Мітрафан Віктаравіч Доўнар-Запольскі

(Пасля перасылкі з М. Доўнар-Запольскі)

Мітрафан Віктаравіч Доўнар-Запольскі (2 (14) чэрвеня 1867, Рэчыца — 30 верасня 1934, Масква[1]) — беларускі гісторык і этнограф. Паходзіў з дробнай беззямельнай шляхты, сын калежскага сакратара[2].

Мітрафан Віктаравіч Доўнар-Запольскі
Дата нараджэння 2 (14) чэрвеня 1867
Месца нараджэння
Дата смерці 30 верасня 1934(1934-09-30) (67 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Жонка Надзея Маркіянаўна Доўнар-Запольская[d]
Дзеці Усевалад Мітрафанавіч Доўнар-Запольскі[d]
Род дзейнасці гісторык, этнограф
Навуковая сфера этнаграфія, фальклор, літаратуразнаўства і эканамічная гісторыя[d]
Месца працы
Навуковая ступень доктар гістарычных навук
Альма-матар
Узнагароды
ордэн Святога Уладзіміра 4 ступені Медаль «У памяць каранацыі Імператара Мікалая II» медаль «У памяць 300-годдзя валадарання дома Раманавых»
Подпіс Выява аўтографа
Лагатып Вікіцытатніка Цытаты ў Вікіцытатніку
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Аўтар больш за 150 прац па гісторыі Кіеўскай Русі, Маскоўскай дзяржавы, Расіі ў XIX стагоддзі, гісторыі Літвы і Беларусі, па сацыяльна-палітычным рухам, сялянскаму пытанні і этнаграфіі Беларусі.[3] Працы яго пераважна мелі навукова-аналітычны характар. Шырока карыстаўся ў сваіх працах матэрыяламі больш 20-ці архіваў (Масква, Санкт-Пецярбург, Кіеў, Вільня, Варшава, Кракаў, Львоў, Кастрама, Яраслаўль, Ноўгарад, Нясвіж і інш.). Шмат з яго прац застаюцца неапублікаванымі. Узнагароджаны за навуковую працу ордэнам Святога Уладзіміра 4-й ступені (1916).

Выпускнік гістарычна-філалагічнага факультэта Кіеўскага ўніверсітэта (1893), магістарская дысертацыя (восень 1901), доктарская дысертацыя па гісторыі (1906). Прыват-дацэнт Маскоўскага ўніверсітэта (1899), прафесар рускай гісторыі Кіеўскага ўніверсітэта (1902). Арганізатар і дырэктар Вышэйшых камерцыйных курсаў[4] (Кіеў, 1906), дырэктар Палаты экспертаў, старшыня навукова-папулярных гурткоў і таварыстваў у Кіеве.

Пасля канфлікту са студэнтамі Кіеўскага камерцыйнага інстытута (1917) і «Справы Сташэўскага» (1917),[5] адмовіўся амаль ад усёй выкладчыцкай працы. Прафесар Харкаўскага інстытута народнай гаспадаркі (снежань 1919 года) і Харкаўскага ўніверсітэта (1920—1921). Прарэктар Азербайджанскага ўніверсітэта і прафесар Бакінскага політэхнічнага інстытута (1922—1925). Пасля пераезду ў Беларусь, прафесар беларускай гісторыі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце (кастрычнік 1925 — восень 1926 гадоў), стваральнік, супольна з Д. І. Даўгялам, Археаграфічнай камісіі Інбелкульта (1925). Пасля вымушанага пераезду ў Маскву (восень 1926 года), часта мусіў працаваць па-за навуковым полем дзейнасці. Прафесар Ціміразеўскай акадэміі (1930-я). У 1920-х—1930-х таксама займаў пасады ў сістэме кіравання гаспадаркай у савецкіх Украіне, Азербайджане, Беларусі і Расіі.

Паходжанне прозвішча

правіць

Прозвішча Доўнар ад старалітоўскага (старабалцкага) двухасноўнага імя Dau-nor’as, якое насіў продак сям’і Доўнараў. Такія двухасноўныя імёны дайшлі з індаеўрапейскай эпохі і ўласцівыя іменнікам народаў індаеўрапейскага паходжання[6].

У імені Dau-nor’as асновы ад літоўскага daug «шмат», norėti «хацець»[7]. Тыя ж асновы вядомыя і ў старапрускім іменніку[8]. Імя значыць «Той, хто шмат хоча», такія імёны адлюстроўвалі ваярскую этыку старалітоўскай эпохі, якая вымагала імкнуцца да заваяванняў і ваеннай здабычы[9].

На ўсходзе цяперашняй Беларусі прозвішчы такога тыпу распаўсюдзіліся ў XV стагоддзі, калі ў часы вялікага князя Казіміра носьбіты такіх двухасноўных імёнаў пасылаліся ўмацоўваць мяжу Вялікага Княства Літоўскага[10].

У палітыцы

правіць

Удзельнічаў у нелегальных дэмакратычных рухах (1880-я), быў пад часоваю забаронай сяліцца ў Кіеве. Пазней, сімпатызаваў левым рухам.

Актыўна падтрымліваў Беларускую Народную Рэспубліку, ачольваў Беларускую гандлёвую палату (Кіеў, 1918), падрыхтаваў праект стварэння Беларускага ўніверсітэта ў Мінску (кан. сакавіка 1918). У маі—кастрычніку 1918 удзельнічаў у працы дыпламатычнай місіі БНР у Кіеве, якая шукала магчымасцяў дабіцца прызнання БНР у прадстаўнікоў Савецкай Расіі, Украіны, Дону, Германіі і Аўстра-Венгрыі.

Па просьбе ўладаў БНР склаў «Мемарыял» («Асновы беларускай дзяржаўнасці»), які быў надрукаваны ў Гродне і Вільні ў 1919 годзе па-беларуску, па-руску, па-нямецку, па-французску; пазней «Мемарыял» быў перакладзены на англійскую мову П. Кларкам. Дакумент утрымліваў гістарычныя падставы неабходнасці стварэння незалежнай беларускай дзяржавы, і быў прадстаўлены на Версальскай канферэнцыі, хоць і беспаспяхова.

Два сыны Доўнар-Запольскага загінулі ў час грамадзянскай вайны ў шэрагах Чырвонай Арміі.

Надрукаваная, але неапублікаваная кніга «Гісторыя Беларусі» выклікала абурэнне палітычных уладаў Беларусі (пачатак 1926 года), была названа «катэхізісам нацыянал-дэмакратызму», забаронена, а рукапіс канфіскаваны. Пасля гэтага Доўнар-Запольскі быў вымушаны пераехаць, практычна высланы, у Маскву (восень 1926 года), і ніколі больш не вяртаўся ў Беларусь.

У 1930—1934 гадах ён быў рэзка крытыкаваны за «нова-народніцтва», яму прыпісвалася аўтарства ідэйнай базы «нацыянал-дэмакратызму», яго называлі «агентам фашызму» (акадэмік В. К. Шчарбакоў), ён і яго навуковая школы былі палітычна выкрыты ў выступе яго былога вучня прафесара А. П. Аглобліна (Кіеў, 1934).[11]

У навуцы

правіць

Вучань прафесараў Галубоўскага, Іконнікава, і, асабліва, В. Б. Антановіча. Імкнуўся спалучаць навуковую і навучальную дзейнасці, як гэта рабілі Шафарык, Караджыч, Кастамараў.

Разбіў погляд на беларусаў як на народ, пазбаўлены нацыянальнасці, рашуча падтрымліваў беларускае нацыянальнае адраджэнне ў пачатку XX стагоддзя. Вітаў з’яўленне «строга аб’ектыўнай і навуковай» плыні ў беларускіх гістарычных і этнаграфічных даследваннях. Выказваў агульную сімпатыю да марксізму, але не быў ім захоплены.

У брашуры "Дунін-Марцінкевіч і яго паэма «Тарас на Парнасе»" (Віцебск, 1896 год) упершыню апублікаваў ананімны твор XIX стагоддзя «Вясна гола перапала»[12].

Гістарычныя канцэпцыя

правіць

Мітрафан Доўнар-Запольскі аддаваў вяршэнства гісторыі народаў у параўнанні з гісторыяй дзяржаў, лічыў этнаграфію і эканоміку аднымі з найважнейшых фактараў у развіцці грамадства. Сцвярджаў існаванне беларускай нацыі, з уласнай гісторыяй, выразнымі этнаграфічнымі рысамі, багатай народнай культурай, з уласнай беларускай мовай як спадчынніцай дыялектаў крывічоў і дрыгавічоў. Даследчык сцвярджаў, што беларусы сфарміраваліся ў IX—XII стагоддзях у выніку кансалідацыі крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў. Падтрымліваў «тэорыю каланізацыі» узнікнення дзяржаўнасці ў Беларусі, лічыў крывічоў і дрыгавічоў у вялікай ступені ізаляванымі ад Кіеўскай дзяржавы, іх развіццё з гэтай прычыны адметным. Мітрафан Доўнар-Запольскі таксама ўказваў на адсутнасць этнаграфічнай еднасці Кіеўскай Русі, яе адзінымі яднальнымі фактарамі лічыў вонкавыя палітычныя і ваенныя пытанні.

Разглядаў стварэнне Вялікага Княства Літоўскага ў XIII стагоддзі як часткова мірна ўтвораны і ўзаемна карысны саюз князёў ваяўнічай Літвы і аслабленых князёў Русі.

Лічыў як дзяржаўную унію, так і царкоўную унію негатыўнымі фактарамі беларускай гісторыі, якія спрыялі рэлігійнай нецярпімасці. Адмоўна ставіўся да ўлучэння беларускіх зямель у склад Расіі пасля раздзелаў Рэчы Паспалітай. Наогул, лічыў, што і польская «шляхецкая арыстакратычная рэспубліка», і расійская «баярская алігархія», якія выключалі дэмас, былі «двума ліхамі» у беларускай гісторыі і згубна ўплывалі на беларускі народ, які «моцна дэмакратычны ў сваіх гістарычных і народных традыцыях».

Пазней, у 1920-х гадах, дадаткова падкрэсліваў эканамічны фактар у гісторыі і значэнне класавай барацьбы ў гісторыі Вялікага Княства Літоўскага.

Ацэнкі

правіць
 
Правадзейны член Інбелкульта Мітрафан Доўнар-Запольскі на гарадзішчы Банцараўшчына. 1926 г.

Яго асоба і творчасць прыцягвалі самыя палярныя ацэнкі. Да 1930-х яго наогул станоўча ацэньвалі М. К. Любаўскі, У. І. Пічэта, Ф. Ф. Турук, Д. І. Даўгяла і інш.[13] Пачынаючы з 1930-х гадоў, Доўнар-Запольскі трапіў, як навуковец, пад вострую палітызаваную крытыку (С. Я. Вольфсон, В. М. Перцаў, У. К. Шчарбакоў і інш.). У 1940-х—1970-х, гадах параўнальна бяспечныя часткі яго прац (этнаграфія, археалогія, археаграфія) вывучаліся, і ставіліся ў аснову прац (В. К. Бандарчык, М. Ф. Піліпенка, І. У. Чаквін, М. М. Улашчык, Л. В. Аляксееў). Гістарычныя працы Мітрафана Доўнар-Запольскага зрэдку ўзгадваліся ў спасылках да 1980-х. Спробы ацэнкі М. В. Доўнар-Запольскага як гісторыка рабіліся ў манаграфіях У. М. Міхнюка, З. Ю. Капыскага, В. У. Чапко. У 1990-х з’явіліся працы, якія вывучалі агульную навуковую пазіцыю М. Доўнар-Запольскага (С. І. Міхальчанка), развіццё яго гістарычнай канцэпцыі (Дз. У. Караў, М. Ф. Шумейка).

Джон Леслі Говард Кіп і Альтэр Літвін згадваюць пра Доўнар-Запольскага і Пічэту як пра «умеркаваных (беларускіх) нацыяналістаў»[14].

Памяць

правіць
 
Мітрафан Віктаравіч Доўнар-Запольскі і яго жонка Надзея Маркіянаўна. 1926

У ліпені 1997 года помнік Доўнар-Запольскаму пастаўлены ў Рэчыцы, побач з будынкам мясцовага ліцэя[15], аўтар праекта Эдуард Агуновіч, скульптар Валяр’ян Янушкевіч.

Навуковыя працы

правіць

Гісторыя, эканоміка і статыстыка Беларусі

правіць

Этнаграфія і фальклор Беларусі

правіць
  • Беларускае вяселле і вясельныя песні, Кіеў, 1888.
  • Беларускае вяселле ў культурна-рэлігійных перажытках, Кіеў, 1893.
  • Беларускеа Палессе. Зборнік этнаграфічных матэрыялаў М. В. Доўнар-Запольскага. Песні пінчукоў[16], Кіеў, 1895.
  • Даследванні і артыкулы. Зборнік у 2 т., Кіеў, 1909.

Палітычная гісторыя Русі і Расіі

правіць
  • Палітычны лад Старажытнай Русі, Масква, 1906.
  • Палітычныя ідэалы М. М. Сперанскага, Масква, 1906.
  • Узнікненне міністэрстваў ў Расіі, Масква, 1906.
  • З гісторыі сацыяльных рухаў у Расіі. Зборнік артыкулаў, Кіеў, 1905.

Працы па руху дзекабрыстаў

правіць
  • Таемнае таварыства дзекабрыстаў, Масква, 1906.
  • Мемуары дзекабрыстаў, Кіеў, 1906.
  • Ідэалы дзекабрыстаў, Масква, 1907.

Дакументальныя працы

правіць
  • Дакументы Маскоўскага архіву Міністэрства юстыцыі, Масква, 1897.
  • Баркулабаўскі летапіс, 1897.
  • Акты Літоўска-Рускай дзяржавы. Выпуск 1, 1390—1529, Масква, 1898.
  • Літоўскія ўпамінкі татарскім ордам, Сімферопаль, 1898.
  • Зборнік матэрыялаў з гісторыі народу Валынскага ваяводства ў 17—18 ст., 1914 (не публ.).

Крыніцы

правіць
  1. Памёр ад прыступу стэнакардыі і, лічыцца, пазбег такім чынам далейшых пераследванняў.
  2. Бацька займаў пасаду сталаначальніка ўезднага жандарскага ўпраўлення).
  3. Лучна з больш за 30 працамі па этнаграфіі і фальклоры Беларусі. Аўтар прац па этнаграфіі з 1883, начальнік вялікай этнаграфічнай экспедыцыі ў Мінскай і Грдзенскай губерніях (1890—1891).
  4. Кіеўскі камерцыйны інстытут з 1909 года.
  5. Сташэўскі быў яго вучнем, і быў замяшаны ў крадзеж архіўных дакументаў.
  6. T. Milewski. Indoeuropejskie imiona osobowe. Wrocław-Warszawa-Kraków, 1969. С. 11—13.
  7. Z. Zinkevičius. Lietuvių asmenvardžiai. Vilnius, 2008. С. 82—83, 122—123.
  8. R. Trautmann. Die altpreußischen Personnennamen. Göttingen, 1974. С. 135, 147.
  9. С. Валянтас. Двусоставные антропонимы — реликты поэзии балтов // Балто-славянские исследования. XVI. Москва, 2004. С. 203.
  10. Адкуль Бешанковічы // Arche. № 2. 2021. Стар. 50—53.
  11. Мяркуецца, што менавіта даклад былога вучня мог стаць повадам для фатальнага прыступу стэнакардыі.
  12. М. А. Лазарук. «Вясна гола перапала» // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 4. — С. 402. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 4).
  13. Караў 1994, С. 5.
  14. У кнізе «Сталінізм: рускі і заходні пагляд на пераломе стагоддзяў» (Routledge, 2005, ISBN 0415351081, p.162).
  15. Помнік Мітрафану Доўнар-Запольскаму ў г. Рэчыца
  16. Тут, жыхароў Піншчыны.

Літаратура

правіць
  • Саковіч А. Прафэсар Мітрахван Доўнар-Запольскі // Веда [Нью-Ёрк]. — 1952. — № 7 (12). — С. 193—206.
  • Палонская-Васіленка Н. Доўнар-Запольскі // Запісы = Zapisy. — 1953. — № 1. — С. 14—28.
  • Бандарчык В. Спадчына гісторыка і этнографа // Літаратура і мастацтва. — 1960. — № 102.
  • Бандарчык В. К. Гісторыя беларускай этнаграфіі XIX ст. — Мн.: Навука і тэхніка, 1964. — 282 с. С.201—215.
  • Калубовіч А. Прафэсар Мітрафан Доўнар-Запольскі й Акт 25 Сакавіка // Беларуская думка [Саўт-Рывэр]. — 1964. — № 6. — С. 3—7.
  • Калубовіч А. Прафэсар Мітрафан Доўнар-Запольскі й Акт 25 Сакавіка // Калубовіч, А. Крокі гісторыі: Дасьледаваньні, артыкулы, успаміны / Аўген Калубовіч; Біяграфічны нарыс і сьпіс публікацый І. Каханоўскай. — Беласток — Вільня — Менск: «ГаМакс» — «Наша Ніва» — Мастацкая літаратура, 1993. — 285 с. — ISBN 5-340-01437-1. — С. 85—91.
  • Караў Дз. У. Прадмова // Доўнар-Запольскі М. В. Гісторыя Беларусі / Беларус. Энцыкл., Нац. арх. Рэсп. Беларусь.; Пер. з рус. Т. М. Бутэвіч, Т. М. Кароткая, Е. П. Фешчанка. — Мн.: БелЭн, 1994. — 510 с.: 1л. ISBN 5-85700-151-X. С.5—15.
  • Даследчык гісторыі трох народаў: М. В. Доўнар-Запольскі. Гомель, 2000.
  • Лебедева В. М., Скалабан В. В., Шумейко М. Ф. М. В. Довнар-Запольский и его наследие // Довнар-Запольский М. В. История Белорусии / М. В. Довнар-Запольский. — 2-е изд. — Мн.: Беларусь, 2005. — 680 с. ISBN 985-01-0550-X. С.3—14.
  • Мітрафан Доўнар-Запольскі (1868—1934 гг.): асоба ў дакументах і ўспамінах / укл.: В. М. Мятліцкая. — Мінск : Лімарыус, 2020. — 488 с., іл. Архівавана 16 лютага 2021. // на pawet.net

Спасылкі

правіць