20-ці кіламетрах на поўнач ад Смаргоні, каля пасёлка Вішнева і возера Нарач, наступала 2-я расійская армія. На смаргонскім участку, каля вёсак Чарняты, Гарыдзеняты і Дубатоўка, дывізіі 10-й арміі штодня артабстрэламі, кулямётнай і ружэйнай стральбой адцягвалі на сябе праціўніка, забяспечваючы галоўны ўдар. Аднак немцы прадухілілі прасоўванне расіян, утрымаўшы свае пазіцыі.
На працягу чэрвеня сапёры 52-га сапёрнага батальёна 26-га армейскага корпуса капалі тунэль у тыл да немцаў — да вышыні 72,9 («Залатая горка»[1]) на ўскраіне Смаргоні, дзе размяшчалася нямецкая батарэя. У дзень штурму закладзены пад зямлю дынаміт быў разарваны, 225-ы Акерманскі і 258-ы Кішынёўскі палкі ўзялі вышыню штурмам. 6 верасня ля той жа вышыні ўпершыню за час вайны расійскія войскі самі ўжылі газ. На германскія акопы за 15 хвілін атакі было выпушчана 13 тон хлору.
Пасля Лютаўскай рэвалюцыі баявы дух войск быў зламаны. Новыя ўлады вырашылі правесці псіхалагічную акцыю — накіраваць пад Смаргонь жаночы «батальён смерці». 7—10 ліпеня 1917 года ў баях за Наваспаскі лес (паўднёвей Смаргоні, пад Крэва) падраздзяленне ўступіла ў бой з праціўнікам. Першапачаткова батальён праявіў сябе добра: паспяхова адбіў 14 германскіх контратак, праяўліў мужнасць, прыпыняў адступаючых мужчын-салдат і рабавальнікаў, адбіраў у вайскоўцаў алкаголь[8]. Аднак у рэшце рэшт жанчыны, ледзь патрапіўшы пад абстрэл немцаў, асалапелі і збянтэжыліся.
19-23 ліпеня была арганізавана новая атака, таксама пад Крэва. Нягледзячы на значную колькасную перавагу войск і артылерыі — 16 пяхотных і 2 кавалерыйскіх дывізіі, каля 800 гармат і 13-дзённая норма снарадаў, наступленне расійскай арміі правалілася. Пасля баёў фіксаваліся выпадкі братання з немцамі і відавочныя адмовы працягваць баявыя дзеянні.
4 снежня ў мястэчку Солы, за 10 км на захад ад Смаргоні, за дзесяць дзён да падпісання ў Брэсце агульнага перамір’я (15 снежня 1917 года), немцы заключылі перамір’е з Заходнім расійскім фронтам.
Памяць
правіцьНаселены пункт быў цалкам разбураны артылерыяй, парыты акопамі і траншэямі. Газета «Ніва» № 25 за 1916 год называла Смаргонь «мёртвым горадам».
Сярод расійскіх салдат гуляла прымаўка «Хто пад Смаргонню не бываў, той вайны не спазнаў» (таксама ёсць варыяцыі з «не відаў»[1] і «не бачыў»[9]; у рускім варыянце — «Кто под Сморгонью не бывал, тот войны не видал»[10][11]).
Нямецкі кампазітар Герман Блюмэ прысвяціў падзеям «Смаргонскі марш» (Smorgon-Marsch)[12].
Пакінутая Першай сусветнай вайной на Смаргоншчыне спадчына лічыцца самай прыкметнай на тэрыторыі Беларусі. За гады супрацьстаяння нямецкія і расійскія вайскоўцы пабудавалі тут многакіламетровыя лініі абароны, развітыя сістэмы камунікацый, якія працягнуліся ад Вішнеўскага возера на поўначы да Заходняй Бярэзіны на поўдні. З абодвух бакоў лінія фронту была адзначана велізарнай колькасцю могілак[1].
У горадзе створаны самы вялікі ў Беларусі мемарыял памяці герояў і ахвяр Першай сусветнай вайны. Комплекс адкрыты да 100-годдзя пачатку вайны ў 2014 годзе. Ён аб’ядноўвае скульптурныя кампазіцыі «Крылаты геній воінскай славы», «Салдаты Першай сусветнай вайны» і «Бежанцы». Таксама на тэрыторыі ўзведзена капліца і ўстаноўлены «Камень памяці» са зваротам да нашчадкаў. Крыху далей ад увахода, абазначанага Георгіеўскім крыжам, размешчана зона памяці і смутку — бронзавая карта ваенных падзей 1915—1917 гадоў, дзве мемарыяльныя урны з зямлёй з мясцін пахавання воінаў рускай і нямецкай армій, капліца са званом[13].
Значную ролю ў захаванні памяці згуляла аб’яднанне «Смаргонь франтавая».
Гл. таксама
правіцьКрыніцы
правіць- ↑ а б в г Абарона Смаргоні (сайт Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі)
- ↑ Е.К. Новик, И.Л. Качалов, Н.Е. Новик. История Беларуси с древнейших времён до 2010 г.. — Минск: «Вышэйшая школа», 2011. — 526 с. — ISBN 978-985-06-1917-4.
- ↑ «Русский Верден» 810-дневные бои у Сморгони (1915-1917)
- ↑ "Русский Верден" или 810-дневные бои у Сморгони
- ↑ [https://legitimist.ru/sight/history/2022/russkij-verden-810-dnevnyie-boi-u-smorgoni-1915-1917.-chast-pervaya.html «Русский Верден» 810-дневные бои у Сморгони (1915-1917). Часть первая.]
- ↑ "Белорусский Верден". В Сморгони проходит фестиваль с реконструкцией событий Первой мировой войны
- ↑ Гужва Д. Г., Гужва Е. Г. «Пахло яблоками, фруктами, скошенным сеном…». Газовая атака немцев против русских войск под Сморгонью в ночь с 19 на 20 июля 1916 г. // Военно-исторический журнал. — 2015. — № 10. — С.13-17. 14
- ↑ Вирская, В.В. В боях под Сморгонью: «Женщина с ружьем» в Первой мировой войне // Беларуская думка : часопіс. — 2014. — № 9. — С. 77—81.
- ↑ «Хто пад Смаргонню не бываў…»(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 10 сакавіка 2024. Праверана 10 сакавіка 2024.
- ↑ Почему наши войска стояли у Сморгони насмерть? // Аргументы и факты, № 22 от 2 июня 2010 года
- ↑ «Кто под Сморгонью не бывал, тот войны не видал» — такая поговорка ходила среди солдат Первой мировой войны
- ↑ Мемориальный комплекс в Сморгони – это нужно не мертвым, это нужно живым!
- ↑ Першая сусветная вайна ў Беларусі
Літаратура
правіць- Билевич, О. И. Героические и трагические страницы обороны Сморгони // Вестник Брестского государственного технического университета. — 2014. — № 6. — С. 3—5.
- Галдзянкоў, М. Забытая Першая сусветная вайна / Міхаіл Галдзянкоў. — Мінск : Галіяфы, 2017. — 208 с. : іл.
Спасылкі
правіць- Баі пад Смаргонню: як выглядаюць рэстаўрыраваныя бліндажы Першай сусветнай // Sputnik Belarus, 1 жніўня 2021
- Балада аб Смаргоні // Звязда, 22 студзеня 2014