Мардук (акад.: 𒀭𒀫𒌓) — бог-заступнік Вавілона ў шумера-акадскай міфалогіі.

Мардук
Мардук забіівае Тыямат
Мардук забіівае Тыямат
бог вайны і ўрадлівасці
Міфалогія Шумера-акадская
Пол мужчынскі пол
Бацька Эа
Маці Нінхурсанга (Дамгалнуна, Дамкіна)
Жонка Царпаніт
Дзеці Набу
У іншых культурах Бэл
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Паходжанне правіць

Паходжанне постаці Мардука ў шумера-акадскай міфалогіі цалкам не высветлена. Яго імя з’явілася ў пісьмовых помніках у перыяд Амарэйскай дынастыі Вавілона, у прыватнасці ў зводзе законаў Хамурапі[1]. Аднак існуе меркаванне, што Мардук быў вядомы ўжо ў 3 тысячагоддзі да н. э., хаця і ў якасці другараднага бога[2]. У калекцыі Ельскага ўніверсітэта знаходзіцца надпіс YBC 2305 стараакадскага перыяду, у якім некаторыя вучоныя выяўляюць назву Вавілона і імя Мардука[3], але такая форма прачытання не з’яўляецца агульнапрынятай.

У 1968 г. дацкі гісторык Торкільд Якабсен на аснове лінгвістычнага аналізу прыйшоў да высновы, быццам бы першасна Мардук з’яўляўся богам буры і маланак[4]. Нягледзячы на тое, што яго сцверджанне ніколі не разглядалася сур’ёзна з боку спецыялістаў па акадскай мове, на яго думку часам спасылаюцца аўтары даведнікаў і падручнікаў.

Найчасцей імя Мардука тлумачыцца як вытворнае ад шумерскага амар-Утук (літаральна «цяля Уту»[5]). Такім чынам, постаць Мардука магла ўзнікнуць у Сіпары, дзе здаўна шанаваўся бог сонца Шамаш-Уту. Гэта супярэчыць пазнейшым літаратурным помнікам накшталт Энума Эліш, дзе Мардук называецца сынам бога Эа. Высоўваецца гіпотэза, што ранні вобраз Мардука мог быць звязаны з шумерскім богам Асалухі[6], паколькі іх сакральныя функцыі былі вельмі падобнымі.

Эпічны герой правіць

Мардук — вызначальны герой акадскай эпічнай паэмы Энума Эліш[7]. Яе галоўная тэма — стварэнне свету. Мардук у ёй вызначаны як прадстаўнік трэцяга пакалення багоў, але ў самым пачатку твора падкрэсліваецца яго сувязь з першым пакаленнем, калі яго дзед Ану даруе яму 4 ураганныя вятры. Багам пагражае прамаці Тыямат. Яна стварае армію з першародных пачвар на чале са сваім мужам Кінгу. Багі звяртаюцца за дапамогай да Мардука, які патрабуе наўзамен перадаць яму першынство. Тыя пагаджаюцца, і ён перамагае Тыямат і Кінгу. З частак іх цел ён стварае зямлю, неба, зоры, святло і, нарэшце, чалавека. Важным вынікам касмаганічнай бітвы становіцца тое, што Мардук авалодвае таблеткамі лёсу. У канцы Энума Эліш багі славяць Мардука і даюць яму 50 імён-эпітэтаў.

Мэта Энума Эліш — сцверджанне першынства Мардука. Ён атрымоўвае «карабель» Энліля — дагэтуль вярхоўнага бога Месапатаміі, яму дастаюцца сімвалы ўлады ранейшага валадара — вятры, распараджэнне лёсамі, 50 імёнаў[8][9]. Але Энліль часам выглядаў як бог-разбуральнік, што наслаў сусветны патоп. У адрозненне ад яго, Мардук — стваральнік. Нават пасля забойства Тыямат ён працягвае яе галоўную функцыю фарміравання навакольнага свету. Людзі становяцца абавязаны яму фактам свайго нараджэння.

Сімвалы правіць

Вавілонскія астролагі атаяснялі Мардука з планетай Юпітэр. Яго сакральнымі жывёламі лічыліся коні і сабакі. Яшчэ адной жывёлай Мардука быў вогненны цмок Мушушу, выявы якога памяшчалі на сцены архітэктурных помнікаў і пячаткі. На ранніх выявах Мардук меў трохкутную рыдлёўку або матыку. Пазней яго малявалі ў ваенным аблачэнні са зброяй, часам — на калясніцы[10][11]. На вяршыні храмаў Мардука або ў месцах яго шанавання ўсталёўвалі конусападобныя шпілі. Вавілонская сакральная лічба Мардука — 10.

Зноскі правіць

Літаратура правіць

Спасылкі правіць