Дзейнасць БНР (ктв) правіць

Урад БНР ужо ў першыя месяцы пасля абвяшчэння незалежнасці зрабіў шэраг крокаў па стварэнню сваёй дыпламатычнай службы — важнага атрыбута дзяржаўнасці. Гэта была вельмі складаная задача і прычын таму было некалькі. Па-першае, урад — Народны Сакратарыят — не быў прызнаны акупацыйнымі германскімі ўладамі. Па-другое, сябры Рады БНР і Народнага Сакратарыята і ўсе, хто ім дапамагаў, выконвалі свае абавязкі, можна сказаць, на грамадскіх пачатках. Сродкаў для сталага фінансавання дзяржаўнай дзейнасці не хапала. Па-трэцяе, кіраўнічы актыў БНР не меў вопыту міжнароднай дзейнасці, у распараджэнні Народнага Сакратарыята не аказалася аніводнага прафесіянальнага дыпламата з беларусаў. А тым часам сярод задач, якія паўсталі перад БНР і яе стваральнікамі, на першае месца вылучыліся як раз задачы дыпламатычнага характару: паўплываць на ход перамоў у Брэсце-Літоўскім на карысць Беларусі, наладзіць адносіны з германскімі ўладамі і дамагацца ад іх прызнання БНР і яе ўрада, нарэшце, забяспечыць дыпламатычнае прызнанне БНР з боку іншых дзяржаў. Складанасць і важнасць знешнепалітычных задач добра разумелі стваральнікі БНР. У складзе Народнага Сакратарыята адразу ж была прадугледжана пасада народнага сакратара па замежным справам. Сябры Рады вельмі ўважліва ставіліся да персанальна-кадравых пытанняў у гэтай справе. Міністрам замежных спраў неабходна было зацвердзіць найбольш аўтарытэтнага і адукаванага чалавека. Выйсце было знойдзена такім чынам: замежныя справы ў Народным Сакратарыяце даручаліся старшыні першага ўрада — Язэпу Варонку. Гэта быў вядомы на Беларусі палітычны дзеяч, журналіст, публіцыст. З 1917 г. з’яўляўся членам ЦК Беларускай Сацыялістычнай Грамады, адным з кіраўнікоў I Усебеларускага з’езда і ініцыятараў абвяшчэння БНР.

Сумяшчэнне пасад старшыні і сакратара па міжнародным справам дазволіла сканцэнтраваць на праблемах знешняй палітыкі большасць арганізацыйных і фінансавых магчымасцей Народнага Сакратарыята, скіраваць сюды найбольш падрыхтаваных людзей.

Пачатак Беларускай дыпламатыі правіць

Першым крокам беларускай дыпламатыі можна лічыць удзел у мірных перамовах у Брэсце-Літоўскім. Дакладней будзе сказаць, што Выканкам I Усебеларускага з’езда накіраваў у Брэст-Літоўскі дэлегацыю ў складзе А. Цвікевіча, С. Рак-Міхайлоўскага, І. Серады з мэтай абараніць на перамовах інтарэсы Беларусі. Менавіта гэтых людзей можна лічыць першымі дыпламатамі Беларусі ў XX ст. Паколькі свабодна перамяшчацца па беларускай тэрыторыі дэлегацыя не мела магчымасці — існавала пагроза арышту з боку СНК Заходняй вобласці і фронту, дэлегацыя дабіралася ў Брэст праз Украіну. У выніку беларусы прыбылі ў Брэст толькі 15 лютага.

Паўнамоцтвы прадстаўнікоў БНР не былі прызнаны дэлегацыяй Савецкай Расіі, яе прадстаўнік Л. Карахан не пажадаў сустрэцца з беларусамі. Нягледзячы на гэта, прадстаўнікі Беларусі атрымалі статус дарадчыкаў пры ўкраінскай мірнай дэлегацыі, якая была афіцыйна дапушчана на перамовы. Беларуская дэлегацыя таксама здолела сустрэцца з членамі германскай дэлегацыі: Розенбергам, Шылерам, Гофманам і перадаць ім мемарандум, у якім гаварылася аб стварэнні беларускай дзяржавы, выказваўся пратэст супраць умоў мірнага дагавору, па якім частка беларускіх тэрыторый адыходзіла да Германіі, а таксама супраць таго, што дагавор не прадугледжваў кампенсацыйных выплат беларускаму насельніцтву за страты, выкліканыя вайной. Гэта была першая спроба кіраўніцтва БНР дабіцца суверэнітэту рэспублікі шляхам міжнароднага прызнання.

У красавіку 1918 г. на Украіну была накіравана надзвычайная дэлегацыя, якая стварыла ў Кіеве беларускую дыпламатычную місію. У дэлегацыю ўвайшлі вядомыя дзеячы беларускага руху: кіраваў місіяй А. Цвікевіч, сябрамі дэлегацыі з’яўляліся С. Рак-Міхайлоўскі і Л. Леўчанка, кансультантам быў прафесар М. Доўнар-Запольскі, кіраваў справамі Ю. Фарботка. Дэлегацыя працавала над стварэннем сумеснай беларуска-ўкраінскай камісіі па вызначэнню дзяржаўнай мяжы паміж Украінай і БНР; рыхтавала праект абвяшчэння ўрадам еўрапейскіх краін аб незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, якое меркавалася перадаць па радыё ва ўсе еўрапейскія сталіцы.

Дыпламатычныя прадстаўнікі Беларусі падчас знаходжання на Украіне абменьваліся афіцыйнымі візітамі з кіраўніком Украінскай Цэнтральнай Рады М. Грушэўскім, міністрам замежных спраў Любінскім, міністрам унутраных спраў Ткачэнкам, вайсковым міністрам Жукоўскім, у ходзе якіх высвечвалі становішча на Беларусі, дамагаліся фінансавай і харчовай дапамогі для БНР. З вайсковым міністрам Жукоўскім вырашалі пытанне аб фарміраванні беларускіх войскаў на тэрыторыі Украіны, у сувязі з чым стварылі асобую вайсковую камісію, у якую ўвайшлі прадстаўнікі Беларускай Нацыянальнай Арганізацыі ў Кіеве.

Восенню 1918 г. былі арганізаваны надзвычайныя місіі, якія зрабілі падарожжы ў Кіеў да ўрада гетмана П. Скарападскага (місія была акрэдытавана пры міністры загранічных спраў — Д. Дарашэнку), у Варшаву — да Рады Рэгенцкай, у Вільню — да ўрада Літоўскай Тарыбы. Місія беларускага ўрада, арганізаваная дзеля падарожжа да бальшавікоў у Маскву, не выехала з-за небяспекі "не вярнуцца да хаты жывою"2. Такая форма дыпламатычнай дзейнасці, як накіраванне за мяжу афіцыйных дэлегацый, займала ў БНР у 1918 г. ледзьве не першае месца. З-за дэфіцыту кваліфікаваных кадраў кіраўніцтва БНР аддавала перавагу накіроўванню за мяжу надзвычайных місій з дакладнымі даручэннямі і на кароткі тэрмін.

20 кастрычніка Рада Міністраў БНР накіравала дэлегацыю ў Берлін і Берн з даручэннем дамагацца незалежнасці і захавання германскіх войскаў на беларускай тэрыторыі. У склад дэлегацыі ўвайшлі Я. Лёсік, Р. Скірмунт, К. Савіч, І. Луцкевіч, Ш. Розенбаум. Але, паколькі пачалася германская рэвалюцыя, дэлегацыі прыйшлося вяртацца ў Мінск з прычыны карэннага змянення абставін4. З такой жа мэтай былі накіраваны дэлегацыі ў Латвію, Эстонію, Фінляндыю, Данію, Францыю, Балгарыю, Чэхію. Гэтыя дэлегацыі з мемарандумам кіраўніцтва Беларускай Народнай Рэспублікі і брашурай прафесара М. В. Доўнар-Запольскага «Асновы дзяржаўнасці Беларусі», выданай на беларускай, рускай, нямецкай, французскай, польскай мовах, спрабавалі дамагацца прызнання незалежнасці і дапамогі для сваёй радзімы.

Безумоўна, што далёка не ўсе пералічаныя краіны маглі забяспечыць Беларусі рэальную дапамогу, і кіраўніцтва БНР гэта разумела, але такім чынам яно інфармавала сусветную грамадскасць аб становішчы на Беларусі. Гэтыя падарожжы таксама мелі станоўчыя вынікі для ўнутранай працы беларусаў пад нямецкай акупацыяй. Ужо пасля першых з іх немцы пайшлі на нейкія ўступкі ўладам БНР, сталі нават даваць грошы на асветніцкія і культурныя справы.

Удзельнікі дэлегацыі правіць

У склад дэлегацый, як згадвалася вышэй, уключаліся сапраўды дастойныя, знакамітыя людзі з Беларусі — А. Цвікевіч, Я. Лёсік, В. Луцкевіч, прафесар М. Доўнар-Запольскі, П. Трэмповіч. Кожны з іх быў шырока адукаваны, ведаў замежныя мовы, меў меншы ці большы вопыт палітычнай дзейнасці. На жаль, архівы і іншыя крыніцы не захавалі для нас звесткі аб тым, як фарміраваліся дэлегацыі, як яны былі забяспечаны матэрыяльна-тэхнічна, якім транспартам карысталіся, дзе размяшчаліся і г. д. Адказы на гэтыя пытанні можна толькі ўявіць сабе, калі ўзгадаць умовы і акалічнасці грамадскага жыцця.

Захаваліся асобыя пасведчанні Рады БНР, якія выдаваліся дыпламатычным прадстаўнікам Беларусі. Гэтыя пасведчанні друкаваліся на спецыяльных бланках, падпісваліся маршалкам і сакратаром Рады, засведчываліся пячаткай Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У адным з такіх пасведчанняў паведамлялася: «Паказчык гэтага, член Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, Іван Станкевіч, згодна з пастановаю Рады, абраны членам дэлегацыі да Літоўскай Тарыбы дзеля перадачы пастановы Рады БНР і ўпаўнаважаны сумесна з усёй дэлегацыяй весці перагаворы, а таксама выступаць ад імені Рады Беларускай Народнай Рэспублікі».

Амаль з першых дзён існавання Сакратарыят па міжнародных справах распачаў дыпламатычную перапіску, галоўную форму існавання дыпламатычных устаноў. За мяжу дасылаліся мемарандумы, мемарыялы, асабістыя і вербальныя ноты, звароты да ўрадаў суседніх і іншых дзяржаў, а таксама афіцыйныя лісты паслам і прадстаўнікам замежных дзяржаў. Складаліся інфармацыйныя лісты дыпламатычных прадстаўнікоў БНР аб становішчы ў краіне знаходжання. Звароты кіраўніцтва БНР да замежных дзяржаў падпісваліся старшынёй урада і міністрам замежных спраў. Асабістыя ноты, якія складаліся па вельмі важным і прынцыповым пытанням, як правіла, падпісваліся кіраўніком дыпламатычнага прадстаўніцтва ці місіі. Дыпламатычная перапіска (у адрозненне ад дзяржаўнай дакументацыі, якая вялася на беларускай мове) выконвалася звычайна на мове той краіны, куды накіроўвалася пасланне. Захаваліся дакументы на ўкраінскай, рускай, польскай, нямецкай, англійскай, французскай мовах. Звароты да ўрадаў вялікіх дзяржаў рабіліся ў некалькіх экзэмплярах на некалькіх мовах. Характэрным прыкладам дыпламатычнай перапіскі БНР з’яўляецца заява кіраўніцтву Паўднёва-Усходняга саюза («Паўднёва-Усходні саюз казачых войскаў, горцаў Каўказа і вольных народаў стэпу» — быў абвешчаны ў кастрычніку 1917 г. ва Уладзікаўказе; уваходзілі тэрыторыі Дону, Кубані, Стаўрапольскі край). «Народный Секретариат имеет честь обратиться к Временному Правительству Юго-Восточного Союза… Настоящее заявление вручить Правительству доверяем чрезвычайному нашему посланнику Павлу Викторовичу Тремповичу».

Мемарандум правіць

У красавіку 1918 г. урадам БНР быў пасланы мемарандум на імя «Господина имперского канцлера», падпісаны Народным Сакратарыятам. У мемарандуме была змешчана Другая Устаўная грамата і выкладзены заканадаўчыя мерапрыемствы, якія меркавала здзейсніць кіраўніцтва БНР. 19 красавіка 1918 г. на імя старшыні Рады БНР прыйшоў адказ нямецкага камандавання на просьбу Рады самой регуляваць пытанні, звязаныя з мясцовым насельніцтвам. У лісце сцвярджалася, што законная ўлада на гэтай тэрыторыі належыць нямецкаму камандаванню і толькі яно мае права вырашаць усе грамадзянскія і вайсковыя пытанні. 25 сакавіка 1918 г. дэлегацыяй БНР у Кіеве быў дасланы ліст германскаму паслу пры Украінскай Радзе, у якім увага пасла засяроджвалася на развіцці «беларускага пытання», прапаноўвалася прызнаць незалежнасць БНР, усталяваць спрыяльныя адносіны з нямецкімі ваеннымі ўладамі, а таксама падтрымаць захаванне тэрытарыяльнай цэласнасці краіны. Праз месяц, 25 красавіка на афіцыйнай аудыенцыі нямецкаму паслу пры Украінскай Народнай Рэспубліцы быў уручаны мемарыял прыкладна такога ж зместу. Па гэтых дакументах можна прасачыць, з якой упартасцю і нават дыпламатычнымі хітрасцямі прадстаўнікі беларускага ўрада спрабавалі дабіцца прызнання Германіяй факта незалежнасці БНР. «Этот вопрос (о независимости) стал жгучим и от Германского Правительства зависит — поставить ли его в благоприятное положение и тем обратить симпатии нашего народа к Германии, или же обратить симпатии и взоры нашего народа в другую сторону, быть может менее благоприятную для германских интересов… В интересы Германского Правительства, смеем думать, не может входить расчленение Белоруссии на части между соседями и усиление их за счет Белоруссии. Быть может для германской политики безразличны границы Беларуси на востоке, но усиление Польши за счет Беларуси придаст полякам основание строить Великую Польшу, что едва ли может входить в интересы Германии».

«Мемориал белорусского правительства господину председателю мирной конференции в Париже» змяшчае пералік аргументаў на карысць стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі (яшчэ на I Усебеларускім з’ездзе было прынята пастанаўленне аб абавязковым прысутнічанні беларускай дэлегацыі на будучай мірнай канферэнцыі). У траўні 1918 г. беларуская дэлегацыя перадала Х. Т. Ракоўскаму — старшыні савецкай дэлегацыі ў Кіеве, асабістую ноту А. Цвікевіча — кіраўніка дэлегацыі па пытаннях знешніх перагавораў БНР. У гэтым дакуменце, у прыватнасці, гаварылася: "Считаю необходимым от имени правительства Белорусской республики выразить глубокую уверенность, что социалистическое правительство Советской республики, первое в мире утвердившее священный принцип самоопределения народов, пойдет навстречу белорусскому народу в его борьбе за свою государственную самостоятельность, за свое единство и целостность своей земли"8. Сам стыль даннага паслання гаворыць аб жаданні наладзіць адносіны шляхам дыпламатычных кантактаў. Прадстаўнік Беларусі ў Кіеве, з нагоды заключэння 27 жніўня 1918 г. дадатковага дагавора паміж Расіяй і Германіяй, уручыў Расійскай савецкай мірнай дэлегацыі асабістую ноту. У ёй гаварылася, што Рада — паўнамоцны орган беларускага народа, абвясціўшая актам 25 красавіка 1918 г. аб незалежнасці і непадзельнасці Беларусі, аб чым паведамлены ўсе вялікія дзяржавы, пратэстуе супраць падзелу Беларусі Брэсцкім мірам. Дагавор жа ад 27 жніўня зноў разрывае тэрыторыю дзяржавы: згодна яму да Германіі адыходзіць паўночна-усходняя акраіна да р. Бярэзіны, чаму ўрад БНР выражае рашучы пратэст. У гэтай і іншых падобных нотах мелася на ўвазе адна мэта: яшчэ і яшчэ нагадаць савецкім уладам аб тых захадах, якія рабіла Рада БНР для захавання незалежнасці сваёй дзяржавы, дабіцца прызнання факта адарвання Беларусі ад Савецкай Расіі і яе права на самавызначэнне9.

Дыпламатычная пошта правіць

Дыпламатычная пошта дэлегацый і місій БНР за мяжой дастаўлялася на радзіму праз кур’ераў, якія находзіліся ў штаце дыпламатычных місій і консульстваў. Рэгулярная дастаўка дыпламатычных дакументаў сведчыць аб добра наладжаным інфармацыйным абмене паміж дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі і ўрадам БНР. Дыпламатычныя кур’еры дастаўлялі дакументы дыпламатычнай перапіскі з суседніх і еўрапейскіх краін, дзе знаходзілісь пасланнікі БНР, у Мінск, а пазней у Вільню і Гродна, куды прыйшлося пераехаць ураду Беларускай Народнай Рэспублікі. Найбольш складанай справай было ўтварэнне за мяжой пастаянных дыпламатычных і консульскіх устаноў. Галоўнай перашкодай заставалася праблема юрыдычнага прызнання БНР іншымі краінамі, бо з гэтага фармальнага акта распачынаецца, згодна з міжнародным правам і традыцыяй, устанаўленне дыпламатычных зносін, а ўжо потым адчыняюцца замежныя дыпламатычныя прадстаўніцтвы. Першай прызнала, праўда дэ-факта, БНР Украіна, і паміж дзяржавамі былі ўстаноўлены дыпламатычныя адносіны. Яшчэ да афіцыйнага прызнання БНР Украінскай Рэспублікай паміж абедзвюма дзяржавамі адбыўся абмен консульствамі. Украіна назначыла ў Мінск А. М. Квасніцкага, а Беларусь у Кіеў — П. В. Трэмповіча. З 16 чэрвеня 1918 г. П. Трэмповіч узначаліў беларускае консульства, якое адразу ж пачынае рэгістраваць беларусаў — грамадзян БНР. Для ўсталявання эканамічных сувязяў паміж Украінай і Беларуссю ў была створана Беларуская гандлёвая палата ў Кіеве. Захаваліся сведчанні аб тым, што Украіна аказала БНР фінансавую дапамогу: Украінская Рада субсідзіравала Раду БНР 300 000 руб.

Летам 1918 г. было створана яшчэ адно консульскае прадстаўніцтва Беларускай Народнай Рэспублікі на Украіне — у Адэсе, таксама на поўдні Расіі — у Растове, на Паўночным Каўказе — у Стаўрапалі, у Літве — у Вільне, і нават у Маскве. Консульствы рэгістравалі беларускіх грамадзян, выдавалі ім пасведчанні аб тым, што яны сапраўды з’яўляюцца грамадзянамі БНР, пры магчымасці аказвалі грашовую дапамогу. Па захаваўшымся дакументам можна зрабіць выснову, што консулы Беларускай Народнай Рэспублікі не толькі прызначаліся Народным Сакратарыятам, але і выбіраліся мясцовымі аб’яднаннямі беларусаў, органамі дыяспары, з некалькіх кандыдатур. Гэта пацвярджаецца дакладам Нацыянальнага Камісарыята ў Адэсе (ад 6 жніўня 1918 г.): «Согласно предоставленному Народным Секретариатом правом Национальная Рада два раза рассматривала вопрос о выборе консула. На пост консула выдвинуты следующие кандидатуры: Некрашевич, местный белорусский деятель, Карташов, бывший председатель Витебской губернской земской управы, Трофимов, местный белорусский деятель, и Балицкий, местный белорусский деятель. Окончательные выборы назначены на 10 августа».

Моцным бокам знешнепалітычнай дзейнасці беларускага ўрада было інфармацыйнае забеспячэнне і прапагандысцкая праца: пасылка агітатараў, дастаўка літаратуры, выданне беларускіх газет, інфармаванне прэсы і замежных краін аб становішчы на Беларусі. У гэты перыяд у Беларусі выходзіла больш за два дзесяткі газет рознай палітычнай накіраванасці, у якіх дастаткова падрабязна асвяшчалася знешнепалітычная дзейнасць БНР. Пры дыппрадстаўніцтвах і місіях БНР арганізоўваліся прэс-бюро, рэгулярна выдаваўшыя спецыяльныя бюлетэні, якія асвяшчалі становішча на Беларусі, дзейнасць прадстаўнікоў БНР у розных краінах. Дыпламатычныя прадстаўнікі Беларускай Народнай Рэспублікі знаёмілі загранічную прэсу з беларускім пытаннем, пратэставалі супраць гвалтаў, якія над ім адбываліся.

Інфармацыйная падтрымка міжнароднай дзейнасці ўрада БНР вялася на розных замежных мовах. Праца Я. Канчара «Белорусский вопрос» да моманту Версальскай мірнай канферэнцыі выйшла на беларускай, рускай, літоўскай, нямецкай, польскай мовах. Брашура М. В. Доўнар-Запольскага «Асновы дзяржаўнасці Беларусі» таксама была выдана на некалькіх замежных мовах. Кіраўнік урада БНР А. Луцкевіч, пры падрыхтоўцы да мірнай канферэнцыі ў Парыже, асабіста перакладаў яе на французскую і польскую мовы.

Вынікі дыпламатычнай дзейнасці правіць

Натуральна, у дыпламатычных прадстаўнікоў і супрацоўнікаў дыпламатычных місій маладой беларускай дзяржавы яшчэ не было, ды і не магло быць, прафесіяналізму і вопыту дыпламатычнай працы. іх не ведалі ў дыпламатычных колах вялікіх дзяржаў, як калісьці прадстаўнікоў Расійскай імперыі. Аднак у дыпламатаў беларускай дзяржавы было вялікае жаданне адстойваць права на незалежнасць сваёй радзімы. Козырам дыпламатычных прадстаўнікоў Беларусі ў гэтай справе было тое, што ўсе яны мелі выдатную адукацыю і валодалі часцей за ўсе некалькімі замежнымі мовамі. Вынікам дыпламатычнай дзейнасці Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 г. можна лічыць:

  • устанаўленне кантактаў з замежнымі ўрадамі;
  • удзел (і падрыхтоўку) у міжнародных канферэнцыях з мэтай звярнуць увагу да становішча на Беларусі, да неабходнасці захавання цэласнасці дзяржавы ў яе этнаграфічных і гістарычных межах;
  • інфармацыйную і прапагандысцкую працу;
  • стварэнне першых дыпламатычных прадстаўніцтваў, місій, консульств на тэрыторыях замежных краін і ўзаемны абмен імі.

1918 г. з’явіўся толькі першым этапам у знешнепалітычнай дзейнасці БНР. Тая праца, якую здолелі правесці за гэты перыяд, легла ў аснову міжнароднай дзейнасці кіраўніцтва БНР у замежжы.

Літаратура правіць

  • Ладысеў, У. Ф. На пераломе эпох: станаўленне беларускай дзяржаўнасці (1917—1920 гг.) / У. Ф. Ладысеў, П. І. Брыгадзін. — Мінск : БДУ, 1999. — 128 с.
  • Міхалюк, Д. Беларуская Народная Рэспубліка ў 1918—1920 гг. Ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці / Нав. рэд. С. Рудовіч; пер. з польск. А. Пілецкі. — Смаленск : Інбелкульт, 2015. — 496 с.
  • Цвикевич, А. Беларусь: политический очерк (перевод с белорусского) / А. Цвикевич. — Берлин : Издание Чрезвычайной дипломатической миссии БНР, 1919. — 33 с.